№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Марына Шода

“Кароль Мацюсь” і яго прыгоды ў рускіх і беларускіх перакладах

7 лютага 2014

2012 год быў абвешчаны ў Польшчы годам Януша Корчака. Нагода абраная вельмі сумная — 70 гадоў таму Стары Доктар са сваімі выхаванцамі сеў на цягнік, што накіроўваўся ў Трэблінку. Нельга сказаць, што за апошняе стагоддзе здараліся перыяды, калі імя і творчасць Корчака аддаваліся забыццю, але трагічная дата, безумоўна, абвастрыла цікавасць да яго твораў. Так, напрыклад, у 2010 годзе адначасова былі перавыдадзеныя два класічныя рускія пераклады аповесці-казкі “Кароль Мацюсь Першы”, а ў 2012 адрэдагаваны і перавыдадзены беларускі пераклад абедзвюх частак казкі. Абапіраючыся на гэтыя тэксты, мы паспрабуем паразважаць пра сітуацыю перакладной множнасці, аспекты паўнавартаснасці і эквівалентнасці перакладу, а таксама пра магчымыя стратэгіі перакладу дзіцячай літаратуры.

За час існавання мастацкага перакладу як віду перакладчыцкай дзейнасці падыходы да яго неаднаразова мяняліся, але ўсе яны канцэнтраваліся вакол адзінай галоўнай праблемы — магчымасці адпаведнай перадачы формы і зместу арыгіналу.

Цяпер тэарэтыкі перакладу лічаць паўнавартасным перакладам той, дзе мастацкая рэчаіснасць тэксту-першакрыніцы адлюстроўваецца ў адзінстве формы і зместу. Адпаведна, праца перакладчыка сумяшчае дзве функцыі — інтэрпрэтатара і творцы. Перакладчык сутыкаецца, з аднаго боку, з другаснай прыродай перакладу, скіраванай на разуменне і аднаўленне зыходнага тэксту, з другога боку — з неабходнасцю стварыць новы тэкст, які б меў здольнасць да эстэтычнага ўздзеяння.

Калі перакладчык працуе над мастацкім тэкстам, ён мусіць прыняць да ўвагі не проста слоўнікавае значэнне асобнага слова і ўсведамляць, што дачыняецца не з лексічнай адзінкай, а з яе зместавым аналагам, што кожная моўная адзінка мае пэўную інфармацыйную нагрузку ва ўмовах пэўнага культурнага (сацыяльнага і г.д.) кантэксту твора.

Паводле азначэння тэарэтыка і практыка перакладу Т. Казаковай, “мастацкі пераклад уяўляе сабой разнавіднасць моўнай гульні, у ходзе якой на матэрыяле іншай мовы і заведама іншай інфармацыйнай базы (рознасць культурных традыцый і ўстановак, агульных і прыватных карцінаў свету) будуюцца аналагічныя, але не тоесныя мастацкія сусветы, якія маюць блізкія да зыходнага інфармацыйныя палі” [с. 19]. То бок не ў апошнюю чаргу паўнавартаснасць перакладу залежыць ад культурнай кампетэнцыі аўтара, і кожны пераклад (нягледзячы на адно з самых трывалых меркаванняў — перакладчык павінен хавацца ў цені аўтара, быць ананімам) — суб’ектыўны, адлюстроўвае асобу перакладчыка. З гэтага і паўстае магчымасць множнасці перакладаў аднаго і таго ж тэксту. Асабліва калі ўлічваць, што любы мастацкі тэкст мае “інтэрпрэтацыйны дыяпазон”, а перакладчык — інтэрпрэтатар-стваральнік.

