№17: Гульня ў гарады

№17: Гульня ў гарады

У новым, сямнаццатым, нумары мы спрабуем паглядзець, якімі бачаць свае гарады нашы сучаснікі і аднадумцы, пісьменнікі і пісьменніцы ХХІ стагоддзя.

Чытаць далей

Міхаіл Валодзін

"Мінск варты таго, каб яго пісалі на розных мовах…"

6 сакавіка 2017

Гутарка Альгерда Бахарэвіча з Міхаілам Валодзіным

А.Б.: Апошнім часам беларуская літаратура пачала актыўна асвойваць тэму Менска. Як на ваш погляд, тое, што цяпер пішацца пра Менск, — гэта ў большай ступені мэйнстрым, спроба сыграць на моднай тэме або і праўда мы пачынаем нешта асэнсоўваць?

— Тэму Мінска асвойвае, хутчэй, “калялітаратура”: фотаальбомы, турыстычныя даведнікі, шляхаводнікі… У ХХІ стагоддзі колькасць прыкладных выданняў пра горад вырасла шматкроць. Але і ў літаратуры ўсё не проста: трэба размяжоўваць кнігі, дзе Мінск выступае месцам дзеяння герояў, і дзе героем робіцца сам горад. Апошніх як было мала, так мала і застаецца. Да тых, што здаўна люблю (“Залатая горка” Канстанціна Тарасава, “Гарадскія сны” і “Сцэны з мінскага жыцця” Аляксандра Станюты, “Фашыст праляцеў” Сяргея Юр’енена, раздзелы з кнігі Валянціна Тараса “На выспе ўспамінаў”) дадалася, напэўна, толькі адна — “Былы сын” Сашы Філіпенкі.

Зварот да горада — гэта адначасова і мода, і туга па цвёрдай глебе пад нагамі. Як я аднойчы напісаў, кожнае новае пакаленне менчукоў пачынае жыць начыста. Пакліканне літаратуры — запоўніць лакуны матэрыяльнай культуры: зруйнаваныя будынкі, спаленыя кнігі, вытручаныя традыцыі. Мяркую, Мінск будзе займаць усё большае месца — не толькі ў кнігах, але і ў мастацтве наогул. Людзям патрэбны не муляж, а жывы горад.

— Ці важная, на ваш погляд, мова “менскіх” тэкстаў? Ці можна, напрыклад, выразна напісаць пра Менск, карыстаючыся толькі беларускай або толькі расейскай мовай?

— Кнігу пішуць, натуральна, на адной мове. Але для стварэння вобраза горада, на мой погляд, можа не хапіць і дзвюх. Любое абядненне — наўмыснае або па недамысленасьці — аўры горада, звядзенне яе да мона-мовы, -культуры, -традыцыі прывядзе да таго, што літаратура перастане апісваць горад, але будзе здольная апісаць толькі ягоную частку, толькі нейкі слой. На мой погляд, Мінск варты таго, каб яго пісалі на розных мовах, рознымі пэндзлямі і фарбамі, гралі на розных інструментах.

— Вы — аўтар “Мінскіх гісторыек”, паспяховай і папулярнай кнігі. Мне яна падаецца вельмі постмадэрнісцкім тэкстам — прынамсі, вы як аўтар у ёй дазваляеце сабе больш, чым можа пісьменнік-папулярызатар, і гуляеце з чытачом і з фактамі. Што там праўда і што выдумка — і наколькі можна дазволіць сабе свабоду, пішучы такі нон-фікшн?

— Хачу спадзявацца, што ў “Мінскіх гісторыйках” усё праўда. Бо я ж не стаўлю задачай стварэнне навукова-гістарычнай працы. Хутчэй складаю мазаіку з гісторыек, мэтай якіх ёсць вывесці Мінск з правінцыі і злучыць са светам (адсюль слоган “Миру Минск!”). А яшчэ паспрабаваць захаваць (а ў нечым і сфармаваць) аблічча горада. Бо Адэса — яна не ўся пабудаваная з анекдотаў, а Пецярбург — з Неўскага з карыятыдамі… Для стварэння вобразу патрэбны і адбор, і дадумванне, і… плёткі. Так-так, плёткі. Яны, паводле Даўлатава, часам працуюць не горш за натарыяльна завераныя дакументы. Праўда, толькі ў тым разе, калі не выпадаюць з вобраза аб’екту. У нашым выпадку — Мінска.

— Ці можна казаць пра ўжо створаны міф Менска, які замацаваўся ў культуры?

— На мой погляд, нельга. Паваенны Мінск намагаліся прымусіць забыць пра Мінск даваенны і ператварыць у “горад сонца”. Мінск сённяшні мае патрэбу ў дапамозе, каб пазбавіцца гэтага клішэ. Трэба знайсці асаблівасць горада, ягоную “самасць”.

Для мяне гэтых асаблівасцяў некалькі.

а. “Мінск — птушка фенікс”: яго спальвалі, руйнавалі, але ён кожнага разу падымаецца з попелу і пачынае новае жыццё. На змену адным менчукам прыходзяць іншыя, знікаюць без следу адны будынкі, і на іхных аскепках вырастаюць новыя.

б. “Мінск — бацька эмігрантаў”: менчукі паводле нараджэння часта рэалізуюцца ў іншых месцах.

