№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ганна Янкута

Жанчыны вачыма беларускіх празаікаў

19 лютага 2016

Жанчыны вачыма беларускіх празаікаў

Сёлета, працуючы ў складзе журы прэміі Гедройца, я чытала сучасную беларускую прозу ў такіх аб’ёмах, у якіх не чытала яе з часоў заканчэння ўніверсітэта. Гэта быў цікавы і цяжкі досвед. Цяжкі не толькі праз аб’ёмы працы, але і праз неабходнасць чытаць у тым ліку кнігі, да якіх рукі інакш бы не дайшлі. Поўны спіс прэміі Гедройца на доўгія месяцы вызначыў маё чытанне.

Вынікам гэтага сталася мноства розных адкрыццяў — прыемных і не надта. І першымі, і другімі я пастараюся тут падзяліцца. Аднак гэтыя адкрыцці будуць не стылістычнага плану: гледзячы на спіс аўтараў, я больш-менш уяўляла, чаго ад большасці з іх можна чакаць. Тое, што ўразіла мяне найбольш, — гэта моцны гендарны дысбаланс у сучаснай беларускай літаратуры. У ёй дагэтуль вельмі мала жаночай прасторы — гісторый, якія расказваюцца жанчынай ці пра жанчыну. Зрэшты, жаночыя гісторыі ў інтэрпрэтацыі многіх аўтараў-мужчын гучаць так, што лепш бы іх не было. Вобразы жанчын часта выконваюць у творах выключна дапаможную функцыю, адцяняючы тыя ці іншыя рысы персанажаў мужчынскага полу ці даючы ім магчымасць паказаць сябе.

Прааналізаваць усе 42 кнігі, што намінаваліся сёлета на прэмію Гедройца, у адным тэксце немагчыма. І таму мая мэта — не вызначыць нейкія тэндэнцыі, а падзяліцца сваімі ўражаннямі ад чытання сучаснай прозы, ад таго, што наймацней зачапіла, ад таго, што здаецца мне дзікунскім альбо прыгожым. Магчыма, камусьці гэты тэкст дасць магчымасць зірнуць на сённяшнюю літаратуру ў трошкі іншым ключы, абапіраючыся не толькі на законы эстэтыкі.


Жанчыны і Гедройц

Для пачатку трошкі статыстыкі. За чатыры гады існавання прэміі на яе намінавалася 141 кніга, сярод іх 27 кніг (то бок каля 19 %) былі напісаныя жанчынамі. А цяпер падрабязней па гадах.

2012 год. Поўны спіс выдадзеных і прынятых да разгляду ў конкурсе кніг у гэтым годзе журы не публікавала, а адразу назвала доўгі спіс з 12 выданняў. Сярод іх толькі адна кніга, напісаная жанчынай, — “У святой краіне выгнання” Алы Сямёнавай. У кароткі спіс (6 найлепшых выданняў) яна не трапіла.

2013 год. У поўным спісе прэміі налічваецца 43 кнігі, з іх 9 напісаныя жанчынамі. У доўгі спіс прэміі трапілі тры з іх — “Рай даўно перанаселены” Алены Брава, “Матылі” Паліны Качатковай і “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега” Людмілы Рублеўскай. У кароткім спісе з гэтых трох засталася толькі адна — кніга Людмілы Рублеўскай.

2014 год. Рэкордны год — з 44 кніг поўнага спісу 11 (то бок роўна адна чвэрць) напісаныя жанчынамі. У доўгім спісе — ажно чатыры з іх: “Дараванне. Прощение. Vergebung” Алены Брава, “Сарочае радыё” Кацярыны Оаро, “Ночы на Плябанскіх млынах” Людмілы Рублеўскай, “Смерць лесбіянкі” Наталкі Харытанюк. Дзве з іх — кнігі Алены Брава і Людмілы Рублеўскай — дайшлі да кароткага спісу.

2015 год. Сітуацыя зноў пагаршаецца — з 42 кніг поўнага спісу толькі 6 напісаныя жанчынамі. У доўгім спісе — 2 аўтаркі: Таццяна Барысік са зборнікам апавяданняў “Жанчына і леапард” і Людміла Рублеўская з раманамі “Авантуры студыёзуса Вырвіча” і “Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча”. І ўрэшце першая перамога — кніга Таццяны Барысік не толькі прайшла ў кароткі спіс, але і атрымала другое месца.