Што да перакладу дзіцячай літаратуры, то, паводле нашых назіранняў, часта перакладчыкі дазваляюць сабе большую вольнасць у абыходжанні з тэкстам, як з яго фармальным, так і са зместавым бокам. Гэта тлумачыцца тым, што творы дзіцячай літаратуры — часцей за ўсё выдумка, якая адлюстроўвае няісную рэчаіснасць, адпаведна дазваляе большую ступень фантазіі і творчай вольнасці. Але перадусім перакладчык мусіць памятаць пра функцыі дзіцячай літаратуры, якія, дарэчы, часткова супадаюць з функцыямі перакладных твораў у вызначэнні М. Лазінскага: “Функцыя перакладных твораў дваякая: 1) эстэтычная, як твораў мастацкіх, 2) пазнавальная — як помнікаў, якія знаёмяць нас з іншай краінай, з іншай эпохай, з іншай культурай, з новым для нас ладам думак і пачуццяў” [c. 93]. У выпадку з дзіцячай літаратурай да пазнавальнай і эстэтычнай псіхолагі дадаюць яшчэ такія функцыі, як забаўляльная, ці геданістычная (дзеці павінныя атрымліваць прыемнасць ад чытання), і кампенсаторная. Гаворачы пра апошнюю, варта згадаць пра псіхалагічныя асаблівасці ўспрымання дзецьмі літаратурных твораў — дзеці вельмі часта ідэнтыфікуюць сябе з героямі, і чытанне ўпадабанай кнігі для іх ёсць свайго роду эскапізмам — уцёкамі ад рэальнага свету. Адпаведна, перакладчык дзіцячай літаратуры павінен стварыць ці перастварыць персанажа, не згубіўшы ягонай першапачатковай харызмы і прыцягальнасці. То бок ён павінен зрабіць тэкст і героя прывабнымі для чытачоў, адтварыць прывабнасць, закладзеную ў дадзены вобраз аўтарам.

Аповесць-казку Януша Корчака “Кароль Мацюсь Першы” тройчы перакладалі на рускую мову і адзін раз на беларускую, але два розныя перакладчыкі. У 1925 годзе, праз два гады пасля выдання арыгінальнага твора, у Ленінградзе з’явіўся пераклад Ю. Райтлер, які называўся “Приключения короля Матюша”. У 1958 годзе, на просьбу варшаўскага выдавецтва “Палонія”, свой пераклад “Король Матиуш Первый” зрабіла Муза Паўлава. Кніга карысталася вялікім поспехам і яшчэ не адзін раз дадрукоўвалася ў Варшаве, але ў Расіі гэты пераклад надрукавалі толькі ў 1992 годзе. А ў 1972 годзе (да стагоддзя Януша Корчака) быў зроблены пераклад Н. Падольскай, які пасля неаднаразова перадрукоўваўся, у тым ліку з ілюстрацыямі, зробленымі для польскага выдання, што стварыла пэўнае непаразуменне: маленькія чытачы, зрабіўшыся дарослымі, вярталіся да любімай кніжкі дзяцінства і пад знаёмай вокладкай знаходзілі іншы твор. Беларускі пераклад, дакладней першая яго частка, якая называлася “Кароль Мацюсь Першы”, быў зроблены Ядвігай Бяганскай таксама амаль да гадавіны Януша Корчака, але на пару гадоў раней за пераклад Падольскай. Другая частка “Кароль Мацюсь на безлюдным востраве” выйшла ў перакладзе У. Васілевіча ў 1982 годзе.

Перадусім варта звярнуць увагу на лінгвістычныя аспекты перакладаў. Стыль корчакаўскіх твораў вылучаецца лаканічнасцю, дакладнасцю і выразнасцю пабудовы сказа, пра што кажуць і польскія даследчыкі. Корчак не імкнуўся да ўпрыгожвання, не злоўжываў эпітэтамі і метафарамі. Словы аўтара ў ягоных тэкстах не нясуць у сабе эмацыйнай нагрузкі — яны ствараюць сітуацыю, а не эмоцыю. Такую інтанацыю адтвараюць пераклады Бяганскай і Паўлавай. Напрыклад, возьмем эпізод у самым пачатку казкі, калі памірае кароль і доктар кажа міністрам, што не ведае, што рабіць, а таму трэба паклікаць іншых дактароў.

Пераклад Я. Бяганскай: “Міністры згадзіліся з ім і заклікалі ўсіх вядомых дактароў, каб параіцца з імі, як ратаваць караля. Яны паслалі ў горад усе каралеўскія аўтамабілі, а самі папрасілі каралеўскага кухара падаць вячэру. Яны не чакалі, што нарада так зацягнецца, і былі галодныя, бо не абедалі дома. Кухар расставіў сярэбраныя талеркі, наліў у бутэлькі лепшага віна: ён хацеў застацца пры двары і пасля смерці караля” [1, 10—11].

