№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мэцью Грэгары Льюіс (Matthew Gregory Lewis)

1775 - 1818

Мэцью Грэгары Льюіс
Мэцью Грэгары Льюіс, ён жа “Манах” Льюіс – ангельскі раманіст і драматург, які стаў знакамітым перш за ўсё дзякуючы раману “Манах”, які напісаў у дзевятнаццаць гадоў. Нарадзіўся будучы пісьменнік 9 ліпеня 1775 году ў сям’і знакамітасцяў: яго бацька, Мэцью Льюіс, быў значным палітычным дзеячам, маці, Фрэнсіс Мэрая Сэвэл Льюіс, – мела ўплыў пры двары. У сям’і Льюісаў было чацвёра дзяцей – два сыны і дзве дачкі. У 1781 годзе, калі будучаму пісьменніку было 6 гадоў, маці кінула свайго мужа і сышла да Сэмюэла Харысана, выкладчыка музыкі. Пасля разрыву Фрэнсіс жыла пад імем Лэнглі, каб пра яе месцазнаходжанне не даведаўся муж, але тым не менш ён ведаў, дзе яна жыве, і калі праз год, 3 ліпеня 1782 году, у яе нарадзілася дзіця, ён прыехаў да яе. Крыху пазней ён пачаў працэс разводу, аднак Мэцью і Фрэнсіс афіцыйна заставаліся жанатымі да самай смерці Мэцью ў 1812 годзе. Фрэнсіс, хаця і была вымушаная пераехаць у Францыю, усё жыццё матэрыяльна залежала ад мужа, а пасля ад сына. Праз некаторы час яна змагла вярнуцца ў Лондан і нават стала фрэйлінай прынцэсы Ўэльскай. Сам пісьменнік заўсёды меў з маці досыць цёплыя стасункі.

Пачатковую адукацыю Льюіс атрымаў у мерылеборнскай школе, дзе сярод іншага вывучаў лацінскую, грэцкую і французскую мовы. Пасля, ва ўзросце 8 гадоў, ён перайшоў у Вестмінстэрскую школу, а з красавіка 1790 года – у Крайст-Чэрч, Оксфард, дзе атрымаў у 1794 годзе ступень бакалаўра, а ў 1797 годзе – ступень магістра.

Рыхтуючыся стаць, як і бацька, дыпламатам, большую частку школьных канікулаў Льюіс праводзіў за мяжой, вывучаючы замежныя мовы. У 1791 годзе ён пабываў у Парыжы, у 1792–1793 – у Германіі. Менавіта ў гэты час ён пачаў займацца перакладам мастацкай літаратуры і пісаць уласныя п’есы.

У 1791 годзе Льюіс даслаў маці спіс фарса пад назвай “Эпісталярная інтрыга” (The Epistolary Intrigue). Пісьменнік хацеў паставіць гэты твор на сцэне Лонданскага тэатра Друры Лэйн, але там п’есу не ўзялі; пазней яна была пастаўленая ў суседнім Ковент Гардэн. Мяркуецца, што ў гэты самы час ён напісаў раман у двух тамах. Да сённяшняга дня дайшлі толькі фрагменты гэтага рамана, што былі выдадзеныя ў надрукаванай пасмяротна працы “Жыццё і ліставанне М. Г. Льюіса”. У сакавіку 1792 году Льюіс пераклаў французскую оперу “Фелікс” (Felix) і даслаў яе ў Друры Лэйн, спадзеючыся зарабіць грошай для сваёй маці. Пачаўшы пісаць раман у духу “Замка Атранта” Хораса Ўолпала, ён не пакідаў ствараць для сцэны – аднак напісаная ў гэты час п’еса “Індыец” (The East Indian) была пастаўленая ў Друры Лэйн толькі праз сем гадоў пасля напісання. Падчас паездкі ў Германію Льюіс пераклаў “Аберона” Віланда, дзякуючы чаму пазнаёміўся з Гётэ.

З дапамогай бацькі Льюіс атрымаў пасаду брытанскага аташэ ў Гаазе, куды ён і прыехаў 15 траўня 1794 году і дзе заставаўся да снежня таго ж году. Менавіта там за дзесяць месяцаў быў напісаны раман жахаў “Манах” (Ambrosio, or The Monk), які быў ананімна выдадзены летам 1794 году. Льюіс адразу зрабіўся знакамітым, аднак праз год прадаваць раман было забаронена. У другім выданні Льюіс выкінуў асобныя, найбольш “абуральныя” моманты, але ў цэлым захаваў вусцішную атмасферу твора. Раманам захапляліся ўсе – ад лорда Байрана (які назваў аўтара “чарадзеем Льюісам, манахам ці бардам”) да маркіза дэ Сада, што ўсхваліў пісьменніка ў нарысе “Разважанні пра раман”.

З 1796 да 1800 г. Льюіс займаў пасаду ў Брытанскім парламенце, аднак ужо ў 1802 годзе ўвогуле кінуў палітычную кар’еру – асноўнай яго цікавасцю была літаратура. Яго п’еса “Прывід замка” (The Castle Spectre, 1796) паспяхова ішла на сцэне Друры Лэйн (у 1798 годзе яе паставіў сам Р. Б. Шэрыдан), яго творы, а таксама пераклады рабіліся ўсё больш папулярнымі. У гэты ж час Льюіс пазнаёміўся з Байранам, Вальтэрам Скотам, Шэлі, у 1801 годзе выдаў зборнік “Чароўныя гісторыі” (Tales of Wonder). Пасля смерці бацькі ў 1812 годзе Льюіс атрымаў у спадчыну вялікую маёмасць і ў 1815 годзе выправіўся ў Вест-Індыю, на Ямайку, каб агледзець замежную частку свае спадчыны. Самым яго значным дасягненнем гэтага перыяду было скасаванне рабства на плантацыях, а таксама ўдасканаленне працоўных прыладаў. Летам 1816 году Льюіс наведаў Персі Бішы Шэлі і Мэры Шэлі ў Жэневе. Пяць гісторыяў пра прывідаў, якія ён расказаў падчас гасцявання, былі пасля запісаныя Шэлі. У 1817 годзе Льюіс зноў выправіўся ў падарожжа на Ямайку, аднак захварэў на жоўтую ліхаманку і памёр па дарозе дадому, у Англію. Дакладная дата яго смерці не вызначаная – гэта альбо 14, альбо 16 траўня 1818 году.

Чытайце таксама

Антоніё Табукі

Антоніё Табукі

Аўтар раманаў, апавяданняў, нарысаў, тэатральных сцэнараў, куратар італьянскага выдання твораў Фэрнанду Пэсоа.

Макс Бірбам

Макс Бірбам

Ангельскі эсэіст, парадыст, мастак-карыкатурыст, кніжны ілюстратар

Анджэй Тшэбіньскі

Анджэй Тшэбіньскі

Польскі паэт, драматург, літаратурны крытык і публіцыст з "пакалення калумбаў"

Віторыё Альф'еры

Віторыё Альф'еры

Віторыё Альф'еры вядомы найперш як драматург. Ён аўтар таксама палітычных трактатаў, вершаў, мемуараў

1245