Самі па сабе гэтыя лічбы нічога не гавораць ні пра саму прэмію, ні пра яе арганізатараў, ні пра аўтараў і аўтарак, ні пра журы. Яны гавораць толькі пра тое, што ў беларускамоўнай літаратуры жанчыны пішуць прозу нашмат (у найлепшым выпадку — у чатыры разы) менш, чым мужчыны. Цікава было б разабрацца, адкуль такая дыспрапорцыя, але гэта тэма для асобнага даследавання.

Для параўнання:

У доўгім спісе Букераўскай прэміі 2015 году — 7 кніг з 13 намінаваных напісаныя жанчынамі, у кароткім спісе — 2 з 6.

У доўгім спісе “Рускага Букера” 2015 году — 7 кніг з 24 намінаваных напісаныя жанчынамі, у кароткім спісе — 2 з 6.

 

Жанчыны і гісторыя

Паколькі жанчыны ў беларускай літаратуры пішуць прозу адчувальна менш за мужчын, у літаратуры пераважае мужчынскі погляд на свет, на грамадства і на саміх людзей — мужчын і жанчын. Мужчыны апісваюць найперш уласны досвед дачыненняў з навакольнай рэчаіснасцю, і жаночы досвед яму супрацьпастаўляецца досыць рэдка — часам жаночай версіі гісторыі няма нават у творах, напісаных жанчынамі. Пагартаем хаця б трылогію Людмілы Рублеўскай пра Пранціша Вырвіча, галоўныя героі якой — мужчыны, а адлюстраванне гісторыі як сферы актыўнага мужчынскага ўплыву не асабліва адрозніваецца ад гістарычных, прыгодніцкіх ці фэнтэзійных твораў беларускіх аўтараў-мужчын.

Гістарычныя раманы ў гэтым плане — вельмі паказальны жанр. Паколькі карціна свету ў іх часта абапіраецца на агульнапрынятае бачанне гісторыі, гістарычныя раманы, як і школьныя падручнікі па гісторыі, добра адлюстроўваюць гендарную сітуацыю ў грамадстве. Аналізуючы школьны курс сусветнай гісторыі, даследчыца Таццяна Шчурко адзначае, што ў беларускай сістэме адукацыі “сусветная гісторыя” = мужчынская гісторыя, і гэта праяўляецца на розных узроўнях — ад выбару ілюстрацый (у якіх жанчыны калі і з’яўляюцца, то ў асноўным побач з мужчынамі) да разумення гісторыі ў цэлым, дзе на першае месца выходзяць уладары, палітыкі, ваенныя. Даследчыца адзначае, што гісторыю ў асноўным пішуць мужчыны, а значыць, гісторыя ў іх інтэрпрэтацыі мае “мужчынскі” характар: мужчыны ў ёй больш актыўныя за жанчын.

Тое самае можна сказаць і пра гістарычную прозу. Гістарычныя раманы, што намінаваліся ў 2015 годзе на прэмію Гедройца, прэзентуюць акурат мужчынскую гісторыю, у якой жанчынам няма альбо амаль няма месца. У рамане Алеся Усені “Грэх” на больш чым 600 старонак усяго некалькіх самастойных жаночых вобразаў — пакутніца Сафія з трыма дочкамі (падрабязнаму апісанню катавання якіх прысвечаная адна частка) і Вірсавія, каханая аднаго з герояў, якую трэба ратаваць з палону і якая рашуча супрацьпастаўляецца іншым жанчынам:

“Архелай разумеў: Вірсавію трэба шукаць там, дзе найболей лупанарыяў, бо ў ягонай памяці заселі словы легіянера Кодры: “Файныя гетэры з гэтых дзевак атрымаюцца!” Гетэр было ўдосталь і ў гатэлі. Азызлыя, з разбэрсанымі космамі, яны сноўдалі па калідорах і выклікалі ў Архелая толькі агіду. Хіба ж можна ўявіць, што сярод такой набрыдзі будзе ацірацца Вірсавія?”

Вобразы жанчын, нават калі яны святыя пакутніцы і іх катуюць, не пазбаўленыя эратычнага падтэксту:

“Вера міжволі ўскінула ручкі ўгору, цнатліва прыкрываючы далонямі нясмелыя, няспелыя дзявочыя грудзі...”

