№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Аксана Данільчык

"Я зразумела твой адчай, трывожная Эн Сэкстан": рэцэпцыя творчасці Эн Сэкстан беларускімі паэткамі 70-80-х гг. ХХ ст.[1]

19 лютага 2016

У 1983—1984 гг. на старонках беларускай перыёдыкі адбылася цікавая дыскусія аб беларускай паэзіі. Сярод яе ўдзельнікаў былі паэтка Таіса Бондар і літаратуразнаўца Варлен Бечык. У артыкуле “Паэзія ці версіфікатарства” Т. Бондар пісала наступнае: "Дзе, у якім крытычным артыкуле, якім крытыкам разглядалася творчасць хоць бы аднаго з нашых сучаснікаў, сучаснага беларускага паэта, у кантэксце набыткаў хай сабе не сусветнай, нашай савецкай паэзіі"[2]. На жаль, В. Бечык відавочна недаацэньваў сусветны кантэкст, у якім існавала беларуская літаратура, таму адказаў наступным чынам: "Ды і што такое гэты "кантэкст"? Пералікі, аналогіі, супастаўленні? Але ж мы ведаем, як насычаюцца ўсім гэтым некаторыя дысертацыі, ды і крытычныя працы, не ўзбагачаючы змест і не даючы вартасці літаратурна-крытычнай размове. Бо галоўнае — сам узровень аналізу, вышыня крытэрыяў, адчуванне надзённага, істотнага"[3]. Аднак, як вядома, ніводная нацыянальная літаратура не існуе ў поўнай ізаляцыі, і калі крытыка ігнаруе зробленае прадстаўнікамі іншых літаратур, то яна, безумоўна, не ў стане адэкватна ацаніць набыткі літаратуры нацыянальнай.

 Творчасць амерыканскай паэткі Эн Сэкстан, на жаль, у нас (і не толькі ў нас) вядомая незаслужана мала. Аднак яе вершы былі перакладзеныя на беларускую мову Таісай Бондар яшчэ ў 1983 годзе і надрукаваныя ў "Даляглядах", прычым пераклады рабіліся з арыгінальных тэкстаў, пазначаных перакладчыцай (Anne Sexton, All my pretty ones. Houghton Wiffin Company, Boston; Anne Sexton, Live or die. Houghton Wiffin Company, Boston). Адкуль у Мінску пачатку 80-х узяліся арыгінальныя выданні Эн Сэкстан?

 У 1981 г. Я. Янішчыц цягам трох месяцаў брала ўдзел у рабоце Генеральнай Асамблеі ААН. Як адзначыў паэт Г. Бураўкін, "на працягу доўгіх гадоў удзел у дыпламатычных місіях быў для нашых пісьменнікаў ледзь не адзіным акном у "вялікі свет", цудоўнай магчымасцю пазнаёміцца з культурай і паўсядзённым жыццём не толькі амерыканцаў, але і ўсіх без выключэння народаў планеты. Гэты вопыт, безумоўна, узбагаціў нашую нацыянальную літаратуру"[4]. Пятага сакавіка 1982 г. у ЛіМе была надрукаваная паэтычная нізка Я. Янішчыц "Спакойныя вершы", прысвечаная паездцы ў ЗША, сярод якіх быў і верш "Эн Сэкстан", а ў 1983 г. друкуюцца пераклады вершаў амерыканскай паэткі. Ці не з’яўляюцца гэтыя падзеі звеннямі аднаго ланцужка? Неабходна адзначыць, што ў кнігах "Современная американская поэзия" 1975 г., "Поэзия США" 1982 г., "Американская поэзия в руских переводах ХІХ—ХХ века" 1983 г. вершы Эн Сэкстан (у адрозненне ад вершаў Сільвіі Плат і Роберта Лоўэла, не прадстаўленыя.

 "Няма паэзіі ў грахах. / Грэх — хіба за падтэкстам... / Даруй, што варушу твой прах, / Далёкая Эн Сэкстан",— пісала Я. Янішчыц. Даследчыца творчасці беларускай паэткі С. Калядка адзначае: "Як стварыць цыкл аб Амерыцы, калі думкі і перажыванні, напоўненыя антаганізмам, не могуць рэалізавацца ў вершаваным палатне натуральна, нязмушана, а ўступаюць у супярэчнасць з "сацыяльным заказам"? А таму сама назва цыклу "Спакойныя вершы" выступае свайго роду выпакутаваным "нейтралітэтам", калі знікае творчае гарэнне, жаданне выказвацца, аднак застаецца неабходнасць скласці "справаздачу" аб паездцы ў лірычнай форме"[5]. Гэта справядліва толькі часткова, на нашую думку, слова "спакойныя" ўжытае яшчэ і для таго, каб абазначыць узважаны падыход да ацэнкі новай рэчаіснасці. У прынцыпе, пра гэта гаворыць і сама паэтка:

 

Я чорных слоў не маю на прыкмеце,

Запісвайце, лавіце тонкі нерв...

І ў неспакойным горадзе — і ў свеце!

Спрабую напісаць спакойны верш.

 

Не думаецца таксама, што стварэнне такіх вершаў, як "Роздум на Арлінгтонскіх могілках", прысвечаны братам Кенэдзі, або "Эн Сэкстан" выкліканае выключна неабходнасцю "справаздачы" — у іх ёсць пачуццё і цікавасць да чужога жыцця. Акрамя таго, як чалавек, безумоўна, разумны, Я. Янішчыц не магла не ўсведамляць, што для кожнага творцы застаецца актуальнай праблема ўзаемадачынення са светам, з яго ці яе маральнымі і амаральнымі прынцыпамі. І гэта ўжо — незалежна ад краіны: "Так ёсць паэзіі сакрэт / І ў лёсе асабістым: / Паэт з’яўляецца на свет, / Як ластаўка, як выстрал".

 Публікацыі верша 1982 г. папярэднічала невялікая прадмова Я. Янішчыц: "Эн Сэкстан, якая адносілася да ліку найбольш таленавітых амерыканскіх паэтаў, у 1974 годзе скончыла жыццё самагубствам. Паэзія яе дэманструе высокую тэхніку верша. Эн Сэкстан цікавілі грамадскія праблемы і згубны ўплыў грошай на жыццё амерыканцаў. Гэтыя тэмы найбольш яскрава яна адлюстравала ў апошнім зборніку "Мерсі Стрыт, дом № 45"*, які выйшаў пасля смерці Сэкстан".

