№18: Некаторыя любяць паэзію

№18: Некаторыя любяць паэзію

...І ўсё адно мы трымаемся за паэзію, усё адно яе пішам, перакладаем і чытаем, знаходзім і адкрываем для сябе новых і забытых паэтаў і паэтак. Усё роўна самотна рухаемся разам з вершам, рухаемся за ім, ухапіўшыся за ягоныя “парэнчы”, спрабуем адшукаць яго пачатак, намацаць яго “мерыдыян” і, як казаў паэт Паўль Цэлан, прыйсці на сустрэчу з сабой.

Чытаць далей

Юля Цімафеева

“Моцныя маці”: як паўставала жаночая паэзія ў ЗША

19 лютага 2016

“Моцныя маці”: як паўставала жаночая паэзія ў ЗША

Яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя лічылася, што сапраўдная паэзія ўніверсальная, а гэта значыць, не мае полу ці гэты пол дакладна не жаночы. У сваім уплывовым эсэ “Калі мы, мёртвыя, прачнемся: Пісанне як пераасэнсаванне” (1971) Эдрыен Рыч пісала: “Я нарадзілася жанчынай, і я спрабавала думаць і дзейнічаць, быццам паэзія — і магчымасць ствараць вершы — былі ўніверсальнай, а значыць, гендарна нейтральнай сферай. У свеце мужчынскай парадыгмы я натуральным чынам засвоіла ідэі пра жанчын, сэксуальнасць, уладу мужчын-паэтаў”.

Аднак многія фемінісцкія літаратурныя крытыкі недзе з другой паловы 1970-х гадоў пачалі актыўна даводзіць, што мова творчасці не можа быць гендарна нейтральнай. Такая літаратурная крытыкеса, як Мэры Дэйлі, пісала: “Быць чалавекам — значыць называць сябе, свет і Бога”. Але магчымасць даваць імёны, а шырэй кажучы, карыстацца сілай мовы, вельмі доўгі час была адабраная ў жанчын. Дэйлі таксама заклікала жанчын вынаходзіць новую мову.

Цікава, што фемінісцкая крытыка пачыналася з разгляду мужчынскіх тэкстаў, самі ж даследчыцы часта былі настроеныя скептычна да твораў, напісаных жанчынамі, лічачы, што тыя яшчэ не дараслі да сапраўднай літаратуры. Аднак ужо ў 1960-я — 1970-я гады ўзнікае вялікая цікавасць да жанчын-літаратарак мінулага.

У 1977 годзе выйшла кніга ўжо класіка фемінісцкай крытыкі Элейн Шоўолтэр “Іх літаратура: Брытанскія раманісткі ад Бронтэ да Лесінг” ("A Literature of Their Own: British Women Novelists from Bronte to Lessing" by Elaine Showalter), дзе даследчыца зрабіла першую спробу разгледзець брытанскую прозу жаночага аўтарства ў гістарычнай перспектыве, а таксама прадставіла арыгінальную канцэпцыю гісторыі ангельскай жаночай прозы. У 1979 з’яўляецца кніга Сандры Гілберт і Сьюзан Губар “Вар’ятка на гарышчы” (The Madwoman in the Attic by Gilbert & Susan Gubar). Аўтаркі разглядалі феномен маргінальных гераінь у творчасці пісьменніц віктарыянскага перыяду.

У 1986 годзе была надрукаваная кніга Алісіі Острайкер “Скрадаючы мову: з’яўленне амерыканскай жаночай літаратуры” (Stealing the Language: The Emergence of Women's Poetry in America by Alicia Ostriker). “Вера ў тое, што сапраўдная паэзія бясполая — а гэта скажонае перакананне, што сапраўдную паэзію пішуць мужчыны, — азначае, што мы не навучыліся ўспрымаць жанчын-паэтак агулам, не навучыліся прызнаваць традыцыю, да якой яны належаць, ці абмяркоўваць абмежаванні і дасягненні гэтай традыцыі” [2; 9], — сцвярджае ў сваёй кнізе даследчыца. Яна разглядае жаночую амерыканскую паэзію як пэўную плынь, што мае сваю гісторыю, сваю глебу і нават сваю мову. І, акрамя ключавых тэмаў у сучаснай жаночай паэзіі ЗША, прасочвае таксама гісторыю жаночага паэтычнага канону. Жанчынам-паэткам патрэбныя моцныя маці, кажа Алісія Острайкер. Ім патрэбная свая традыцыя.

Варта зазначыць, што ідэя пра традыцыю, пра канон жаночай літаратуры мела і мае сваіх прыхільнікаў. Калі першапачаткова цікавасць да гісторыі жаночай літаратуры зводзілася да адкрыцця імёнаў пісьменніц у асноўным, ХІХ стагоддзя, то пазней гэтыя часавыя межы пашырыліся. Аднак ідэя канону і традыцыі таксама зазнае моцную крытыку з боку постмадэрнісцкіх і постструктуралісцкіх тэарэтыкаў, якія спрачаюцца, ці можна ствараць канон жаночай літаратуры, калі пры гэтым і канон мужчынскай літаратуры ставіцца пад пытанне.

Тым не менш адкрыццё шматлікіх літаратурных імёнаў і твораў, пераасэнсаванне твораў ужо добра вядомых, упісанне іх у новы кантэкст узбагацілі не толькі гісторыю літаратуры, але і спрычыніліся да асэнсавання сучаснымі пісьменніцамі сваёй суб’ектнасці ў літаратуры і крытыцы.

Што ж гэта былі за моцныя маці? Часавыя межы не дазваляюць расказаць пра многіх з іх, але паспрабую сканцэнтравацца прынамсі на некалькіх.

Наагул, гісторыя амерыканскай жаночай паэзіі налічвае больш за 360 гадоў. Першай амерыканскай паэткай трэба лічыць Эн Брэдстрыт (Anne Bradstreet), якая ў 1630 годзе васямнаццацігадовай дзяўчынай разам з бацькам і мужам прыплыла з Англіі ў Новую Англію і пасялілася ў калоніі Масачусэтскага заліва. Нягледзячы на тое, што яе бацька і муж займалі кіраўнічыя пасады ў калоніі, сям’і давялося перанесці шмат нягодаў: цяжкасці жыцця на франціры, хваробы, пажар, смерці блізкіх людзей. Усё гэта ў выніку зрабілася тэмай многіх яе вершаў.

Якім было жыццё жанчын у той час? Шматлікія роды, хваробы, часцяком адсутнасць элементарнай гігіены прыводзілі да вялікай смяротнасці маці і дзяцей. Але пры гэтым у пурытанскім грамадстве жанчыны лічыліся ў большай ступені грахоўнымі істотамі, чым мужчыны, менш разумнымі, і ўсё гэта тлумачылася Божай задумай. Калі ж жанчына вырашала пацягацца з Божай задумай, часам ёй даводзілася плаціць за гэта страшную плату. Вядомы выпадак Эн Хатчынсан, якая жыла ў той жа калоніі і ў той жа час, што і Эн Брэдстрыт. Хачынсан належала да дысідэнцкай рэлігійнай секты, а таксама арганізоўвала і праводзіла рэлігійныя дыскусіі для жанчын. За гэта яе судзілі і, цяжарную пятнаццатым дзіцем, разам з мужам і дзецьмі выгналі за межы калоніі. Вядома, што праз некалькі гадоў усе яны, за выключэннем адной з дачок, былі забітыя індзейцамі.