Класічны вобраз жанчыны, якая грае ў творы выключна ролю каханай, нявесты ці жонкі галоўнага героя, выведзены ў аповесці Антона Францішка Брыля “Ян Ялмужна”. Баярская дачка Зафійка Якубаўна з’яўляецца ў творы толькі двойчы і ўсё ж, у адрозненне ад многіх гераінь такога кшталту (узяць хаця б Вірсавію са згаданага вышэй рамана “Грэх”), размаўляе з галоўным героем на роўных; гендарная роля будучай жонкі выкладзеная з усёй магчымай далікатнасцю:

“Голка ў маёй руцэ пэўная, як бацькаў меч, ды хуткая, бы ягоны конь”.

Толькі як персанажы другога плану жанчыны з’яўляюцца ў аповесці Уладзіміра Мажылоўскага “Друеўскі ваўкалак”. Аднак уся першая частка аповесці “Праклён мітрапаліта Феафіла” (якая і дала назву ўсёй кнізе) прысвечаная княгіні Алене — нячасты прыклад гістарычнага твора, у якім гістарычная асоба — жанчына ставіцца аўтарам у цэнтр аповеду.

 

Жаночыя вобразы

Кім можа быць жанчына ў беларускай прозе? Музай, каханай, жонкай, маці, прастытуткай, вандроўніцай, змагаркай, захавальніцай скарбу, пакутніцай, святой... спіс можна доўжыць і далей. Ніжэй я прапаную некалькі цытат з кніг пісьменнікаў і пісьменніц з поўнага сёлетняга спіса прэміі Гедройца, якія зачапілі мяне ў працэсе чытання і прымусілі задумацца пра тое, што за імі стаіць.

Вось адзін з маіх любімых вобразаў — дзяўчынка з рамана Альгерда Бахарэвіча “Дзеці Аліндаркі”, якой бацькі прыдумляюць імя:

“Сіа — гэта было коратка і горда, як развітанне з палонам. Сіа — багіня, якой давераны самы важны папірус. Ахоўніца паслання — і нашым пасланнем зрабілася мова: яе мы ўручылі дачцэ, каб яна прайшла праз усе нягоды і перадала далей. Сіа — так крычыць птушка, якую ўжо не зловіш. Так нільская сітаўка Бэнну і багіня Сіа зліліся ў адну маленькую жанчыну, птушаня з папірусам у кволай дзюбе”.

І яшчэ адна цытата з гэтага ж твора:

“Чарніцы і праўда дужа нагадвалі таблеткі, якія ім давалі ў лагеры. Тыя таблеткі было лёгка адрозніваць па колерах. Цёмна-сінія — іх давалі пасля сняданку. Дзяўчаткі казалі, што гэта для памяці. Дзеўкі заўсёды ведаюць крыху больш — хаця ім, вядома, нельга верыць”.

Як на мяне, гэта ідэальнае апісанне адносінаў паміж мужчынамі і жанчынамі юнага ўзросту: хлопчык ставіцца да дзяўчат як да чагосьці трошкі варожага і незразумелага і бачыць у іх нейкія “іншыя” якасці, як станоўчыя, так і адмоўныя.

А вось яшчэ адна дзяўчынка, з аповесці “І нікога, хто ўбачыць мой страх” Віктара Казько (кніга “Час збіраць косці”):

“— ...I кім жа ты будзеш, калі вырасцеш?

Дзяўчынка выпрабавальна паглядзела на яго, і пэўна, вагаючыся, запытала:

— А маме не скажаце?

— Ніколі. Во табе крыж, — перахрысціўся Майстра. Дзяўчынка, здаецца, паверыла яму:

— А прастытуткай, — сур’ёзна адказала яна і сціпла апусціла сінія вочкі, абцягнула сукенку і схавала каленкі. – А мне вельмі падабаецца ваш коцік...

Майстра збянтэжана аслупянеў, толькі выгляду не падаў.

Хаця ў гэтым не было нічога новага яму. Ён чуў аб гэтай з’яве — жаданні дзяцей ісці ў прастытуткі і рэкет — шмат ад каго. Але адна справа чуць гэта ад некага, у пераказе і зусім іншая – на свае вушы. Чуць і бачыць маленькую будучую прастытутку перад сабой. I хай у гэтым яшчэ шмат неасэнсаванага, хай гэта толькі гульня, пераймальнасць дарослага жыцця, але ўсё ж — жыцця. <...>

— Ты сур’ёзна хочаш стаць прастытуткай?

