№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ганна Янкута

Літаратурнае жыццё бостанскага шлюбу

15 студзеня 2019

Літаратурнае жыццё бостанскага шлюбу
Мы ніколі не дазнаемся, ці займаліся ў такіх саюзах
час ад часу ці рэгулярна сэксам, але ведаем дакладна,
што гэтыя жанчыны праводзілі разам большую частку жыцця,
дарылі адна адной энергію і ўвагу
і былі вельмі моцна звязаныя адна з адной эмацыйна.
 
Ліліян Фадэрман

 

Калі мяне ў нейкі момант зацікавіла пытанне, што такое бостанскі шлюб, я, безумоўна, найперш набрала гэтае словазлучэнне ў гугле і пачала чытаць запар усё, што ён мне выдаваў. Матэрыялаў на тэму знайшлося шмат, і значная іх частка ў рускамоўным інтэрнэце вызначае бостанскі шлюб наступным чынам: "сумеснае жыццё дзвюх жанчын, які блізка сябруюць і падтрымліваюць адна адну псіхалагічна, сацыяльна і матэрыяльна". Таксама часта згадваецца раман амерыканскага пісьменніка Генры Джэймса "Бостанцы", які выйшаў у 1886 годзе і дзе апісваюцца стасункі такога кшталту, хоць уласна тэрмін "бостанскі шлюб" у творы не выкарыстоўваецца. У 2015 годзе матэрыял пра бостанскі шлюб з’явіўся на "Сіцідогу"; у ім расказваюцца чатыры гісторыі дзяўчат, што жывуць разам.

У каментарах да артыкула падымаецца вельмі дарэчнае пытанне: чым бостанскі шлюб адрозніваецца ад сумеснай арэнды жылля блізкімі сяброўкамі (то бок нерамантычнымі партнёркамі — бо ўсе гераіні падкрэслівалі нерамантычны характар сваіх стасункаў) і ці не ёсць бостанскі шлюб фікцыяй? Многія студэнткі ці маладыя выпускніцы ВНУ здымаюць кватэру разам з эканамічных прычын і не бяруць на сябе дадатковых абавязкаў, якія звычайна прадугледжвае шлюб: сумеснае валоданне маёмасцю і перадача яе ў спадчыну, выхаванне дзяцей, клопат пра старых ці хворых сваякоў, магчыма, сумесны бізнес ці планаванне сумесных інвестыцый, догляд партнёркі ў выпадку інваліднасці і інш. Цікава і тое, што ў артыкуле няма гісторыяў пра сумеснае жыццё жанчын іншых узростаў. Атрымліваецца, што бостанскі шлюб актуальны выключна для моладзі, хоць у іншых тэкстах на гэтую тэму згадваецца, што такі варыянт сумеснага жыхарства можа быць зручным для жанчын пенсійнага ўзросту. Каб разабрацца ў тым, што ж такое бостанскі шлюб, варта звярнуцца да гісторыі гэтага тыпу стасункаў.

Паняцце "бостанскі шлюб" сапраўды з’явілася ў канцы XIX стагоддзя, было распаўсюджанае найперш у Новай Англіі — паўночна-ўсходнім рэгіёне ЗША (найбуйнейшы горад рэгіёна — Бостан) і асацыюецца з раманам "Бостанцы", хоць на старонках гэтага твора ні разу не згадваецца. У цэнтры сюжэту рамана — любоўны трохкутнік, стасункі паміж Оліў Чэнсэлар, яе кузэнам Бэзілам Рэнсамам і Верэнай Тарант. Існуе меркаванне, што ў аснову лініі Оліў — Верэна легла гісторыя сястры пісьменніка Эліс Джэймс і яе сяброўкі Кэтрын Пібадзі Лорынг.

Эліс Джэймс, адзіная дачка і наймалодшая з пяці дзяцей Генры Джэймса-старэйшага, ніколі не была замужам, усё жыццё мела слабае здароўе, жыла разам з бацькамі да іх смерці ў 1882 годзе і ва ўзросце 43 гадоў памерла ад раку малочнай залозы. Знакамітай Эліс стала дзякуючы дзённіку, які пачала весці ў 1889 годзе і які быў надрукаваны цалкам толькі ў 1964-м, зрабіўшы Эліс адной з важных фігур у гісторыі фемінізму — узорам жанчыны, што, нягледзячы на сваю хваробу, шукае ўласны голас. У 1873 годзе Эліс пазнаёмілася з Кэтрын Пібадзі Лорынг і знайшла ў ёй, паводле словаў аўтаркі яе біяграфіі Джын Строўс, чалавека, "што быў для яе ўсім — мужчынам і жанчынай, бацькам і маці, нянькай і абаронцай, інтэлектуальнай партнёркай і сяброўкай". Менавіта Лорынг дапамагла захаваць дзённік Эліс Джэймс: праз год пасля смерці сяброўкі яна зрабіла пяць яго копіяў, адну пакінула сабе, а астатнія даслала яе сваякам.