Свой першы верш Эн Брэдстрыт напісала пасля вельмі працяглай хваробы, ён так і называўся — “Па выздараўленні”. У той жа год, пасля пяцігадовага чакання, яна нарадзіла дзіця. Эн Брэдстрыт мела восем дзяцей. Практычна ўвесь час сваёй паэтычнай кар’еры, яна была або цяжарная, або адыходзіла ад родаў, або займалася немаўлём, але гэта не перашкодзіла ёй зрабіцца самай пладавітай амерыканскай літаратаркай, аўтаркай больш чым 6 тысяч радкоў. Зборнік “Дзясятая муза” (The Tenth Muse Lately Sprung Up in America), які выйшаў у 1650 годзе ў Лондане пры садзейнічанні швагра паэткі Джона Вудбрыджа, стаў першай кнігай паэзіі амерыканскай жанчыны.

Паэтка адной з першых паказала, што хатняе жыццё — гаспадарскія клопаты, выхаванне дзяцей, смерць — могуць быць сур’ёзнымі тэмамі для паэзіі. Варта адзначыць медытатыўнасць вершаў і зварот аўтаркі да рэлігіі, цалкам натуральны ў пурытанскім грамадстве тагачаснай Амерыкі. Для Брэдстрыт характэрнае ўсведамленне сябе як жанчыны і як аўтаркі. Да прыкладу, у вершы “Пралог” (The Prologue) яна звяртае ўвагу чытача на дылему, з якой сутыкаецца жанчына-паэтка: калі яе вершы акажуцца кепскімі, то вінаваціць будуць яе жаночую прыроду, а калі добрымі, паэтцы скажуць, што гэта крадзеж ці проста збег абставінаў. Эн Брэдстрыт была добра абазнаная ў гісторыі, літаратуры, тэалогіі і палітыцы, пра што сведчыць яе паэма “Чатыры манархіі”.

Пры гэтым нават у прадмове да адзінай прыжыццёвай кнігі Эн Брэдстрыт падкрэслівалася чысціня і сціпласць аўтаркі, яе нежаданне дэманстраваць сваю інтэлектуальную перавагу над мужчынамі і пазіцыянаванне сябе як добрай хатняй гаспадыні, цалкам задаволенай сваім лёсам. Гэтыя дабрадзейнасці яшчэ доўгі час былі неад’емнай часткай вобразу любой паэткі ў вачах грамадства. Толькі прыстойная жанчына магла быць сапраўднай паэткай. Мужчынам, каб быць добрымі паэтамі, сціпласць, натуральна, не была патрэбная.

Зборнік “Дзясятая муза” быў вельмі добра прыняты ў Англіі, нават сягнуў вяршыні “топаў” побач з Шэкспірам і Мілтанам. Ён таксама карыстаўся папулярнасцю ў Новай Англіі. Эн Брэдстрыт памерла ў 1672 годзе.

Па-мойму, перакладаў яе паэзіі на беларускую мову не існуе. А таму дазволю сабе  размясціць тут адзін верш Эн Брэдстрыт у перакладзе Грыгорыя Кружкова.

 

Напутствие книге
(The Author to Her Book)

 

О жалкий отпрыск слабого ума,

Которого стыдилась я сама, —

Но добрые друзья в недобрый час,

Похитя, выставили напоказ

Оборвыша — и отдали в печать

Едва умеющего лепетать.

В ребячьих цыпках весь, в ошибках сплошь,

Дитя больное, мамку ты зовешь.

Сперва, смутясь невзрачности твоей,

Тебя хотела скрыть я от людей,

Но жалость верх взяла — ты ж кровь моя —

И горюшку помочь решилась я.

Я вымыла тебя, но все равно —

То там, то здесь — родимое пятно;

Я выправила, ради красоты,

Твои стопы — а все хромаешь ты;

Хотела приодеть, но не красна

Одежка домотканого сукна.

В таком наряде в мир теперь иди:

Не попадись же критикам, гляди.

А если спросят в дальней стороне,

Кто твой отец, то, вспомня обо мне,

Скажи: отца, мол, нет, а мать бедна,

Мое скитанье — не ее вина.

 

Пасля Эн Брэдстрыт паэзія амаль на цэлае стагоддзе сышла з жыцця тагачаснай Амерыкі. У першай палове ХVIII стагоддзя амерыканкі друкаваліся мала. Паэтак сярод іх было зусім няшмат. Праўда, з сярэдзіны стагоддзя заўважнай робіцца творчасць такіх паэтак, як Джэйн Тарэл (Jane Turrell) і Філіс Ўітлі (Phyllis Wheatley).

Джэйн Тарэл (1708—1735) паходзіла з паважанай і багатай сям’і, яе бацька — святар і паэт — натхняў дачку на паэтычныя спробы. Пісаць Тарэл пачала ў 11, але пражыла яна зусім няшмат, усяго 27 гадоў. Адразу пасля яе смерці муж паэткі, пратэстанцкі святар, выдаў яе творы асобнай кнігай, але не ўключыў туды “Творы з досціпам і гумарам” (Pieces of Wit and Humour), патлумачыўшы, што “яе сэрца было звернутае да больш сур’ёзных і лепшых тэмаў”.

Асоба Філіс Ўітлі (1753—1784) цікавая тым, што гэта была першая ў гісторыі Амерыкі чарнаскурая паэтка. Яе творчасць даказвала, што прадстаўнікі негрыцянскай расы здатныя да навучання і ўспрымання мастацтва. Філіс Ўітлі нарадзілася ў Сенегале, яе прывезлі ў Амерыку ў сямігадовым узросце як рабыню. Купіў яе заможны бостанскі кравец Джон Ўітлі і назваў яе Філіс, як аднайменны карабель. Сям’я адразу разгледзела фенаменальныя здольнасці дзяўчынкі, якую пачалі вучыць ангельскай мове, грэцкай і рымскай гісторыі, лацінскай і ангельскай паэзіі. У 13 гадоў дзяўчынка складала вершы, першы з якіх быў надрукаваны ў 1770 годзе. Сюзана Ўітлі, яе гаспадыня, сабрала 28 вершаў Філіс і вырашыла знайсці падпісчыкаў, каб надрукаваць кнігу ў Бостане. Але ў яе нічога не атрымалася: бостанцы паставіліся з вялікім падазрэннем да таго факту, што чарнаскурая рабыня мае здольнасці да напісання вершаў. Васямнаццаць паважаных мужоў, у тым ліку сем міністраў і тры паэты, зладзілі ёй сумоўе, каб праверыць, ці праўда Філіс сама напісала гэтыя вершы. Хоць большасць з іх самі былі рабаўладальнікамі і ніводзін не быў жанчынай, Філіс прайшла праверку і атрымала атэстацыю сваіх літаратурных здольнасцяў. Аднак нават з такой рэкамендацыяй амерыканскія выдаўцы адмовіліся друкаваць яе кнігу.