— Валютнай, — удакладніла дзяўчынка. — Таму і англійскую мову вучу. А потым буду яшчэ і французскую. I яшчэ якую-небудзь...”.

“Невядома, што тут бянтэжыць больш, — піша Марыя Мартысевіч, аўтарка рэцэнзіі на кнігу Віктара Казько, — тое, што пры поглядзе на гэтую новую Лаліту героя ахопліваюць “зусім не настаўніцкія, педагагічныя думкі”, або само выкарыстанне даволі прымітыўнага штампа пра тое, што ўся моладзь хоча стаць прастытуткамі ды рэкетырамі, спароджанага жоўтай прэсай дзевяностых і радасна падхопленага бабулькамі каля пад’ездаў”.

А вось яшчэ адна вартая згадкі цытата. Цікава, ці многія знаўцы сучаснай беларускай літаратуры змогуць адгадаць яе аўтара.

“Аказваецца, здольная тутэйшая дрыгва нарадзіць жанчыну, што першай уздыме бел-чырвона-белы сцяг на акцыі, павядзе за сабой грамаду людзей; маючы падтрымку выбарцаў, здымецца з “выбараў” на знак пратэсту супраць датэрміновых фальсіфікацыяў...”

Жаночым вобразам у зборніку нарысаў Паўла Севярынца “Беларуская глыбіня”, які быў напісаны падчас адбыцця пакарання ў Купліне і вылучаецца моцнай рэлігійнай скіраванасцю, аддаецца нашмат менш увагі, чым мужчынскім. Гісторыя ў зборніку падаецца праз мужчынскія персаналіі і гісторыі (часткова гэта можна патлумачыць абставінамі, у якіх пісаўся твор), тым не менш тут ёсць і яркія вобразы актыўных жанчын, палітычных і грамадскіх дзяячак.

У рамане Віктара Марціновіча “Мова” з’яўляецца некалькі гераінь-жанчын, што ўспрымаюцца героямі-мужчынамі як аб’екты спажывання. Так, напрыклад, апісваецца  дзяўчына, што падсадзіла галоўнага героя на мову:

“І вось у момант гэтага сэнсуальнага зацямнення побач намалявалася такая спрытная сучачка: доўгія ногі, пажадлівыя вусны, кароткая прычоска, узрушаны бляск вачэй. Чарнявая. І — божухна — як яна рухалася!”

З аднаго боку, такія эпізадычныя апісанні ствараюць вобразы герояў-мужчын: мы бачым іх убудаванымі ў іерархічную патрыярхатную структуру свету, калі нават у грамадстве звышспажывання жанчыне не дастаецца ролі спажывальніцы, а толькі спажывы:

“Яна з асалодай углядалася ў свой твар... ні зморшчынкі, ні прышчыка, ніводнай дробненькай заганы. Твар з вокладкі. Прыгожая яна ў мяне! <...> Вось гэтую “маланку”, якую я толькі што зашпіліў, праз пару гадзінаў будзе расшпільваць другі мужчына. Які пасля стане драпежна спажываць Ірчыну прыгажосць, а яна не стане нікуды ад яго спяшацца. І гэта цалкам нармальна”.

З іншага боку, у гэтым творы нават Цётка, гераіня, надзеленая найвышэйшым статусам Намесніцы Паўночна-Заходніх тэрыторый, парушае цырыманіял, каб прыгатаваць аднаму з галоўных герояў ліпавай гарбаты (то бок абслужыць яго), і шукае трэці сінонім да словаў “любоў” і “каханне” (то бок найперш цікавіцца такой “жаночай” тэмай, як стасункі).

А вось гісторыя гераіні кнігі Аляксея Талстова “Валацугі” Кэці, якую герой-апавядальнік сустракае ў Непале:

“Калі мне было пятнаццаць, я з’ехала ў Далас. Дома — тупняк, не было чым заняцца. Напэўна, ад гэтага й з’ехала. Наглядзелася на бацькоў, ну і зразумела, што зусім не хачу так скончыць: седзячы на тэрасе з бутэлькай, позірк у нікуды. Гэта вельмі па-амерыканску, напэўна. Я паехала ў Далас, спадзявалася на праграму дзяржпадтрымкі, хацела вучыцца. Рабіла, дзе магла, жыла чорт ведае дзе... Нічога цікавага, адным словам. Спачатку былі добрыя магчымасці, цяпер — не думаю. Наўрад ці што абломіцца. Напрацавала вось апошнімі месяцамі на квіток. Такія справы”.