Цікава, што, натхніўшы брата на стварэнне рамана, які даў назву бостанскаму шлюбу, сама Эліс, у адрозненне ад многіх сваіх суайчынніц і іншых жанчын, такім шлюбам не жыла. Яна бавіла з Кэтрын шмат часу ў загарадным доме, дзе мела, як напісаў Пол Фішэр у сваёй кнізе пра сям’ю Джэймсаў, "камяністы акр незалежнасці", аднак працягвала жыць з бацькамі, дзелячы час паміж імі і Кэтрын. Аднак нават калі б яна пакінула бацькоўскі дом, такое рашэнне не кінула б выклік грамадскасці: у тагачасным Бостане было нямала жанчын, якія жылі разам. Адной з такіх заўважных параў былі Эні Адамс Філдс, сяброўка Джэймсаў, якая ў 1881 годзе зрабілася ўдавой, і пісьменніца Сара Орнэ Джуэт. У тыя часы саюзы накшталт гэтага не прыцягвалі асаблівай увагі. Адны жанчыны пасяляліся разам дзеля эканоміі ці прыемнага таварыства, іншых, відавочна, звязвала рамантычная сувязь. Ліліян Фадэрман, даследчыца гісторыі любоўных стасункаў паміж жанчынамі, пісала:

"Мы ніколі не дазнаемся, ці займаліся ў такіх саюзах час ад часу ці рэгулярна сэксам, але ведаем дакладна, што гэтыя жанчыны праводзілі разам большую частку жыцця, дарылі адна адной энергію і ўвагу і былі вельмі моцна звязаныя адна з адной эмацыйна".

Віктарыянскае грамадства не бачыла ў такіх сувязях нічога амаральнага, бо, як іранізуе Пол Фішэр, "які такі непрыстойны інтарэс могуць мець адна да адной дзве выхаваныя векавухі?" Асобна варта сказаць, што ў такія саюзы ўступалі жанчыны сярэдніх і вышэйшых класаў, часта — жанчыны з вельмі багатых сем’яў, а таму нічога нерэспектабельнага ў гэтай з’яве ніхто не бачыў.

Аднак гісторыя бостанскіх шлюбаў пачынаецца не ў ХІХ стагоддзі і сягае нашмат глыбей у мінулае. Адна з самых знакамітых такіх параў XVIII стагоддзя — Элеанор Шарлота Батлер і Сара Понсанбі, вядомыя як ллангаленскія лэдзі, што нарадзіліся ў Ірландыі (Элеанор — у 1739 годзе, Сара — на шаснаццаць гадоў пазней), у 1768 годзе пасябравалі (малодшай, Сары, было тады ўсяго 13), праз дзесяць гадоў пакінулі родавыя маёнткі і пасяліліся разам ва Ўэльсе, непадалёк ад гарадка Ллангален. Ллангалендскія лэдзі аддавалі перавагу адасобленаму ладу жыцця і прысвяцілі сябе вывучэнню моваў, літаратуры і ўладкаванню свайго новага маёнтка і саду вакол яго. Нягледзячы на тое, што лэдзі рэдка з’яўляліся ў свеце, неўзабаве яны зрабіліся знакамітасцямі — іх дом наведвалі вядомыя пісьменнікі і дзяржаўныя дзеячы, а каралева Шарлота паклапацілася пра іх пенсію. У газеце "The General Evening Post" 24 ліпеня 1790 году з’явілася нататка пра гэтую пару: "Высокая, падобная да мужчыны міс Батлер аддае перавагу адзенню для верхавой язды і капелюшу як у спартсменаў. Калі б не спадніцы, якія яна ўсё яшчэ носіць, у ёй цяжка было б пазнаць жанчыну. Міс Понсанбі, наадварот, прыязная, жаноцкая, прыветная і прыгожая. Яна сочыць за парадкам у доме, тым часам як міс Батлер кіруе гаспадарчымі справамі" (цытата паводле кнігі Аляксандра Сасноўскага "Кабінет доктара Лібіда"). Невядома, ці злучала Элеанор і Сару рамантычная сувязь, аднак яны пражылі разам больш за 50 гадоў і зрабіліся класічным узорам бостанскага шлюбу, што заснаваны на сумесным вядзенні гаспадаркі.