Не здолеўшы знайсці сродкі для выдання вершаў Філіс у Бостане, Джон Ўітлі выправіўся з дзяўчынай у Лондан. Там у 1773 годзе выйшла яе кніга “Вершы на розныя тэмы, рэлігійныя і маральныя, аўтарства Філіс Ўітлі, негрыцянскай рабыні містэра Джона Ўітлі з Бостана”. Яе асноўны творчы набытак складалі неакласічныя патрыятычныя вершы, элегіі, усхваленні разнастайных герояў, панегірыкі.

Пасля выхаду кнігі Філіс і Джон вярнуліся ў Бостан, дзе сям’я Ўітлі вызваліла яе з рабства. Калі ў ЗША пачалася Грамадзянская вайна, Філіс прысвяціла адзін свой верш Джорджу Вашынгтану, той адказаў ёй ветлівым лістом і запрасіў яго наведаць. Паэтка прыехала да яго ў Кембрыдж, а Вашынгтан паспрыяў, каб яе вершы былі надрукаваныя ў газеце.

Далейшы лёс паэткі быў даволі нешчаслівым. Яе былыя гаспадары і заступнікі памерлі, іх дзеці раз’ехаліся, ёй трэба было самой зарабляць на жыццё. Філіс Ўітлі выйшла замуж за свабоднага чарнаскурага мужчыну па імені Джон Петэрс, нарадзіла траіх дзяцей, якія ўсе памерлі ў дзяцінстве. Муж яе кінуў, калі Філіс нарадзіла трэцяе дзіця. Паэзіяй яна зарабляць не магла, працавала швачкай. Свой другі зборнік вершаў прысвяціла Франкліну, але так і не змагла знайсці падпісчыкаў для выдання. Рукапіс таксама не захаваўся. Ёсць версія, што гэтыя вершы прадаў яе муж, бо творы паэткі  сям-там з’яўляліся. Памерла Філіс ва ўзросце 30 гадоў.

У канцы ХVIII стагоддзя строгасць амерыканскага пурытанізму крыху суцішылася, дзякуючы павелічэнню дабрабыту палепшылася адукацыя жанчын. Гэта таксама дало штуршок да з’яўлення большай колькасці жанчын-паэтак. Варта вылучыць творчасць такіх літаратарак, як Мэрсі Оціс Ўорэн (Mercy Otis Warren) і Сюзана Роўсан (Susanna Rowson). Гэтыя жанчыны пісалі ў разнастайных стылях, выкарыстоўваючы ў сваіх вершах вобразы як з грамадскага, так і з хатняга жыцця. У іх вершах можна знайсці даніну модзе на неакласічны досціп, постмілтанаўскую ўзвышанасць, перадрамантычную адчувальнасць эпохі. Усе яны зрабіліся цікавымі паэткамі ў многім дзякуючы палітычнаму ўздыму тых часоў: варта згадаць барацьбу за незалежнасць 1775—1783 і стварэнне новай дзяржавы. Жанчыны бралі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, выказваючы імкненне да свабоды, адмаўляючы патрабаванні сціпласці ад жанчын. Як і паэзія Брэдстрыт, літаратурная спадчына згаданых аўтарак сведчыла пра пэўную ступень свабоды творчасці і інтэлектуальнасці для жанчын.

Рамантычныя гераіні ў вершах Мэрсі Ўорэн (1728—1824) плакалі і страчвалі прытомнасць, затое іх маці былі здольныя супрацьстаяць тыраніі і весці мужчын у бой, калі таго патрабавалі нацыянальныя інтарэсы. Сюзана Роўсан (1762—1824) стала першай жанчынай у Амерыцы, якая пачала зарабляць на жыццё літаратурай. Яна пісала раманы, самы вядомы з якіх — першы бэстсэлер Амерыкі “Шарлота Тэмпл”. Роўсан была актрысай, драматургам, рэдактарам часопіса, выкладчыцай у школе для дзяўчат і паэткай. Гераіні яе твораў — свабодалюбівыя жанчыны, якія верылі, што яны не былі створаныя для жыцця ў рабстве ў мужчын. Паэтка выступала за большую актыўнасць жанчын ва ўсіх сферах жыцця амерыканскага грамадства.

У паслярэвалюцыйны час (1776—1789) у амерыканскай літаратуры пачаў складвацца вобраз пяшчотнай, узвышанай і сціплай “паэтэсы” (poetess). Праз імклівае развіццё амерыканскай эканомікі, мацнеў гарадскі сярэдні клас, якому патрабаваўся зусім іншы тып жанчыны. Папулярнай зрабілася ідэя “падзелу сфераў” мужчынаў і жанчынаў, калі першыя працавалі па-за домам, займаліся сваёй справай, бізнэсам, палітыкай, а другія мусілі ўяўляць сабой ідэал чысціні, дабрыні і спакою, забяспечваючы камфортнае існаванне сям’і. Паважаныя жанчыны каланіяльных часоў займаліся кавальствам, друкаваннем, гандлявалі ў крамах і, натуральна, былі павітухамі. У ХІХ стагоддзі практычна ўсе гэтыя заняткі зрабіліся для жанчын амаль недаступнымі. І калі ў ХVII стагоддзі жанчыны лічыліся больш схільнымі да граху, чым мужчыны, а таму горшымі і слабейшымі за мужчын, то ў ХІХ стагоддзі нашмат больш пашыранай была думка, што гэта мужчына больш блізкі да жывёльнага стану, а інтэлект можа звесці яго з дарогі простай і чыстай веры, якой жанчына, больш рэлігійная па сваёй прыродзе, сэксуальна нашмат чысцейшая, мусіць ісці і асвячаць сваёй дабрадзейнасцю дарогу мужу. Страшная рэальнасць мусіць быць схаваная ад вачэй жанчыны, створанай для пяшчотнага паклікання любові і кахання. Тады ж з’яўляецца і панятак "сапраўднай жанчыны" (True Woman).

Натуральна, усё гэта не магло не адбіцца на літаратуры, у прыватнасці, на паэзіі. Дарэчы, у гэты час кнігі жанчын, як паэтычныя, так і празаічныя, прадаваліся лепш за кнігі, напісаныя мужчынамі. Да прыкладу, гэта вельмі раздражняла празаіка Натаніэля Готарна, які неяк выказаўся пра “пракляты натоўп жанчын, якія ўсё крэмзаюць”. Аднак пры гэтым самыя прадказальныя тагачасныя кампліменты паэткам былі ў наступным: асабістая сціпласць, натуральнасць і стыхійнасць пісьма, што ідзе з самага сэрца. Імкненне да славы лічылася мэтай непажаданай для сапраўднай паэтэсы. Жанчынам не варта было паказваць, што ў іх ёсць інтэлект і амбіцыі. Жанчыну, якая ўмела спяваць у клетцы, лічылі паважанай. А тую, што спрабавала спяваць па-за межамі гэтай клеткі, лічылі або шлюхай, або пачварай. Гэта натуральным чынам прывяло да змяншэння колькасці вершаў, прысвечаных палітычным і грамадскім тэмам. Улюбёнымі тэмамі былі каханне і смерць, але гэтае каханне было пазбаўлена і намёку на сэксуальны складнік. Смерць жа выражалася ў скрусе і жалобе, звароце да рэлігійнай веры. Мёртвымі ў вершах былі часцей за ўсё любімыя дзеці, салдаты, сябры. Вельмі шмат вершаў было прысвечана надзеі. Сентыментальнасць гэтай паэзіі была вынікам таго, што жанчыны прыкідваліся, быццам не ведаюць і не адчуваюць таго, што насамрэч ведалі і адчувалі.

