№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Інгеборг Бахман (Ingeborg Bachmann)

1926 - 1973

Інгеборг Бахман
Інгеборг Бахман нарадзілася ў 1926 годзе ў горадзе Клагенфурце, сталіцы аўстрыйскай зямлі Карынтыя. Як узгадвала пісьменніца, месцазнаходжанне яе роднага горада – на мяжы Аўстрыі, Славеніі і Італіі – значна паўплывала на яе творчасць і светапогляд.

У 1945 – 50-х гг. Інгеборг Бахман вывучала філасофію, псіхалогію, філалогію і права ва ўніверсітэтах Інсбрука, Граца і Вены. У 1950 годзе яна абараніла дысертацыю на тэму “Крытычнае ўспрыманне экзістэнцыяльнай філасофіі Марціна Хайдэгера”. Філасофская падрыхтоўка сталася вельмі важнай для далейшай творчасці Бахман. Найбольш вялікі след у творах пісьменніцы пакінула яе знаёмства з філасофіяй мовы венскага лінгвіста і філосафа Людвіга Вітгенштайна.

У літаратуру Інгеборг Бахман увайшла як лірык, выдаўшы ў 1950-я гады два зборнікі вершаў: “Адтэрмінаваны час” (Die Gestundete Zeit, 1953) і “Заклік да Вялікай Мядзведзіцы” (Anrufung des großen Bären, 1956). Адна з найважнейшых праблем яе лірыкі – праблема тоеснасці ўласнага “я”. У асноўным Бахман выкарыстоўвае свабодныя рытмы і старанна зашыфраваныя вобразы і метафары. Вершаваная спадчына Інгеборг Бахман невялікая па памеры: 67 асобных вершаў, тры вершаваных цыклы і “Маналог князя Мышкіна” да пантамімы “Ідыёт”.

50-я гады – гэта таксама час працы над радыёп’есамі “Цыкады” (1955) і “Добры бог з Манхэтэна” (1958). Зварот пісьменніцы да гэтага жанру быў абумоўлены новымі магчымасцямі радыёп’есы: выкарыстаннем акустычных эфектаў, зменай часавых узроўняў, рэальнай і ўяўнай прасторы, – што дазваляла больш яскрава адлюстраваць псіхічныя памежныя сітуацыі.

У 1959–1960 навучальным годзе Бахман чытала лекцыі ва ўніверсітэце Франкфурта-на-Майне, якія ў далейшым склалі зборнік з падзагалоўкам “Праблемы сучаснай паэзіі”.

Зварот Інгеборг Бахман да прозы адбыўся ў 60-я гады. Зборнік “Трыццаты год” (Das dreißigste Jahr, 1961) мае шмат у чым аўтабіяграфічны характар. Гэта сем апавяданняў-маналогаў, напісаных метафарычнай мовай, у цэнтры якіх – канфлікт паміж памкненнямі чалавека і недасканаласцю навакольнага свету.

У сярэдзіне 60-х гадоў пісьменніца пачала працу над цыклам раманаў пад агульнай назвай “Віды смерці”, які мусіў паказаць сучаснае грамадства як “арэну забойстваў”, звярнуць увагу на існаванне латэнтных формаў фашызму ў палітычным і сацыяльным жыцці. Першым і адзіным раманам з гэтага цыклу, дапісаным да канца, стаў раман “Мáліна” (Malina), апублікаваны ў 1971 годзе. Пасмяротна былі надрукаваныя фрагменты яшчэ двух раманаў – “Рэквіем па Фані Гольдман” і “Кніга Франца”. “Маліну” аўтар лічыла ўверцюрай да гэтага цыклу. У раману вельмі складаная структура: тэлефонныя размовы, лісты, гісторыі, снабачанні і г.д. У кнізе існуе фрагмент пад назвай “Таямніцы прынцэсы Кагранскай” – устаўное паданне, пабудаванае на шэрагу алюзій да творчасці іншых пісьменнікаў, філосафаў, псіхолагаў і кампазітараў.

Апошняй кнігай Інгеборг Бахман, выдадзенай пры яе жыцці, стаў зборнік апавяданняў “Сінхронна” (Simultan, 1972), куды, па словах пісьменніцы, увайшло тое, што пісалася падчас працы над раманам, але не ўкладвалася ў яго рамкі. Зборнік складаецца з пяці апавяданняў – замалёвак з жыцця пяці жанчын. Гераіні гэтых твораў адрозніваюцца самастойнасцю, халоднасцю, яны выпрацавалі сваю стратэгію паводзінаў у свеце, дзе ўладарыць мужчына.

У 1973 годзе Інгеборг Бахман памерла ад апёкаў, якія атрымала падчас пажару ў сваёй рымскай кватэры.

Інгеборг Бахман – лаўрэат мноства літаратурных прэмій: прэміі “Групы-47” за паэтычную творчасць (1953), прэміі горада Брэмена (1954), прэміі Таварыства сляпых інвалідаў вайны за радыёп’есу “Добры бог з Манхэтэна” (1959), прэміі Саюза нямецкіх крытыкаў за зборнік апавяданняў “Трыццаты год” (1961), Бюхнераўскай прэміі (1964), Вялікай аўстрыйскай дзяржаўнай прэміі (1968), прэміі імені Антона Вільдганса (1972).

У 1977 годзе ў Клагенфурце заснаваная прэмія імя Інгеборг Бахман для нямецкамоўных аўтараў.

Чытайце таксама

Малгажата Шэйнэрт

Малгажата Шэйнэрт

Польская журналістка

Албэрту Каэйру

Албэрту Каэйру

Непарыўна звязаны з Фэрнанду Пэсоа

Сігб'ёрн Обстфэльдэр

Сігб'ёрн Обстфэльдэр

Нарвежскі празаік, драматург, паэт-мадэрніст.

Вольга Такарчук

Вольга Такарчук

Польская пісьменніца, эсэістка, сцэнарыстка, паэтка

1287