№17: Гульня ў гарады

№17: Гульня ў гарады

У новым, сямнаццатым, нумары мы спрабуем паглядзець, якімі бачаць свае гарады нашы сучаснікі і аднадумцы, пісьменнікі і пісьменніцы ХХІ стагоддзя.

Чытаць далей

Эліза Ажэшка (Eliza Orzeszkowa)

1841 - 1910

Эліза Ажэшка
Польская пісьменніца Эліза Ажэшка (народжаная Эльжбета Паўлоўская) нарадзілася 6 чэрвеня 1841 году ў сямейным маёнтку Мількаўшчына каля Гародні. Яна была малодшай дачкой адваката Бенедыкта Паўлоўскага, вельмі адукаванага чалавека, чыя бібліятэка налічвала некалькі тысяч кніг, і яго другой жонкі Францішкі (у дзявоцтве Каменскай). Калі будучай пісьменніцы было 3 гады, яе бацька памёр, і сям’я пераехала ў Гародню, дзе пасялілася на вул. Брыгіцкай. Дзяўчынка пачала вельмі рана чытаць і ўжо ў дзіцячым узросце пісала апавяданні.

У 1852 годзе адзінаццацігадовая Эліза ў суправаджэнні бабулі паехала ў Варшаву; у 1852–1857 гадах яна вучылася ў Варшаўскім пансіёне. У 1855 годзе яна пазнаёмілася з Марыяй Васілоўскай (у будучым Канапніцкая); абедзве дзяўчыны цікавіліся літаратурай і таму блізка пасябравалі – іх сяброўства доўжылася ўсё жыццё. Больш за ўсё дзяўчатам падабаліся вершы Адама Міцкевіча.

У траўні 1857 году Эліза вярнулася ў Мількаўшчыну і пераехала ў Людвінова ў Кобрынскім павеце. Яна з задавальненнем удзельнічала ў балях і на адным з іх пазнаёмілася з Пятром Ажэшкам, далёкім сваяком яе айчыма, старэйшым за яе на шаснаццаць гадоў. Большую частку сваіх грошай ён спусціў, жывучы свецкім жыццём, і жаніцьба з адзінай спадчынніцай маёнтка Мількаўшчына падалася яму добрым спосабам наладзіць справы. Праз некалькі дзён пасля балю ён папрасіў рукі Элізы, і маці дзяўчыны настаяла на шлюбе.

У 1858 годзе Эліза выйшла замуж за Пятра Ажэшку. Першыя гады замужжа праходзілі бестурботна: Эліза шмат чытала, разам з малодшым братам мужа Фларэнтам арганізавала вясковую школку. Але паступова наспяваў канфлікт з мужам, які не падзяляў яе імкнення палегчыць жыццё вяскоўцаў, а таму Ажэшка пакінула мужа і з’ехала ў Варшаву. На час студзеньскага паўстання вярнулася ў Людвінова, дзе дапамагала паўстанцам, у траўні-чэрвені 1863 году хавала ў сябе Рамуальда Траўгута, якога пазней пераправіла за мяжу. Пра свой удзел у паўстанні пісьменніца пазней напісала ў шэрагу твораў, напрыклад, у “Gloria victis”. Увосень 1863 году муж Элізы быў арыштаваны, а ў сакавіку 1865 – высланы ў Пермскую губерню, а сама пісьменніца была вымушаная вярнуцца ў Мількаўшчыну, дзе адкрыла школку для вясковых дзяцей.

Першы надрукаваны твор Элізы Ажэшкі – аповесць “Малюнак з галодных гадоў” (Obrazek z lat głodowych). Пісьменніца карысталася псеўданімамі E. O., Bąk (z Wa-Lit-No), Li…ka, Gabriela Litwinka.

У 1869 годзе пісьменніца дабілася прызнання яе шлюбу несапраўдным. У тым жа годзе яна стала пасялілася ў Гародні, у 1870 годзе прадала сямейны маёнтак; яе асноўным заняткам зрабілася літаратура.