Сярод прадстаўніц амерыканскай паэзіі ХІХ стагоддзя можна назваць Марыю Брукс (Maria Brooks, 1794(1795) — 1845) і Фрэнсіс Осгуд (Frances Osgood, 1811—1850), але, натуральна, самай адметнай паэткай ЗША, якую дало пазамінулае стагоддзе, варта лічыць Эмілі Дыкінсан (Emily Dickinson, 1830—1886).

Амерыканскія літаратуразнаўцы часцяком кажуць, што Эмілі Дыкінсан і Ўолт Ўітмэн стварылі амерыканскую паэзію і што большасць паэтаў, што нараджаліся пасля, абіралі адну з гэтых традыцый — пачуццёвасць Ўітмэна або інтэлектуальнасць Дыкінсан. Але, у адрозненне ад самарэкламы і прасоўвання Ўітмэна, шлях паэзіі Дыкінсан да чытача быў даволі складаны.

Нарадзілася будучая паэтка ў Новай Англіі (Амхерст, штат Масачусэтс) у 1830 годзе. Яна атрымала цалкам звычайную для віктарыянскай дзяўчынкі адукацыю — спачатку наведвала пачатковую школу, пасля амхерсцкі каледж, які толькі за два гады да гэтага пачаў прымаць дзяўчат. Пасля паступіла ў жаночую семінарыю, якую кінула праз два месяцы і вярнулася дадому.

Эмілі Дыкінсан была хваравітай і закрытай асобай. Не жадала вітаць гасцей, а пазней нават выходзіць з пакоя, насіла белае адзенне. Не выйшла замуж, у 30 гадоў адмовілася хадзіць у царкву, за што займела рэпутацыю эксцэнтрычнай асобы. Хаця ўсё гэта, мабыць, і дапамагло ёй быць той, кім яна была. У Эмілі Дыкінсан былі сябры, хаця практычна з усімі з іх яна камунікавала праз лісты.

У красавіку 1862 году Дыкінсан пазнаёмілася з літаратурным крытыкам Томасам Ўэнтвартам Хігінсанам (якому напісала ліст, прачытаўшы яго эсэ ў The Atlantic Monthly). Між імі завязалася ліставанне. Хігінсан захапляўся творчасцю паэткі, але думаў, што яна не хоча, каб яе вершы трапілі ў друк (не ведаючы, што асобныя яе творы ўжо былі надрукаваныя ў часопісе Springfield Republican у канцы 1850-х дзякуючы спрыянню яго рэдактара Сэмюэла Боўлза). Томас Хігінсан нават адгаворваў Дыкінсан друкаваць свае вершы.

Памерла паэтка ў 1886 годзе, калі ёй было 55 гадоў. Прычынай смерці пазначылі хранічны нефрыт, хвароба доўжылася каля двух з паловай гадоў.

Пры жыцці Эмілі Дыкінсанбыло надрукавана не больш за дзесяць яе вершаў, і цягам ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў паэтка не разглядалася крытыкамі як сур’ёзны творца. Першы зборнік са 115 яе вершамі выйшаў праз некалькі гадоў пасля смерці паэткі пры садзейнічанні Т. Хігінсана. Вершы былі моцна адрэдагаваныя, прастаўленыя знакі прыпынку. Праз год пабачыў свет яшчэ адзін моцна папраўлены зборнік. З гэтага часу перадрукі вершаў Дыкінсан былі даволі частыя. І толькі ў 1955 годзе дзякуючы Томасу Джонсану з’явіўся поўны трохтомнік паэзіі Эмілі Дыкінсан (каля 1800 вершаў), у якім творы былі вельмі блізкія да арыгіналу, аднак пранумараваныя ў храналагічнай паслядоўнасці.

На думку Алісіі Острайкер, Эмілі Дыкінсан “была першай амерыканскай паэткай-эксперыментатаркай і першай паэткай, чыя паэтычная мова і структуры сістэматычна заўважаюць і супрацьстаяць дамінаванню маскуліннасці і рацыянальнасці ў культуры — праз гульню, праз пародыю, праз ухіленне і нелагічнасць, і праз прыём дваістасці, які робіць магчымым таемны перанос супрацьлеглых сэнсаў у тым самым вершы” [34; 43].

 

Пераклад Грыгорыя Кружкова:

 

***

Природы постоялый двор

Распахнут круглый год —

Для жаждущих и зябнущих

Сюда — свободный вход.

 

Гостеприимство — вот ее

Единственный закон —

Для нищеброда и пчелы

Равно годится он.

 

Усталым, алчущим — свой хлеб

Она подаст всегда.

Две вывески над ней — рассвет

И первая звезда.

 

Пераклады Андрэя Хадановіча:

 

(To make a prairie it takes a clover and one bee...)

 

Каб луг я стварыць магла,

Патрэбныя толькі трое:

Пчала,

Канюшына і мроя.

Калі ж пчалы не стае —

Хопіць і мроі мае.

 

(Is Heaven a physician?)

 

Ці ж неба — гэта лекар,

Што болесць адхіне?

Хіба магчыма вылечыць

Нябожчыка ў труне?

 

Ці ж Бог — ліхвяр? Маўляў, душой

Мы вінныя яму.

Ды ў гандлі гэтым скарбам

Я ўдзелу не вазьму.

 

Рост эканомікі ў канцы ХІХ стагоддзя пасля Грамадзянскай вайны спрыяў таму, што ўсё больш і больш жанчын ішлі працаваць, шмат хто далучаўся да фемінісцкага руху. Дзякуючы поспеху і вядомасці паэзіі Ўітмэна, уплывам французскага сімвалізму, ангельскай паэзіі, прэрафаэлітаў у літаратуры зрабіліся магчымымі пэўныя эстэтычныя вольнасці. Цяпер Амерыка абмяркоўвала вобраз Новай Жанчыны (New Woman). Жаночая паэзія пачала з’яўляцца ў элітных часопісах, дзе раней друкаваліся практычна адны мужчыны, і ў спецыялізаваных жаночых часопісах.