 Банальная фраза "яе лёс склаўся трагічна" можа дастасоўвацца і да адной паэткі, і да другой, хоць больш дакладна будзе сказаць "яе лёс завяршыўся трагічна": пачынаўся ён даволі паспяхова. Акрамя таго, літаратурны шлях і адной, і другой паэткі можна лічыць удалым, чаго не скажаш пра жыццёвы. Безумоўна, тут мала магчымасцяў для аналогій, яшчэ менш для таго, каб гаварыць пра тэндэнцыю, але тым не менш. Эн Сэкстан паходзіла з забяспечанай сям’і, выйшла замуж, але ў 1955 г., пасля нараджэння другой дачкі, у выніку моцнай пасляродавай дэпрэсіі спрабавала скончыць жыццё самагубствам. Яе выратавалі, але дзяцей перадалі пад апеку бацькоў мужа, а сама Эн час ад часу вымушаная была знаходзіцца пад наглядам псіхіятраў. Пачынаецца пакутлівы шлях паэткі, адной з яскравых прадстаўніц так званага спавядальнага стылю ("confessional"), зоркі свайго пакалення, шлях, які яна па ўласнай волі завершыць у 1974 г. Ёю напісаныя кнігі "У дом вар’ятаў і частковы шлях назад" (1960), "Усе, каго я люблю" (1962), "Жыві ці памры" (1966, Пулітцэраўская прэмія), "Вершы пра каханне" (1969), "Ператварэнні" (1971), "Кніга вар’яцтва" (1972), "Жахлівы рух насустрач Богу" (1975, пасмяротна). Літаратуразнаўцы апошнім часам сыходзяцца ў меркаванні, што менавіта Сільвія Плат была пад уплывам Эн Сэкстан, а не наадварот; больш за тое, Роберт Лоўэл, калі пісаў свае "Старонкі жыцця" (1959), ужо быў знаёмы з тэкстам першай кнігі Эн, апублікаванай годам пазней. Асаблівы рэзананс выклікала кніга паэткі "Жахлівы рух насустрач Богу": "У некаторым сэнсе стаўшыся адной з вяршыняў спавядальнай паэзіі, гэтая кніга аб’ектыўна засведчыла і яе вычарпанасць. У перспектыве ўсяго літаратурнага дзесяцігоддзя яна ўспрымаецца перш за ўсё як сведчанне абазначанага — пасля неаавангардысцкіх разбуральных эксперыментаў — вяртання да філасофскія ідэяў і эстэтыкі мадэрнізму ў яго ранніх, найбольш устойлівых і характэрных формах"[6].

 Э. Сэкстан называе рэчы сваімі імёнамі, без аніякіх табу, таму і назвы яе вершаў гучаць "як выстрал", як выбух: "Услаўленне маёй маціцы", "Кахаць забойцу", "Майму каханку, які вяртаецца да сваёй жонкі" і г.д. Сэкстан разбівала "амерыканскую мару", не шкадуючы чытачоў. Аднак не варта бачыць у брутальных назвах самамэту, у паэзіі Сэкстан прысутнічаюць цела і душа, пошукі сябе і прага кахання, а галоўнае, яе творчасць — гэта сапраўды пакутлівы шлях насустрач Богу.

 Верш "З яе роду" — своеасаблівы паэтычны маніфест, з якога яна пачынала свае выступленні. Гэты род, як адзначае амерыканскі крытык Джэйн Макейб, — "жанчыны, якія пішуць". І працягвае: "...хоць я не сцвярджаю, што Эн Сэкстан — фемінісцкая паэтка, я думаю, што яе паэзія дапамагла па-новаму ўбачыць жанчын"[7]:

 

Я імчалася на тваіх калёсах, вазніца,

махала голымі рукамі вёскам, што міма ляцелі,

уцалелая, запамінала, як шлях мой апошні іскрыцца,

калі языкі агню яшчэ кусалі маё цела,

адчувала, як у колах шальных мае рэбры трашчаць...

Такой жанчыне не сорамна паміраць.

Я — з яе роду.

 (Пераклад Вольгі Калабан)

 

Адгукаючыся на лёс амерыканкі, Яўгенія Янішчыц пісала: «Не ў самагубстве сілы соль, / Хоць ёсць тут знак пратэсту...». Што яна ведала пра жыццёвы і творчы шлях Эн Сэкстан, ці маглі вершы амерыканскай паэткі паўплываць на яе стыль і светаадчуванне? Калегі Т. Бондар і Я. Янішчыц сцвярджаюць, што творчасцю Э. Сэкстан захаплялася менавіта Т. Бондар. Тым не менш не думаецца, што словы "...Я зразумела твой адчай, / Трывожная Эн Сэкстан" з’явіліся выключна для рыфмы. М. Мішчанчук, аналізуючы творчасць Я. Янішчыц, адзначаў: "Эпізацыя лірыкі ў застойны перыяд была дэ-факта. Чым жа яна была абумоўлена? Як працэс эпізацыі ўжываўся з працэсам лірызацыі?.. Спалучэнне дзвюх тэндэнцый тлумачыцца даволі проста: адны мастакі паддаліся спакусе стварэння ўяўна-манументальнага эпічнага мастацтва, другія перадаверылі свае думкі і перажыванні ролевым героям... Эпізацыя там і там, але ступень сумленнасці і адпаведнасць яе праўдзе свайго часу розная. Да ліку другіх адносім і Яўгенію Янішчыц"[8].

 Тым не менш паэтка не імкнулася адмежавацца ад свайго "Я": у вершах Я. Янішчыц, пачынаючы ледзь не з самых ранніх, адзначаны пэўныя ўзроставыя этапы, і адзначаныя часцей з трывогай: "Трыццаць вёснаў за спіной, / А ці ўсе спакойныя?", "Трывожны час, калі — за сорак, / Ў народзе кажуць: бабін век" ("На беразе пляча", 1980), "Пакуль яшчэ не выспела на сорак — / Мне молада. Астатняе — затым" ("Пара любові і жалю", 1983), "І пасля лічбы "35" / Душа, ты прагнеш стаць стабільнай" ("Каліна зімы", 1987). Адсюль — страх не паспець, што асабліва выявіўся ў вершы "Жанчыне, якая будзе жыць у ХХІ стагоддзі", надрукаваным у 1976 г.:

 

І хоць здаля яшчэ маршчынак сець

І бабін век зусім яшчэ няблізка,

Баюся я заўчасна пастарэць...

 

Калі ж мы паспрабуем паслухаць "голас цела" лірычнай гераіні Я. Янішчыц, то ён чутны толькі ў адзінкавых выпадках: "Крычыш, але не просіш шчасця / Ты, запакінутая плоць!» (зб. "На беразе пляча", 1980). Гэта канстатацыя факта, абумоўленага не толькі агульнымі тэндэнцыямі цнатлівай беларускай паэзіі 70—80-х гг., але і ўнутранымі рамкамі паэткі. І, як падаецца, у межах гэтых рамак ёй было цесна, а выйсці за іх не атрымлівалася.

