№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Тадэвуш Бароўскі (Tadeusz Borowski)

1922 - 1951

Тадэвуш Бароўскі
Тадэвуш Бароўскі нарадзіўся 12 лістапада ў Жытоміры ў Савецкай Украіне, быў другім сынам Станіслава і Тэафіліі Бароўскіх. У 1926 годзе бацьку Тадэвуша арыштавалі (а да гэтага яго кніжная крама была нацыяналізаваная) і саслалі ў Карэлію, у ГУЛАГ. А праз чатыры гады ў Сібір, на бераг Енісея, была высланая і маці будучага пісьменніка. Два браты-Бароўскія засталіся адны. Старэйшы, Юліюш, трапіў у інтэрнат, малодшым, Тадэвушам, апекавалася цётка. У 1932 годзе Станіслаў Бароўскі быў выменяны на арыштаваных у Польшчы камуністаў і пераехаў у Польшчу, туды ж, з дапамогай польскага Чырвонага Крыжа, паехалі і яго дзеці. Бацька сустрэўся з сынамі пры самай польскай мяжы, у Баранавічах. Годам пазней вярнулася маці, і сям’я Бароўскіх асела ў Варшаве. У 1939 годзе дом Бароўскіх згарэў падчас аблогі Варшавы. У 1940 годзе Тадэвуш скончыў падпольную гімназію (гэтыя, а таксама многія іншыя падзеі апісаныя ў “Экзамене на Гандлёвай” — “Matura na Targowej”), пасля вучыўся ў падпольным Варшаўскім універсітэце на аддзяленні паланістыкі, дзе пазнаёміўся за сваёй будучай жонкай Марыяй Рунда. У гэты час ён працаваў вартаўніком на будаўнічай фірме і падпрацоўваў у часопісе “Дарога” (Droga).

Дэбютаваў Тадэвуш Бароўскі ў 1942 годзе зборнікам вершаў “Паўсюль, дзе зямля” (Gdziekolwiek ziemia), надрукаваным на ручным гектографе ў падпольнай тыпаграфіі. У 1943 годзе падчас адной з аблаваў знікла Марыя, каханая Тадэвуша. Бароўскі кінуўся яе шукаць і на адной з канспірацыйных кватэраў трапіў у засаду. Яго арыштавалі і завезлі ў вязню Павяк, а праз некаторы час — у Асвенцым. Праз некалькі месяцаў ён моцна захварэў і трапіў у асвенцымскі лазарэт, дзе, паправіўшыся, змог з дапамогай сяброў застацца. Ён спрабуе наладзіць сувязь з нявестай, якая ўтрымліваецца непадалёк, але ў значна горшых умовах, перадае ёй лекі. Хутка ён пакідае лазарэт і ўладкоўваецца ў лагерныя страхары, каб мець мажлівасць часцей бачыцца з Марыяй. У жніўні 1944 году яго перавозяць у канцлагер углыб Германіі, спачатку пад Штутгарт, пасля ў Дахаў.

У Асвенцыме Бароўскі не перастае пісаць. На Каляды 1943 году ён стварае цыкл калядак пра любоў, якія спяваюць зняволеныя. Сябры ў Варшаве надрукавалі яго лагерныя вершы асобным зборнікам Arkusz poetycki № 2, але сам аўтар гэтую маленькую падборку вершаў, хутчэй за ўсё, не бачыў — адзіны ацалелы асобнік быў знойдзены пасля яго смерці. 1 траўня 1945 году лагер Дахаў быў вызвалены Сёмай амерыканскай арміяй, і Бароўскі апынуўся ў лагеры для перамешчаных асобаў пад Мюнхенам. Хутка ён пераязджае ў Мюнхен і атрымлівае працу ў Бюро пошукаў родных пры камітэце польскага Чырвонага Крыжа. Тадэвуш спрабуе знайсці сваю нявесту і праз некалькі месяцаў знаходзіць яе, моцна хворую, у Швецыі, але сустрэцца ў іх не атрымліваецца. У гэты час ён піша шмат вершаў, а таксама разам з Крысцінам Альшэўскім і Янушам Нэль-Сядлецкім — дакументальную кнігу “Мы былі ў Асвенцыме” (1946).