У Амерыку прыйшоў мадэрнізм, а з ім пачалі афармляцца дзве розныя плыні жаночай паэзіі. Першая была працягам і ўдасканаленнем традыцыйнай лірычнай плыні, якая засяроджвалася на апісанні прыватных перажыванняў. Сярод яе прадстаўніц можна назваць такіх аўтарак, як Лізэт Рыс (Lizette Rees, 1856—1935), Адэлаіда Крэпсі (Adelaide Crapsey, 1878—1914), Сара Тысдэйл (Sara Teasdale, 1884—1933), Эдна Мілей (Edna Millay, 1892—1950), Луіза Боган (Louise Bogan, 1897—1970) і іншыя. Большая частка іх паэзіі, натуральна, пра каханне, якое ўключае ў сябе і палкасць, і фізічныя адчуванні. Гэтыя паэткі пачынаюць разглядаць у сваіх вершах ролю жанчыны ў мужчынскім свеце, задумваюцца над пытаннямі самаідэнтычнасці. Яны першымі, на думку А. Острайкер, стварылі пэўны рух, склалі корпус паэтычных тэкстаў у гісторыі амерыканскай літаратуры. Аднак засталіся незаўважанымі, непрызнанымі. Магчыма, таму, што мужчынская плынь амерыканскіх мадэрністаў пайшла зусім у іншы бок. Калі нешта і аб’ядноўвала Томаса Стэрнза Эліята, Эзру Паўнда, Роберта Фроста, Ўолеса Стывенса, то гэта аплакванне заняпаду заходняй цывілізацыі, “смерці Бога”, адыходу чалавека ад прыроды. Для жанчын-паэтак гэта былі ў асноўным чужыя тэмы.

Мабыць, крыху падрабязней я спынюся на творчасці Сары Тысдэйл. Яна нарадзілася ў штаце Місуры ў 1884 годзе. У свой час яна была даволі папулярнай паэткай, дзякуючы лірызму, музычнасці і эмацыйнасці вершаў, але пры гэтым яе паэзію нельга назваць мудрагелістай па форме: простыя словы і простыя канструкцыі. Магчыма, у гэтым палягае і пэўная складанасць яе вершаў для перакладу, прыкладам, на беларускую мову. Сара Тысдэйл была першым лаўрэатам Пулітцэраўскай прэміі ў галіне паэзіі, адной з самых значных амерыканскіх літаратурных узнагародаў.

 

Вершы Сары Тысдэйл:

 

Ціха пройдуць дажджы…

(There Will Come Soft Rains)

 

Ціха пройдуць дажджы, будзе водар травы,

Будуць ластавак спевам звінець паплавы,

 

Будуць крумкаць у сажалках жабы ўначы,

Будуць слівы бялець, на вятрах дрыжучы,

 

Апрануцца малінаўкі ў яркі ўбор

І напоўняць вясёлаю песняю бор.

 

Не заўважыць ніхто, што наўкола вайна,

І не будзе чакаць, калі сціхне яна.

 

І ніхто не згадае — ні птушка, ні лес, —

Як жылі яны колісь: з намі ці без.

 

І калі зранку пройдзе вясна па зямлі,

То наўрад ці заўважыць, што мы адышлі.

(пераклад Алены Пятровіч)

Існуе як мінімум чатыры пераклады гэтага верша на беларускую мову. (У часопісе “ПрайдзіСвет” выходзіла цэлая падборка яе вершаў). Як бачыце, тут мы чуем ідэю пра поўнае знішчэнне чалавецтва, якая ў тыя часы, а верш выходзіў у зборніку “Полымя і цень” (Flame and Shadow) у 1920 годзе, была даволі незвычайнай аж да вынаходніцтва атамнай бомбы праз 25 гадоў. Гэты верш таксама натхніў Рэя Брэдберы на аднайменнае апавяданне ў “Марсіянскіх хроніках”.

 

Пацалунак

(The Kiss)

Я марыла калісьці:

Хай вусны ён кране.

А сёння я — бы хворы птах,

Што тужыць аб вясне,

 

Бо ён мяне цалуе,

А ў сэрцы — толькі лёд:

За пацалункі лепш стакроць

Тых даўніх мрой палёт.

 

(пераклад Ганны Янкуты)

 

I Shall Not Care

 

When I am dead and over me bright April

 

Shakes out her rain-drenched hair,

Tho' you should lean above me broken-hearted,

I shall not care.

I shall have peace, as leafy trees are peaceful

 

When rain bends down the bough,

And I shall be more silent and cold-hearted

Than you are now.

 

Сара Тысдэйл скончыла жыццё самагубствам у 1933 годзе, праз два гады пасля самагубства свайго каханага, паэта Вэйчэла Ліндсдэя, з якім яна так і не змагла быць разам. Існуе легенда, што верш “I Shall Not Care” — яе перадсмяротная цыдулка праз трагізм і вырачанасць, аднак ён упершыню быў надрукаваны на 18 гадоў раней за яе самагубства.

 

Другая плынь жаночай паэзіі была больш радыкальнай: у ёй прысутнічала фармальная навізна, інтэлектуальная напорыстасць, і адсутнасць аўтабіяграфічнасці. Умоўна кажучы, “інтэлектуальная” паэзія Амерыкі складалася з такіх асобаў, як Эмі Лоўэл (Amy Lowell, 1874—1925), Гертруда Стайн (Gertrude Stein, 1874—1946), Міна Лой (Mina Loy, 1882—1966), Хільда Дулітл (H.D., Hilda "H.D." Doolittle, 1886—1961) і Марыяна Мур (Marianne Moore, 1887—1972). Гэтыя жанчыны былі на перадавой мастацтва авангарду. Да прыкладу, Эмі Лоўэл стала лідаркай імажызму ў Амерыцы. Гертруда Стайн у эксперыментальнай паэзіі парушала лінейнасць часу ў аповедзе, выкарыстоўваючы пастаянны цяперашні час, гуляла з сінтаксісам і граматычнымі канструкцыямі. Хільда Дулітл звярталася да грэцкай, егіпецкай міфалогіі і хрысціянскага сімвалізму. А Марыяна Мур вынайшла новую сістэму прасодыі і новыя формы інтэртэкстуальных алюзій. Гэтыя паэткі аналітычныя, касмапалітычныя, эрудыяваныя. Яны звяртаюцца да праблем грамадства і прыроды, гісторыі і літаратуры, то бок да тэм, якіх унікалі “лірычныя” паэткі.

Мабыць, я спынюся крыху на паэтцы, якую перакладала сама. Гэта Эмі Лоўэл, жанчына даволі скандальная для свайго часу. Яна насіла мужчынскае адзенне, курыла сігары на публіцы, жыла бостанскім шлюбам са сваёй сяброўкай. Як я ўжо сказала, яна была лідаркай імажызму ў Амерыцы. Гэтая мадэрнісцкая плынь спачатку ўзнікла ў лонданскім “Клубе паэтаў”, Эзра Паўнд быў пэўны час адным з яе лідараў. Менавіта ён адкрыў вершы Х.Д., Хільды Дулітл, ужо згаданай вышэй. Аднак імажызм вельмі зацікавіў Эмі Лоўэл, і яна выправілася ў Вялікабрытанію, каб перахапіць ініцыятыву. Эмі Лоўэл падрыхтавала і выдала тры імажысцкія анталогіі. За гэта Эзра Паўнд узненавідзеў паэтку, называў яе “гіпапаэтэсай”, а імажызм перайменаваў для сябе ў “эйміжызм”. Эмі Лоўэл адкрылі наноў толькі ў 70-я гады ХХ стагоддзя падчас ажыўлення жаночага руху і з’яўлення гендарных даследаванняў.