 Амерыканскі філосаф Э. Фром у кнізе "Мастацтва любові", дзе даследаваў розныя сутнасці любові ў сучасным свеце, пісаў: "Грамадства мусіць быць арганізаванае такім чынам, каб сацыяльная, любячая прырода чалавека не аддзялялася ад яго сацыяльнага існавання, а злучылася з ім"[9]. Тады, магчыма, чалавек зможа пераадолець тую пранізлівую самоту, якая пануе ў вершы Эн Сэкстан "Палёт":

 

Ведаючы, што я ніколі цябе не знайду,

я пакідала горад....

Я ехала праз шпіталі аслеплых, аглухлых,

паўз шэраг будынкаў,

што нагадваў зубны пратэз,

і ўздоўж вуліцы вулічныя ліхтары

усмоктвалі ўсіх,

каму не было куды болей дзецца.

 

Але, індывідуалістка і феміністка, гераіня Эн Сэкстан пры гэтым застаецца самакаштоўнай, у той час як гераіня Я. Янішчыц гатовая адмовіцца і ад свайго паклікання, і ад сябе самой: "Навошта ж воля для жанчыны, / Калі ёй цэлы свет чужы!" ("Вольная жанчына"), адчуваючы сябе яшчэ і вінаватай за няспраўджаныя спадзяванні блізкіх: "...Ты даруй мне, мама, што мілому, / Так, як ты, не ўмею мякка слаць". І тут мы не можам не прыгадаць Х. Артэгі-і-Гасэта: "Самае цікавае — барацьба не са светам, не са знешнім лёсам, а з пакліканнем. Як паводзіць сябе чалавек перад тварам свайго непазбежнага паклікання? Ці прысвячае яму сябе цалкам або задавольваецца ўсімі магчымымі сурагатамі таго, што магло б стаць яго сапраўдным жыццём?"[10] Эн Сэкстан пайшла супраць плыні: "A woman like that is not a woman, quite" — "Такая жанчына — зусім не жанчына" ("З яе роду"), насупраць свайму ўладкаванаму жыццю і — насустрач свайму пакліканню:

 

Жанчына, што піша, адчувае мацней

(о, тыя экстазы і празарэнні!),

як быццам цацак, і дзяцей, і астравоў

было мала;

як быццам плакальшчыц, і пляткарак,

і гародніны скрозь не хапала.

Яна мяркуе, што папярэдзіць хоць зоркі.

Па сутнасці ж сваёй — шпіён.

Любы, я — тая жанчына.

 ("Чорная магія")

 

Э. Сэкстан сваё пакліканне прымае, а ў выніку прымае і сябе саму: "Мне здаецца, я змагла б... / калі б іншай была, / ці мудрэйшай, ці спакайнейшай...". Аднак "Я" — такая як ёсць, і рэальнасць — такая, якая яна ёсць: "Але гэта ўсё адбылося. / Усё — канчаткова. / І — нельга, не варта / абвінавачваць дрэвы..." ("Элегія"). У вершах Я.Янішчыц пакліканне паўстае як пакута, ледзь не пакаранне, і, па сутнасці, прымаецца з агаворкамі. І так на працягу ўсёй творчасці: "...Дзяўчынцы хочацца ў паэты, / Што ў катаржанкі,— дзе ж ёй знаць?!" ("Паэтэса"), "Ліхвяром — пісьмовы стол" ("***А я якой былой разлукі...", зб. "На беразе пляча", 1980), "Ды на пісьмовы стол, як на Галгофу, / Кладу свае вучнёўскія радкі" ("Пра Галгофу"), "...Пісаць, нібы ісці пад лёд, / Каб потым зноў узняцца ў слове!" ("***Не прад’явіць віны пасля...", зб. "Каліна зімы", 1987). Пры гэтым дзіўна выглядае ў інтэрв’ю Я. Янішчыц адказ на наступнае пытанне Т. Чабан: "Не хачу проціпастаўляць "мужчынскую" і "жаночую" праўду ў паэзіі, але, як мне здаецца, сучасны свет, наш супярэчлівы, трывожны час як ніколі мае патрэбу ў жаночай праўдзе — праўдзе захавання і прадаўжэння жыцця, роду чалавечага, зберажэння дому, яго цяпла, новага, не ўтылізаванага, а духоўнага, душэўнага прыручэння прыроды, у праўдзе жаночай вернасці, цэльнасці, самаахвярнасці, дабрыні і міласэрнасці. Мабыць, "фемінізацыя" паэзіі, акрамя іншых прычын, выклікана яшчэ і гэтай патрэбай. У чым, на вашую думку, заключаецца місія сучаснай жанчыны-паэта?"[11], дзе паэтка гаворыць: "Быць паэтам першай у свеце сацыялістычнай краіны, якая на асабістым вопыце правярае надзейнасць выпакутаваных чалавечых ідэалаў,— гэта асаблівая адказнасць... І калі слова паэта будзе праўдзівае і хвалюючае, то яно, безумоўна, павінна стаць данінаю павагі і любові народу, які ўзгадаваў нас і надзяліў правам дастойнага голасу". Пытанне практычна праігнараванае. Чаму? Якая была неабходнасць за банальнымі фразамі хаваць сваю індывідуальнасць (ні слова пра сябе як пра паэта і асобу) і сваю полавую прыналежнасць (ні слова пра жанчыну-творцу)? Відавочна, адказ на гэтае пытанне патрабуе далейшых даследаванняў, хоць у пэўным сэнсе крыху раней адказ на яго прарываецца і ў самой Янішчыц: "У адным з вершаў Святлана Басуматрава піша: "Мне не да густу слова "паэтэса", зайздрошчу на кароткае "паэт". Гэта харошая жаноцкая зайздрасць! Пры ўсіх нашых памкненнях у "жаночай лірыцы" — мужчыны-паэты пераважна заўсёды былі вышэй над дробнымі сантыментамі жыцця"[12]. Што гэта, як не прыніжэнне ролі жанчыны і жаночай тэматыкі ў літаратуры? Вернемся да Э. Сэкстан:

 

Мужчына, што піша, знае зашмат

(о, вечныя заклінанні і куміры!),

як быццам страсцей, і кангрэсаў, і прадукцыі

было мала;

як быццам машын, і караблёў,

і крывавых войнаў скрозь не хапала.

З мэблі, ўжо скарыстанай, стварае дрэва.

Па сутнасці ж сваёй — манюка.

Любы, ты — той мужчына.

