Эмілі Бронтэ (Emily Brontë)
1818 - 1848
Эмілі Бронтэ нарадзілася 30 ліпеня 1818 году ў Торнтане ля Брэдфарда (Ёркшыр). Некаторы час яна разам з Шарлотай вучылася ў дабрачыннай школе ў Кован-Брыдж. Асабліва блізкія стасункі звязвалі яе з малодшай сястрой Эн. Эмілі і Эн стварылі свой ўяўны свет Гондал, які зрабіўся крыніцай іх паэтычнага натхнення.
Некалькі месяцаў у 1835 годзе Эмілі навучалася ў Роўхедскай школе, але неўзабаве вярнулася дадому, у Хаўарт, бо сумавала па родных. У 1837 годзе яна служыла гувернанткай у галіфакскім прадмесці Лоў-Хіл, а ў 1842 годзе разам з Шарлотай з’ехала ў Брусэль, каб працягнуць адукацыю. Па вяртанні з Брусэля да канца жыцця яна не пакідала Хаўарт.
У 1846 годзе выйшаў зборнік “Вершы Керэра, Эліса і Эктана Бэла” (Poems by Currer, Ellis, and Acton Bell) – такімі былі псеўданімы трох сёстраў. Творы Эмілі – “Эліса” – атрымалі досыць высокую ацэнку крытыкаў. У 1847 годзе быў выдадзены раман Эмілі Бронтэ “Навальнічныя пагоркі”, які пасля прынёс ёй славу. Пры жыцці Эмілі гэты раман застаўся амаль незаўважаным, і толькі пасля яе смерці, калі Шарлота ажыццявіла другое яго выданне, “Навальнічныя пагоркі” былі высока ўхваленыя.
У біяграфічнай даведцы Шарлота адзначала “жахлівы, надзвычай змрочны”, пранізлівы аповед пра два ёркшырскія сямействы (Эрншаў і Лінтан) і пра іх злога генія Хіткліфа. Кэтрын Эрншаў і Хіткліфа звязвае дэманічная жарсць. Іх каханне трагічнае. Толькі пасля смерці яны цудоўным чынам яднаюцца: іх целы кладуць у адну магілу. Вядомая ангельская пісьменніца Элізабэт Гаскел пісала, што раман “Навальнічныя пагоркі” змушае многіх чытачоў дрыжаць ад жаху і “агіды да той выразнасці <...> з якой намаляваныя адмоўныя <...> персанажы”.
У адрозненне ад Шарлоты, у Эмілі Бронтэ не было блізкіх сяброў, яна рэдка пісала лісты, мала каго, за выключэннем родных, любіла. Яе характару былі ўласцівыя стаічная цвёрдасць і містыцызм.
У верасні 1848 году Эмілі прастудзілася на пахаванні брата і 19 снежня памерла ад хуткацечнага туберкулёзу.
Сёння асабліва высока ацэньваецца яе паэзія. Вершы “Успаміны” (Remembrance), “Палоннік” (The Prisoner) і іншыя прынеслі ёй славу таленавітай паэткі.
У гонар Эмілі Бронтэ названы кратар на Меркурыі.