Пераклад М. Паўлавай: “Министры послушали совета и пригласили знаменитых докторов, чтобы посоветоваться, как спасти короля. Они послали в город все королевские автомобили, а сами тем временем велели королевскому повару подавать ужин, так как были очень голодны: они не знали, что совещание будет продолжаться так долго, и не пообедали дома. Повар поставил серебряные тарелки, налил в бутылки лучшего вина, так как хотел остаться при дворе и после смерти старого короля” [3, 12].

У перакладзе Н. Падольскай спакойны аповед Старога Доктара — чалавека, які прызвычаіўся, што яго і так усе слухаюць, — ператвараецца ў звышэмацыйны, на мяжы крыку:

Как утопающий за соломинку, ухватились министры за этот совет. Любой ценой, но короля надо спасти! Тотчас из королевского гаража в разные концы города помчались автомобили за медицинскими светилами. А проголодавшиеся министры тем временем велели королевскому повару подать им ужин. Они ведь не знали заранее, сколько пробудут во дворце, и потому не пообедали дома. Дворцовые лакеи расставили на столе серебряные блюда с изысканными кушаньями, бутылки с самыми лучшими винами. Повар из кожи вон лез, стараясь угодить министрам: он боялся, как бы после смерти короля его не прогнали из дворца [4, 7].

Калі браць пад увагу вонкавыя складнікі перакладу, то тут мае месца надужыванне экспрэсіяй, эмацыйнае перабольшанне. Перакладчыцу ў пэўнай ступені можа апраўдаць акурат тое, што яна перакладала дзіцячую літаратуру і намагалася падвысіць эмацыйны запал твора. Да таго ж, такая стратэгія цалкам укладаецца ў межы тэндэнцыі, адзначанай тэарэтыкамі перакладу, якія пішуць, што апошнім часам заўважаецца ўзмацненне экспрэсіўнага пачатку ў перакладзе, то бок дамінуе творчы падыход. Але, з іншага боку, Корчак піша для дзяцей 7—12 гадоў. Калі ўлічваць псіхалогію ўспрымання тэксту дзецьмі, то для такога ўзросту не характэрная цяга да моўных вывертаў і шматслоўных апісанняў. Іх прыцягвае дыялагічнасць, а не апавядальнасць.

У перакладзе Падольскай з’яўляецца нечаканая ў 1970-я гады паліткарэктнасць. Яна, магчыма, вынікала з геапалітычнай сітуацыі ў краіне і тлумачылася сяброўствам з афрыканскімі краінамі, дзе Савецкі Саюз намагаўся пабудаваць сацыялізм. Перакладчыца з пэўнасцю добра памятала пра яшчэ адну функцыю дзіцячай літаратуры — выхаваўчую. І рабіла ўсё, каб у свядомасці савецкага школьніка не складаўся вобраз “чарнамазага дзікуна”. Так, напрыклад, у фінале часткі, дзе вяскоўцы развітваюцца з негрыцянскай дзяўчынкай Клю-Клю, якая прабавіла ў іх вёсцы лета разам з каралём Мацюсем, ёсць такія фразы:

— Разумная, вясёлая і харошая дзяўчынка, шкада толькі, што гэткая чорная.

— Аднак, калі прывыкнеш да яе, зусім не брыдкая, — дадавалі яны [1, 198].

Гэтая і некаторыя іншыя “непаліткарэктныя” фразы наўпрост выкрасленыя з перакладу Н. Падольскай. А ў асобных момантах гэтая паліткарэктнасць проста пераходзіць межы дазволенага ў перакладзе. Як, напрыклад, калі у сталіцу Мацюсёвага каралеўства прыязджаюць чорныя каралі. Яны паводзяць сябе як дзікуны, і ў перакладах М. Паўлавай і Я. Бяганскай, як і ў арыгінале, ідзе доўгае пералічэнне дзіўных, смешных, дурнаватых учынкаў негрыцянскіх каралёў. А ў Н. Падольскай раптам з’яўляюцца сыны гэтых каралёў і, калі каралі “степенно прохаживаются по городу”, то ўсе непатрэбствы робяць іх дзеці.