 ("Чорная магія")

 

У гэтым творы Сэкстан вызначае асноўныя рысы жаночага светаадчування — пачуццёвасць і мужчынскага — рацыяналізм, аднак не супрацьпастаўляе два пачаткі ў творчасці, а ўдакладняе, што "ніхто не можа // паглынуць усе шчадроты лёсу". Тым больш што ў арыгінале радкі "Па сутнасці сваёй — шпіён" (якія ў перакладзе можна аднесці да жанчын) і "Па сутнасці сваёй — манюка" (што чытач хутчэй звяжа з мужчынам) гучаць як A writer is essentially a spy i A writer is essentially a crook. A writer — "пісьменнік", такім чынам, і жанчына-пісьменнік, і мужчына-пісьменнік — роўныя. Дарэчы, хацелася б звярнуць увагу і на некаторыя асаблівасці перакладу (не маючы на мэце абвінавачваць перакладчыка, бо зразумела, чым яны былі выкліканыя). Так, з верша "Чорная магія" (The Black Art) выпала фізіялогія (cycles былі заменены на цацкі, а erections — на страсці), а верш "Старое карлікавае сэрца" (Old Dwarf Heart) страціў эпіграф Сола Бэлаў і скараціўся напалову (другая частка пачыналася словамі "Добры Бог").

 Закранаючы такую складаную тэму, як творчасць і жыццё творцы, немагчыма абмінуць і наступнае пытанне: наколькі творчасць падпарадкоўвае сабе аўтара, дыктуе яму modus vivendi. У "Лісце да нямецкага сябра" Х. Артэга-і-Гасэт разважае на тэму ўзаемасувязі біяграфіі і творчасці на прыкладзе Гётэ і адзначае: "Калі не абмяжоўвацца звыклым вызначэннем паклікання, маючы на ўвазе толькі абагульненую форму прафесійнай дзейнасці, а лічыць яго цэльнай, выключна індывідуальнай праграмай існавання, то лепш за ўсё сказаць, што нашае "я" — гэта нашае пакліканне. Мы можам быць больш ці менш вернымі свайму пакліканню, а нашае жыццё — больш ці менш сапраўдным"[13].

 Падвесці рысу пад развагамі над трагічным жыццёвым лёсам паэтаў (у першую чаргу жанчын) паспрабавала ўкраінка А. Забужка: "...бач, знайшоўся мне — Дантэ ў спадніцы! Але ж у Дантэ быў не толькі Вергілій, у яго была — Беатрычэ. І калі не жыве ў нас пастаянна каханне, дык замест пашырэння, чым далей вузее тунель, якім утрапёна гонімся... і пачынаюць з намі чыніцца ўсялякія прыкрыя рэчы, мільгацяць клінікі і турмы (гэта ўжо як каму пашчасціць!), і вось ужо і застаецца, што — скочыць з моста (Паўль Цэлан), зашмаргнуць сабе горла ў сенях чужога дома (Марына Цвятаева), сунуць галаву ў газавую пліту (Сільвія Плат), зачыніцца ў гаражы, запусціўшы на поўную моц выхлапную трубу аўтамабіля (Эн Сэкстан)... пералік працягваецца»[14]. Аднак, думаецца, адсутнасць кахання не ёсць асноўнай прычынай трагічнай развязкі. Амерыканскі паэт Аўгуст Кляйнзалер у артыкуле, прысвечаным сучаснай амерыканскай паэзіі, падкрэслівае: "Мастацтва жорсткае... Гаворка ідзе пра талент, а талент — або ён ёсць, або яго няма. Як у спорце, тут не бывае справядлівай узнагароды за намаганні. Тут не даюць форы слабейшаму — гэта не гольф. У мастацтве няма скідак на пол, этнічную прыналежнасць, расу. Усё, што сустракае паэт на сваім шляху, будзе пушчана ў справу: выкарыстана, выціснута — і пакінута ў мінулым»[15]. Прымаючы ці супраціўляючыся, вольна ці міжволі, і Э. Сэкстан, і Я. Янішчыц свайму пакліканню прысвяцілі жыццё. А псіхалагічныя моманты, што характарызуюць складаныя ўзаемаадносіны ўнутранага "Я" творцы са светам і тым культуралагічным кантэкстам, у якім ён існуе, не вызначаюць мастацкую якасць тэкстаў, залежную выключна ад таленту. Трагедыя, аднак, хаваецца ў самой сітуацыі, калі жыццё робіцца літаратурай, а літаратура — жыццём. Знайсці з яе выйсце вельмі цяжка, а для многіх — і немагчыма.

 У сваю чаргу, неадназначнай асобай і цікавым, таленавітым аўтарам была Таіса Бондар. Яе можна лічыць і адным з самых супярэчлівых аўтараў, паколькі і творчасць Т. Бондар, і сама яе асоба выклікалі неадназначныя ацэнкі крытыкаў і калег.

У прынцыпе, вершы Т.Бондар адлюстроўвалі сітуацыю, якая склалася ў савецкім грамадстве і ў савецкай літаратуры ў прыватнасці, калі напісанае жанчынамі не ўспрымалася як сур’ёзная літаратура. Жанчынам пакідаліся тэмы кахання, радзімы, дзяцей, астатнія лічыліся ў асноўным прывілеямі мужчын. Нязгода з такім станам рэчаў найбольш яскрава выявілася ў вершы Т. Бондар “Так і гэтак” са зборніка “Акно ў восень” (1977):

 

Так хочацца глыбей капнуць, глыбей,

Каб затрымцела пад рукой крыніца.

Смяюцца побач дзесь:

 — Вязальнай спіцай?

Так трэба знаць, што знойдзеш у сабе

Для кожнага і словы і пяшчоту!

Як апячэ:

 — Па бабе і турботы…

 

С. Дубавец у артыкуле “Жаночая паэзія”, разважаючы пра гэты перыяд, адзначае: “Тут — гатовасць быць кім і чым заўгодна пакрыўджанай ды асірацелай, стаць аб’ектам зайздрасці і знявагі, а ўрэшце патрапіць пад знішчэнне гэтага варожага свету. Дык вось жа я вам цяпер — адкажу!”[16]

 

Так верыш далячыням: іх разбег

Падорыць свету новыя арбіты.

Паспагадаюць:

 — Ногі ў кроў разбіты!

І пакідаюць сілы. І жывеш.

Ад роспачы баронішся надзеяй,

Нібы не чуеш:

 — Бляск ваш — пад адзеннем…

Багіня ці раба — бяры, што лепш.

Абрала ж лёс паэта, не судзіце!

Звініць, бруіцца чыстая крыніца!

 

Цяпер звернем увагу на сусветны кантэкст тэматычна падобных тэкстаў, што цалкам стасуюцца з фемінісцкім рухам, першая хваля якога ў ЗША і Заходняй Еўропе прыпадае на канец ХІХ — пачатак XX стст., а другая на — 60—70-я гады XX ст. У 60-я гады ў амерыканскай паэзіі загучалі моцныя жаночыя галасы, якія хоць і не былі (прынамсі спачатку) свядомымі выказнікамі фемінісцкіх поглядаў, але адлюстравалі незадаволенасць амерыканскіх жанчын станам рэчаў, пры якім кола іх жыццёвых інтарэсаў зводзілася выключна да сямейных каштоўнасцяў. Гэта Сільвія Плат, Эдрыен Рыч, Эн Сэкстан і інш. Верш "Хатняя гаспадыня" Эн Сэкстан робіцца адным з культавых твораў:

 

Некаторыя жанчыны выходзяць замуж за дом.

