№18: Некаторыя любяць паэзію

№18: Некаторыя любяць паэзію

...І ўсё адно мы трымаемся за паэзію, усё адно яе пішам, перакладаем і чытаем, знаходзім і адкрываем для сябе новых і забытых паэтаў і паэтак. Усё роўна самотна рухаемся разам з вершам, рухаемся за ім, ухапіўшыся за ягоныя “парэнчы”, спрабуем адшукаць яго пачатак, намацаць яго “мерыдыян” і, як казаў паэт Паўль Цэлан, прыйсці на сустрэчу з сабой.

Чытаць далей

Дэніэл Мендэлсан

Дзяўчына, перапыненая сярод урока музыкі: кім была Сапфо?

20 ліпеня 2017

Новыя даследаванні папірусаў раскрываюць невядомыя факты пра Сапфо. Некаторыя навукоўцы сумняюцца ў асабістым характары яе эратычных вершаў.

Неўзабаве пасля надыходу 2012 года нейкі антыквар звярнуўся да знакамітага навукоўца з Оксфарда па меркаванне наконт цемнаватых, няўцямных крамзоляў. Хто быў тым калекцыянерам, мы так ніколі і не дазналіся, але навуковец — Дзірк Обінк, стыпендыят Фонду Макартура, даследнік класічных тэкстаў на папірусе — матэрыяле з раслінных тканак, што служыў паперай у старажытным свеце.

Складзеныя разам кавалкі, якія калекцыянер паказаў Обінку, аказаліся фрагментам прыкладна на сем цаляў даўжынёй і чатыры шырынёй — трохі больш за жаночую далонь. Шчыльна спісаныя радкамі чорных грэцкіх літараў, яны былі часткаю высушанага картанажу — падобнай да пап’е-машэ тынкоўкі, якую егіпцяне і грэкі выкарыстоўвалі для ўсяго, ад скрыняў для муміяў да кніжных пераплётаў. Пасля набыцця картанажу на аўкцыёне Christie’s калекцыянер намачыў яго цёплым водным растворам, каб вызваліць каштоўныя часцінкі папіруса.


Знаходка з паэзіяй Сапфо, што трапіла да Дзірка Обінка

З увагі на стыль почырку, Обінк спачатку датаваў яго прыкладна 200-м годам нашай эры. Аднак ён пачаў углядацца ў незвычайны лад радкоў — паўтораная паслядоўнасць з трох доўгіх радкоў, а ўслед за імі кароткія чатыры — і пабачыў, што тэкст — гэта верш, пачатак якога знік, але пяць строфаў заставаліся некранутымі, і ён мусіць быць старэйшы.

І нашмат старэйшы — прыкладна на тысячу гадоў старажытнейшы за сам папірус. Дыялект, стыль і рытм гэтых грэцкіх радкоў былі тыповыя для твораў Сапфо, геніяльнай паэткі сёмага стагоддзя да нашай эры, чые часам вясёлыя, а часам пакутныя песні пра ўласную ўразлівасць да чараў маладзейшых жанчын нарадзілі азначэнні "сапфічны" або "лесбійскі" (ад вострава Лесбас, дзе яна жыла). Фактычна, чатырохрадковая страфа — частка схемы, якую яна і вынайшла, так званая сапфічная страфа. А бясспрэчным аўтарства рабілі два імені, згаданыя ў вершы: паводле некаторых старажытных крыніц, яны былі імёнамі братоў Сапфо. Цяпер гэты тэкст вядомы як "Верш братоў".

Што ўражвае — гэта другая паводле значнасці знаходка Сапфо за дзесяцігоддзе: яшчэ адзін амаль цалкам захаваны верш — пра нягоды старога веку — адшукаўся ў 2004 годзе. Інфармацыю пра дадаткі да захаванага корпусу твораў найвялікшай антычнай творцы апублікавалі газеты ўсяго свету, і навукоўцы былі захопленыя і крыху агаломшаныя. "Папірусазнаўчыя адкрыцці, — пісаў адзін знаўца антычнасці, — звычайна не трапляюць у загалоўкі міжнародных выданняў".

                                                   
Галава паэткі Сапфо. Смірна. Мармуровая                                                      Сапфо. Рымская копія грэцкага арыгіналу. Пач. 5 ст. да н. э. Рым, Італія
копія з прататыпу элінскага перыяду. 


Але і Сапфо — не звычайная паэтка. Ладную частку апошніх трох тысячагоддзяў яна заставалася аб’ектам гарачых дыскусіяў — спрачаліся пра яе творы, пра сямейнае жыццё, і, самае галоўнае, пра яе сэксуальнасць. У старажытнасці літаратурныя крытыкі хвалілі яе "ўзнёслы" стыль, нават калі аўтары камедыяў кпілі з яе нібыта нізкай маралі. Згодна з легендай, у эпоху ранняга хрысціянства царква спаліла яе творы. ("Апантаная сэксам курва, якая апявае ўласныя прыхамаці", — пісаў адзін тэолаг, радкі якога рупліва занатаваў пісар, а пазней расшыфраваў Обінк.) Мінула тысячагоддзе, і візантыйскія граматысты ўжо шкадавалі, што так мала яе паэзіі выжыла. Праз сем стагоддзяў віктарыянскія навукоўцы прыкладалі ўсе намаганні, каб патлумачыць яе эратычныя прыхільнасці, у той час як іхныя літаратурныя сучаснікі, дэкадэнты і эстэты, ухапіліся за яе паэзію ў пошуках натхнення. Нават цяпер эксперты не пагаджаюцца наконт таго, выконвалася паэзія Сапфо прыватна або публічна, салістамі ці хорамі, і ці мелі яе вершы ўшанаваць або звергнуць традыцыйныя ўяўленні пра шлюб і каханне. Апошні момант асабліва спрэчны, бо для шматлікіх чытачоў і навукоўцаў Сапфо заставалася гераіняй-феміністкай або ролевай мадэллю асобы нетрадыцыйнай арыентацыі — або і тым, і тым. "Наколькі мне вядома, я была адна такая, ды яшчэ жанчына на імя Сапфо", — аднойчы заўважыла крытык Джудзіт Батлер.