Побач з паняццем "бостанскі шлюб" часта ўжываецца паняцце "новая жанчына" (new woman), што з’явілася ў канцы ХІХ стагоддзя і звязваецца з імем пісьменніцы Сары Гранд. Вобразы "новых жанчын" — адукаваных незамужніх асобаў, што маюць прафесію і робяць у ёй кар’еру, — нярэдка з’яўляюцца і на старонках твораў Генры Джэймса. Даследчыца Гейл Фіні апісвае "новую жанчыну" XIX стагоддзя так:

"Новая жанчына" цэніць самавыяўленне і незалежнасць, а не стэрэатыпны фемінны ідэал самаахвярнасці, верыць у сваю роўнасць з мужчынамі перад законам і ў сэксе, часта застаецца незамужняй, бо такія каштоўнасці цяжка рэалізаваць у шлюбе, у сваёй сэксуальнасці больш адкрытая, чым "старая жанчына"; яна добра адукаваная, шмат чытае і мае прафесію; яна добра складзеная і фізічна актыўная, а таму аддае перавагу зручнай вопратцы (часта — мужчынскай), а не традыцыйным жаночым строям.

Бостанскі шлюб часта быў выбарам такога тыпу жанчын. А вось згадка пра іх на старонках рамана "Дракула" Брэма Стокера (твор пачаты ў 1890-м і апублікаваны ў 1897-м):

"Я мяркую, што ў будучыні "новая жанчына" не будзе рабіць мужчыну ласку і прымаць яго прапанову. Яна будзе рабіць прапанову сама. Як добра яна з гэтым справіцца! Гэта мяне трохі суцяшае".

(з дзённіка гераіні Вільгельміны Мюрэй)

У рамане "Бостанцы" ўвага аддаецца не толькі стасункам Оліў — Верэна і Верэна — Бэзіл і фемінісцкаму руху (да якога сам Генры Джэймс ставіцца досыць супярэчліва, то іранізуючы з Оліў, то сімпатызуючы ёй). Аўтар паказвае інтэлектуальную атмасферу тагачаснага Бостана, выяўляючы вобразы палітычных актывістаў, газетчыкаў і эксцэнтрычных арыстакратаў, — аднак на рускую мову раман быў перакладзены толькі нядаўна, нягледзячы на тое, што шэраг іншых твораў Джэймса быў прадстаўлены ў рускіх перакладах у савецкія часы.

Звяртаючыся да ХІХ стагоддзя, сучасныя пісьменнікі таксама закранаюць тэму бостанскага шлюбу, паказваючы яго ўжо ў іншым святле. У рамане пісьменніцы Антоніі Бает "Валодаць", які ў 1990 годзе быў адзначаны Букераўскай прэміяй і дзеянне ў якім адбываецца паралельна ў Брытаніі 1860-х і 1990-х гадоў, у некалькіх эпізодах згадваецца бостанскі шлюб паміж дзвюма гераінямі твора — мастачкай і паэткай, — што пачаўся ў 1858 годзе і доўжыўся два гады. Мастачка, Бланш Гловер (у рускім перакладзе — Бланш Перстчет), вядзе дзённік — і такім чынам аўтарка дае чытачам магчымасць зірнуць на жыццё пары:

"Мы з Прынцэсай [так Бланш называе сваю партнёрку, паэтку Крыстабэль Ла Мот] падмацаваліся халоднай курыцай з салатам, які прыгатавала Лайза, па абедзе прагуляліся ў парку, папрацавалі, вечарам — кубак малака і лустачка белага хлеба, пасыпаная цукрам: вячэра ў гусце Ўордсварта. Пасля музіцыравалі і спявалі дуэтам, чыталі ўголас выбраныя месцы з "Каралевы феяў". Нашыя дні сплятаюцца з няхітрых штодзённых уцех, важнасць якіх не варта перабольшваць, і ўцех больш высокага парадку, у сферы Мастацтва і Думкі, — гэтым уцехам мы цяпер можам аддавацца беззабаронна, бо няма побач ні перашкоднікаў, ні строгіх суддзяў…"

(тут і далей цытаты паводле перакладу В. Ланчыкава і Д. Псурцава)

Аднак многія дэталі жыцця ў бостанскім шлюбе аўтарка пакідае за кадрам, не даючы адказаў на магчымыя пытанні чытачоў пра любоўную сувязь паміж гераінямі і абставіны іх разрыву, хоць прычыны гэтага разрыву паказаныя ў рамане наўпрост. У сваім апошнім запісе Бланш расказвае пра эканамічныя праблемы, з якімі яны сутыкнуліся ў сумесным жыцці, аднак цалкам замоўчвае астатнія акалічнасці:

