№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Віктар Жыбуль

Вульф Сосенскі — культурны дзеяч з мястэчка Даўгінава

17 ліпеня 2018

Вульф Сосенскі — культурны дзеяч з мястэчка Даўгінава

Вульфу Сосенскаму належыць роля своеасаблівага “закадравага” рухавіка беларускага літаратурнага працэсу 1-й паловы ХХ ст. Пры тым што сам ён быў не беларусам, а яўрэем. Не маючы спецыяльнай адукацыі, але надзелены бясспрэчным талентам апавядальніка, ён абраў адным са сваіх літаратурных жанраў казку, хоць у друку выступаў пераважна як журналіст. І нават само яго жыццё нагадвае вострасюжэтную і багатую на падзеі аповесць.

Нарадзіўся Вульф Сосенскі ў лютым 1883 г. у мястэчку Даўгінава Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер аграгарадок у Вілейскім раёне). Ён быў старэйшым сынам у шматдзетнай сям’і вядомага ў ваколіцах краўца Абеля (Габеля) Сосенскага. Як і многія яўрэйскія хлопчыкі, Вульф вучыўся ў хедары (пачатковай яўрэйскай школе). Аднак у дзевяць гадоў пакінуў яго, каб дапамагаць бацьку ў працы: трэба было аднаўляць знішчаную пажарам гаспадарку. У адбудаваным нанова доме часта бывалі госці, якія па вечарах займалі гаспадара і яго сям’ю цікавымі аповедамі. Некаторыя з іх яшчэ памяталі падзеі паўстання 1863 — 1864 гг. Знаёмствы з гэтымі людзьмі паўплывалі на светапогляд Вульфа Сосенскага, паспрыялі таму, што яшчэ ў канцы 1890-х гг., будучы падлеткам, ён блізка ўспрыняў ідэі беларускага адраджэння, далучыўся да нацыянальна-вызваленчага руху, пачаў займацца асветніцкай дзейнасцю, вучыў на памяць і чытаў сялянам вершы Ф. Багушэвіча [5, с. 113]. Зацікавіўся ён і палітычнымі праблемамі, у 1903 г. стаў чальцом Бунда — яўрэйскай сацыялістычнай партыі. З таго часу пачаў распаўсюджваць па вёсках нелегальныя газеты і ўлёткі, скіраваныя супраць імперскага самадзяржаўя.

Акрамя таго, Вульф Сосенскі меў прыемны голас і прыгожа спяваў народныя песні, быў удзельнікам аматарскага культурнага гуртка, які дзейнічаў у Даўгінаве з 1904 г. пад кіраўніцтвам студэнта Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі Яўгена Яльцова. Местачковыя юнакі і дзяўчаты, а таксама прыезджыя з Мінска студэнты чыталі і абмяркоўвалі кнігі, самі рабілі літаратурныя спробы і крытыкавалі адно аднаго, пашыралі веды сярод насельніцтва, займаліся тэатральнымі пастаноўкамі, рупіліся, каб стварыць у Даўгінаве вячэрнюю школу для моладзі [6, с. 69].

Увосень 1906 г. Вульф Сосенскі прыехаў у Вільню і ўзяў удзел у распаўсюдзе першай беларускай легальнай газеты “Наша Доля”. Ён успамінаў, як Алаіза Пашкевіч (Цётка) па рэкамендацыі Часлава Родзевіча ўручыла В. Сосенскаму пачак газет са словамі: “Я ўпэўнена, што Вы падзеліце сярод гаротных вашай мясцовасці” [10, арк. 2]. Пасля таго як “Наша Доля” была забароненая царскімі ўладамі, В. Сосенскі пачаў супрацоўнічаць з яе пераемніцай — “Нашай Нівай”. І не толькі ў якасці распаўсюдніка, але і карэспандэнта. 4 (17) ліпеня 1908 г. у газеце з’явілася пад крыптанімам В. Сос–кі яго першая нататка, прысвечаная праблеме п’янства на вёсцы. Пераважна дзякуючы В. Сосенскаму на старонках газеты асвятлялася жыццё мястэчка Даўгінава. Ён не толькі пісаў для “Нашай Нівы” сам, але і заахвочваў пісаць сваіх знаёмых: Адама Адорскага, Мікалая Аношку, Івана Карнейчыка, Шмуэля-Нохума Плаўніка… Апошні аказаўся найбольш таленавітым і мэтанакіраваным, і цяпер мы яго ведаем як класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулю. Як згадваў сам Вульф Сосенскі, распаўсюджваць беларускую газету ў той час было небяспечна: у 1909 г. яму нават давялося адседзець каля месяца ў Вілейскай павятовай турме.