 

***

Цяпер ужо з’явіўся першы ангельскі пераклад твораў Сапфо з нядаўнімі знаходкамі: "Сапфо: Новы пераклад поўнага збору твораў" (Кембрыдж), з паэтычнымі перакладамі Даен Дж. Рэяр і скрупулёзнай прадмовай Андрэ Лардынуа, знаўцы Сапфо, які выкладае ў Нідэрландах. (Публікацыю кнігі адклалі на некалькі месяцаў, каб змясціць туды "Верш братоў".) Тых, хто цікавіцца Сапфо, зусім не здзівіць, што новыя вершы выклікалі новыя спрэчкі.

 

***

Найбольшая праблема ў даследаванні Сапфо — тое, што засталося так мала тэкстаў. Цяжка прыгадаць іншага паэта, чый статус настолькі не прапарцыйны корпусу твораў, што да нас дайшлі. Мы нават не ведаем, што з уласнай паэзіі Сапфо запісала сама. Старажытныя згадвалі пра яе працы як пра melê, «песні». Створаныя для спявання пад акампанемент ліры — менавіта гэтым і была «лірычная» паэзія для грэкаў, — яе вершы цалкам маглі дайсці да нас з памяці яе прыхільнікаў і іншых паэтаў, перш чым трапіць на паперу. (Або любым іншым чынам. Адзін фрагмент, у якім паэтка запрашае Афрадыту, багіню кахання, з’явіцца ў чароўную святыню, "дзе цячэ з гары ўніз ручай халодны… / яго чуваць праз галінкі яблынь. / І з лісткоў дрыготкіх там сон глыбокі / Ціха сыходзіць" [пераклад Л. Баршчэўскага], быў нашкрабаны на пабітым гліняным гаршчку.) Як і іншыя вялікія паэты таго часу, яна мела быць і музыкаю і перформеркай — гэтаксама як і лірычнай паэткай. Ёй прыпісваюць вынаходніцтва асаблівага кшталту ліры і медыятара.

Праз чатыры стагоддзі па яе смерці навукоўцы Александрыйскай бібліятэкі занеслі ў каталог дзевяць "кніг" — папірусных скруткаў — вершаў Сапфо, якія былі арганізаваныя пераважна згодна з паэтычным памерам. Напрыклад, "Кніга 1" сабрала ўсе вершы, напісаныя сапфічнай страфой, якую Обінк пазнаў у "Вершы братоў". Адна гэтая кніга, згодна з успамінамі, утрымлівала 1320 радкоў; змест усіх дзевяці тамоў мог дасягаць прыкладна 10 000 радкоў. Так шмат створанага Сапфо было даступна ў старажытнасці, што адзін грэцкі аўтар праз тры стагоддзі пасля яе смерці ўпэўнена прадказваў, што "белыя калоны прыгожай песні Сапфо захаваюцца / і будуць жыць, прамаўляючы ўголас… пакуль караблі выпраўляюцца па рацэ Ніл".

Папірусны скрутак з паэзіяй Сапфо, знойдзены ў Аксірынху. Апублікаваны ў 1922 г. Бібліятэка Сэклера. Оксфард, Вялікабрытанія


У Сярэднявеччы амаль усё знікла. Як і з ладнаю часткай класічнай літаратуры, тэксты Сапфо існавалі ў адносна невялікай колькасці асобнікаў, усе рупліва перапісаныя ад рукі. З цягам часу агонь, паводкі, нядбайнасць ды шашаль — не кажучы ўжо пра незычлівых айцоў царквы — паўплывалі спусташальна. Рынкавыя сілы таксама не засталіся ўбаку: міналі стагоддзі, і ўсё менш чытачоў — і менш перапісчыкаў — разумела эалійскую старагрэцкую, той дыялект, на якім Сапфо пісала, і попыт на новыя копіі яе твораў змяншаўся. Візантыйскі навуковец ХІІ стагоддзя, які спадзяваўся напісаць пра Сапфо, наракаў, што "і Сапфо, і яе творы, тэксты і песні, былі панішчаныя часам".



Партрэт Сапфо ў трактаце Джавані Бакачча "Пра знакамітых жанчын"

Да апошніх прыкладна гадоў ста, калі пачалі знаходзіць папірусныя фрагменты яе вершаў, адзінымі рэшткамі тых "белых калонаў песні Сапфо" заставалася жменька радкоў, цытаваных у працах грэцкіх і рымскіх аўтараў пазнейшага часу. Некаторыя з тых пісьменнікаў цікавіліся найвядомейшай дачкой Лесбаса з прычынаў, што ўразяць нас сваёй камічнай таямнічасцю: адзіная паэма, што выжыла цалкам, — гуллівы гімн Афрадыце, у якім паэтка заклікае багіню быць яе "збройнай сяброўкай" у эратычнай эскападзе. Яна захавалася для нашчадкаў, бо аўтар трактату І стагоддзя да нашай эры пад назвай "Аб парадку словаў" захапляўся тым, як Сапфо працавала з галоснымі гукамі. На гэты момант даследнікі каталагізавалі каля 250 фрагментаў, з якіх менш за 70 складаюцца з некалькіх радкоў. Нашмат больш — з усяго некалькіх словаў, а часам і аднаго-адзінага слова.

Агульнай тэмай большасці старажытных водгукаў на творчасць Сапфо было шалёнае захапленне яе вытанчаным стылем альбо гарачым зместам твораў ці і тым і другім адначасова. Анекдот з пазнейшага класічнага аўтара пра афінскага заканадаўцу Салона і аднаго з сямі мудрацоў Грэцыі гучыць тыпова:

Салон Афінскі, сын Эксекестыда, пачуўшы, як ягоны пляменнік пяе за віном песню Сапфо, упадабаў гэтую песню так моцна, што папрасіў хлопца навучыць і яго. Калі нехта запытаўся, што яго так захапіла, той адказаў: "Каб я мог вывучыць яе і памерці".