Гэта іншы тып скуры; ён мае сэрца,

вусны, печань і перыстальтыку.

Сцены — трывалыя і ружовыя.

Глядзі, як яна цэлы дзень сядзіць, укленчыўшы,

і аддана змывае сябе самую.

Мужчыны ўваходзяць сілай, зацягнутыя, быццам Ёна,

у сваіх цялесных маці.

Жанчына ёсць сама сабе маці.

Гэта галоўнае.

 (Пераклад А. Сямёнавай)

 

Т. Бондар была ў нейкай ступені папулярызатарам творчасці амерыканскай паэткі. Як і дзе ў Савецкім Саюзе можна было прачытаць вершы Эн Сэкстан, цяжка высветліць, відаць, пераклады Т. Бондар — адны з першых, калі не першыя, на савецкай прасторы. Магчыма, у згадках беларускай аўтаркі сусветнага кантэксту якраз і хаваецца жаданне быць прачытанай з улікам творчасці амерыканскіх паэтак? Адзначым, што Т. Бондар — адна з нямногіх беларускіх творцаў эпохі застою, хто валодаў замежнымі мовамі і мог чытаць паэзію замежных аўтараў у арыгінале. Калі ж дадамо сюды вялікія амбіцыі Т. Бондар, то робіцца зразумела, што часта прычыну непрызнання ці, скажам, недастатковага прызнання сваёй творчасці яна бачыла менавіта ў гендарнай няроўнасці: “Што мне не могуць дараваць? Непадобнасць ні на аднаго “настаўніка”? Няўрымслівасць характару? Непадкупнасць? Розум, які, на думку большасці, не патрэбен жанчыне і “нават шкодзіць”? Што?..”[17]

 Заўвагі на адрас літаратурных апанентаў у апублікаваным дзённіку Т. Бондар у многім справядлівыя, але пры гэтым занадта жорсткія, на мяжы з агрэсіўнасцю. Пераканаць такім чынам проста немагчыма. Таму і ў жыцці, і ў літаратуры здараліся бясконцыя сутыкненні. Заўвагі Т. Бондар не прымаліся тымі, каму яны былі адрасаваныя. У дзённіках паэткі прысутнічаюць пастаянныя выпады супраць ворагаў, бясконцыя абвінавачанні чалавецтва ў чэрствасці і душэўнай глухаце, і ўсё прасякнута, па сутнасці, гендарнай праблематыкай: “Сваё месца я вызначаю сама, і гуляць у “мілашку” нават па маладосці не гуляла. Хтосьці разумнейшы побач? Няхай будзе ім! Не? Няхай адыдзе, каб не параніць сваё самалюбства. Я — на сваім месцы, была б на сваім месцы і значна вышэй. Штурхацца, каб узняцца вышэй, не буду, але і прытварацца, прыніжаць сябе перад кім бы там ні было не буду таксама. А тое, што я жанчына… Цяпер бы, на сённяшні розум, я не пісала б “Дзённік жанчыны” — да гэтай думкі прыйшла, працуючы над аповесцю, уносячы праўкі, якіх вымагаюць законы мовы і рэдактура часопіса: кардонным мячом размахваю!..”[18]

 Вось тут палягае, бадай, галоўнае адрозненне паміж лірычнымі гераінямі Таісы Бондар і Эн Сэкстан. Амерыканская паэтка не абвінавачвала, а з сумам канстатавала:

 

Я не болей жанчына,

чым Хрыстос быў мужчынам[19].

 (“Адпавядаючы анёлам”, пераклад А. Сямёнавай)

 

Эн Сэкстан падымала праблему не толькі жанчыны ўвогуле, але і жанчыны-творцы ў прыватнасці. Думаецца, што і тут мае месца супадзенне тэмаў, бо калі разглядаць беларускую жаночую паэзію, то тэма гэтая не новая. Аповесць “Дзённік жанчыны” Т. Бондар (надрукаваная ў 1986 г. у часопісе “Маладосць” і больш нідзе не друкавалася) насычаная такой праблематыкай, а таксама праблемай самарэалізацыі жанчыны. Можна гаварыць пра тое, што Т. Бондар адна з першых у беларускай літаратуры ўздымала праблему гендарнай роўнасці.

 Цікава, безумоўна, было б правесці параўнальны аналіз творчасці Я. Янішчыц і Т. Бондар, згадкі пра іх безумоўнае суперніцтва ёсць у дзённіках Т. Бондар. У 1984 г. гэтую спробу зрабіў В. Ліпневіч, калі разгледзеў творчасць Т. Бондар, Я. Янішчыц, Р. Баравіковай і Г. Каржанеўскай. Яго артыкул і сённ застаецца актуальным, але прамінулі гады, і дадалося яшчэ некалькі кніг. Так В. Ліпневіч параўноўваў лірычных гераіняў абедзвюх аўтарак так: "Калі ў Я. Янішчыц асоба-пакутніца адчувае сваю пакуту нават як нейкі фізічны недахоп, як віну перад родам, якую лепш прыхаваць ад наіўных вачэй, то ў Т. Бондар пакута перш-наперш неаспрэчны доказ асабістай сілы, адвагі, з якой гераіня ідзе насустрач жыццю, пазнаючы свет і самую сябе»[20]. Крытык прыходзіць да высновы, што "жанчына-творца, якая высока нясе сваю чалавечую годнасць, якая "ўласным лёсам спалучае вякі" і такая безабаронная ў сваім жаданні кахаць і быць каханай,— вось гераіня паэзіі Таісы Бондар"[21]. Тут важныя два моманты. Гераіня Я. Янішчыц, безумоўна, гаворыць з пункту гледжання ахвяры, і яе пазіцыя пасіўная. Пазіцыя гераіні Т. Бондар, можна сказаць, агрэсіўная, але гэта таксама пазіцыя ахвяры, пазіцыя, поўная абвінавачванняў. Што ў такім разе можна лічыць актыўнай пазіцыяй? Напэўна, калі лірычны герой спачатку прымае сітуацыю, пасля імкнецца на яе ўплываць, а вось гэтага якраз і не адбываецца. Амаль ва ўсіх творах Т. Бондар відаць непрыманне знешняга свету, але пры гэтым і непрыманне ў сабе жанчыны, якое пачынаецца ўжо з першага зборніка “Захапленне” (1974), поўнага максімалісцкіх установак, характэрных для таго часу:

 

Ні ў чым сабе не здрадзіць. Праца — боем,

Каб, як сцягі — світанні за спіной,

І ў свеце радасць звонкаю трубою

Аб перамогах пела зноў і зноў.