“Ценявая” роля В. Сосенскага ў гісторыі беларускай літаратуры большая, чым гэта магло б падацца. Некаторыя яго амаль сенсацыйныя прызнанні цікава будзе пачытаць нашым літратуразнаўцам:

"Шмат раз я бываў у Ядвігіна Ш. на кватэры. Ён часта падхворваў, другі раз — навет моцна.

— Добра, што прышоў. Ты мне патрэбны.

— Што, вады вам падаць альбо купіць што? — пытаюся.

— Не, нічога. Ты надт[а] добра ўмееш апавядаць. Я жадаю цябе паслухаць. Я ўсё чакаю твайго прыходу. Садзіся каля ложка, бяры крэсла… Я сядаў і апавядаў. Ён запісваў. Во так, з маёй галавы ды ягонай рукой выйшлі “З маленькім білецікам”, “Бярозка”, “Васількі” і “Важная фіга” і ш[мат] і[ншага]. Так жа ж і Змітрок Бядуля шмат маіх апавяданняў і навел ад мяне запісваў, перарабляў і выдаваў. Каб жылі, гэта не асталося б забытым" [10, арк. 31 — 32].

Асноўнай працай В. Сосенскага ўвесь гэты час заставалася кравецтва. Ён нават вырашыў удасканаліць рамесніцкае майстэрства і “скончыў курс кравецтва ў дырэктара Дрэздэнскай акадэміі”, пасля чаго ў 1910 г. ужо сам “залажыў вялікую швальню і вучылішча кравецтва”. Але неўзабаве чарговы пажар зруйнаваў дом маладога краўца, а разам з ім — і ўсе мары пра швальню. "Не паспелі паварушыцца, як Паштовая вуліца цалкам ужо згарэла, — успамінаў В. Сосенскі. — Агонь увесь новы рынак абхапіў. Маю маму раззлаваны конь паваліў, памяў ёй рэбры. У тую ж хвілю тата, цягаючы з хаты цяжкія рэчы, небарака[,] надарваўся. З хаты што вынес, і то тут жа каля хаты згарэла… Разам згарэў і мой архіў, шмат экзэмпляраў нелегальнай літаратуры, пракламацыі і газеты “Искра” і інш., зброя, смаргонскія канчукі, жалезныя рукавіцы, самадзельны кінжал, гектограф з поўным абсталяваннем для друку і досыць багатая бібліятэка… Шкода вялікая!" [10, арк. 4]

Увосень 1910 г. Вульфа Сосенскага забралі ў Вільню на службу ў Расійскай арміі. Хоць “паганая царская служба… была горш катаргі”, няўрымслівы журналіст скарыстоўваў любую магчымасць, каб наведваць рэдакцыю “Нашай Нівы”. Гэта дазволіла яму пазнаёміцца з многімі дзеячамі беларускай культуры, у тым ліку Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Гарэцкім, Рамуальдам Зямкевічам, Карусём Каганцом і нават Максімам Багдановічам [10, арк. 5], які пабываў у Вільні ўсяго толькі два разы праездам у 1911 годзе…

Вярнуўшыся з вайсковай службы, В. Сосенскі апублікаваў яшчэ некалькі карэспандэнцый у “Нашай Ніве” за 1914 г. Аднак неўзабаве пачалася Першая сусветная вайна, журналіст быў мабілізаваны на фронт і трапіў у нямецкі палон. Разам з шасцю іншымі ваеннапалоннымі ён мусіў працаваць у маёнтку землеўласніка Бюлова. Палонных трымалі ў цяжкіх умовах, кепска кармілі, яны некалькі разоў спрабавалі ўцякаць, а аднойчы адмовіліся выходзіць на працу, за што былі пакараныя [10, арк. 16 — 17].

Вызваліўся В. Сосенскі ў сакавіку 1920 г., але вярнуцца дахаты здолеў толькі пасля шматлікіх прыгодаў. У Даўгінаве аднавіў грамадскую дзейнасць, удзельнічаў у стварэнні школы, банка і арганізацыі па аказанні дапамогі бедным хворым мястэчка (“Бікур-Хайлім”), якая, акрамя забеспячэння лекамі, наладжвала начныя дзяжурствы каля хворых, а таксама медыцынскія лекцыі і інструктаж па доглядзе. Калі арганізацыя мелася прыняць новы статут і ператварыцца з агульнанацыянальнай у чыста яўрэйскую, В. Сосенскі выказаў нязгоду, за што быў выключаны з праўлення. “Ён не наш! Хай едзе да беларусаў у Мінск!” — крычалі на сходзе яго апаненты [10, арк. 27].