Платон, вядомы сваім, мякка кажучы, паблажлівым стаўленнем да літаратуры (ён думаў, што паэзіі збольшага не месца ў ідэальнай дзяржаве), паводле згадак, называў яе "дзясятай музай". Навукоўцы Александрыйскай бібліятэкі ўганаравалі Сапфо ў сваім каноне дзевяці лірычных геніяў — і яна там адзіная жанчына. Прынамсі два гарады Лесбаса змагаліся за гонар называцца яе радзімай. Арыстоцель паведамляе, што "яна была дастойная, хоць і была жанчына".

Уся гэтая мітусня адначасна ўзрушвае і расчароўвае, абуджаючы наш апетыт да корпусу твораў, якіх мы не можам прачытаць, а пагатоў разгледзець крытычна: уявіце, што значыла б імя Гамэра для заходняй цывілізацыі, калі б усім, што нам засталося ад "Іліяды" і "Адысеі", была іх рэпутацыя і, скажам, дзевяноста радкоў з кожнай паэмы. Фактычна, грэкі, здаецца, успрымалі Сапфо як жаночае ўвасабленне Гамэра: ён быў вядомы як Паэт, а яе яны называлі Паэткай. Шмат якія даследнікі цяпер разглядаюць яе паэзію як спробу прыўлашчыць і "фемінізаваць" лад мыслення і тэматыку гераічнага эпасу. (Напрыклад, заклік да Афрадыты зрабіцца яе "збройнай сяброўкай" — у каханні.)


Невядомы майстар. Жанчына з васковай таблічкай і стылом (Сапфо). Фрэска з Пампеяў, каля 50 г. Нацыянальны археалагічны музей Неапалю, Італія

Добрая навіна тут тое, што ацалелыя фрагменты з Сапфо падмацоўваюць старажытны вердыкт. Адзін з удалых прыкладаў — яе самы знакаміты верш, вядомы вучоным-класікам як "Фрагмент 31", што складаецца з чатырох сапфічных строфаў. [Д. Мендэлсан падае ўласны пераклад, а мы — пераклад Лявона Баршчэўскага, які разам з іншымі ягонымі перакладамі Сапфо публікаваўся ў "ПрайдзіCвеце", гл.: http://prajdzisvet.org/kit/53-himn-afradytsie.html. — Заўв. перакл.] Гэтыя радкі былі выбраныя аўтарам літаратурнага трактату І стагоддзя нашай эры, што зваўся "Аб узнёслым", за спосаб, якім яны "абіраюць і паказваюць найбольш яркія, магутныя сімптомы эратычнай жарсці". У вершы апавядальніца апісвае сваю зайздрасць да мужчынаў, якія, відаць, падчас пэўных відаў грамадскіх мерапрыемстваў мелі шанец размаўляць з дзяўчынай, якую прагне яна сама:

Роўным богу мне падаецца ў шчасці
Чалавек, які, гэтак блізка-блізка
Седзячы з табой, твой пяшчотны голас
Слухае ўважна.
 
І цудоўны смех. У мяне пры гэтым
Перастала сэрца б адразу біцца.
Як цябе я ўбачу — больш не магу ўжо
Вымавіць слова.
 
Мой язык імгненна дранцвее, хваляй
Лёгкі жар пад скураю прабягае;
Вочы ўжо не бачаць. А вушы чуюць
Звон несціханы.
 
Пот з мяне гарачы цячэ, дрыжу я,
Ззелянела ўся — ужо нават болей
За траву. І маё жыццё нібыта
Скончыцца мусіць.
 
Ды цярпі, цярпі: ўжо далёка надта
Ўсё зайшло…

 

Нават без фінальных радкоў (іх, што раздражняе, аўтар трактату вырашыў не цытаваць) гэта бліскучы твор. Прамоўца віртуозна пазбягае апісання выгляду дзяўчыны, замест гэтага рэканструюючы яе прыгажосць праз дэталі ўплыву, які яна робіць на назіральніцу; увесь верш — гэта свайго кшталту (калі казаць мовай сучаснага кінематографа) твар актора буйным планам. Паэтычныя радкі далікатна ўводзяць апісваныя сімптомы: паэтка радок за радком траціць вытрымку праз узрушальную прысутнасць той, каго яна кахае. Вонкавы свет — і дзяўчына, і яе суразмоўца — таксама раствараецца і знікае з верша, пакідаючы лірычную гераіню ў своеасаблівай унутранай рэха-камеры… Шлях ад першага радка з "мне падаецца" да "маё жыццё нібыта скончыцца мусіць" у канцы раскрывае ўсё вычарпальна [1].

Нават найдрабнейшыя аскепкі маюць магутную сілу, як паказвае крыштальны і ўсёабдымны пераклад Рэяр. […] Гартаць гэтыя абрывістыя тэксты — надзіва эмацыйны досвед, які можна параўнаць з "чытаннем запіскі з бутэлькі".


Люблю — і быццам не люблю —
І розум страчваю, і не.
[Пераклад Л. Баршчэўскага.]

 

Сама гэтая абрывістасць паэтычных радкоў можа падкрэсліць аголенасць эмоцыяў — факт, якім ладная частка сучасных даследнікаў класікі і перакладчыкаў удала скарысталася. Для Стэнлі Ламбарда, чыя праца "Сапфо: Вершы і фрагменты" (2002) прапаноўвае выбар прыкладна з чвэрці наяўных фрагментаў, гэтыя абсечаныя парэшткі — нібыта "прыгожыя адцятыя канцавіны". Томас Гэйбінэк, знаўца класічнай літаратуры з Універсітэта Паўднёвай Каліфорніі, элегантна падсумаваў гэты постмадэрнісцкі аспект прывабнасці Сапфо: "Фрагментарная захаванасць вершаў тугі ды расстання ёсць нагадваннем аб немінучай недасканаласці чалавечых ведаў і пяшчоты".