Вершы Эмі Лоўэл:

 

Дзесяцігоддзе

(A Decade)

 

Калі ты прыйшла, то была віном чырвоным і мёдам.

Смакам салодкім сваім мне язык апякала.

Цяпер ты — як ранішні хлеб,

Лагодны і гладкі.

Я больш не спрабую цябе, твой ведаю прысмак.

Ды ўсё ж пачуваюся сытай.

 

Таксі

(The Taxi)

 

Калі пакідаю цябе,

Губляе сусвет

Апошні свой гук.

Імя тваё ў колкія зоры крычу,

Гукаю самотна ў парывах вятроў,

А вуліцы мчаць,

Адна за адной

Растуць паміж намі

І ліхтарамі засцяць мне вочы,

Каб болей не бачыла твару твайго.

Чаму я павінна сыходзіць

і сэрца ўспорваць аб вострыя лёзы начы?

(пераклад Юлі Цімафеевай)

 

1940 — 1950-я гады ХХ стагоддзя былі не найлепшым перыядам для жанчын-творцаў. У Амерыцы цягнулася палітычная істэрыя Джозэфа Макарці, быў разгар Халоднай вайны, перыяд барацьбы за правы чалавека, развязванне вайны ў В’етнаме і актывізацыя антываенных выступаў. Гэта быў час, калі пасля фемінісцкага ўздыму пачатку стагоддзя назіраўся значны спад. У грамадстве стала папулярнай ідэя, што мужчыны пасля Другой сусветнай вайны заслужылі спакой і хатні камфорт, якія ім мусілі забяспечваць жанчыны. Колькасць студэнтак і жанчын-працоўных у 1959 годзе была меншай, чым у 1929. Асноўным заняткам для жанчыны зрабілася хатняя гаспадарка.

У гэты складаны перыяд працягваюць пісаць Марыяна Мур, Элізабэт Бішап (Elizabeth Bishop, 1911—1979), а таксама ў літаратуры ўсё мацней гучаць галасы Сільвіі Плат (Sylvia Plath, 1932—1936), Эн Сэкстан (Anne Sexton, 1928—1974), Эдрыен Рыч (Adrienne Rich, 1929—2012) і іншых. Пад ціскам грамадства некаму з паэтак падавалася, што яны вар’яцеюць. Але некаторыя з іх, усведамляючы сваю непачутасць, вырашаюць пісаць пра самыя інтымныя перажыванні, адчуваюць узаемасувязь паміж прыватным жыццём і палітычным. Менавіта ў 1960-я гады амерыканскія паэткі пачынаюць шукаць і знаходзіць свой непаўторны голас. Гэта звязана з рухам за правы чалавека ў Амерыцы і свеце, за правы чарнаскурых грамадзянаў Амерыкі, і ў многім дзякуючы гэтаму руху пачынаецца другая хваля фемінізму.

Рыхтуючы матэрыял па тэме гісторыі амерыканскай жаночай паэзіі, я ў многім кіравалася даследаваннямі амерыканскай паэткі, літаратуразнаўцы і цяперашняй старшыні Акадэміі амерыканскіх паэтак Алісіі Острайкер. У сваёй кнізе “Скрадаючы мову: з’яўленне амерыканскай жаночай паэзіі” (Stealing the Language: The Emergence of Women's Poetry in America, 1986) сярод асноўных асаблівасцяў сучаснай ёй амерыканскай паэзіі, напісанай жанчынамі, даследчыца называе: пошукі ідэнтычнасці, цялесныя падрабязнасці, злосць і гвалт, зварот да жаночай эротыкі і рэвізіянісцкая міфатворчасць.

Такім чынам, цэнтральнай тэмай жаночай паэзіі з’яўляецца пошук уласнай свядомасці, ідэнтычнасці. Галоўнымі вобразамі, што выяўляюць зварот да асэнсавання свайго месца ў свеце, у вершах могуць быць адчуванні сваёй няіснасці, нябачнасці, маўчання, размытасці і дэфармацыі. Паводле даследчыцы, “быць жанчынай-творцам у полава палярызаваным свеце азначае мець падвоеную самасць”.

Як ілюстрацыю для гэтай тэмы я прывяду верш Элізабэт Бішап.

 


У прыёмным пакоі

(In the Waiting Room)

 

У Вустэры, штат Масачусэтс

я разам з цёткай Кансуэла

пайшла да дантыста,

я села і стала чакаць яе

у прыёмным пакоі зубнога.

Была зіма. Цямнела

рана. Прыёмны пакой

напаўнялі дарослыя людзі,

чаравікі і палітоны,

часопісы й лямпы.

Мая цёця, падавалася,

была ўнутры вельмі доўга,

чакаючы, я чытала

National Geographic

(я ўмела чытаць) і ўважліва

разглядала фотаздымкі:

нутро вулкана, чорнае,

поўнае попелу;

а пасля ўсё залітае

ручаямі агню.

Оса і Марцін Джонсан

у сваіх шырокіх галіфэ,

высокіх чаравіках і коркавых шлемах.

Мярцвяк, прывязаны да жэрдкі,

і подпіс — “Чалавечына”.

Дзеці з выцягнутымі галовамі,

абматаныя шнурам,

чорныя голыя жанчыны, іх шыі,

абматаныя дротам,

як шыі лямпачак.

Іх страшэнныя грудзі.

Я прачытала ўсё адразу.

Я баялася спыніцца.

А потым я глянула на вокладку:

жоўтыя палі, дата.

Раптам знутры

пачулася балючае “О!”

— голас цёткі —

не надта гулка й доўга.

Я зусім не здзівілася,

і тады я ведала, што цётка

дурная й пужлівая.

Я магла збянтэжыцца,

але не. Мяне моцна здзівіла

зусім іншае —

што гэтабыла я:

мой голас, у маёй глотцы.

Без аніводнай думкі

я была сваёй дурной цёткай,

я-мы-ўсе падалі, падалі,

нашы вочы ўпіліся ў вокладку

National Geographic

за люты 1918.

 

Я казала сабе: тры дні,

і табе споўніцца сем.

Я так казала, каб спыніць

пачуццё падзення

з круглай вёрткай зямлі.

у халодны сіне-чорны космас.

Але я адчула: ты — гэта Я,

Ты — гэта Элізабэт,

Ты гэта нехта з іх.

Чаму ты таксама мусіш быць некім?

Я ледзь наважылася глянуць,

каб убачыць, кім я была.

Я кінула касы пагляд

— не магла зірнуць вышэй —

на цьмяную шэрасць каленяў,

штаноў, і спадніцаў, і ботаў,

і самых розных рук,

што ляжалі пад лямпамі.

Я ведала, што нічога дзіўнейшага

не здаралася, нічога дзіўнейшага

і здарыцца не магло.

 

Чаму я мушу быць цёткай,

ці сабою, ці кім заўгодна?

Што падобнага —

боты, рукі, голас роду

у маёй глотцы, ці нават

National Geographic

і тыя страшныя вісячыя грудзі —

што трымала ўсіх нас разам

ці рабіла ўсіх нас адным?

