№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джэйн Остэн (Jane Austen)

1775 - 1817

Джэйн Остэн

Джэйн Остэн – ангельская пісьменніца, “першая лэдзі” ангельскай літаратуры, якая запачаткавала сямейны раман. Пра яе жыццё вядома вельмі мала: з яе багатага ліставання (больш за 3000 лістоў) да нас дайшло толькі 160 – астатнія былі знішчаныя яе сястрой Касандрай і нашчадкамі адмірала Фрэнсіса Остэна, яе брата. Пэўны час пасля яе смерці пра яе пісалі толькі блізкія; у асноўным усё зводзілася да формул накшталт “добрая ціхая цётачка Джэйн”. Сучасныя даследчыкі, спрабуючы раскапаць хоць нейкія новыя звесткі пра яе жыццё, прасунуліся ненашмат далей.

Джэйн Остэн нарадзілася 16 снежня 1775 году ў сям’і Джорджа і Касандры Остэнаў, якія належалі да класа джэнтры – нетытулаванага дробнапамеснага дваранства. Сям’я Остэнаў была вялікая: шасцёра сыноў (Джэймс, Джордж, Эдвард, Генры Томас, Фрэнсіс “Фрэнк” Ўільям і Чарлз Джон) і дзве дачкі – Джэйн і Касандра. Сярод братоў самым блізкім Джэйн быў Генры (пэўны час ён працаваў банкірам, а калі банк збанкрутаваў, зрабіўся англіканскім святаром), які быў таксама літаратурным агентам сястры. Брат Джэйн Джордж быў псіхічна нездаровы і нават не гаварыў. Чарлз і Фрэнк служылі ў флоце і абодва зрабіліся адміраламі. Эдварда ўсынавілі багатыя родзічы Остэнаў Найты, ён атрымаў у спадчыну іх маёмасць і імя ў 1812 годзе.

У 1783 годзе Джэйн і Касандра пачалі навучанне ў місіс Эн Каўлі ў Оксфардзе і праз год пераехалі з ёй у Саўтхэмптан. Але праз некаторы час дзяўчаты захварэлі на тыф; Джэйн ледзь не памерла. Апроч таго, дырэктарка школы мела досыць дэспатычны характар. Дзяўчат перавялі ў школу ў Рэдынг, якой кіравала досыць добразычлівая асоба, аднак веды навучэнак хвалявалі яе вельмі мала. У снежні 1786 году бацька вярнуў дачок дадому, бо не змог больш плаціць за навучанне, і сам заняўся іх адукацыяй. Ён навучыў іх любіць класічную літаратуру: Шэкспіра, Голдсміта, Юма. Апроч таго, дзяўчаты чыталі шмат раманаў: Рычардсана, Філдынга, Стэрна, Эджварт, сярод паэтаў аддавалі перавагу Каўперу, Томсану, Томасу Грэю. Пасля вяртання са школы Остэн да канца жыцця жыла разам з сям’ёй.

Прыкладна ў пачатку 1787 году Джэйн Остэн пачала пісаць вершы, апавяданні і п’есы, якімі забаўляла сваіх родных. Пазней яна сабрала 29 твораў, напісаных у 1787–1793 гадах, у тры сшыткі, вядомыя цяпер як Juvenilia. Сярод гэтых твораў варта назваць сатырычны раман ў лістах пад назвай “Каханне і сяброўства” (Love and Friendship), які высмейвае папулярныя ў той час чуллівыя раманы, а таксама 34-старонкавы рукапіс “Гісторыя Англіі” (The History of England) з 13 акварэльнымі малюнкамі Касандры – твор гэты высмейвае папулярныя гістарычныя працы і ў прыватнасці “Гісторыю Англіі” Олівера Голдсміта. Даследчык творчасці Остэн Рычард Джэнкінс апісвае ювенілію пісьменніцы як “бурную” і “анархічную” і параўноўвае яе з раманамі Лоўрэнса Стэрна, а таксама з творчасцю камедыйнай групы “Монці Пайтан”.

Пасталеўшы, Джэйн Остэн засталася жыць у бацькоўскім доме, займаючыся тым, чым звычайна займалася жанчына яе ўзросту і сацыяльнага статусу: практыкавалася ў гульні на фартэпіяна, дапамагала маці і сястры кіраваць гаспадаркай, наведвала родных і сяброў, хадзіла ў царкву, займалася шытвом і чытала ўслых перад сном раманы (часам свае ўласныя) сваім хатнім. Джэйн Остэн любіла балі і танцы, і яе брат Генры ў пазнейшыя часы ўспамінаў: “Джэйн вельмі захаплялася танцамі і цудоўна танчыла”.

У перыяд з 1793 па 1795 гады Остэн напісала кароткі эпісталярны раман “Лэдзі Сьюзан” (Lady Susan), галоўная гераіня якога, дзякуючы сваім розуму і абаяльнасці, маніпулюе блізкімі людзьмі. Біёграф Остэн Клэр Томэлін так апісаў гэты твор: “Ён пададзены ў лістах, але прадуманы дакладна, як п’еса; яго тон такі ж цынічны, як тон самых жорсткіх драмаў эпохі Рэстаўрацыі, якія, мабыць, пэўным чынам раман і натхнілі… Гэты раман вылучаецца ў творчасці Остэн, і ўяўляе сабой даследаванне характару дарослай жанчыны, чый розум і сіла волі значна вышэйшыя, чым у людзей з яе атачэння”.