***

У біяграфіі Сапфо, як і ў яе творчасці, лакуны пераважаюць. Усяго некалькі фактаў можна вылучыць, супаставіўшы наступныя крыніцы: уласна вершы, старажытныя спасылкі на творы, цытаты з пазнейшых класічных аўтараў, што мелі доступ да інфармацыі, ужо незваротна страчанай. "Суда", візантыйская энцыклапедыя старажытнай культуры Х стагоддзя, крыніца ладнай часткі нашых звестак, запэўнівае, што Сапфо "расквітнела" паміж 612 і 608 гадамі да нашай эры. З увагі на гэта даследнікі прыйшлі да высновы, што нарадзілася яна каля 640 году. Хутчэй за ўсё яна памерла ў сталым веку, бо прынамсі ў адным вершы яна скардзіцца на сівыя валасы і неслухмяныя калені.



У дні Сапфо. Джон Ўільям Годвард. 1904. Музей Геты, ЗША

Хоць дакладнае месца яе нараджэння невядомае, выглядае, што Сапфо жыла пераважна ў Мітылене, сталіцы Лесбаса. Адразу за палоскай вады, што аддзяляе Лесбас ад мацерыковай Малой Азіі (цяперашняй Турцыі) месціўся дастатны горад Сард, сталіца Лідыі. Некаторыя навукоўцы-класікі сцвярджалі, што набліжанасць Лесбаса да гэтага раскошнага ўсходняга цэнтра гандлю дапамагае патлумачыць прыхільнасць Сапфо да візуальнай пышнасці і пачуццёвай раскошы: "міра, касія і ладан", "бранзалеткі, духмяныя / пурпуровыя ўборы, бліскучыя бразготкі, / незлічоныя срэбныя кубкі, і слановая костка", што лунаюць і зіхацяць у яе радках, часта рэзка кантрастуюць з жывёльнай эмацыйнасцю.



Алкей і Сапфо з лірамі. Ваза. Каля 480 г. да н. э. Мюнхен, Германія

Мітылена няспынна віравала палітычнымі і грамадскімі драмамі, выкліканымі суперніцтвам і хуткаплыннымі саюзамі між арыстакратычнымі кланамі. Сапфо належала да аднаго з іх — існуе фрагмент, у якім яна ганіць сябра "з благой рэпутацыяй" за падтрымку канкурэнтнага клана, а яе знакаміты літаратар-сучаснік, паэт Алкей, належаў да іншага. Алкей часта звяртаецца да палітычных завірухаў вострава ва ўласнай паэзіі, і магчыма, што ў нейкі момант Сапфо і яе сям’я ўцяклі, або былі выгнаныя, у паўднёвую Італію: Цыцэрон у адной з прамоваў згадвае статую паэткі, што паўстала ў ратушы Сіракузаў на Сіцыліі. Крытык віктарыянскага часу Джон Эдынгтан Сімандз бачыў сувязь паміж нестабільным палітычным асяродкам радзімы Сапфо і п’янкім эратычным кліматам яе паэзіі. Лесбас, пісаў ён у эсэ 1872 году пра Сапфо, быў "выспай утаймаваных жарсцяў".

Некаторыя рэчы таго часу выглядаюць адносна зразумела. Аднак калі даходзіць да асабістага жыцця Сапфо — аспекту яе біяграфіі, які больш за ўсё цікавіць даследнікаў і чытачоў, — старажытныя крыніцы робяцца блытанымі. Як выглядала Сапфо? Дыялог Платона, напісаны ў IV стагоддзі да нашай эры, згадвае яе як "прыгожую", а аўтар пазнейшага часу настойваў, што яна была "надзвычай брыдкая, маларослая і смуглявая". А з якой яна сям’і? "Суда" (якая падае восем магчымых імёнаў бацькі Сапфо) запэўнівае, што тая мела дачку і маці з аднолькавым імем Клейс, статак братоў і заможнага мужа Керкіласа з выспы Андрас. Але некаторыя з гэтых нібыта каштоўных фактаў проста сведчаць, што энцыклапедыя (якая, пры ўсёй яе старажытнасці, была ўкладзеная праз пятнаццаць стагоддзяў пасля смерці Сапфо) можа быць схільная да камічных непаразуменняў. "Керкілас", напрыклад, вельмі нагадвае kerkos, "пеніс" на грэцкім слэнгу, а "Андрас" — надта блізка да "чалавек". Такім чынам, энцыклапедыя міжволі паўтарала стары зацяганы жарт пра сэксуальна заклапочаную Сапфо, што пабралася шлюбам з "пенісам чалавека".

Многія іншыя факты з прыпісванай Сапфо біяграфіі таксама раствараюцца ў паветры, калі звярнуць на іх пільнейшую ўвагу. Ці напраўду Сапфо зрабілася маці? Так, існуе фрагмент, што згадвае дзяўчыну на імя Клейс, "рысы якой нагадваюць залатыя кветкі", але слова, якое некаторыя пераклалі як "дачка", можа насамрэч значыць "дзіця" або нават і "нявольніца". (Грэцкіх дзяцей часта называлі ў гонар дзядуляў і бабуль, і тут відавочна, як адна хісткая здагадка, што Клейс — дачка, цягне за сабой сцверджанне, што ў Сапфо была і маці з такім самым імем.) Хто належаў да яе асяродку? "Суда" падае імёны трох "студэнтак" і трох кампаньёнак — Атыс, Тэлесіпа і Мегара, — з якімі паэтка вяла "заганнае сяброўства". Але большасць з гэтага — усяго толькі плён нейкіх рацыянальных экстрапаляцыяў з вершаў: іншыя фрагментарныя крыніцы згадваюць фактычна тыя ж імёны. Укладальнікі "Суды", як і сучасныя даследнікі, маглі проста высоўваць абгрунтаваныя здагадкі.