 (***Хачу са сцежкай…)

 

Асаблівую цікавасць уяўляе для нас кніга Т. Бондар "Чырвоны месяц года" (1985) і цыкл вершаў "Тысяча першыя дзверы" з падзагалоўкам "Дыялог з Эн Сэкстан", які складаецца з адзінаццаці твораў, і кожнаму з іх папярэднічае эпіграф з вершаў амерыканскай паэткі. Тры вершы друкаваліся ў зборніку "Дзень паэзіі — 1983", такім чынам, думаецца, час іх напісання супадае з перыядам, калі Т. Бондар працавала над перакладамі.

 На жаль, беларуская паэтка не пайшла ўслед за Максімам Багдановічам, які даваў свае эпіграфы ў арыгінале з пазначэннем твора і аўтара. Магчыма, гэта звязана з цэнзурай, якая так ці інакш магла паўплываць на публікацыю цыклу (усё ж такі дыялог адбываўся з амерыканскім аўтарам). У спасылцы падкрэсліваецца, што ў паэзіі Эн Сэкстан: “выяўляецца драматычнае сутыкненне жанчыны з капіталістычным грамадствам”. Застаецца фактам, што ўсе эпіграфы з твораў Э. Сэкстан дадзеныя ў перакладзе і без пазначэння крыніцы. Мы правялі тэксталагічнае даследаванне і высветлілі, адкуль былі ўзятыя эпіграфы, каб мець магчымасць параўнаць, наколькі тэматычна эпіграфы і творы беларускай паэткі звязаныя паміж сабою. Як вядома, эпіграф канцэнтруе асноўную ідэю твора. Калі ж мы звернемся да тэкстаў Т. Бондар, то будзем вымушаныя канстатаваць, што ў іх — не адказы і разважанні, а хутчэй асацыяцыі, часам вельмі далёкія ад першапачаткова пазначанай тэмы. Але ці атрымаўся ў такім разе дыялог, бо дыялог — гэта размова дваіх? Калі ўлічыць, што часам няма пераклічкі паміж эпіграфам і творам і размова не адбываецца, то “Дыялог з Эн Сэкстан” практычна ператвараецца ў маналог Таісы Бондар. Думаецца, што тут адыгралі сваю ролю ў першую чаргу аб’ектыўныя прычыны, такія як унутраная несвабода беларускай савецкай паэзіі і недастатковая інфармаванасць аўтара аб тым жа руху фемінізму.

 Трэба адзначыць, што пакаленне беларускіх паэтак 70-х вельмі моцна звязанае з народнай культурай, у іх творчасці заўважная трансляцыя менавіта народных (у дадзеным выпадку іх можна лічыць стэрэатыпнымі) уяўленняў пра жанчыну. Амерыканская літаратура як літаратура вельмі маладой нацыі з рознымі этнасамі не мела такой традыцыі, аднак, адлюстроўваючы сучасны стан рэчаў, змагалася з не менш моцнымі стэрэатыпамі.

Такім чынам:

Верш 1. Эпіграф "Тысяча дзвярэй назад, / калі я была адзінокім дзіцем...". Першыя радкі верша "Young" / “Маладая” з кнігі "Усе, каго я люблю" (1962).

Верш 2. Эпіграф "У сне ніколі не бывае восемдзесят". Заключны радок з верша "Old" / “Старая” з кнігі "Усе, каго я люблю" (1962). Верш Т. Бондар па думцы блізкі да верша Сэкстан.

Верш 3. Эпіграф "Я абяцала табе любоў. Час не можа забраць гэта...". Заключныя радкі верша "The Fortress" / “Крэпасць” з кнігі "Усе, каго я люблю" (1962) з прысвячэннем "while taking a nap with Linda" (“пакуль мы з Ліндай спалі”, Лінда — старэйшая дачка Эн Сэкстан). Т. Бондар адштурхоўваецца ад тэксту Эн Сэкстан, ад канкрэтнай сітуацыі і рухаецца ў адвольным кірунку

Верш 4. Эпіграф "Кожны, хто ўва мне — птушка. / Я б’ю ўсімі сваімі крыламі...". Пачатак верша "In Celebration of My Uterus" / “Услаўленне маёй маціцы” з кнігі "Вершы пра каханне" (1969).

Верш 5. Эпіграф "Я стамілася быць жанчынай..." з верша "Consorting with Angels" / “Адпавядаючы анёлам” з кнігі "Жыві ці памірай" (1966). Адзін з праграмных вершаў Эн Сэкстан.

 

Я стамілася быць жанчынай,

стамілася ад лыжак і гаршчкоў,

стамілася ад уласных вуснаў і грудзей,

стамілася ад касметыкі і шоўку.

Усё яшчэ былі мужчыны за маім сталом

вакол чары, якую я падавала.

(Пераклад А. Сямёнавай)

 

На жаль, у вершы-рэпліцы Т. Бондар ад зададзенай тэматыкі, якая, здавалася б, проста вымагала паглыблення, нічога не засталося. Усё ізноў абмежавалася пачуццём безадказнай любові:

 

Вось і кружыцца пад плач аркестра,

ні на год не вырасшы, любоў,

вось і доўжыцца любая вестка

з маладосці — ўзлётам галубоў.

 

Верш 6. Эпіграф "Я падарыла яму кветкі, / а ён збудаваў аэрапорт..." з верша "Mr. Mine" / "Містэр Майн" з кнігі "Вершы пра каханне" (1969).

Верш 7. Эпіграф "Ёсць жанчыны, што выходзяць / замуж за гаспадаркі...". Верш “Housewife”/ “Хатняя гаспадыня” з кнігі “Усе, каго я люблю” (1962). Якраз той выпадак, калі Т. Бондар разважае на зададзеную тэму і прыходзіць да горкай высновы:

 

Без дома ж нельга. Мара пачакае.

 

Верш 8. Эпіграф "Толькі аднойчы я знала, / навошта жыццё...", першы радок верша "Just Once" / “Толькі аднойчы” з кнігі "Вершы пра каханне" (1969).

Верш 9. Эпіграф "О зорная, зорная ноч! / Так, нібыта я хачу памерці..." з верша "The Starry Night" / “Зорная ноч” з эпіграфам Ван Гога з кнігі "Усе, каго я люблю" (1962), перакладзенага Т. Бондар.

Першыя радкі верша — “Жыві ці памірай…” — назва аднайменнай кнігі Эн Сэкстан (1966), узятыя ў сваю чаргу з рамана лаўрэата Нобелеўскай прэміі (1976) Сола Бэлаў “Герцаг” (1964) у якасці эпіграфа да верша “Live” / “Жыві”: “Жыві ці памірай, толькі не атручвай кожную рэч…”. Р. Баравікова ў рэцэнзіі на кнігу Т. Бондар пісала: "Разам са словам "дэфіцыт" адразу ўвайшлі ў наш побыт і выразы "Дэфіцыт на адкрытасць", "Дэфіцыт на чуласць"... Мы ўсё часцей гаворым, што рэчы забіваюць наш дух. І хочацца яшчэ раз прачытаць радкі аднаго з вершаў "Дыялога...", які трымаецца на жаданні даць шлях:

 

Жыві ці памірай...

