Амерыканская пісьменніца. Нарадзілася і вырасла ў Нью-Ёрку ў простай працоўнай сям’і “нічым не адметнай для нашага часу, месца і эканамічнага статусу”, як пісала пра сваё дзяцінства сама Оўтс.
Адукацыю Оўтс пачынала ў школе, якая ўяўляла сабой усяго адзін пакой. Тут некалі вучылася і яе маці. Чытаць дзяўчынка пачала яшчэ з маленства. І тады ж, пакуль не навучылася пісаць, расказвала свае гісторыі праз маляванне. У дзяцінстве яна пазнаёмілася з творамі такіх аўтараў, як Ўільям Фолкнэр, Фёдар Дастаеўскі, Генры Дэвід Тора, Эрнэст Хэмінгуэй, Шарлота і Эмілі Бронтэ, і, па яе ж прызнанні, іх уплыў глыбока на ёй адбіўся.
Пісаць літаратурныя творы Оўтс пачала ў чатырнаццаць, калі атрымала ў падарунак друкарскую машынку. Пазней яна працягнула навучанне ў большых прыгарадных школах і скончыла Віламсвільскую паўднёвую школу ў 1956 годзе, дзе таксама працавала ў школьнай газеце. Яна стала першай са сваёй сям’і, хто атрымаў сярэднюю адукацыю.
Будучая пісьменніца атрымала стыпендыю для навучання ва ўніверсітэце Сіракузаў і, набіваючы руку, пісала “раман за раманам і заўжды іх выкідала, калі заканчвала”. У той час Оўтс адкрыла для сябе Д. Г. Лоўрэнса, Фланэры О’Конар, Томаса Мана і Франца Кафку. Яны моцна паўплывалі на яе далейшую творчасць. У свае дзевятнаццаць Оўтс выйграла конкурс на найлепшае апавяданне, праспансаваны часопісам Mademoiselle. Яна скончыла ўніверсітэт у 1960 годзе, а ступень магістра атрымала ва ўніверсітэце Вісконсін-Мэдысан у 1961. Падчас свайго навучання там аўтарка сустрэлася са сваім будучым мужам Рэймандам Дж. Смітам, з якім пабралася шлюбам у 1961 годзе.
Свой першы раман With Shuddering Fall Дж. К. Оўтс надрукавала ў 1964 годзе. У 1966 выйшла ў друк яе апавяданне Where Are You Going, Where Have You Been? Яно было прысвечанае Бобу Дылану і заснаванае на гісторыі серыйнага забойцы Чарлза Шмідта. Апавяданне часта ўключалі ў анталогіі, а ў 1985 годзе па ім быў пастаўлены фільм Smooth Talk. У 2008 годзе Оўтс прызналася, што з усіх надрукаваных твораў яе найбольш ведаюць па гэтым.
З 1962 году яна выкладала ва ўніверістэце Дэтройта. Праз вайну ў В’етнаме і Дэтройцкі расавы бунт у 1968 годзе яны з мужам пераехалі ў Канаду, дзе пісьменніца выкладала ва ўніверсітэце Вінздара. З 1978 году і да сёння Оўтс – прафесар Прынстанскага ўніверсітэта, ЗША.
У 1970 годзе раман Дж. К. Оўтс them атрымаў амерыканскую Нацыянальную кніжную прэмію. Дзеянне раману адбываецца ў Дэтройце ў перыяд з 1930-х па 1960-я гады ў асяродку негрыцянскага гета і закранае праблемы злачыннасці, наркотыкаў і нацыянальна-расавых канфліктаў. Некаторыя з галоўных персанажаў раману былі “спісаныя” Оўтс з рэальных людзей, якіх яна ведала ці пра якіх чула падчас свайго жыцця ў Дэтройце. З таго часу ў пісьменніцы выходзіць прыкладна па дзве кнігі на год. Асноўныя тэмы, якія фігуруюць у яе творах, – галеча, сэксуальны гвалт, класавыя канфлікты, імкненне да ўлады, дзяцінства жанчыны і яе сталенне і часам звышнатуральны свет.
Сярод самых значных яе твораў – раманы A Garden of Earthly Delights (1967), Wonderland (1971), Black Water (1992), Blonde (2000), The Falls (2004), а таксама зборнікі апавяданняў The Wheel of Love And Other Stories (1970), Marriages and Infidelities (1972), I Am No One You Know: Stories (2004) (апавяданні “Дзяўчына з падбітым вокам” і “Тры дзяўчыны” ўзятыя менавіта адтуль), The Museum of Dr. Moses: Tales of Mystery and Suspense (2007) і іншыя. Акрамя гэтага, Оўтс таксама піша вершы, п’есы, крытычныя эсэ, а таксама творы для дзяцей і падлеткаў. Усяго на яе рахунку больш за пяцьдзесят раманаў, каля трыццаці з паловай зборнікаў апавяданняў, дзесяць паэтычных кніг. Уладальніца шматлікіх літаратурных прэмій. Пра Оўтс ужо цягам дваццаці пяці гадоў кажуць як пра “намінанта” на Нобелеўскую прэмію.