"Я паспрабавала, спачатку разам з міс Ла Мот, а затым і адна ў гэтым зацішным доме, жыць з вераю ў тое, што незалежныя незамужнія жанчыны могуць існаваць карысна і паўнавартасна ў таварыстве адна адной, не просячы дапамогі ў чужога свету і ў мужчын. Мы лічылі — як выявілася, дарма, — што пры эканомным вядзенні гаспадаркі, жывучы ў гармоніі адна з адной і Прыродай, можна здзейсніць ідэал філасофскі, хрысціянскі і мастацкі. На жаль, ці то свет аказаўся занадта варожым да нашай спробы (думаю, так яно і было), ці то мы самі мелі недастаткова вынаходлівасці альбо сілы духу (хутчэй за ўсё, нам не хапала і таго, і другога — час ад часу мы гэта адчувалі). Застаецца толькі спадзявацца, што першыя дні нашай эканамічнай незалежнасці, якія так нас ап’янілі і прынеслі плён у выглядзе вынікаў нашай працы, могуць натхніць новыя, мацнейшыя душы на рашэнне гэтай задачы, і іх спробы, у адрозненне ад нашых, будуць паспяховымі. Незалежныя жанчыны павінныя патрабаваць ад сябе большага — і дабіцца перамогі насуперак зламысным чаканням мужчын і звычайных, "хатніх" жанчын".

Такім чынам, у ХІХ стагоддзі бостанскі шлюб абіралі моцныя і незалежныя жанчыны, часцей за ўсё з вышэйшых класаў, часта пісьменніцы, мастачкі і грамадскія дзяячкі, каб разам жыць, працаваць і весці сумесную гаспадарку незалежна ад мужчын, якія відавочна абмяжоўвалі б іх свабоду. Такія шлюбы маглі заключацца на ўсё жыццё, а маглі неўзабаве распадацца — як любыя іншыя тыпы стасункаў. Сённяшняя сітуацыя істотна адрозніваецца ад той, што склалася ў амерыканскім грамадстве ў другой палове ХІХ стагоддзя, таму мадэль бостанскага шлюбу таксама мусіла змяніцца. Выдатныя гісторыі пра жанчын, што жывуць разам, расказвае ў артыкуле "Такім чынам... вы дзве разам?" пісьменніца і калумністка Пэган Кенэдзі, якая пэўны час жыла бостанскім шлюбам з рэжысёркай Ліз Кенэр. Яна лічыць, што паняцце "бостанскі шлюб" адносіцца менавіта да XIX стагоддзя і сёння састарэла, — і ўсё ж не знаходзіць лепшага вызначэння для сваіх стасункаў з Ліз. "Што да мяне, то я пачала думаць пра свае абавязкі ў стасунках як пра нешта шырэйшае за шлюбны кантракт, агульны банкаўскі рахунак ці нават агульнае дзіця. Я разумею, што ў выніку мы з Ліз можам раз’ехацца па розных кватэрах ці розных гарадах. І ўсё ж я ўяўляю, як мы зноў сыдземся гадоў у 80 і разам паселімся ў якім-небудзь доме для састарэлых. Можа, мы займеем мужоў, можа, не, але мы застанемся змоўніцамі. Я і Ліз адданыя адна адной. Мы раздзяляем бачанне таго, якімі людзьмі мы хочам зрабіцца і ў якім свеце жыць".

 

Упершыню надрукавана ў часопісе MAKEOUT 

Чытайце таксама

Фотамастацтва на службе ў літаратуры

Фотамастацтва на службе ў літаратуры

Ва Украіне днямі быў прэзентаваны фотапраект Расціслава Шпука "Літаратары ў вобразе бамжоў". 31 траўня ў львоўскай арт-кавярні "Кватэра 35" адкрылася выстава аўтара пад назвай "Без адзнак мастацкага жыцця".…

Кнігі-мутанты: новае жыццё класічных сюжэтаў

Кнігі-мутанты: новае жыццё класічных сюжэтаў

Вам падаецца, марскія пачвары, жывыя мерцвякі, зомбі і ніндзя — усе гэтыя героі сучасных коміксаў і фільмаў жахаў — несумяшчальныя з вытанчанымі манерамі галантных кавалераў і стрыманых паненак, што кахаюць…

Залаты век ілюстрацыі: Гары Кларк

Залаты век ілюстрацыі: Гары Кларк

Услед за чароўным народам

Ганна Янкута

Услед за чароўным народам

Чароўны народ прыходзіць да чытачоў невялікай казкі Толкіна, каб забраць іх з сабой у Чароўны Край і Далёкія Памежжы. Чароўны народ прыходзіць і да тых, хто чытае вершы Антона Францішка Брыля, паэта і…

504