Нават сэксуальная арыентацыя Сапфо, якая для сучаснага чытача застаецца найвядомейшым фактам пра паэтку, неадназначная ад самага пачатку. Якой бы бліскучай ні была яе рэпутацыя сярод старажытных інтэлектуалаў, у грэцкай масавай культуры класічнага перыяду і пазней Сапфо вядомая найперш як юрлівая драпежніца — пераследніца мужчынаў. Гэта насамрэч антычнае клішэ ў дачыненні "лесбіянак": калі мы чуем слова сёння, мы думаем пра каханне між жанчынамі, але калі яго чулі старажытныя грэкі, яны думалі пра мінет. У класічнай грэцкай мове дзеяслоў lesbiazein — "паводзіцца як нехта з Лесбаса" — меў на ўвазе феляцыю, дзейнасць, да якой насельніцы вострава, як здавалася грэкам, мелі асаблівую схільнасць. Аўтары камедыяў і лёгкай паэзіі апісвалі Сапфо як яшчэ адну дачку Лесбаса, усяго толькі надта ахвочую кінуцца ў ложак з якім маладзейшым супраціўнікам.



Сапфо і Фаон. Жак-Луі Давід. 1809. Эрмітаж, Расія

Некалькі стагоддзяў найпапулярнейшай гісторыяй пра яе любоўнае жыццё заставалася адна — пра безнадзейную жарсць да прыгожага маладога перавозніка Фаона, што нібыта і змусіла яе скокнуць з кручы. Гэтая казка была расшытая пацеркамі, тэатралізаваная і ператвораная ў літаратуру аўтарамі некалькіх стагоддзяў — ад Авідыя (у адным ягоным вершы Сапфо прыніжана адпрэчвае сваё гомасэксуальнае мінулае) да Эрыкі Джонг у рамане 2003 году "Скачок Сапфо". Тут, безумоўна, шмат прасторы для фантазіі — лёгка ўявіць, як гэтая меладрама гетэрасэксуальнай жарсці магла натхніцца яе ж паэзіяй, што так часта апісвае пакуты няшчаснага кахання. Дададзены элемент самагубства дае зразумець, што тыя, хто сплёў гэтую малапраўдзівую гісторыю, прагнулі даць нам маральны ўрок: неўтаймаваныя праявы вялікай жарсці нясуць згубныя наступствы.

Мінаў час, і фантазіі аб прыватным жыцці Сапфо рабіліся ўсё больш рызыкоўнымі. У сярэдзіне І стагоддзя нашай эры рымскі філосаф Сенека, настаўнік Нерона, наракаў на грэцкага вучонага, які прысвяціў цэлы трактат пытанню, ці была Сапфо прастытуткай. Некаторыя старажытныя аўтары выказвалі меркаванне, што існавалі дзве Сапфо: адна — вялікая паэтка, другая — славутая распусніца. Для кожнай з іх ёсць асобны артыкул у "Судзе".

Няпэўнасці, што плямяць біяграфію найвядомейшай лесбіянкі ў літаратуры, тлумачаць, чаму навукоўцы-класікі, занятыя вывучэннем Сапфо, любяць цытаваць артыкул пра яе ў працы Манік Вітыг і Сандэ Цайг "Накіды для слоўніка каханых жанчын" (1979). Каб уганараваць яе цэнтральную ролю ў гісторыі жаночай гомасэксуальнасці, гэтыя дзве рэдактаркі прысвяцілі Сапфо ажно старонку. І гэтая старонка пустая.

 

***

Спрэчкі пра сэксуальнасць Сапфо ніколі не адыходзілі далёка ад даследавання яе творчасці. З пачатку ХІХ стагоддзя, калі класічныя даследаванні пачалі ператварацца ў фармальныя дысцыпліны, даследнікі, якіх збянтэжылі факты з фрагментаў, рупліва працавалі на абяленне рэпутацыі Сапфо. Назва адной ранняй працы нямецкага даследавання — "Сапфо, вызваленая з путаў забабонаў". У ёй аўтар прызнаваў, што пачуцці Сапфо да сябровак былі "каханнем", але тут жа падкрэсліваў, што яно ні ў якім разе не мела характару "аб’ектывацыі, вульгарнай пачуццёвасці і незаконнасці" і што яе вершы пра каханне не былі "ні пачварныя, ні агідныя".

Прага знайсці "нявіннае" тлумачэнне паэтчынай прыхільнасці да маладых жанчын упарта захоўвалася да канца ХІХ стагоддзя і засталося ў ХХ. Найбольш трывалая тэорыя прэзентавала Сапфо як кіраўніцу школы-інтэрната для дзяўчат — матрону, чый інтарэс да навучэнак быў выключна педагагічны. (Адзін даследнік даводзіў, што ён адшукаў сведчанні, нібыта ў школе выкладалі асновы макіяжу.) Іншая тэорыя рабіла з яе вяльможную жрыцу, што кіравала "суполкай маладых жанчын, якія прысвяцілі сябе культу багіні".

Сёння ў навукоўцаў няма ніякіх праблемаў з ідэяй гомасэксуальнасці Сапфо. Пры гэтым некаторыя з іх аспрэчваюць тую інтэрпрэтацыю яе творчасці, што здаецца самай натуральнай чытачам ХХІ стагоддзя: што яе вершы ёсць глыбока асабістай праявай гомаэратычнай жарсці. Звяртаючы ўвагу на няўмольна публічны і камунітарны характар старажытнагрэцкага грамадства, з яго лаяльнасцю клану, з яго бясконцымі раўндамі спартовых гульняў і мастацкіх спаборніцтваў, з яго насычаным календаром свецкіх і рэлігійных святаў, яны пытаюцца: ці існавала ўвогуле "прыватная" паэзія як такая, у тым сэнсе, як мы яе разумеем, нават для такой асобы, як Сапфо? Як піша Андрэ Лардынуа, суаўтар новага ангельскага выдання: "Ці можам мы быць упэўненыя, што гэта напраўду яе ўласныя пачуцці? Што такое "асоба" ў такім арыентаваным на групу грамадстве, як старажытная Грэцыя?"