Первыми прибыли негритянские короли. И к ужасу и негодованию придворных, они, точно сговорившись, привезли с собой сыновей — черных как сажа, шустрых, озорных мальчишек. Короли расхаживают степенно по городу, озираются с любопытством по сторонам, дружелюбно беседуют друг с другом. А с маленькими бесенятами никакого сладу нет, прямо караул кричи! [4, 155].

Гэты момант — адзін з самых спрэчных у перакладзе, бо ён мала таго што цалкам не адпавядае арыгінальнаму сюжэту, дык яшчэ і супярэчыць педагагічным тэорыям самога Корчака, які стала падкрэсліваў, што дзіця — такі ж чалавек, як і дарослы, толькі маленькі, і мае роўныя з дарослым правы.

Неабходна асобна адзначыць эпізод, калі Мацюсь усведамляе ўвесь цяжар каралеўскай улады. У арыгінале ён звяртаецца па падтрымку да Бога. Ва ўсіх трох аналізаваных перакладах гэтая малітва адсутнічае. Так, у перакладзе Я. Бяганскай чытаем:

“З кім параіцца ў гэтую цяжкую хвіліну? — Мацюсь адчуваў, якая вялікая адказнасць зараз ляжыць на ім. — Што рабіць?” Кароль Мацюсь заплакаў і нарэшце заснуў, прытуліўшыся да бярозавага пня [1, 30].

Можна было б падазраваць, што эпізод не прайшоў цэнзуры яшчэ на этапе арыгіналу, але Польшча і за савецкімі часамі была рэлігійнай краінай, таму польская цэнзура спакойна ставілася да рэлігійнага зместу. У прыватнай размове супрацоўнікі інстытута Корчака паведамілі, што ніколі не бачылі цэнзураванага польскага тэксту “Караля Мацюся”. Мяркуючы па ўсім, тут зноў спрацаваў прынцып выхаваўчай функцыі кнігі, памятаючы пра які, менавіта савецкая цэнзура прыбрала непажаданую для адпаведнага выхавання дзяцей інфармацыю. Так выглядаў эпізод ва ўсіх трох перакладах, нават у тым, што друкаваўся ў Польшчы, і толькі пільнасць рэдактара беларускага перавыдання 2012 г. выратавала гэты вельмі важны для стварэння адпаведнага настрою кавалак тэксту.

“З кім параіцца ў гэтую цяжкую хвіліну? — Мацюсь адчуваў, якая вялікая адказнасць ляжыць цяпер на ім. — Што рабіць?

Раптам Мацюсь узгадаў, што любую важную справу трэба пачынаць з малітвы. Так некалі вучыла яго добрая мама. Кароль Мацюсь рашучым крокам паглыбіўся ў сад, далей, дзе яго ніхто не мог убачыць, і скіраваў гарачую малітву да Бога.

— Я маленькі хлопчык, — маліўся Мацюсь, — без тваёй, Божа, дапамогі я не дам рады. Гэта па Тваёй волі я атрымаў каралеўскую карону, дык дапамажы мне, бо я ў вялікім смутку.

Доўга прасіў Мацюсь Бога пра дапамогу і гарачыя слёзы цяклі па яго твары. Але перад Богам нават каралю не сорамна плакаць.

Кароль Мацюсь то маліўся, то плакаў. Але ўрэшце заснуў, прытуліўшыся да бярозавага пня [2, 34—35].