Куцця куццёй. Ёй не накорміш душы.

А чым? Калі б уведаць гэта "чым"!

 

Верш абрываецца пытаннем, магчыма, адным з галоўных на сённяшні дзень: дзеля чаго прыходзім на зямлю... Пытанне застаецца адкрытым, як і права выбару кожнага..."[22]. Аўтарка вершу, тым не менш, дае ўскосны адказ на гэтае пытанне:

 

А выбераш чамусьці непакой,

пакуту, ледзь асветленую німбам

спрадвечнае заступніцы людской.

 

Як бачым, і тут у лірычнай гераіні ізноў адбываецца вяртанне да стану ахвяры. Думаецца, усё ж такі маюць месца дзве прычыны — сацыяльная (немагчымасць знайсці іншы шлях у грамадстве з загадзя дэтэрмінаванымі сацыяльнымі ролямі) і асабістая (недастатковая лаяльнасць да акаляючага асяродку і зноў жа — амбіцыйнасць).

Верш 10. Эпіграф "Як бы там ні было, ўсё магчыма, / і сляпы гэтаксама бачыць...". Заключныя радкі верша "It Is a Spring Afternoon" / “Гэта вясновы пасляпаўдзённы час” з кнігі "Вершы пра каханне" (1969). Верш Эн Сэкстан, прысвечаны абуджэнню жанчыны, вельмі светлы, прысвечаны ператварэнню дзяўчынкі ў жанчыну.

 

Жанчына — гэта ўсё, што можна ўбачыць

у яе жывёльнай прыгажосці.

(Пераклад А.Сямёнавай)

 

Менавіта ў дзясятым вершы Т. Бондар дазваляе сабе выказацца больш-менш адкрыта:

 

Вось ён, суд, твой вярхоўны суд

(з гурту выбіцца — не заўсёды

апярэдзіць, пакінуць гурт)...

...а табе крычаць: “Ты — жанчына!

Ты сама выбірала боль!..”

 

Радкі Т. Бондар гучаць дысанансам з эпіграфам і з вершам Эн Сэкстан, у першую чаргу па настроі.

Верш 11. Эпіграф "Усе пакінулі мяне, апроч / маёй музы, маёй добрай нянькі..." з верша "Flee on Your Donkey" / “Уцякай на тваім восліку” з кнігі "Жыві ці памірай" (1966). Вершу Эн Сэкстан папярэднічае эпіграф з верша А. Рэмбо "Fêtes de la faim" / “Свята голаду”: “Ma faim, Anne, Anne, / Fuis sur ton âne...” / “Голад мой, Анна, Анна / Уцякае на тваім восліку”. Верш прысвечаны знаходжанню ў псіхіятрычнай бальніцы.

Таіса Бондар брала эпіграфы з самых культавых вершаў Эн Сэкстан, вершаў, у якіх праблема жанчыны гучала найбольш востра. Як відаць з вершаў, думкі, выказаныя Эн Сэкстан, маглі б знайсці прыдатную глебу ў беларускай літаратуры. Беларуская паэтка ўжо была гатовая ўнутрана іх успрымаць. Аднак у вершах Т. Бондар з цыклу “Тысяча першыя дзверы” гендарная тэматыка вельмі прыглушаная, яна ператвараецца менавіта ў плач ахвяры, якая “бяссільная штосьці змяніць”. Цяжка не згадзіцца з Т. Фіцнер: “...жанчынам-творцам нескладана выражаць сваю “самасць”, ствараючы вобразы жанчын, што аддалены сацыякультурна, гістарычна, біяграфічна, і цяжка праблематызаваць жанчын, якія блізкія да іх па гэтых параметрах. Найбольш складана паэткам разабрацца ў сваёй жыццёвай сітуацыі”[23]. Але ці прапаноўвае нейкае выйсце Эн Сэкстан? Амерыканская паэтка пазначыла найбольш вострыя праблемы існавання жанчыны ў сучасным ёй свеце і паспрабавала высветліць іх прычыны. На жаль, яна не знайшла выйсця нават для сябе самой, што ў выніку прывяло да самагубства.

Узнікае, у сваю чаргу, пытанне, ці адбылася эвалюцыя ў светапоглядзе лірычнай гераіні Т. Бондар. Хутчэй не, бо ў вершы “Прайсці, прадрацца праз вякі...” са зборніка 1991 году “Хачу назваць цябе каханым” чытаем:

 

Саромецца і ран, і слёз,

І слоў, аголеных любоўю...

Жаночы ненавісны лёс,

Замкнуты ў вечным крузе болю!

 

У 1997 годзе вершы Эн Сэкстан, некалі перакладзеныя на беларускую мову Т. Бондар, былі надрукаваныя на рускай мове ў 8-м нумары часопіса “Всемирная литература”, галоўным рэдактарам якога Т. Бондар на той момант была. Больш у экспліцытнай форме звароту да творчасці амерыканскай паэткі не было.

Але неабходна заўважыць, што ўплыў Эн Сэкстан выходзіць за межы цыклу “Тысяча першыя дзверы”, ён адчуваецца ў іншых вершах, у іншых зборніках і нават у прозе. Цікавая дэталь: некаторыя старонкі дзённікаў і проза супадаюць, але ў асабістым дзённіку Т. Бондар (“Бог зусім побач” (2000) ёсць думкі, вельмі блізкія да думак Эн Сэкстан: “Часта думаю: што б Ісус прапанаваў свету, калі б нарадзіўся жанчынаю? Якою мукаю адкупіўся б ад смерці, як ягоную муку цярпіць, нясе праз усё сваё жыццё любая жанчына? Колькі разоў распінаюць, укрыжоўваюць яе на крыжы рук, колькі крыві выцякае ў яе з сярэдзіны, колькі здрадцаў, скарыстаўшы яе давер або яе слабасць і потым адпіхнуўшы ў бездань пакуты, адкупляюцца ад страшнага граху, ад стаптанай, залітай крывёй і слязьмі чысціні яе адно крывымі ўхмылкамі? А яна жыве, яна ўсё-такі жыве. І нараджае новае жыццё, на радасць ці на муку…”[24] І побач аўтар цытуе сама сябе: “Урэшце ж, даводзіцца прызнаваць: я не перамагла сваёй прыроды, не ўзнялася над сваім полам — занадта няроўныя сілы!”[25] (тое самае — у “Дзённіку жанчыны”). Думаецца, што вырашэнне дадзенай праблемы палягае ў гарманізацыі сацыяльнага і асабістага, калі знікне сама магчымасць такога канфлікту — канфлікту чалавека і яго полу. Але праўда таксама і ў тым, што не заўсёды яго фармальнае вырашэнне, нават высокі сацыяльны статус (пасада ў літаратурным асяродку), спрыяе гармоніі ў душы.