І сапраўды, бачанне Сапфо як самотнай постаці, што адна-аднютка раскрывае сваё сэрца ў жаночых пакоях арыстакратычнага маёнтка, — гэта сентыментальны анахранізм, праекцыя на мінулае, як і шмат іншага ў нашых думках пра яе, праекцыя нашых звычак і грамадскіх інстытуцыяў. На карціне "Сапфо і Алкей" віктарыянскага мастака Лоўрэнса Альма-Тадэма, адданага раскошным рэканструкцыям сцэнаў з часоў грэцкай антычнасці, паэтка і чатыры прыслужніцы ў празрыстых квяцістых уборах адпачываюць у чароўным утульным месцы для імпрэзаў, замілаваныя спевамі і музыкай барда, — яны нібыта слухаюць нейкага бітніка ў кавярні Telegraph Hill. Але Лардынуа і іншыя пісалі, што многія, калі не большасць вершаў Сапфо ствараліся для выканання хорам падчас грамадскіх імпрэзаў. У некаторых творах лірычная гераіня ўжывае займеннік першай асобы ў множным ліку "мы", у іншых яна кажа "вы", звяртаючыся да групы — хутчэй за ўсё да хору, які танчыў, калі яна пяе. (Нават калі Сапфо карыстаецца адзіночным лікам першай асобы, гэта не значыць, што яна спявала сола: у грэцкай трагедыі хор, які складаўся з пятнаццаці спевакоў, часта ўжывае слова "я".)

Гэты голас грамады, які для нас дысануе з лірыкай глыбокага, нават эратычнага пачуцця — уявіце, што Шэкспіравы санеты пісаліся як харавыя гімны, — якраз гэта сённяшнія перакладчыкі проста ігнаруюць, падпарадкоўваючыся сучаснаму інтарэсу да індывідуальнай псіхалогіі. Аднак калі слушны пераклад сэксуальнага "Фрагмента 38" — не "ты апальваеш мяне", а "ты апальваеш нас" (што якраз слушна па-грэцку), то як менавіта мы мусім разумець гэта?

У пошуках адказу на гэтае пытанне апошнім часам антычнікі пачалі ўяўляць сабе мэты, з якімі маглі адбывацца грамадскія імпрэзы з эратычнымі спевамі. Старажытныя спасылкі на паэтчыных "кампаньёнак" і "навучэнак" далі аднаму эксперту нагоду высунуць гіпотэзу, што Сапфо была лідаркай жаночага калектыву, які "інструктаваў перад шлюбам". Хутчэй не выказваннем асабістага прагнення да маладой жанчыны былі гэтыя вершы, на думку Лардынуа, але "публічнай формай захаплення агульнай дзявочай прывабнасцю", якая мела святкаваць гатовасць дзяўчат да сямейнага саюзу і да актыўнейшай інтэграцыі ў грамадства. Гарвардскі класіцыст, нябожчык Чарлз Сігал, пайшоў нават далей. Паводле яго, вельмі рытмічная эратычная лірыка была па сваёй прыродзе "заклёнамі". Ён меркаваў, што публічнае выкананне такіх вершаў, як "Фрагмент 31", мусіла адкрыць пачуццёвасць цэламу гораду — сацыялізаваць яе, узняць пажадлівасць "са сферы бясформеннага і жахлівага, кінуць на яе святло і надаць форму, зрабіць яе бачнай для асобнай паэткі і, як вынік, для грамадства".

Нават выключна літаратурныя аспекты — напрыклад, тэндэнцыя ўспрымаць Сапфо як вынаходніцу "лірычнага я", асобную, эмацыйна аголеную прамоўцу, што робіцца нібыта дублёркай чытача, — і на іх уздзейнічаюць гэтыя новыя тэорыі. Урэшце, калі "я", што гучыць у творах Сапфо, — гэта персона ("хутчэй паэтычны канструкт, чым сапраўдная жывая асоба", як мяркуе Лардынуа), то наколькі важная яе біяграфія?

З увагі на мізэрную колькасць вершаў, што дайшлі да нас, а таксама на трагічную ненадзейнасць біяграфічнай традыцыі, гэтыя дэбаты наўрад ці да нечага прывядуць у агляднай будучыні. Насамрэч даследаванне Сапфо вызначаецца выкрутасістай цыклічнасцю. Ладную частку тысячагоддзя — паміж укладаннем "Суды" і канцом ХІХ стагоддзя — адны і тыя ж вершаваныя ўрыўкі і біяграфічныя плёткі бясконца перапрацоўваліся, паэтычныя фрагменты рабіліся крыніцамі для біяграфіяў, якія ў сваю чаргу нараджалі новыя інтэрпрэтацыі тых самых вершаў. Вось чаму "новая Сапфо" так наэлектрызавала вучоных-класікаў: час ад часу гэтае кола твораў пашыраецца, і з’яўляецца трохі больш святла.

 

***

Здабыча Обінка насамрэч стала ўсяго толькі апошняй з серыі нядаўніх папірусазнаўчых знаходак, што радыкальна ўзбагацілі разуменне Сапфо і яе творчасці. Бо да канца ХІХ стагоддзя, калі пачалі знаходзіць тыя папірусы, існавалі толькі цытаты са старажытнасці. З таго часу даступны нам аб’ём працаў Сапфо вырас больш чым удвая.