Варта агаварыць яшчэ праблему перакладу назвы. Тым больш што антрапонім часта ёсць эмблемай мастацкага твора — выкарыстоўваецца аўтарам у якасці загалоўка. У сучаснай школе перакладу, безумоўна, надаецца ўвага праблеме перакладу уласных імёнаў, але толькі ў тым выпадку, калі гэтыя імёны вымоўныя, гэта значыць, нясуць семантычную нагрузку. Звычайным уласным імёнам, як правіла, перакладчык увагі не надае, бо спрацоўвае прынцып “імёны не перакладаюцца”. Перакладчык заўсёды павінен усталёўваць сіметрыю сваёй моўнай сістэмы з сістэмай мовы перакладу. І часам здараюцца выпадкі, калі ў перакладзе арыгінальнае імя замяняецца на адпаведнае для іншага культурнага арэалу. “Пераклад павінен імкнуцца не да “правільнасці”, а да функцыянальнага падабенства” [1, 402]. З такой сітуацыяй мы сутыкаемся і ў казцы Корчака, якая называецца “Król Maciuś Pierwszy”. У абодвух аналізаваных рускіх перакладах імя галоўнага героя гучыць як “Матиуш”. Тут, на нашую думку, скарыстаўшыся транслітарацыяй, перакладчыцы паспрабавалі знайсці сваю стратэгію перакадавання імені ў тым выпадку, калі яна была абсалютна непатрэбная. У выніку захоўваецца культурная дыстанцыя, але паўстае трохі штучнае і няіснае імя, якое ўдала ўпісваецца паміж словамі “кароль” і “першы”, але назва страчвае адпаведны сэнс: Маціушам мог звацца чалавек любога ўзросту, а Мацюсём — толькі маленькі хлопчык. Таму адбываецца несупадзенне ключавых кодаў, бо для Корчака вельмі важна падкрэсліць — кароль-хлопчык, кароль-дзіця, кароль, які яшчэ вучыцца не толькі кіраваць каралеўствам, а нават чытаць і пісаць. У выпадку з беларускім перакладам сітуацыя вырашаецца проста — магчымасць існавання імені Мацюсь у беларускай мове (як Андрусь, Пятрусь і г.д.) дазваляе пакінуць назву нязменнай. А адпаведным для рускіх перакладаў, на нашую думку, было б імя Матюша (скарочанае ад рускага імя Матвей, як Андрюша, Петруша), то бок простае перавядзенне з адной моўнай сістэмы ў іншую без дадатковых семантычных нагрувашчанняў.

Падводзячы высновы, варта падкрэсліць, што ў дадзеным выпадку мы сутыкнуліся з сітуацыяй, калі перакладчык свядома адаптуе пераклад, калі спрабуе ўпісаць сваю працу ў кантэкст свайго культурнага арэала і сваёй эпохі. Але ў такім выпадку з часам пераклад непазбежна старэе, і неабходным робіцца вяртанне да арыгіналу і яго перастварэнне ці прынамсі абавязковая рэдактура наяўнага перакладу і вяртанне выразаных цэнзурай момантаў.

 

Літаратура:

1. Казакова, Т. А. Художественный перевод: теория и практика / Т. А. Казакова. — СПб., 2006. — 544 c.

2. Корчак, Я. Кароль Мацюсь першы; Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве / Януш Корчак; пер. з польск. Я. Бяганскай, У. Васілевіча. — Мн.: “Юнацтва”, 1998. — 460 с.

3. Корчак, Я. Кароль Мацюсь Першы / Я. Корчак; пер. з польскай Я. Бяганскай. — М., 2012. — 330 с.

4. Корчак, Я. Король Матиуш Первый; Король Матиуш на необитаемом острове / Я. Корчак; пер. с польск. М. Павловой. — М.: “Авлад”, 1993. — 462 с.

5. Корчак, Я. Король Матиуш Первый; Король Матиуш на необитаемом острове / Я. Корчак; сокр.пер.с польск. Н. Подольской. - М.: “Дет.лит.”, 1972. — 416 с.

6. Лозинский М. Л. Искусство поэтического перевода / М. Л. Лозинский // Перевод — искусство взаимного сближения народов. — М., 1987. — С. 91—106.

Чытайце таксама

2016 год у перакладных кнігах

Ганна Янкута

2016 год у перакладных кнігах

Беларускі кніжны знак

Беларускі кніжны знак

Экслібрыс - гэта мініяцюрная графічная выява з тэкстам і малюнкам, якая месціцца на форзацы, першых старонках ці карэньчыку кнігі і нясе інфармацыю пра ўладальніка кнігі або пра тэматычную скіраванасць…

Залаты век ілюстрацыі: Кей Нільсэн

Залаты век ілюстрацыі: Кей Нільсэн

Лавы-кнігі

Лавы-кнігі

Усім нам да болю вядома, што такое стол-кніга або канапа-кніга. А вось што такое лава-кніга, вядома толькі абраным.

2311