Скончыўшы “Лэдзі Сьюзан”, Остэн пачала раман “Элінор і Марыяна” (Elinor and Marianne). Чарнавікі гэтага твору не захаваліся, аднак некаторая яго частка ўвайшла пасля ў раман “Пачуццё і пачуццёвасць” (Sense and Sensibility, 1811).

Калі Джэйн Остэн споўнілася 20, яна пазнаёмілася з Томам Лефроем, пляменнікам суседзяў, што жыў у Стывентане ў снежні 1795 – студзені 1796. На той момант ён акурат скончыў універсітэт і збіраўся ў Лондан – рабіць кар’еру адваката. Джэйн і Том пазнаёміліся на адным з баляў. “Страшна нават расказаць, як паводзіліся мы з маім ірландскім сябрам, – пісала Джэйн Касандры. – Паспрабуй сабе ўявіць самы непрыстойны і шакавальны спосаб, якім мы толькі маглі танчыць і сядзець побач”. Але вяселле не было магчымым, гэта разумелі і Лефрой, і Остэн: ні ў адной сям’і не было грошай, Том залежаў ад свайго стрыечнага дзеда ў Ірландыі, які аплаціў яго навучанне. Том з’ехаў у Лондан, і калі пазней наведваў Хэмпшыр, то трымаўся далей ад Остэнаў і больш ніколі не бачыўся з Джэйн. У сталым узросце ён расказваў пляменніку пра сваю закаханасць: “Гэта было юначае каханне”.

У 1796 годзе Остэн пачала працу над раманам “Першыя ўражанні” (First Impressions); першы варыянт раману быў гатовы ў жніўні 1797 году, калі пісьменніцы быў 21 год. Пазней гэты варыянт быў перапрацаваны і пабачыў свет пад назвай “Пыха і перадузятасць” (Pride and Prejudice, 1813).

У сярэдзіне 1798 году Остэн пачала пісаць яшчэ адзін раман з працоўнай назвай “Сьюзан” – пазней ён выйдзе як “Нортэнгерскае абацтва” (Northanger Abbey, надрукаваны пасмяротна ў 1817 годзе) і будзе ўяўляць сабой сатыру на папулярныя ў той час гатычныя творы.

У снежні 1802 году Джэйн Остэн зрабілі прапанову рукі і сэрца. Яна разам з сястрой завізітавала да сваіх старых сяброў Алісіі і Кэтрын Біг і сустрэлася з іх малодшым братам Гарысам Бігам-Ўізэрам, які нядаўна скончыў Оксфард. Біг-Ўізэр прапанаваў Джэйн выйсці за яго замуж, і яна пагадзілася. Паводле згадак Кэралайн Остэн, пляменніцы Джэйн, Гарыс не быў прывабным, часам рабіўся ў размовах агрэсіўным і паказваў поўную нетактоўнасць. Тым не менш, Джэйн ведала яго з дзяцінства, да таго ж, вяселле мела і для самой пісьменніцы, і для яе сям’і шэраг перавагаў. Гарыс быў спадкаемцам вялікай маёмасці, і ўлічваючы гэта, Джэйн, прыняўшы прапанову Гарыса, магла забяспечыць сваім бацькам бязбедную старасць, сястры – прытулак, а братам – дапамогу ў кар’еры. Аднак на наступную раніцу яна зразумела, што зрабіла памылку, і адмовілася выходзіць замуж. Не захавалася ніводнага сведчання самой Остэн пра тое, як яна ставілася да гэтай падзеі. Аднак калі ў 1814 годзе пляменніца Джэйн Фані Найт папрасіла ў яе ў лісце парады адносна сур’ёзных стасункаў, Джэйн адказала: “Напісаўшы так шмат пра станоўчыя бакі сур’ёзных стасункаў, я хачу цяпер цалкам памяняць кірунак думкі і папрасіць цябе не звязваць сябе ніякімі абяцаннямі і нават не думаць пра далейшыя адносіны, калі толькі ты не любіш яго па-сапраўднаму. Лепей усё што заўгодна, толькі не шлюб без кахання”.

У 1804 годзе, жывучы ў Баце (куды сям’я пераехала ў 1800) Остэн пачынае, але так і не заканчвае новы раман пад назвай “Ўотсаны” (The Watsons). Сюжэт завязаны на гісторыі хворага святара, у якога няма грошай, і яго чатырох незамужніх дачок. Даследчыкі лічаць, што працу над раманам Остэн спыніла пасля смерці бацькі 21 студзеня 1805 году.