Гераіні кнігі Талстова — вандроўніцы, бэкпэкеркі і даўншыфтаркі; гэта ўжо не персанажы-функцыі, як у рамане Віктара Марціновіча. Але тэст Бэкдэл (наяўнасць у творы дзвюх гераінь, што размаўляюць паміж сабой не пра мужчын) кніга ўсё ж не пройдзе — як і большасць кніг у беларускай літаратуры. Зрэшты, як кажуць крытыкі гэтага тэста, добра, калі яго пройдзе само жыццё.

Працягваючы пазітыўныя прыклады, хачу згадаць фэнтэзійныя апавяданні з электроннай кнігі “Нявеста-пачвара” аўтара, што хаваецца пад псеўданімам Неролі, якія поўняцца жаночымі вобразам, міфічнымі і рэальнымі, сімпатычнымі і агіднымі, жывымі і памерлымі, і герой-паэт нават прыдумляе пра іх песні:

“Радкі складваюцца самі сабой, і я ўжо чую новы напеў. Гэта будзе песня аб дзяўчынцы з лютняй, якая спявае пра журботнае сэрца ашуканай прыгажуні. І Аліл, каралева кутрубаў, панна-пачвара з тварам, паедзеным чарвякамі, сядзіць на троне з чалавечых костак і з добразычлівай усмешкай асыпае дзяўчынку залатымі манетамі”.

Акурат тут тэст Бэкдэл амаль пройдзены: дзве жанчыны тут хоць і не размаўляюць, але маюць відавочную камунікацыю, яўна не звязаную з мужчынамі.

А вось адзін з самых запамінальных фрагментаў з апавядання Таццяны Барысік “Жанчына і леапард”, кароткі маналог гераіні пра яе мару:

“— Леапардам хачу стаць, у будучым жыцці. <...> Я пра яго ў кніжцы даччыной прачытала і па тэлевізары бачыла. Ён у зграі не жыве. Ляжыць на галіне дрэва над сцежкаю, кудою антылопы на вадапой ідуць, і палюе сабе сваю здабычу. А футра ў яго — майму паліту не раўня!”

Гэты вельмі лірычны вобраз жанчыны, якая ад безвыходнасці марыць зрабіцца леапардам, — адзін з самых яркіх жаночых вобразаў гедройцаўскага спісу, і не дзіўна, што ён з’явіўся ў кнізе аўтаркі-жанчыны. Гэты вобраз замкнёны на сабе самім, у яго няма “спадарожнай” функцыі ў дачыненні да персанажа-мужчыны, ён існуе незалежна ад стэрэатыпаў пра жанчыну, што часта з’яўляюцца ў творы аўтара-мужчыны.

А вось, па кантрасце, развагі героя апавядання “Лаўцы верхаводак” з кнігі “Брамнік заўжды самотны” Юрыя Станкевіча:

“Яшчэ раней так званую эмансіпаваную, “вызваленую” жанчыну ўзвялі ў “культ” і — атрымалі дурніцу розных узроўняў: ад “надзвычайнай” афіцыянткі, якую заморскі прынц павінен адразу браць у жонкі, да “бізнес-вумен”, на яе, простую прадавалку, калісьці абавязкова западзе залётны алігарх і зробіць сваёй жонкай — галоўнай бізнесменкай, ахмістрыняй і яшчэ чорт ведае кім, яна, падагрэтая падобнымі фантастычнымі гісторыямі, сябе рэфлексуе. А тое, што такія дурніцы развальваюць цэлыя дзяржавы, тым дзяржавам напляваць? Выходзіць, што так”.

