№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ганна Янкута

Кізі vs Амб'ёрнсэн: блізкія нам вар'яты

10 кастрычніка 2017

Кізі vs Амб'ёрнсэн: блізкія нам вар'яты

Літаратура спрадвеку цікавіцца вар’ятамі. Вар’ят — гэта чалавек з асаблівым статусам, у яго свае стасункі з Богам і са смерцю. У той жа час у жыцці яму дазволена больш, чым астатнім: ён можа агучыць любую, нават самую непрывабную, праўду, і яму за гэта нічога не будзе. Што з яго возьмеш — вар’ят. У літаратуры ХХ ст. вар’ят — яшчэ і сімвал грамадства, хворага і ашалелага, а таксама лакмусавая паперка, якая дапамагае гэтаму грамадству паставіць дыягназ. Вобразы вар’ятаў з нязменнай частатой з’яўляюцца на старонках кніг, расказваючы нам праўду пра нас саміх.

Цяпер на краўдфандынгавай пляцоўцы “Вулей” збіраюцца грошы на выданне культавага рамана пра вар’ятаў Кена Кізі “Палёт над гняздом зязюлі”, які на беларускую мову пераклаў Аляксей Знаткевіч. Гэты раман, які ўжо выйшаў бадай на ўсіх асноўных мовах свету, апроч беларускай, шмат каму вядомы дзякуючы экранізацыі Мілаша Формана. Тыя ж, хто сочыць за беларускімі выданнямі замежнай літаратуры, напэўна не раз успаміналі Кізі, чытаючы пераклад рамана нарвежскага пісьменніка Інгвара Амб’ёрнсэна “23-я палата”, перакладзены на беларускую Лідыяй Ёхансэн і выдадзены ў 2011 годзе Змітром Коласам у серыі “Littera scripta”. У гэтым плане беларускія чытачы маюць фору перад рускімі — на рускую мову гэты раман Амб’ёрнсэна не перакладаўся.

Амб’ёрнсэна, несумненна, часта называюць нарвежскім Кізі. Біяграфіі амерыканца і гадоў на дваццаць маладзейшага за яго нарвежца маюць надзіва шмат агульнага. Кізі лічыў сябе злучальным звяном паміж пакаленнямі бітнікаў і хіпі, і яго “Палёт над гняздом зязюлі” — самае яркае з усяго напісанага ў межах гэтых культур. Амб’ёрнсэн — выхадзец з літаратурнага андэграўнду, хіпі, наркаманы, вар’яты — частыя героі яго твораў. Крытыкі лічыць, што светаадчуванне позніх хіпі, расчараваных у рэчаіснасці, моцна паўплывала на творчасць нарвежца.

Гісторыі выхаду раманаў “Палёт над гняздом зязюлі” і “23-я палата” — дэбютных у абодвух пісьменнікаў — таксама маюць пэўнае падабенства. Кізі выдаў “Палёт над гняздом зязюлі” ў 1962 годзе ва ўзросце 27 гадоў, папрацаваўшы начным санітарам у шпіталі ветэранаў у Менла-Парку. Частыя размовы з пацыентамі пераканалі будучага пісьменніка, што іх ненармальнасць — не больш чым неадпаведнасць нормам, якія ўсталявала грамадства. Раман выйшаў у самым разгары Рухаў за грамадзянскія правы, меў шырокі розгалас і істотна паўплываў на амерыканскую сістэму лячэння псіхіятрычных хвароб і ўмовы ўтрымання пацыентаў у лякарнях.

Інгвар Амб’ёрнсэн, чый раман быў апублікаваны ў 1981-м, меў на момант выхаду кнігі 25 гадоў і досвед працы ў Ліерскай псіхіятрычнай бальніцы (менавіта там і адбываецца дзеянне рамана). Раман, у якім нарвежская сістэма догляду псіхічна хворых моцна крытыкуецца, таксама выклікаў бурную рэакцыю ў грамадстве. Аднак у адрозненне ад рамана Кізі, “23-я палата” мае выразна аўтабіяграфічны характар. Аўтар не хавае, што апісаныя ў кнізе падзеі сапраўды мелі месца, і ў прадмове падкрэслівае: “Падзеі, пра якія я пішу, — набыткі маёй памяці, тое, што захавалася з маёй працы санітарам у Ліерскай бальніцы ў 1974—75 гадах”. І калі Амб’ёрнсэн адкрыта піша, што не ставіў перад сабой задачы выразна размяжоўваць у сваім рамане выдумку і праўду”, Кізі ўкладае ў вусны свайму герою, Правадыру Бромдэну, ад імя якога вядзецца аповед, такую фразу: “І ўсё ж яно праўда, нават калі гэтага й не было”.