Пасля смерці бацькі Джэйн, Касандра і іх маці засталіся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, і браты Эдвард, Джэймс, Генры і Фрэнсіс дамовіліся кожны год выплачваць пэўную суму на падтрымку сям’і. Наступныя чатыры гады жанчынам даводзіцца часта пераязджаць, падоўгу жыць у родных, пакуль у 1806 годзе яны не пасяліліся ў Саўтхэмптане разам з Фрэнкам і яго жонкай. А ў 1809 годзе Эдвард забяспечыў маці і сёстрам сталае жытло – вялікі дом у Чотэне, які быў часткай маёнтка Эдварда, Чотэн-хаўса. Жыццё ў Чотэне ішло вельмі спакойна: Остэны не стасаваліся з суседзямі і наведвалі толькі родных. Джэйн пісала амаль кожны дзень.

Падчас жыцця ў Чотэне Остэн выдала чатыры раманы, якія былі добра прынятыя чытачамі. Дзякуючы дапамозе брата Генры выдавец Томас Эджэртан пагадзіўся надрукаваць раман “Пачуццё і пачуццёвасць”, які пабачыў свет у кастрычніку 1811 году. Заробак ад выдання гэтага раману дапамог Джэйн адчуць сябе больш упэўнена ў матэрыяльным плане. У студзені 1813 году Эджэртан выдаў “Пыху і перадузятасць”; кніга была добра разрэкламаваная і мела вялікі поспех: ужо ў кастрычніку таго ж году пабачыла свет другое выданне. У траўні 1814 выйшаў раман “Мэнсфілд-парк” (Mansfield Park), які, нягледзячы на поўнае ігнараванне крытыкаў, таксама займеў поспех сярод чытачоў. Усё выданне было распрададзенае за шэсць месяцаў, і Джэйн атрымала ганарар, нашмат большы за ўсе папярэднія.

У сярэдзіне 1815 Джэйн Остэн пачала супрацоўнічаць з іншым рэдактарам, Джонам Мюрэем, які ў снежні таго ж году выдаў раман “Эма” (Emma), а таксама перавыдаў “Мэнсфілд-парк” у лютым 1816 году.

Пакуль Мюрэй рыхтаваў “Эму” да друку, Остэн пачала новы раман “Эліяты”, які пасля смерці пісьменніцы выйшаў пад назвай “Упэўненасць” (Persuasion, у рускім перакладзе вядомы як “Доводы рассудка”).

У пачатку 1816 году здароўе Остэн пагоршылася, але па першых часах пісьменніца не надала гэтаму значэння і працягвала працаваць. Ужо ў сярэдзіне году сур’ёзнасць захворвання зрабілася відавочнай і для самой Джэйн, і для яе сям’і, і з таго часу стан пісьменніцы ўсё пагаршаўся. Большасць біёграфаў пагаджаюцца з тым рэтраспектыўным дыягназам, які быў прапанаваны доктарам Вінсэнтам Коўпам у 1964 годзе: хвароба Адысана. Існуе таксама версія, што гэта была лімфома Ходжкіна, а паводле апошніх даследаванняў Кэтрын Ўайт, Остэн таксама магла пакутаваць на бычыны туберкулёз – хваробу, якая можа ўзнікнуць пасля ўжывання сырога малака.

Джэйн працягвала пісаць, нягледзячы на хваробу, дапрацоўвала “Эліятаў”, пакуль не скончыла іх 6 жніўня 1816 году. У студзені 1817 яна пачала працу над яшчэ адным раманам з працоўнай назвай “Браты”, які выйшаў у 1925 годзе пад назвай “Сэндытан” (Sanditon). Яна паспела напісаць дванаццаць частак гэтага раману, пакуль у сярэдзіне сакавіка 1817 не страціла здольнасць працаваць. З сярэдзіны красавіка яна ўжо не ўставала з ложка, у траўні брат Генры адвёз яе з Касандрай у Вінчэстэр на лекаванне, дзе Джэйн Остэн і памерла 18 ліпеня 1817 ва ўзросце 41 году. Дзякуючы сувязям Генры яе пахавалі ў Вінчэстэрскім саборы. Эпітафія, напісаная братам Джэймсам, усхваляе яе чалавечыя якасці, у тым ліку надзвычайны розум, але ні словам не згадвае пра яе дасягненні ў літаратуры.

У 1833 годзе выйшаў першы збор твораў Джэйн Остэн (у выдавецтве Рычарда Бэнтлі), і з тых часоў творы першай лэдзі ангельскай літаратуры няспынна перавыдаюцца.

Чытайце таксама

Фрэнк О’Хара

Фрэнк О’Хара

Амерыканскі празаік, паэт і мастацкі крытык.

Гейр Гуліксэн

Гейр Гуліксэн

Нарвежскі паэт, раманіст, эсэіст, драматург, дзіцячы пісьменнік, выдавец.

Вацлаў Граб’е

Вацлаў Граб’е

Чэшскі паэт, адзін з галоўных прадастаўнікоў біт-пакалення ў Чэхаславакіі

Ціт Макцый Плаўт

Ціт Макцый Плаўт

Значных рымскіх камедыёграфаў, першы рымскі аўтар, ад якога захаваліся цэлыя творы

1097