Як — я не ведала патрэбнага

слова — як жа “непадобна”…

Як жа я апынулася тут,

падобна да іх, і пачула

крык болю, што мог загучаць

мацней і зычней, але не стаў?

 

У прыёмным пакоі было ярка

й занадта душна. Ён сыходзіў

пад вялізную чорную хвалю,

ўсё новую й новую.

 

Затым я зноў — у пакоі.

Ішла Вайна. Звонку,

у Вустэры, штат Масачусэтс

была ноч, слата і холад,

і ўсё яшчэ пятага

лютага 1918.

(пераклад Юлі Цімафеевай)

 

Вызначаючы ўласную ідэнтычнасць, жанчыны імкнуцца пачаць са свайго цела і, больш за тое, інтэрпрэтуюць вонкавую рэальнасць пасродкам свайго цела. Ідэя пра тое, што цела, у адрозненне ад іншых патрыярхальных інстытутаў, не можа здрадзіць, тут адна з цэнтральных.

Острайкер адзначае, што адзін са спосабаў разгледзець паэтэсу, то бок “жанчыну, зачыненую прадпісаннямі ў сентыментальнасці”, — гэта поўная адсутнасць анатамічных падрабязнасцяў. А прыкмета таго, што жанчына зрабіла крок да волі, — у тым, што яе сцішаныя часткі цела пачынаюць пра сябе гаварыць.


Эн Сэкстан

 

Здані

(Ghosts)

Здані бываюць жанчынамі,

не цьмянымі, не бледнымі,

іх грудзі абмяклі мёртваю рыбай.

Не ведзьмы, а здані,

ходзяць, бязмэтна хістаюць рукамі,

бы пакінутыя служкі.

 

Не ўсе здані жанчыны,

я сустракала і іншых,

таўстых, белапузых мужчын,

з геніталіямі, бы старымі анучамі, між ног.

Не чэрці, а здані.

Адзін такі тупае басанож і хіліцца

над маім ложкам.

 

Але гэта не ўсё.

Здані бываюць дзецьмі.

Не анёламі, а зданямі.

Згортваюцца кубачкам ружовым

на падушцы ці брыкаюцца,

выстаўляючы нявінныя азадкі, і клічуць

Люцыпара.

(пераклад Юлі Цімафеевай)

 

Яшчэ адзін адметны матыў у сучаснай жаночай паэзіі — выяўленне злосці, гвалту і полавай палярызацыі ў творчасці. Часцей за ўсё, як лічыць Острайкер, яны адлюстраваныя пры дапамозе трох мадэляў: 1) выяўленне віктымных паводзінаў і нападу на мужчынскае дамінаванне; 2) жорсткасць і гнеў, часта скіраваныя на сябе; 3) крытыка полавай палярызацыі. Доўгі час жанчынам практычна не было дазволена выяўляць агрэсію ў сваёй творчасці. Цяжар вобразу добрай і сціплай паэтэсы навісаў над іх творамі. Аднак, вызваліўшыся ці нават вырваўшыся з-пад гнёту, жанчыны пачалі выліваць сваю незадаволенасць у творах.


Сільвія Плат

 

Лэдзі Лазар

Я зрабіла гэта ізноў,

Раз на дзесяць гадоў,

Я здолела —

Цудам устала, пайшла, мая скура

Ільсніцца, як лямпа нацыста,

Мая правая ступня —

Прэс-пап’е,

І мой твар невыразны — тонкае

Габрэйскае палатно.

Здымай жа сурвэтку,

Мой вораг!

Ці пужаю?

Нос, пустыя вачніцы і голыя зубы?

Пах непрыемны

З рота знікне праз дзень.

Скора, скора плоць,

Што з'ела магіла, наноў

Апрану.

Я жанчына з усмешкай на твары.

Мне толькі трыццаць.

Нібыта кошка, я маю дзевяць смерцяў.

Гэтая нумар тры.

Што за глупства

Нішчыць кожны дзясятак!

Што за мільёны валокнаў!

Папкорнам поўны натоўп

Ірвецца глядзець,

Як адкрываюць мне ногі і рукі —

Шыкоўны стрыптыз.

Спадарства,

Вось вам далоні,

Калені.

Няхай я скура ды косці,

Але ўсё роўна я тая ж, абсалютна тая жанчына.

У першы раз мне было дзесяць,

Няшчасны выпадак.

Другога разу я хацела сама

Гэта прайсці і больш не вярнуцца.

Я сашчапілася,

Нібы ракавінка.

А яны гукалі, гукалі,

І лічынак вымалі з мяне, бы ліпкія перліны.

Паміраць —

Мастацтва, як любое іншае.

Я валодаю ім беззаганна.

Я раблю так, што баліць да чорцікаў.

Я раблю так, што адчуваеш рэальнасць.

Можа стацца, гэта і ёсць маё пакліканне?

Так лёгка памерці ў клетцы.

Так лёгка памерці і знерухомець.

Гэта тэатральны

Выхад на біс

У тое ж месца, у той жа твар, у той жа дзікі

Здзіўлены крык:

“Гэта цуд!”

Ён пераможа мяне.

Але трэба плаціць

За сузіранне маіх шнараў, плаціць

За гукі майго сэрца —

Што б’ецца.

Трэба плаціць вельмі высокую плату

За слова, за дотык,

За кроплю крыві,

За мой волас ці лапік адзежы.

Так-так, гер Доктар.

Так, гер Вораг.

Я ваш опус,

Ваша каштоўнае,

Залатое дзіця,

Што плавіцца ў крык.

Я вярчуся й гару.

Што вы, я вельмі цаню вашу занепакоенасць.

Попел у попел —

Таўчы, мяшай.

Ні плоці, ні косці — вось я ўся:

Кавалак мыла,

Заручальны пярсцёнак,

Залатая каронка.

Гер Бог, гер Люцыпар,

Пільнуйся,

Пільнуйся.

Рудавалосай,

Мне попел дасць новы пачын,

І я паглыну, як паветра, мужчын.

(пераклад Юлі Цімафеевай)


Жаночая эротыка, адкрытае выказванне сваіх інтымных перажыванняў — гэта рэакцыя па грамадскія чаканні падпарадкаванага статусу жанчыны, гэта спроба расказаць пра тое, чаго напраўду хоча жанчына, спроба выявіць свае жаданні, пра якія цягам многіх стагоддзяў ёй трэба было маўчаць.

У апошнім раздзеле кнігі “Скрадаючы мову” Острайкер разглядае матыў фемінісцкай рэвізіянісцкай міфатворчасці. На думку даследчыцы, “кожны раз, калі паэт выкарыстоўвае героя ці гісторыю, якая была папярэдне прынятая і вытлумачаная культурай, паэт выкарыстоўвае міф”. У аснове фемінісцкай рэвізіянісцкай міфатворчасці ляжыць спроба кінуць выклік і скарэктаваць гендарныя стэрэатыпы, увасобленыя ў міфе.


Эдрыен Рыч

 

Ныраючы да абломкаў

(Diving into the Wreck)

 

Спачатку я прачытала кнігу міфаў

уставіла стужку ў здымач

і праверыўшы ці вострае лязо ў нажа

надзела

вадалазны бронекасцюм з чорнай гумы

нязграбныя ласты

цяжкую й нязручную маску.