в. “Мінск — Вавілон (дакладней, пераадоленне Вавілона)” — тут змяшаліся мовы і розная кроў, культуры і рэлігіі… Мірна, спакойна, з павагай адны да адных.

То бок мой вобраз майго Мінска — мультыкультурны. І, мне здаецца, спробы стварыць монакультурны вобраз, нават калі ўсе ягоныя складнікі будуць праўдзівыя, у выніку будзе ілжывы.

— Вы часта вандруеце і шмат дзе пабывалі. Ці даводзілася вам непасрэдна сустракацца з менскімі слядамі на нашай планеце? У выглядзе людзей, легендаў, хлусні, стэрэатыпаў?

— Даводзілася, хоць і нячаста. Адзін такі, мабыць, самы дзіўны выпадак я апісаў у аповедзе пра тое, як я гасцяваў у менанітаў у Белізе. Менаніты блізкія да талстоўцаў (дакладней, наадварот). Узнікшы ў часы Рэфармацыі і павандраваўшы па Еўропе, яны аселі ў Расійскай імперыі і сталі зарабляць сабе на жыццё сельскай гаспадаркай. Пасля расійска-турэцкай вайны іх, якія адмаўляліся браць у рукі зброю, пачалі выціскаць з Расіі. Расійска-японская вайна падвяла рысу. Дык вось, у летапісе сям’і, пад дахам якой я правёў некалькі дзён, высветлілася, што апошнія тры пакаленні маюць свае карані ў Мінску: па дарозе праз наш горад у Амерыку нарадзіўся дзядуля тых, у каго я спыніўся.

Цікава, што да менанітаў у Беліз (магчыма, да тых самых!) у канцы дзевятнаццатага стагоддзя выправіўся, “захварэўшы” на талстоўства, бацька стваральніка кібернетыкі Нобэрта Вінэра, Леа Вінэр, які вучыўся ў Мінскай гімназіі.

Наш горад цесна злучаны са светам, трэба толькі паставіць задачу знайсці гэтыя сувязі і не замкнуцца ва ўласным маленькім свеце.

— Назвы Менск, Мінск, Минск, якія існуюць часам паралельна, часам перасякаючыся, часам уступаючы ў канфлікт, — гэта гульні з мовай, з палітыкай, з гісторыяй, з оптыкай, з нечым яшчэ?..

— Для мяне горад, у якім я нарадзіўся, вядома ж, носіць назву Мінск. Але я з павагай стаўлюся да яго гістарычных імёнаў. На жаль, сёння гэта з гульні, як вы выказаліся, з оптыкай ператварылася ў палітычную гульню. Людзі забываюць, што сама па сабе назва не абяцае ні лепшага жыцця, ні нават развіцця той ці іншай культуры. У 1930-я гады ўсе дакументы, якія тычыліся, напрыклад, будаўніцтва Дома ўраду, вяліся па-беларуску, у іх Мінск называўся Менскам, але гэта не ўратавала шмат каго з тых, хто засяліў гэты дом, ад году 1937-га.

— Калі б вас прызначылі такім сабе Minsker Stadtschreiber, чалавекам, які вядзе кроніку горада, на якія падзеі і якія месцы ў гэтым горадзе вы звярталі б увагу найперш?

— Па-першае, я не пагадзіўся б. Ні мой характар, ні задачы, якія я стаўлю перад сабой, не прадугледжваюць скрупулёзнасці летапісца. А па-другое, калі б мне ўсё ж давялося ім зрабіцца, я надаваў бы максімум увагі падзеям, якія дапамагалі б злучыць разбураныя войнамі і дурной уладай гарадскія традыцыі, міфы, культурныя і прычынна-выніковыя сувязі. Каб наступныя пакаленні жылі на падмурку пакаленняў папярэдніх. А яшчэ вылучаў бы з агульнага шэрагу падзеі, якія робяць мой горад горадам Свету.

Чытайце таксама

Блізкія сэрцу думкі

Ян Скрыган

Блізкія сэрцу думкі

Ёсць такая кніга «Русские писатели о языке». Гэта не проста кніга, а хрэстаматыя, прызначаная для школ, каб думкі перадавых людзей зямлі рускай перадаваліся кожнаму новаму пакаленню, як патрыятычныя наказы…

3D-кнігі

3D-кнігі

Сёння ўсе сайты трубяць, што навукоўцы з Паўднёвай Карэі стварылі кнігу з выкарыстаннем тэхналогіі 3D. Такім чынам, у кнізе пра персанажа можна не толькі прачытаць, але і ўбачыць яго трохмерны малюнак.

Адчуць сябе паэтам 16 стагоддзя

Жанна Некрашэвіч-Кароткая

Адчуць сябе паэтам 16 стагоддзя

Паколькі я ў асноўным перакладаю творы эпох Рэнесансу і Барока, то ў сваёй перакладчыцкай методыцы я арыентуюся на захаванне максімальнай блізкасці да тэксту арыгінала...

Я гатовы перакладаць шмат

Аляксей Жбанаў

Я гатовы перакладаць шмат

— Ідэя праекту “Песні філаматаў і філарэтаў” узнікла ў канцы 2008 году, калі, пазнаёміўшыся з выдатным беларускім музыказнаўцам, супрацоўніцай Беларускай акадэміі музыкі і творчага калектыву “Беларуская…

475