Аднак ён заставаўся непахісным у поглядах, спрабаваў стварыць у Даўгінаве беларускую культурніцкую суполку і працягваў скіроўваць яўрэяў працаваць на карысць беларускай культуры. "…Навет і жыды разумеюць ясна, на якой зямлі яны жывуць" [3, с. 6], — пісаў ён у адной з газетных нататак, выказваючы думку, што “пачуцьцё беларускасьці” ўяўляецца натуральным для ўсіх насельнікаў краю, незалежна ад іх этнічнага паходжання і веравызнання.

10 траўня 1922 г. за супрацоўніцтва з беларускім рэвалюцыйным друкам і ўдзел у нелегальным святкаванні Першага мая Вульф Сосенскі быў арыштаваны польскай паліцыяй і разам з групай іншых арыштантаў дастаўлены ў вёску Касцяневічы, а потым у Маладзечна. Яго брат Эліяш паспрабаваў падкупіць начальніка паліцыі, незаўважна даўшы яму вялікую суму грошай, сабраных аднадумцамі. Але гэтым толькі нашкодзіў: агенты дэфензівы, якія не падзялілі з начальнікам грошы, завялі В. Сосенскага ў нейкую хату і доўга катавалі, спрабуючы выведаць, чаму і за што начальнік атрымаў такую суму. Ён ледзьве застаўся жывы і быў вымушаны доўга лячыцца. Затое сам начальнік паліцыі пасля гэтага стаў на бок В. Сосенскага [10, арк. 8 — 10, 17 — 30].

З пачатку 1920-х гг. журналіст зноў часта наведваў Вільню, кантактаваў з беларускай інтэлігенцыяй і, паводле яго словаў, “вельмі добра памог” Леаніле Чарняўскай (жонцы М. Гарэцкага) ва ўкладанні падручнікаў для пачатковых школ [10, арк. 31] — трэба думаць, ён апавёў некалькі народных казак і апавяданняў для чытанкі “Родны край”. Нататкі і карэспандэнцыі В. Сосенскага (у тым ліку пад псеўданімамі Даўгінавец і Тутэйшы, крыптанімам В. С.) з’яўляліся на старонках віленскіх газет “Беларускі звон”, “Беларускія ведамасці”, “Наш сьцяг”, “Наша будучына”. Праз знаёмых гандлярак сясцёр Ліфшыц ён распаўсюджваў па кірмашах Вілейскага павета беларускія календары [10, арк. 40]. Удзельнічаў ён і ў І з’ездзе Таварыства беларускай школы, што праходзіў у Вільні 28 — 29 снежня 1927 г.

Дзякуючы падтрымцы сяброў у 1927 г. В. Сосенскі быў абраны ў Даўгінаўскую гмінную раду (адзінка мясцовага самакіравання, аналаг сельсавета), а таксама — па старшынстве гадоў — стаў чальцом павятовага сейміка. Але з прычыны жорсткай канкурэнцыі з боку прадстаўнікоў мясцовай знаці прабыў там нядоўга. Паколькі сядзець за сталом і шыць дактары забаранілі, В. Сосенскі нейкі час працаваў закройшчыкам, гандлёвым агентам, але гэта не прыносіла яму маральнага задавальнення [10, арк. 33, 34]. Сярод местачкоўцаў ён займеў рэпутацыю нястомнага змагара за праўду і справядлівасць. Да яго часта звярталіся як да адваката, прасілі парадаў у розных складаных і спрэчных юрыдычных пытаннях. У 1929 г. ён праходзіў як сведка па справе чарговага сялянскага бунту супраць паліцыі і асаднікаў. Да самай Другой сусветнай вайны ён быў чальцом рады (праўлення) у Яўрэйскім народным банку (Żydowski Bank Ludowy), а таксама (паводле словаў дачкі) працаваў на пошце.