Я мушу зрабіць гэта

не як Кусто са сваёй

нястомнай камандай

на борце залітай сонцам шхуны

а зусім адна.

 

Вось лесвіца.

Лесвіца тут заўсёды

бяскрыўдна вісіць

ля самага борта шхуны.

Мы ведаем для чаго яна

мы што ёй карысталіся.

Для іншых

гэта кавалак вяроўкі

нейкі марскі рыштунак.

 

Іду ўніз.

Па перакладзінах і ціха

мяне накрывае кісларод

блакітны бляск

светлыя атамы

чалавечага паветра.

Іду ўніз.

Ласты замінаюць мне,

паўзу па лесвіцы, быццам інсекта

і няма тут нікога

хто скажа мне калі пачнецца

акіян.

 

Спачатку паветра блакітнае

потым сінее затым зелянее і робіцца

чорным мне чарнее ўваччу і ўсё ж

маска мацнейшая

яна з сілай пампуе кроў

мора — гэта пра іншае

мора не залежыць ад сілы

я мушу сама навучыцца

ператвараць сваё цела без прымусу

ў частку глыбіняў.

 

А зараз — так лёгка забыцца

для чаго я прыйшла

між мноства насельнікаў што жылі

тут заўжды

махаючы зубчастымі веерамі

у рыфах

і яшчэ

тут унізе мне дыхаецца іначай.

 

Я прыйшла агледзець абломкі.

Словы — гэта мэты.

Словы — гэта мапы.

Я прыйшла ўбачыць зробленую шкоду

і скарбы што ацалелі.

Я памалу праводжу ліхтаром

па краі нечага

нашмат больш даўгавечнага

чым рыбы ці водарасці.

 

вось для чаго я прыйшла:

абломкі а не гісторыя абломкаў

рэч сама па сабе а не яе міф

твар тапельца назаўсёды звернуты

да сонца

рэальнасць шкоды

раз’едзенай соллю і разгайданай да лядашчай красы

рэбры трагедыі 

што агортваюць

іх пэўнасць між цьмяных прывідаў.

 

Вось тое месца.

І я ў ім — русалка цёмныя валасы

ліюцца чорным, вадзянік у брані свайго цела.

Мы моўчкі кружляем

вакол абломкаў

ныраем у трум.

Я гэта яна: я гэта ён.

 

наш твар тапельца спіць расплюшчыўшы вочы

нашы грудзі яшчэ адчуваюць цяжар

наша срэбра, медзь і бронза ляжаць

ледзь заўважна ў бочках

напаўразбітыя і кінутыя гніць

мы напаўзламаныя інструменты

што некалі трымалі курс

загубленае вадой дрэва

брудны компас

 

Мы ёсць, я ёсць, ты ёсць тым

хто праз маладушша ці смеласць

пракладае нам шлях

назад да гэтага месца

узяўшы нож, здымач

і кнігу міфаў

у якой

няма нашых імёнаў. 

1972

(пераклад Юлі Цімафеевай)


Яшчэ Сімона дэ Бавуар у сваёй кнізе “Другі пол” заклікала ставіць пад сумнеў і пераглядаць міфы, якімі поўніцца ўсё нашае жыццё, і перапісваць іх па сваіх правілах, пісаць сваю кнігу міфаў.

Даследаванне літаратуры з пункту гледжання фемінісцкай крытыкі — мала распрацаваная галіна гуманітарнай думкі ў Беларусі. Асобныя навукоўцы займаюцца разглядам твораў замежнай літаратуры з фемінісцкіх пазіцый, беларускую літаратуру, наколькі мне вядома, з такога ракурсу практычна не даследуюць. Мне хацелася б спадзявацца, што дадзенае даследаванне можа зрабіцца невялікім штуршком для спробы напісання гісторыі беларускай жаночай літаратуры.


Крыніцы

 

  1. Rich. A. When We Dead Awaken: Writing as Re-Vision/ Rich. A.// Adrienne Rich's Poetry and Prose (Norton Critical Editions)/ A. Rich.; Ed by B. Ch. Gelpi, A. Gelpi. — NY.: W. W. Norton & Company, 1993. — 448 p.
  2. Rich. A./ Adrienne Rich's Poetry and Prose (Norton Critical Editions)/ A. Rich.; Ed by B. Ch. Gelpi, A. Gelpi. — NY.: W. W. Norton & Company, 1993. — 448 p.
  3. Showalter, E. A Literature of Their Own: British Women Novelists from Brontë to Lessing/ Elaine Showalter. — New Jersey : Princeton University Press, 1999. — 347 p.
  4. Showalter E. A Jury of Her Peers: American Women Writers from Anne Bradstreet to Annie Proulx/ Elaine Showalter. — [Kindle Edition]. — Hachette Digital, 2009. — 586 p.
  5. Ostriker A. The Stealing the Language: The Emergence of Women's Poetry in America/ Alicia Ostriker. — Boston : Beacon Press, 1987. — 315 p.
  6. Wayne, T. K.. Feminist Writings from Ancient Times to the Modern World: A Global Sourcebook and History: 2 vol./ Ed. by Tiffany K. Wayne. Santa Barbara : Greenwood, 2011. — 2nd vol. — 718 p.

Чытайце таксама

Пераклады твораў замежнай літаратуры ў часопісе “Крыніца” (1988-2003)

Ціхан Чарнякевіч

Пераклады твораў замежнай літаратуры ў часопісе “Крыніца” (1988-2003)

Бібліяграфічны даведнік пакліканы адлюстраваць усе перакладзеныя на беларускую мову замежныя творы мастацкіх і публіцыстычных жанраў, надрукаваныя ў часопісе “Крыніца” з дня заснавання (1988) да спынення…

Пра беларускі зборнік казак  братоў Грымаў

Альгерд Бахарэвіч, Васіліса Паляніна-Календа

Пра беларускі зборнік казак братоў Грымаў

У снежні 2013 года ў выдавецтве “Логвінаў” пабачыла свет доўгачаканая кніга братоў Грымаў у перакладзе Альгерда Бахарэвіча з мастацкім аздабленнем Васілісы Палянінай-Календа. Казкі братоў Грымаў атрымаліся…

Мультыкульты па-чэшску

Мультыкульты па-чэшску

Беручы ў рукі кнігу, скажам, ісландскага, японскага або гішпанскага аўтара, мы збольшага “па змаўчанні” настроеныя на тое, што сутыкнёмся ў ёй з ісландскімі, японскімі ці гішпанскімі рэаліямі. Гэта, вядома,…

Англа-амерыканская фемінісцкая крытыка: гісторыя і некаторыя тэарэтычныя аспекты

Наталля Паваляева

Англа-амерыканская фемінісцкая крытыка: гісторыя і некаторыя тэарэтычныя аспекты

Галоўнай задачай фнмінісцкай крытыкі было прааналізаваць ролю, якую адыгрывае літаратура і літаратурная крытыка ў зацвярджэнні або, наадварот, у разбурэнні гендарных, класавых, расавых і полавых іерархій…

740