І ўсё ж мастацкія сусветы Кізі і Амб’ёрнсэна вельмі адрозніваюцца: раманы пісаліся ў розных умовах і, відавочна, з рознымі мэтамі. Калі Кізі паказвае, як сістэма (“Камбінат”) ломіць людзей, то Амб’ёрнсэн даследуе, як яна абыходзіцца з найслабейшымі. У прадмове ён піша: “Гэтая кніга — слабая спроба аддаць належнае групе пацыентаў, да “лячэння” якіх я некалі спрычыніўся. Каб неяк змяніць ганебныя ўмовы ўтрымання гэтых хворых, грамадскасць павінна ясна сабе ўяўляць, што адбываецца за зачыненымі дзвярыма”. І таму, калі для чытання некаторых эпізодаў “Палёту над гняздом зязюлі” не зашкодзяць моцныя нервы, “23-я палата” ўся патрабуе ад чытача яшчэ больш трывалай вытрымкі. Становішча псіхічна хворых у Нарвегіі 1970-х гадоў (дзеянне рамана адбываецца ў 1974 — 1975-м), несумненна, нашмат лепшае, чым на той момант у многіх іншых краінах свету, у тым ліку нашай, але аўтар не шкадуе фарбаў, каб паказаць, наколькі далёкае яно ад ідэалу. І калі Кізі паказвае, што вар’яцтва — часта не больш чым умоўнасць, выдуманая грамадствам, каб вылучыць і ізаляваць нязручных яму людзей, то Амб’ёрнсэн падкрэслівае, што многія хворыя — насамрэч зусім і не хворыя: да адчаю і вар’яцтва іх давялі метады лячэння і прыніжальныя ўмовы ўтрымання.

Ёсць у Амб’ёрнсэна і свая Вялікая Сястра — яе завуць сястра Сігнэ, але ў адрозненне ад міс Брыдар, якая сталёвым хватам трымае сваё аддзяленне, сястра Сігнэ вылучаецца нервовай неўраўнаважанасцю і не асабліва дбае пра тое, што адбываецца ў яе вотчыне. У яе, як і ў дактароў, як і ў санітараў, усё залежыць ад настрою — і гэты настрой уплывае на тое, як будуць абыходзіцца з пацыентамі. Да пацыентаў Ліерскай бальніцы нікому няма асаблівай справы і ніхто асабліва не ведае, што з імі рабіць, да пацыентаў жа Арэгонскай бальніцы, дзе адбываецца дзеянне ў рамане Кізі, стаўленне, наадварот, уважлівае без меры і метады лячэння відавочныя.

Аднак гісторыі, якія расказваюць Кізі і Амб’ёрнсэн, нашмат шырэйшыя за гісторыю хваробы і выходзяць за межы шпіталяў, у якіх адбываюцца асноўныя падзеі твораў. У “23‑й палаце” ёсць лінія дзядзькі галоўнага героя — Беньяміна, шматгадовага пацыента Ліерскай бальніцы, куды потым галоўны герой паехаў працаваць санітарам, Беньяміна, які зрабіўся Ноем, расказаўшы казку пра каўчэг. Хвароба, такім чынам, набыла новае, міфалагічнае вымярэнне: калі ўсе людзі лічылі Ноя вар’ятам, ён будаваў каўчэг, каб уратавацца ад троляў, калі ўсе людзі спяшаюцца па сваіх справах, Беньямін-Ной будуе з кары караблікі, якія так радуюць дзяцей. Лінія дзядзькі Беньяміна заканчваецца трагедыяй, але яна ж дае ў творы нейкую надзею.

Думаю, закончыць гэты тэкст варта запрашэннем падтрымаць http://ulej.by/project?id=199734 выданне беларускага перакладу рамана Кізі “Палёт над гняздом зязюлі” ці, дакладней, перадзамовіць яго асобнік. Два гэтыя блізкія нам вар’яты, Кізі і Амб’ёнсэн, якія апісалі адну тэму з розных бакоў, вартыя таго, каб стаяць на паліцы побач.

Чытайце таксама

У Венгрыю па кнігі

У Венгрыю па кнігі

Не ведаю, ці шмат чытаюць венгры, але кнігарняў у іх дакладна больш, чым у беларусаў. Апынуўшыся ў цэнтры Будапешта, бачыш кніжныя крамы на кожным кроку. Яны вялікія і малыя, з кнігамі на венгерскай і…

Пакуль нас цікавіць герой, які думае, дэтэктыў будзе існаваць

Даніэль Клугер

Пакуль нас цікавіць герой, які думае, дэтэктыў будзе існаваць

— Дэтэктыў даўно выйшаў за межы жанру і ўвабраў у сябе рысы іншых жанраў літаратуры. Якая мадыфікацыя дэтэктыву Вас найбольш прыцягвае? — Я люблю тое, што называецца “класічным дэтэктывам”: калі разгадка…

Беларуская літаратура ХХ ст. і еўрапейскі літаратурны вопыт

Ева Лявонава

Беларуская літаратура ХХ ст. і еўрапейскі літаратурны вопыт

З ласкавага дазволу аўтара мы змяшчаем тут поўную электронную версію кнігі: Лявонава Е. А. Беларуская літаратура ХХ ст. і еўрапейскі літаратурны вопыт: Дапаможнік для студэнтаў філалагічнага факультэта...

Помнік кнізе

Помнік кнізе

У эпоху, калі папяровая кніга паступова саступае месца электроннай, пара б падумаць і пра тое, як увекавечыць кнігу ў бронзе.

992