Раннія раманы і аповесці Ажэшкі “Пан Граба” (Pan Graba, 1869), “Марта” (Marta, 1873) і іншыя напісаныя на тэму грамадскай эмансіпацыі і барацьбы жанчын за свае правы. Распаду патрыярхальнага памешчыцкага ладу і ўзвышэнню буржуазіі прысвечаныя раманы “Элі Маковер” (Eli Makower, 1874–1875), “Сям’я Брохвічаў” (Rodzina Brochwiczów, 1876) і інш. Для творчасці Ажэшкі 1860-х – 1870-х гадоў характэрныя тэндэнцыйныя жанры “аповесці з тэзісам”, “апавядання з тэзісам”.

Шырокае прызнанне пісьменііцы прынеслі раман “Мэір Езафовіч” (Meir Ezofowicz, 1878), апавяданні са зборніка “З розных сфераў” (Z różnych sfer, 1879–1882), аповесці з жыцця беларускага сялянства “Нізіны” (Niziny, 1883), “Дзюрдзі” (Dziurdziowie, 1885), “Хам” (Cham, 1888).

Самым значным творам Ажэшкі лічыцца раман “Над Нёманам” (Nad Niemnem, 1887), у якім выяўленыя верныя нацыянальна-патрыятычным традыцыям эпохі Польскага паўстання 1863 году працаўнікі і шляхта, што паступова дэградуе. З больш позніх твораў можна вылучыць раман “Арганаўты” (Argonauci, 1899).

У 1894 годзе Ажэшка выйшла замуж за Станіслава Нагорскага, з якім сябравала ўжо шмат гадоў. Шмат часу яна аддавала дабрачыннасці і грамадскай дзейнасці, ліставалася з многімі знакамітымі асобамі свайго часу, супрацоўнічала са штотыднёвікам Bluszcz. 19 лістапада 1896 годзе Нагорскі памёр ад паралюша сэрца.

У 1904 годзе Ажэшка была намінаваная на Нобелеўскую прэмію. Яе кандыдатуру прапанаваў Аляксандр Брукнер, прафесар Берлінскага ўніверсітэта. Сябры Нобелеўскага камітэта, азнаёміўшыся з яе творамі, высока ацанілі яе пісьменніцкі талент; у адным з дакументаў напісана: “Наколькі ў тэкстах Сянкевіча б’ецца шляхетнае польскае сэрца, настолькі ў творчасці Элізы Ажэшкі б’ецца сэрца чалавека”. Але большасць сябраў камітэта прагаласавала за Генрыка Сянкевіча, а невялікая колькасць прапанавала падзяліць прэмію. У 1909 годзе Ажэшку зноў намінавалі на Нобелеўскую прэмію, але гэтым разам узнагарода дасталася шведцы Сельме Лагерлёф.

Эліза Ажэшка памерла 23 траўня 1910 года пасля цяжкой хваробы сэрца. На яе пахаванні адзін з прамоўцаў, Ёзаф Катарбіньскі, зазначыў: “Яна была жывой мудрасцю і чуйным сэрцам цэлай эпохі”. У доме ў Гародні, дзе пісьменніца правяла апошнія гады жыцця, створаны дом-музей. Імем Ажэшкі названая адна з цэнтральных вуліц Гародні, на якой пісьменніцы пастаўлены помнік.

На беларускую мову творы Элізы Ажэшкі перакладалі Янка Брыль (апавяданні “Раманіха”, “А…Б…Ц…”, “Зімовым вечарам”, “Тадэвуш”), А. Бутэвіч (раман “Над Нёманам”; нарыс “Gloria victis” – “Дзеяслоў №4, 2008), Я. Бягомская (аповесць “Хам”), Г. Тычка (аповесці “Нізіны”, “Дзюрдзі”, нарыс “Людзі і кветкі над Нёманам”). Самыя раннія пераклады твораў Э. Ажэшкі выходзілі яшчэ ў пачатку ХХ ст., напрыклад, апавяданне “Гэдалі” (Вільня, “Наша ніва”, 1907, перакладчык не пазначаны, выходзіла кірыліцай і лацінкай).

Чытайце таксама

Джон Кітс

Джон Кітс

Адзін з самых значных паэтаў ангельскага рамантызму

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

Алесь Разанаў

Алесь Разанаў

Культавы беларускі паэт і перакладчык

Веньямін Блажэнны

Веньямін Блажэнны

Беларускі рускамоўны паэт, аўтар духоўных вершаў, сярод іншага распрацоўваў верлібр

317