№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Ян Руар Лейквол

Міжволі гратэскавы

10 кастрычніка 2017

Міжволі гратэскавы

Інтэрв’ю Б’ярне Рысэр Гундэрсэна з Янам Руарам Лейкволам у газеце Morgenbladet

Як чытача і назіральніка Яна Руара Лейквола непакояць брутальныя сцэны. Аднак калі яны з’яўляюцца ў яго ўласных тэкстах, ён нічога не можа з гэтым зрабіць.

— Дзеянне вашага дэбютнага рамана адбываецца ў канцэнтрацыйным лагеры, яго працяг “Скрыпкі” (Fiolinane) апісвае жыццё сям’і на кучы смецця, а цяпер у якасці месца дзеяння вы абралі сярэднявечны кляштар. Што вас прыцягвае ў гэтых закрытых сусветах?

— Думаю, гэта звязана з іх клаўстрафобнасцю. Яна надае абмежаваным сусветам усіх гэтых кніг нешта застрашлівае, гэта мяне і заінтрыгавала.

— А ці працуе іх замкнёнасць на карысць іншых наратыўных і псіхалагічных мэтаў твора?

— Натуральна. Там менш рэчаў, з якімі можна адчуць сувязь, і гэта пакідае прастору для даследавання таго, што мяне найбольш цікавіць: што значыць быць чалавекам? Калі я пішу, то часцяком бачу чалавека на пустой сцэне, аздобленай усяго некалькімі дэкарацыямі. А калі я спрабую змясціць сваіх герояў у больш дэталізаваныя сусветы, то часта адчуваю, як людзі знікаюць.

— Усе тры вашыя раманы таксама апісваюць эратычнае напружанне паміж мужчынамі, пошукі прызнання ці ўвагі між мужчынамі. Да чаго вы ведзяце?

— На гэта цяжка даць канкрэтны адказ; сюжэт зазвычай прыходзіць міжволі, я не прадумваю яго наўмысна. Але, мабыць, мне падаецца, што цікавей выбудоўваць напружанне паміж двума мужчынамі — напрыклад, адным слабейшым і адным мацнейшым, — чым апісваць класічныя стасункі мужчыны і жанчыны. Праўда, у “Бавары” (Bovara) маладая жанчына таксама паступова ўваходзіць у сюжэт, і гэта адчуваецца як палёгка.

— Газета Bergens Tidende піша, што вашая бескампрамісная натура і песімізм значаць, што вашае “становішча ў нарвежскай літаратуры даволі адасобленае”. А як вам падаецца?

— У нейкім сэнсе так, але гэта іншым вырашаць, ці адпавядае такое адчуванне рэчаіснасці. Напраўду існуюць групы блізкіх аўтараў, але я намагаюся знайсці тых шматлікіх іншых у сваёй групе. І ў той жа час я атрымліваю добрыя водгукі, а таму адчуваю сваю абсалютную далучанасць.

— Але тыя выразныя містычныя сюжэты, якія вы ствараеце, — папросту антыподы Кнаўсгаравых, вы так не лічыце?

— Канечне. Але ў той жа час два першыя раманы Кнаўсгара для мяне значылі вельмі шмат. І насамрэч я асабіста чытаю больш “рэалістычнай” літаратуры, чым так званай чыста мастацкай. Напрыклад, Пэр Улаў Энквіст — адно з маіх апошніх наймацнейшых чытацкіх уражанняў. І хоць ягоныя кнігі адрозніваюцца ад маіх, мяне натхняе тое, як ён прымушае сказы дрыжаць, не выкарыстоўваючы моцных прыёмаў, нават калі гісторыі, што стаяць за імі, часта досыць катастрафічныя.

— Але вас таксама прыцягвае гратэск. У “Бавары” мы бачым сцэну аральнага сэксу паміж старэйшымі манахамі — “яго напятае дрэўка глыбока ўвайшло ў маю глотку” — а таксама апісанне семені, што на смак як вараная пячонка, ці яблык, ці сліва. Што даюць вам такія апісанні?

— Часам я хіхікаю, калі працую над такімі падрабязнымі абзацамі, думаючы, што гэта ўжо занадта, занадта груба. Але ў той жа час я не хачу блакаваць уласнае ўяўленне, калі гэта той кірунак, у які яго цягне. І хоць атрымліваецца брыдка, але і праўдзіва таксама. Я думаю, так яно і мусіла быць некалі ў мінулым.

— Дык вас усё ж захапляе рэалізм у нейкім сэнсе?

— У агульных рысах, так. Абзацы накшталт гэтага пісаліся не для таго, каб наўмысна спекуляваць ці шакаваць.

— Я бачыў водгукі школьнікаў, якія, прачытаўшы вашыя кнігі, пасля запытваліся, ці мусіць літаратура быць такой грубай. Як бы вы ім адказалі?

— Я, мабыць, сказаў бы, што ўсё гэта можа падацца жорсткім, калі разглядаць адну з маіх кніг адасоблена, але я збіраюся напісаць яшчэ шмат раманаў, і тады вы пабачыце, як я развіваюся. Можа падацца, што гэта высокія словы, але ў тым, што я пішу цяпер, я заўважаю эвалюцыю як маёй мовы, так і мяне як асобы. І ў той жа час мне падавалася важным напісаць тыя тры кнігі.

— А таму вы спачатку праганяеце сыры матэрыял, каб прачысціць трубы?

— Я ўпэўнены, моладзь гэта ацэніць.

— У такіх сферах, як кампутарныя гульні і кіно не заціхае дыскусія пра эксплуатацыю жорсткасці і тое, што яна робіць з намі, але ў літаратурным полі людзі ніколі пра гэта не размаўляюць. Што вы думаеце на гэты конт?