Увесь гэты час В. Сосенскі аддаваў увагу збіранню фальклору. На пачатку 1930-х гг. ён падказаў вядомаму мовазнаўцу і гісторыку Янку Станкевічу цікавую тэму для даследавання: яўрэйскія рэлігійныя песні на беларускай мове. Адну з такіх песняў, “Бацька, бацька!..”, даўгінаўскі журналіст праспяваў Я. Станкевічу, а той запісаў. Публікуючы яе, навуковец заклікаў усіх “зьбіраць жыдоўскія рэлігійныя песьні ў беларускай мове”, бо “яшчэ крышку часу і будзе зусім позна” [11, с. 185 — 186]. Яркі прыклад падаў сам В. Сосенскі, склаўшы ў 1-й палове 1930-х гг. рукапісны зборнік “Беларуска-жыдоўскі фальклор з мястэчка Даўгінава” (цяпер захоўваецца ў Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх, фонд 21, адз. зах. 571).

Нацярпеўшыся пераследу ў часы панскай Польшчы, В. Сосенскі вітаў далучэнне Заходняй Беларусі да СССР у верасні 1939 г. На нядоўгі час Вілейка стала абласным цэнтрам, у ёй пачала выходзіць газета “Вілейская праўда” (з лютага 1940 г. — “Сялянская газета”). Наведваючыся ў рэдакцыю, былы нашанівец пазнаёміўся з тады яшчэ маладым паэтам Максімам Танкам, які працаваў там у аддзеле культуры. З ім ён потым вёў актыўную перапіску з 1942 і ажно да 1967 г. Цяпер лісты захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ).

У 1941 г., пасля нападу Германіі на СССР, Даўгінава трапіла ў зону акупацыі нямецкіх войскаў. Вульф Сосенскі здолеў уратавацца: разам з партызанскім атрадам перайшоў на савецкі бок лініі фронту. А вось шасцярых яго дзяцей, якіх ён выхоўваў адзін (жонка памерла 1 сакавіка 1935 г.), а таксама чатырох братоў і сястру нацысты знішчылі разам з большасцю яўрэйскага насельніцтва мястэчка [8, арк. 6, 13, 20]. Журналіст апынуўся ў эвакуацыі ў Тагучынскім раёне Новасібірскай вобласці Расіі (сяло Лебедзева), дзе працаваў у калгасе, працягваючы займацца таксама і кравецтвам. Там ён пазнаёміўся з будучай другой жонкай Буняй Мендэлеўнай Меерсон (1916 — 1983), якая таксама ў час вайны страціла родных. Ад гэтага шлюбу 26 кастрычніка 1945 г. нарадзілася дачка Раіса. Вульф Сосенскі жыў з сям’ёю ў мястэчку Ікшкіле ў Латвіі і працягваў працаваць краўцом, пакуль не пагоршыўся зрок. У 1950 г. Сосенскія часова прытулілі ў сваім доме рэпрэсаванага фалькларыста, этнографа, публіцыста і педагога Сяргея Сахарава (1880 — 1954), які толькі вярнуўся з казахстанскіх лагераў і быў пазбаўлены права пражываць у Рызе.

Шмат фалькларыстычных і літаратурна-мастацкіх рукапісаў В. Сосенскага было страчана падчас пажараў, арыштаў, вобшукаў і войнаў. Загінуў і зборнік апавяданняў і навел, падрыхтаваны ў 1920-я гг. да выдання ў Віленскім выдавецтве Барыса Клецкіна [10, арк. 52]. Таму ў пасляваенны час В. Сосенскі шмат займаўся перапісваннем па памяці занатаваных ці проста пачутых раней народных казак, легенд, апавяданняў, песняў, жартаў, анекдотаў, прыказак, прымавак. Асабліва багата ў яго казак і легенд: “Мудры шавец”, “Захоча Бог — паможа мох”, “Во хто найлепшы друг”, “Праца”, “Каханне мацней смерці”, “Два ваўкі”, “Смерць Лявона-пакутніка”, “Не дзіва, што мудры”, “Век героя помняць”, “Абжыра”, “Салавей”, “Прарок” і інш. Некаторыя з іх змяшчаюцца ўсяго на адной рукапіснай старонцы, а некаторыя (“Зодчы Мікалай, альбо Сын у таты не ўдаўся”) памерамі набліжаюцца да жанру аповесці.