Толькі ў чэрвені 1946 году Бароўскі вяртаецца ў Варшаву. Там ён урэшце сустракаецца з нявестай, і яны жэняцца. Бароўскі рэзка закідвае паэзію і бярэцца за прозу. У 1948 годзе выходзіць зборнік яго апавяданняў “Развітанне з Марыяй”. Кніга выклікала ў многіх крытыкаў і чытачоў шок і неразуменне. Аднаго з герояў апавяданняў Бароўскага — чалавека някепскага па прыродзе, але які навучыўся любымі шляхамі выжываць у лагерах, пачалі атаясамліваць з аўтарам. У тым жа годзе выйшла яшчэ адна кніга — цыкл кароткіх навэлаў “Каменны свет”.

У 1948—1949 пачынаецца новы перыяд у жыцці пісьменніка. Новыя лозунгі сацыялістычнага рэалізму не знаходзяць водгуку ў творчасці Бароўскага, але неразуменне яго твораў вымушае пісьменніка засумнявацца ў правільнасці яго літаратурнага метаду і саміх ідэяў. У 1949 годзе Бароўскі едзе ў Германію; у гэты час ён лічыць, што сацыялізм — найлепшы спосаб перастварэння свету, у якім былі магчымыя ўсе перажытыя ім жахі. Назад у Польшчу ён вяртаецца прыхільнікам сацыялізму і сацыялістычнага рэалізму. У 1950 годзе асноўная яго ўвага аддадзеная палітыцы і публіцыстыцы — уласная творчасць адыходзіць на другі план. Яго самазабойства праз некалькі дзён пасля нараджэння дачкі — 3 ліпеня 1951 году, калі Бароўскі атруціўся газам, — дагэтуль застаецца неразгаданай таямніцай.

Бароўскі лічыцца адным з самых значных польскіх празаікаў паваеннаяга дзесяцігоддзя, творчасць якога значна паўплывала на наступныя пакаленні пісьменнікаў. Яго сябра Тадэвуш Дрэўноўскі напісаў пра яго некалькі кніг, сярод якіх біяграфія “Уцёкі з каменнага свету” (Ucieczka z kamiennego świata, 1962), а таксама выдаў яго эпісталярную спадчыну.

У 1970 быў зняты польскі фільм “Краявід пасля бітвы”, заснаваны на творах Бароўскага. Кнігі Бароўскага згадваюцца ў рамане нямецкага пісьменніка Бернхарда Шлінка “Чытач” (Der Vorleser, 1995), дзе апавядаецца пра былога вартаўніка канцэнтрацыйнага лагеру, які скончыў жыццё самагубствам, прачытаўшы ўспаміны сваіх былых вязняў (сярод якіх называецца і Бароўскі). Нобелеўскі лаўрэат 2002 году Імрэ Кёртыс казаў, што ўсе яго творы напісаныя пад уплывам прозы Бароўскага.

Чытайце таксама

Інгрыд Ноль

Інгрыд Ноль

Нямецкая аўтарка дэтэктываў і трылераў

Імануэль Вайсглас

Імануэль Вайсглас

Нямецкамоўны пісьменнік і перакладчык габрэйскага паходжання

Роберт Бэрнс

Роберт Бэрнс

Шатландскі паэт, фалькларыст, пісаў па-ангельску і на скотсе. Знакавая для Шатландыі постаць

Шарлота Пэркінс Гілман

Шарлота Пэркінс Гілман

Амерыканская пісьменніца, эканаміст, выкладчык і ранні тэарэтык фемінісцкага руху

1598