Такая дэманізацыя “эмансіпаваных” (у разуменні аўтара) жанчын, што развальваюць дзяржавы, мараць выйсці за алігарха і не задаволеныя сваімі тутэйшымі мужчынамі, а таксама “бізнес-вумен” — трэба разумець, самастойных жанчын, здольных наладзіць сваё жыццё, — сведчыць пра поўную блытаніну паняццяў у галаве аўтара. Цікава: беручы слова “вызваленая” ў двукоссе, аўтар хоча супрацьпаставіць ёй жанчыну “зняволеную”, тую, што адпавядае ідэалам патрыярхальнага свету?

Аднак у прозе Юрыя Станкевіча асуджаецца не толькі эмансіпаваная жанчына — аўтар мае надзвычайны талент дыскрымінаваць паводле самых розных прыкметаў. Вось, напрыклад, дыялог з апавядання “Тэрыторыя шчасця”:

“— Дык што — тут няма законаў? — спытаў юнак. — Якія тут законы, на Тэрыторыі Шчасця?

— Звычайныя. Як і паўсюль. Асноўных тры: не прагульвай лішняга (гэта значыць, больш таго, што маеш), не “стучы” і не паводзь сябе як жанчына — у сэнсе педэрастыі. Хіба ў вас там, за акіянам, — іншыя законы?”

Ну праўда, што можа быць горш, чым “паводзіць сябе як жанчына”?

 

Замест заключэння

Мне не хочацца рабіць тут ніякіх высноваў, бо гэты тэкст — не гендарнае літаратуразнаўчае даследаванне, а хутчэй запісаныя спехам уражанні чытачкі ад самай сучаснай (а ў многіх выпадках і высока ацэненай) беларускай прозы. Літаратура ў пэўным сэнсе адлюстроўвае тое, што адбываецца ў грамадстве, і прыемна, што ў нас выходзяць творы, якія сведчаць пра паступовыя змены ў свядомасці людзей. Тым не менш мне хацелася б вярнуць усіх, хто чытае гэты тэкст, да першай яго часткі: у нас катастрафічна не хапае пісьменніц, якія б маглі расказаць пра жаночы досвед, прывесці жаночую версію гісторыі, апісаць жаночае ўспрыняцце падзей, што адбываюцца ў сённяшнім свеце, і ўрэшце патлумачыць, хто такая жанчына і чаму быць ёй зусім не ганебна і не сорамна. Будзе досыць цяжка заахвоціць жанчын пісаць больш ці мужчын — абысціся ў сваіх творах без аб’ектывацыі. Магчыма, адзінае, што можна цяпер зрабіць, — гэта гаварыць пра літаратуру ў тым ліку з гендарнага гледзішча, каб праблема была на слыху. А раптам гэта дапаможа каму-небудзь разабрацца, у чым насамрэч палягае жаночая эмансіпацыя?

 

Крыніцы:

Мартысевіч, М. Вінегрэт: рэцэнзія на кнігу В. Казько “Час збіраць косці”. — http://gedroyc.by/2015/05/27/maryya-martysevch.html

Щурко, Т. Гендерный анализ учебников по “Всемирной истории”. — http://nmnby.eu/news/analytics/4016.html

Сайт Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца http://gedroyc.by

Чытайце таксама

Кніжная вокладка 2009 (паводле amazon.com)

Кніжная вокладка 2009 (паводле amazon.com)

Інтэрнэт-кнігарня amazon.com напрыканцы 2009 года прадставіла рэйтынг найлепшых кніжных вокладак, што з’явіліся сёлета на старонках крам, цешылі зрок і прываблівалі патэнцыйных…

“Кароль Мацюсь” і яго прыгоды ў рускіх і беларускіх перакладах

Марына Шода

“Кароль Мацюсь” і яго прыгоды ў рускіх і беларускіх перакладах

Паэт, які часам перакладае

Вера Бурлак

Паэт, які часам перакладае

— Вера Бурлак вядомая беларускаму чытачу хутчэй як паэтка, чым як перакладчыца. Наколькі значнай для Вас самой перакладчыцкая дзейнасць? Вы лічыце сябе паэтам-перакладчыкам ці ўсё ж паэтам, які проста…

Прэмія імя Т. С. Эліята

Прэмія імя Т. С. Эліята

12 студзеня 2009 года стала вядомае імя ўладальніцы галоўнай брытанскай паэтычнай прэміі – прэміі імя Т. С. Эліята (Тhe TS Eliot prize for poetry). Ёй стала малавядомая 30-гадовая паэтка Джэн Хэдфілд (Jen…

3837