Многія казкі і легенды аб’яднаныя ў цыклы “Са старога скарбу” і “Казкі старога Лявона”. Па словах В. Сосенскага, у мястэчку Даўгінава да 1890-х гг. і напраўду жыў “легендарны стары Лявон”. Але В. Сосенскі прызнаўся, што аб’яднаў пад агульным “дэвізам” пачутае не толькі ад Лявона, але і ад іншых асобаў, а таксама і ўласныя казкі і апавяданні [7, арк. 2]. Таму меў рацыю фалькларыст Васіль Скідан, які выказаў здагадку, што стары Лявон — гэта нехта падобны да пасечніка Рудога Панько, якому Мікалай Гогаль прыпісаў “Вечары на хутары ля Дзіканькі” [4, арк. 7]. Такім чынам, далёка не ўсё, запісанае В. Сосенскім, уяўляе з сябе фальклор у чыстым выглядзе: пачутае шмат гадоў таму, у тым ліку яшчэ ў падлеткавым узросце, ён мог значна апрацоўваць, аздабляючы аповеды новымі сюжэтнымі дэталямі, лірычнымі адступленнямі, ідэйнымі акцэнтамі. Пісаў ён таксама вершы, байкі, гумарэскі, апавяданні, сцэнічныя жарты, дзе фальклорная аснова відавочна адсутнічае.

Пры жыцці аўтара быў апублікаваны ўрывак з успамінаў пра Змітрака Бядулю [9, с. 3]. Але насамрэч твораў мемуарнага жанру ў В. Сосенскага значна болей. Найбуйнейшы з іх — “Лісткі з маёй кнігі”, па сутнасці, аповесць пра Даўгінаўскія падзеі 1903 — 1905 гг., створаная на аўтабіяграфічным матэрыяле. “Цёмныя шыбы майго акна” (рыхтуецца да публікацыі) — успаміны пра пройдзены жыццёвы шлях ад самага пачатку ХХ ст. да канца 1930-х гг. “Версіі і легенды: Гутаркі пра беларускага паэта Ф. К. Багушэвіча” [5, с. 75 — 110] — тэкст, створаны на ўзмежжы мемуарнага і фалькларыстычнага жанраў, прысвечаны не толькі асобе Ф. Багушэвіча, але і падзеям 1863 — 1864 гг., жыццю Даўгінава канца ХІХ ст. “Даўныя тэатры” [6, с. 66 — 74] — успаміны пра культурна-асветніцкі гурток, які дзейнічаў у мястэчку. Ёсць звесткі, што В. Сосенскі пісаў таксама асобныя ўспаміны пра Міколу Аношку, Ядвігіна Ш., Цішку Гартнага і іншых дзеячаў [1, арк. 8, 9, 11], аднак гэтыя тэксты пакуль не знойдзены.

Рукапісы В. Сосенскі дасылаў у Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, з супрацоўнікамі якога — дый не толькі яго — вёў актыўную перапіску. Яго карэспандэнтамі былі многія вядомыя пісьменнікі і навукоўцы: С. Александровіч, М. Грынблат, І. Гутараў, Я. Журба, У. Казбярук, А. Ліс, А. Фядосік, Р. Шкраба, С. Шушкевіч і іншыя.

Сутыкаючыся з праявамі антысемітызму, В. Сосенскі вырашыў пакінуць СССР, у жніўні 1966 г. эміграваў праз Польшчу ў Ізраіль. Апошнія гады жыцця правёў у Ерусаліме, у раёне Кір’ят га-Ёвэль, працягваючы, наколькі дазваляў кепскі зрок, запісваць і апрацоўваць фальклор, пра што сведчыць, напрыклад, арабская казка “Трэба слухаць бацьку”, пачутая ад іракскага яўрэя (рукапіс — у архіве ІМЭФ). Даследчыцы Дайне Бэгар ён апавёў каля 40 народных казак беларускіх яўрэяў. Некаторыя з іх трывала ўвайшлі ў фальклорную скарбонку: іх перыядычна змяшчаюць у зборніках і анталогіях, у тым ліку і ў перакладах на замежныя мовы. Памёр творца 3 траўня 1969 г.