Паэзія (Сапфо). Джэймс Нівэй паводле Карла Дольчы. 1772. Бертан-Канстэбл-Хол, Вялікабрытанія


У 1897 годзе два маладыя оксфардскія археолагі пачалі раскопкі ў Егіпце на ўчастку, які быў муніцыпальнай звалкай гораду пад назвай Аксірынх — "горад вастраносай рыбы". У старажытны час гэтае месца было шчыльна заселенае грэцкамоўнымі. І гэтая звалка хутка адкрыла скарбы. Знайшліся папірусныя манускрыпты, датаваныя першымі стагоддзямі нашай эры, і з грэцкімі, і з рымскімі тэкстамі. Некаторыя былі фрагментамі твораў, даўно нам вядомых, такіх як "Іліяда", аднак і яны мелі вялізную каштоўнасць, бо папірусы Аксірынха часта аказваліся нашмат старэйшымі за іншыя — на той момант найстаражытнейшымі ацалелымі копіямі. А іншыя аказаліся працамі, раней не вядомымі. Сярод такіх было некалькі захапляльных новых фрагментаў Сапфо, вельмі істотных. З падзёртых папірусаў праступіў голас, пазнавальны як ніколі раней:

 

Конніца — камусьці, камусьці — пяхота,
Трэцім — зграбныя караваны суднаў...
А як мне, дык на зямлі наймілейшы —
Толькі каханы.
[Пераклад Л. Баршчэўскага.]

 

У наступныя дзесяцігоддзі расшыфравалі і надрукавалі больш папірусаў. Але да 1955 году, калі брытанскі даследнік антычнасці Дэніс Пэйдж апублікаваў "Сапфо і Алкея", вычарпальнае даследаванне пра двух паэтаў Лесбаса, выглядала, што нават гэтая багатая жыла вычарпаная. "На гэты момант, — абвяшчаў Пэйдж, — няма ніякіх прычынаў чакаць, што калі-небудзь мы здабудзем больш паэтычнай спадчыны Сапфо і Алкея, чым маем сёння, і гэты час здаецца прыдатным для таго, каб распачаць цяжкую і поўную сумневаў задачу інтэрпрэтавання іх твораў".

Дый сама Сапфо, шчыра кажучы, здзіўлена прыўзняла б брыво, пачуўшы безапеляцыйную заяву Пэйджа. Чалавечы лёс, піша яна, зменлівы, як марское надвор'е, дзе "лёгкі вецер мякка змяняе суворы шторм". І сапраўды, гэтыя радкі былі не вядомыя Пэйджу, бо яны з фрагменту папіруса, што летась адшукаў Дзірк Обінк, — з "Верша братоў".

Для спецыялістаў найдзівоснейшая ўласцівасць "Верша братоў" — тое, што ён нібыта пацвярджае найбольш блізкае сучаснаму ўяўленню аб асабістым жыцці Сапфо праз ускосную згадку пра яе ў "Гісторыі" Герадота, напісанай прыкладна праз паўтара стагоддзя па яе смерці. Падчас доўгага абмеркавання егіпецкага грамадства Герадот згадвае аднаго з братоў Сапфо, даволі зухаватага персанажа, які зваўся Харакс. Безразважны марскі купец, ён нібыта змарнаваў шмат грошай, каб здабыць свабоду каханай куртызанцы ў Егіпце, — учынак, паводле Герадота, за які Сапфо "жорстка ўшчувала" брата ў вершы. Авідый і іншыя пазнейшыя класічныя аўтары таксама спасылаюцца на нацягнутыя стасункі Сапфо з гэтым братам, але верш пра гэта не захаваўся, таму і цэлыя пакаленні даследнікаў не маглі дазнацца нават братава імя.

І таму лёгка ўявіць экстаз Дзірка Обінка, калі ён пачаў чытаць першыя радкі верша:

 

А вы заўсёды балбочаце, што Харакс мусіць прыбыць
І карабель яго поўны. Ці так гэта, мяркую, толькі Зеўсу вядома…

 

Паэтка кажа, што пачэсна было б маліцца багам за вяртанне яе брата, бо чалавечае шчасце залежыць ад боскай літасці. Верш завяршаецца спадзевам, што малодшы брат выгадуецца пабожным і не прынясе сям’і сардэчных пакутаў. Тут хутчэй за ўсё гаворка пра турботы, што чыніць наравісты старэйшы брат. Нарэшце вельмі канкрэтная біяграфічная дэталь пацвярджаецца.

Для тых, хто не займаецца класічнай літаратурай, "Верш братоў" можа выглядаць менш захапляльным за іншую знаходку — верш, што выйшаў на паверхню ў 2004 годзе, пра старасць. Гэты твор спалучае смутак і ўцеху. Пасля таго як Кёльнскі ўніверсітэт набыў некаторыя папірусы, даследнікі пабачылі, што адзін з тэкстаў перагукаецца з ужо вядомым вершам — "Фрагментам 58", часткай аксірынхскага папіруса. Той аксірынхскі фрагмент складаўся збольшага з фіналаў жменькі радкоў, а новы кёльнскі папірус запоўніў прабелы, і толькі некаторыя словы засталіся невядомымі. Радкі набылі сэнс.



Сапфо. Юліюс Кронберг. 1913. Прыватная калекцыя

Як часта бывае ў старажытнагрэцкай паэзіі, новаадшуканы "Фрагмент 58", "Верш старога веку", як яго цяпер называюць, раскрывае тэму праз прыклад з міфалогіі. Сапфо дае алюзію на гісторыю Эас, багіні світанку, якая пажадала і атрымала ў падарунак вечнае жыццё для свайго смяротнага каханка Тыфона, але забыла папрасіць яму вечнай маладосці.

[….]

У новым перакладзе на ангельскую Даен Рэяр схоплівае гэты выразна просты характар грэцкай мовы Сапфо, якая, пры ўсёй аголенай эмацыйнасці паэткі і любові да раскошы, ніколі не бывае мудрагелістай ці барочнай. Кожны пераклад — шэраг ахвяраў, а ў выпадку Рэяр падкрэсленая простасць выказвання зрэдчас даецца цаной страты некаторых фармальных элементаў — у тым ліку і памеру. Класіцыст Марцін Л. Ўэст, які апублікаваў свой пераклад у Times Literary Supplement, папакутаваў, каб адпаведна перадаць доўгі радок арыгінальнай Сапфо.