— На гэтае пытанне адказаць не так проста. Асабіста мяне пачынае нудзіць, калі кнігі ці фільмы выкарыстоўваюць эфект жаху прымітыўна, каб проста прадаць больш. Але тое, што я перажываю, і тое, што я пішу, — гэта дзве фундаментальна розныя рэчы. Думаю, вельмі важна не перашкаджаць тэксту з’яўляцца. Да таго ж кнігі, натуральна, крыху менш даступныя ў грамадстве, чым гульні або фільмы.

— Вы назвалі Энквіста, а ці ёсць у вас іншыя аўтары — крыніцы натхнення, за якімі вы сочыце?

— Я чытаў Кормака Макарці. Калі ўжо столькі людзей выказалася пра заўважнае падабенства паміж нашымі кнігамі. І “Дарогу” (The Road), і “Старым тут не месца” (No Country for Old Men) я прачытаў з вялікім задавальненнем, але ўсё роўна думаю, што мы працуем над рознымі рэчамі. У літаратурным плане Кафка для мяне значна важнейшы, гэтаксама як рэжысёры Бергман ці Кеслёўскі і — апошнім часам — савецкае кіно.

— Галоўных герояў у “Бавары” завуць Frrok і Gjin, і яны блукаюць вакол каменных вежаў ля стромых цяснінаў. Ці не хочаце прызнацца, хто на вас паўплываў у жанры фэнтэзі?

— Я не прачытаў ніводнага фэнтэзійнага рамана ў жыцці. Агулам у мяне неадназначнае стаўленне да такіх праектаў. З аднаго боку, я высока цаню стварэнне альтэрнатыўных сусветаў, але з другога, яны ж могуць выклікаць у мяне млосць, як неяк напісаў і Кнаўсгар. Хіба мне не трэба пісаць бліжэй да рэальнасці?

— Пасля 22 ліпеня [1] Сіндрэ Хоўдэнак з газеты VG заклікаў нарвежскіх пісьменнікаў гаварыць пра трагедыю мастацкай мовай, называючы вас адным з кандыдатаў. Як гэта — калі вам кідаюць такую пальчатку?

— Я ў многім з ім згодны і як чалавечая істота хацеў бы зрабіць тое самае, угледзецца ў сваю эпоху. Але ў той жа час як аўтар я ніколі не здолеў бы напісаць кнігу на замову, і я праўда думаю, што героі ў “Бавары”, па сутнасці, таксама па-за часам. Але пры ўмове, што рукапіс, над якім я цяпер працую, зробіцца кнігай [2], я магу прызнацца, што прынамсі дзеянне там будзе адбывацца ў мой час.

— Вы размаўляеце з намі па скайпе з Беларусі, знаходзячыся ў адной са сваіх шматлікіх вандровак па Усходняй Еўропе. Што вы шукаеце там?

— Гэта дае мне адчуванне супакаення, гэта цудоўнае месца для таго, каб пісаць. Ёсць нешта ў тутэйшым небе, будынках і вялізных прамысловых раёнах, якія заўжды захаплялі мяне. У той жа час гэта быццам падарожжа ў бок ад свету: калі я закрыю пасля ноўтбук, то адчую, як знікаю. Мне падаецца, гэта тое, чаго я хацеў заўжды — знікнуць. На нейкі час.

лістапад 2012

 

пераклад з ангельскай — Юля Цімафеева

 
Арыгінал інтэрв’ю: https://morgenbladet.no/boker/2012/motvillig_grotesk

Photo: @Vårt Land and Lars O. Flydal

 [1] 22 ліпеня 2011 году Андэрсс Брэйвік расстраляў моладзевы лагер Нарвежскай рабочай партыі на востраве Утоя, а таксама арганізаваў тэракт у Осла. У выніку загінула 77 чалавек, 151 чалавек быў паранены.
 
[2] Гаворка ідзе пра раман “Пявучая птушка” (Songfuglen), які выйшаў у 2013 годзе. Урывак з рамана па-беларуску: http://prajdzisvet.org/texts/prose/pyavuchaya-ptushka.html

Чытайце таксама

Прэмія часопіса «Иностранная литература»

Прэмія часопіса «Иностранная литература»

15 студзеня 2009 года расійскі часопіс «Замежная літаратура» абвясціў імёны лаўрэатаў сваёй штогадовай прэміі. Сярод уганараваных часопісам – Алена Калашнікава (Елена Калашникова), аўтар зборніка інтэрв’ю…

Я перакладаю бесперастанку...

Сяргей Сматрычэнка

Я перакладаю бесперастанку...

- Якая кніжка ў Вас у дзяцінстве была самая любімая? - Гледзячы які ўзрост разумець пад дзяцінствам. Мне вельмі падабалася многа розных кніг, але самым вялікім захапленнем былі, бадай, раманы Жуля Верна...

Пераклады твораў замежнай літаратуры ў часопісе “Крыніца” (1988-2003)

Ціхан Чарнякевіч

Пераклады твораў замежнай літаратуры ў часопісе “Крыніца” (1988-2003)

Бібліяграфічны даведнік пакліканы адлюстраваць усе перакладзеныя на беларускую мову замежныя творы мастацкіх і публіцыстычных жанраў, надрукаваныя ў часопісе “Крыніца” з дня заснавання (1988) да спынення…

Яшчэ трохі аб мове

Ян Скрыган

Яшчэ трохі аб мове

На старонках цэнтральнага друку, асабліва ў «Известиях», прайшла шырокая гаворка пра культуру мовы. Што гэтая гаворка была патрэбная і карысная, мы пераканаліся на свае вочы...

172