Вульфу Сосенскаму, пры ўсёй яго культурнай і грамадскай актыўнасці, бракавала філалагічнай адукаванасці, таму яго творы поўныя стылістычных, граматычных і арфаграфічных хібаў. Яшчэ ў 1940 г. Змітрок Бядуля раіў яму ў вольны час вучыцца, “каб стаць добраграматным чалавекам” — “…а то ты пішаш так, як пісаў 30 год таму назад” [2, арк. 5 — 5 адв.]. На жаль, гэтая заўвага засталася справядлівай і для тэкстаў Вульфа Сосенскага 1950 — 1960-х гг. — іх мова далёкая ад дасканаласці: у ёй пераблытаныя паміж сабой дарэформавы і рэфармаваны правапісы, многія словы маюць вельмі не адпаведнае літаратурным нормам напісанне або часта ўжываюцца ў няправільных склонах, родах і трываннях. Дзіўная ў яго і пунктуацыя: пасля кожных некалькіх словаў В. Сосенскі неапраўдана ставіў кропкі, бессістэмна ўжываў малыя і вялікія літары, таму бывае цяжка зразумець, дзе ў яго заканчваецца папярэдні сказ і пачынаецца наступны. Але варта ўсё расставіць па месцах — і перад намі паўстае цікавы, таленавіты апавядальнік, руплівы дзеяч і сведка некалькіх эпох.

 

Спіс літаратуры

 

1. Александровіч, С. Лісты да Сосенскага В. 1965 г. / С. Александровіч // БДАМЛМ. — Фонд 136. Воп. 1. Адз. зах. 37.
 
2. Бядуля, З. Лісты да Сосенскага В. 1940 — 1941 гг. / З. Бядуля // БДАМЛМ. — Фонд 136. Воп. 1. Адз. зах. 13.
 
3. Даўгінавец [В. Сосенскі]. Сьвядомасьць пашыраецца / Даўгінавец // Беларускі звон. — 1921. — 30 вер.
 
4. Скідан, В. Лісты да Сосенскага В. 1965 — 1966 гг. / В. Скідан // БДАМЛМ. — Фонд 136. Воп. 1. Адз. зах. 17. Арк. 6 — 8.
 
5. Сосенскі, В. Версіі і легенды. Гутаркі пра беларускага паэта Ф. К. Багушэвіча / В. Сосенскі // Вілейскі павет: гіст.-краязн. гадавік. — Вып. 2. — Мінск : А. М. Янушкевіч, 2015.
 
6. Сосенскі, В. Даўныя тэатры : Успаміны / В. Сосенскі // Вілейскі павет : гіст.-краязн. гадавік. — Вып. 3. — Мінск : А. М. Янушкевіч, 2017.
 
7. Сосенскі, В. Ліст да Скідана В., 07.06.1965 / В. Сосенскі // Архіў ІМЭФ.

8. Сосенскі, В. Лісты да Танка М., 1957 — 1967 гг. / В. Сосенскі. — БДАМЛМ. — Фонд 25. Воп. 2. Адз. зах. 87.

9. Сосенскі, В. Першыя сустрэчы : З успамінаў / В. Сосенскі // Літаратура і мастацтва. — 1961. — 9 мая.

10. Сосенскі, В. Цёмныя шыбы майго акна: Скарга на жыццё : [успаміны] / В. Сосенскі // Архіў ІМЭФ.

11. Станкевіч, Я. Жыдоўскія рэлігійныя песьні па-беларуску / Я. Станкевіч // Гадавік Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні. — Вільня, 1933. — Кн. І.
 
Артыкул упершыню быў надрукаваны ў часопісе “Роднае слова” (№3, 2018).

Чытайце таксама

Гісторыя выпадковасцяў: агляд беларускіх перакладаў з нарвежскай

Ганна Янкута

Гісторыя выпадковасцяў: агляд беларускіх перакладаў з нарвежскай

Ісландская літаратурная прэмія-2008

Ісландская літаратурная прэмія-2008

53-гадовы ісландскі пісьменнік Эйнар Карасан (Einar Karason) атрымаў гэтую прэстыжную нацыянальную ўзнагароду за раман Ofsi. Аўтар каля 10 раманаў, некаторыя з якіх перакладзеныя на скандынаўскія мовы,…

Найлепшыя вокладкі 2009 (па версіі The Book Design Review)

Найлепшыя вокладкі 2009 (па версіі The Book Design Review)

У сваім блогу Джозэф Саліван (Joseph Sullivan), аглядальнік The Book Design Review, напрыканцы года абраў найлепшыя, на яго погляд, вокладкі…

Як Васіль Змея адалеў

Як Васіль Змея адалеў

У сваім блогу “Кніга” мы ўжо закраналі тэму беларускай ілюстрацыі. Цяпер прадстаўляем вашай увазе ілюстрацыі да яшчэ не выдадзенай кнігі “Як Васіль Змея адалеў” аўтарства маладой мастачкі Кацярыны Дубовік.

2015