“Уздзеянне ўплываў часам нагадвае ролю каталізатараў: яны выклікаюць альбо паскараюць рэакцыю, пры гэтым не ўплываючы на ейны вынік”[26]. Хацелася б адзначыць, што літаратурнае ўзаемадзеянне Т. Бондар — Я. Янішчыц — Э. Сэкстан безумоўна спрыяла пашырэнню даляглядаў беларускай літаратуры 70-80 гадоў і паўплывала таксама на далейшае развіццё яе гендарнай праблематы


* Гэтую пасмяротную кнігу паэткі выдала ў 1976 г. Лінда Грэй Сэкстан, старэйшая дачка Эн. 

Каментары

  [1] Гл. : Данільчык А. “Ёсць паэзіі сакрэт у лёсе асабістым...”: Яўгенія Янішчыц і Эн Сэкстан // Сучасны літаратуры працэс: пісьменнік і жыццё: матэрыялы Рэсп. Навук. канф. (Мінск, 11 мая 2006 г.) / рэдкал.: І.Баўтрэль [і інш.]. — Мінск: Беларус. навука. — ст. 92—97; Данільчык А. Таіса Бондар і Эн Сэкстан: дыялог і маналог // Literatury wschodniosłowianskie: z najnowszych badań / Pod redakcją Haliny Twaranowicz. — Wydawnictwo Uniwersytetu w Białymstoku, Białystok, 2010.— pp. 463—475.

  [2] Бондар Т. Паэзія ці версіфікатарства? / ЛіМ, 1983, 28 студзеня.

  [3] Бечык В. Прад высокаю красою.— Мн.: Маст. літ., 1984.— С. 260.

  [4] "Дыпламатычны корпус літаратуры" // Культура, 1996, 28.02.— 05.03.

  [5] Калядка С. Паэзія Яўгеніі Янішчыц: Станаўленне творчай індывідуальнасці / Аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонай ступені канд. філ. навук.— Мн.: НАН Беларусі, 1999.— С. 14.

  [6]Литература США в 70-е годы ХХ века.— М.: Наука, 1983. — С. 311.

  [7] McCabe Jane. "A Woman Who Writes": A Feminist Approach to Early Poetry of Anne Sexton // Anne Sexton: The Artist and Her Critics. Ed. J.D.McClatchy. 1978.

  [8] Мішчанчук М.І. Ёсць у паэта свой аблог цалінны: Жанрава-стылявая разнастайнасць сучас. беларус. лірыкі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1992.— С. 60.

  [9] Фромм Э. Искусство любви.— Минск: ТПЦ "Полифакт", 1990.— С. 78.

  [10] Артэга-і-Гасэт Х. Письмо к немецкому другу // Современная философия: Словарь и хрестоматия. Ростов-на-Дону. Феникс, 1995. — С. 310.

  [11] "Задумацца, і зноў узяць пяро..." [Інтэрв’ю] // ЛіМ, 1985, 8 сакавіка.

  [12] Янішчыц Я. "...І веру ў сваю лепшую пару" // Полымя, 1983, № 4. — С. 214.

  [13] Ортега-и-Гассет Х. Письмо к немецкому другу // Современная философия: Словарь и хрестоматия. Ростов-на-Дону. Феникс, 1995. — С. 310.

  [14] Забужка А. Палявыя доследы ўкраінскага сэксу // Крыніца, 2002, № 2-73. — С.179.

  [15] Кляйнзалер А. Нет поля для игры, или Мир как кондоминиум по-американски // Иностранная литература, 2004. № 10. — С. 298.

  [16] Дубавец С. Жаночая паэзія // Дубавец С. Вершы. Бібліятэчка часопісу “Дзеяслоў”. — Мн.: Медысонт, 2007. — С. 18.

  [17] Бондар Т. Шэсцьдзесят мінус дваццаць два / Полымя, 2005, № 1.

  [18] Бондар Т. Шэсцьдзесят мінус дваццаць два / Полымя, 2005, № 2.

  [19] Сэкстан Э. Вершы: “Адпавядаючы анёлам”, “Хатняя гаспадыня”, “Гэта вясновы пасляпаўдзённы час”, “Толькі аднойчы”, “Цішыня”, “Старая”, “Маладая” / Дзеяслоў, 2007, № 27. — С. 168—173.

  [20] Ліпневіч В. Уласным лёсам спалучыць вякі...: Нататкі пра творчасць паэтэс / ЛіМ, 1984, 9 сакавіка.

  [21] Тамсама.

  [22] Баравікова Р. З жыцця бярэ пачатак / ЛіМ, 1985, 27 снежня.

  [23] Фіцнер Т. Эвалюцыя беларускай жаночай паэзіі ХХ стагоддзя з пазіцыі гендэрнага прачытання // С. 421.

  [24] Бондар Т. Бог зусім побач. Старонкі з дзённіка. — Мн.: ВП “Лотаць”, 2000. — С. 23.

  [25] Тамсама. С. 22.

  [26] Брунэль П. і інш. Што такое параўнальнае літаратуразнаўства? — Мн.: Эўрофорум: Бел. Фонд Сораса, 1996. — С. 80.

Чытайце таксама

Пра паэтычныя пераклады

Мікалай Гумілёў

Пра паэтычныя пераклады

Існуе тры спосабы перакладаць вершы: пры першым перакладчык карыстаецца выпадковым памерам і спалучэннем рыфмаў, што прыйдуць яму да галавы, часцяком чужымі для аўтара, на сваё меркаванне падаўжае або…

Нямецкая літаратурная прэмія (Deutscher Buchpreis)

Нямецкая літаратурная прэмія (Deutscher Buchpreis)

Галоўную літаратурную прэмію Германіі (Deutschen Buchpreis) за найлепшы твор на нямецкай мове атрымаў аўтар раману «Вежа» (Der Turm) Увэ Тэлькамп (Uwe Tellkamp)...

Алексіевіч, Сэкстан, Рэнд і іншыя: хто паўплываў на сучасных беларускіх аўтарак

Алексіевіч, Сэкстан, Рэнд і іншыя: хто паўплываў на сучасных беларускіх аўтарак

Не так часта ў беларускіх СМІ мы можам пачуць галасы беларускіх пісьменніц, якія б расказвалі не пра сваю творчасць ці грамадзянскую пазіцыю, а пра нешта асабістае, пра тое, што сфармавала іх асобу або…

Добрая брытанская кніжка

Антон Францішак Брыль

Добрая брытанская кніжка

26 красавіка адбылася прэзентацыя казкі Джона Рональда Руэла Толкіна “Каваль з Вялікага Вутану”, перакладзенай на беларускую мову Антонам Францішкам Брылём. Перакладчык ласкава пагадзіўся адказаць на…

2859