[….]

Пры гэтым, улічваючы, наколькі прыкрыя і саладжавыя шмат якія намаганні перакласці паэзію Сапфо як "песні", мы ўдзячныя Рэяр за яе простасць. Яе перакладчыцкія нататкі надзвычай карысныя, асабліва калі яна звяртае чытацкую ўвагу на варыянты, што не здабылі права голасу ў іншых ангельскіх версіях. Напрыклад, апошні захаваны радок "Фрагменту 31" дэманструе славутую праблему: ён можа азначаць штосьці накшталт "усё трэба вытрываць" [у перакладзе Л. Баршчэўскага: "Ды цярпі, цярпі: ўжо далёка надта / Ўсё зайшло". — А. М.] альбо, з іншага боку, "на ўсё трэба адвага". Рэяр выбірае "вытрываць" і тлумачыць, чаму яна ўважае гэта за лепшы варыянт.

У сваім перакладзе "Верша старога веку" Рэяр робіць адзін надзвычай цікавы выбар. Кёльнскі манускрыпт адносяць да ІІІ стагоддзя да нашай эры, што робіць яго найстарэйшым і таму самым вартым даверу дакументам Сапфо, які мы цяпер маем. У гэтым тэксце верш заканчваецца пасля шостай страфы змрочнай згадкай пра Тыфона, што трапіў у палон сівога старэчага веку. Але Рэяр наважылася далучыць некалькі дадатковых радкоў, якія з’яўляюцца адно ў фрагментарным аксірынхскім папірусе. Гэта дарыць вершу непараўнальна аптымістычнейшы фінал:

 

А я люблю далікатнейшыя рэчы… гэта і жарсць
да жыццёвага святла дораць мне зіхценне і красу.

 

Рукапіс з гэтымі радкамі ўзнік праз пяць соцень гадоў пасля нядаўна адшуканай версіі — праз паўтысячагоддзя пасля таго, як паэтка ўпершыню праспявала гэтую песню.

Так, новая Сапфо і ставіць шмат пытанняў, і дае адказы. Ці існавалі розныя варыянты аднаго верша ў антычны час, а калі так, ці ведала пра тое тагачасная аўдыторыя і ці мела яно нейкае значэнне? Хто ў "Вершы братоў" пляткарыць пра Харакса, брата Сапфо, і чаму? Як насамрэч заканчваецца "Верш старога веку"? Быў ён журботным сведчаннем старасці і прыкметаў змярцвення або пераможным баляваннем улады прыгажосці, тых "далікатнейшых рэчаў" і самой паэзіі, — каб апраўдаць знішчальную моц часу? І як мы ні намагаемся пачуць чароўны голас гэтай выбітнай жанчыны, звон несціханы ў нашых вушах робіцца ўсё гучнейшы.

 

пераклад з ангельскай — Аляксандра Макавік

  

Каментар
 
Перакладзена паводле:Daniel Mendelsohn. GIRL, INTERRUPTED. Who was Sappho?
 
Аўтарскі загаловак "Girl, Interrupted" — дасціпная алюзія і на вядомы фільм Дж. Мэйнгалда 1999 г., і на карціну Яна Вермеера "Перарваны ўрок музыкі" (Onderbreking van de muziek), па-ангельску вядомую як "Girl Interrupted at Her Music" (1660—1661), і больш на апошнюю, што і гучыць у перакладзе. — А. М.
 
1. Больш пра іншыя пераклады і лёс гэтага твора Сапфо гл.: Андрэй Хадановіч. Верш тыдня: Сапфо "Роўным богу…". http://lohvinau.by/%D0%B2%D0%B5%D1%80%D1%88-%D1%82%D1%8B%D0%B4%D0%BD%D1%8F-%D1%81%D0%B0%D0%BF%D1%84%D0%BE-%D1%80%D0%BE%D1%9E%D0%BD%D1%8B%D0%BC-%D0%B1%D0%BE%D0%B3%D1%83/

Чытайце таксама

Пераклады твораў замежнай літаратуры ў часопісе “Крыніца” (1988-2003)

Ціхан Чарнякевіч

Пераклады твораў замежнай літаратуры ў часопісе “Крыніца” (1988-2003)

Бібліяграфічны даведнік пакліканы адлюстраваць усе перакладзеныя на беларускую мову замежныя творы мастацкіх і публіцыстычных жанраў, надрукаваныя ў часопісе “Крыніца” з дня заснавання (1988) да спынення…

Пра беларускі зборнік казак  братоў Грымаў

Альгерд Бахарэвіч, Васіліса Паляніна-Календа

Пра беларускі зборнік казак братоў Грымаў

У снежні 2013 года ў выдавецтве “Логвінаў” пабачыла свет доўгачаканая кніга братоў Грымаў у перакладзе Альгерда Бахарэвіча з мастацкім аздабленнем Васілісы Палянінай-Календа. Казкі братоў Грымаў атрымаліся…

Мультыкульты па-чэшску

Мультыкульты па-чэшску

Беручы ў рукі кнігу, скажам, ісландскага, японскага або гішпанскага аўтара, мы збольшага “па змаўчанні” настроеныя на тое, што сутыкнёмся ў ёй з ісландскімі, японскімі ці гішпанскімі рэаліямі. Гэта, вядома,…

Англа-амерыканская фемінісцкая крытыка: гісторыя і некаторыя тэарэтычныя аспекты

Наталля Паваляева

Англа-амерыканская фемінісцкая крытыка: гісторыя і некаторыя тэарэтычныя аспекты

Галоўнай задачай фнмінісцкай крытыкі было прааналізаваць ролю, якую адыгрывае літаратура і літаратурная крытыка ў зацвярджэнні або, наадварот, у разбурэнні гендарных, класавых, расавых і полавых іерархій…

142