№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мікалай Гумілёў (Николай Гумилёв)

1886 - 1921

Мікалай Гумілёў
Рускі паэт, празаік, драматург, перакладчык і літаратурны крытык, але перш за ўсё паэт; салдат і падарожнік, улюбёнец жанчын і рыцар, Вялікі Муг (Велімуг — прозвішча паэта, прачытанае наадварот) і сіндык “Цэху паэтаў”, тэарэтык акмеізму (літаратурнага напрамку, які Гумілёў супрацьпастаўляў сімвалізму і пра які пісаў у артыкуле “Спадчына сімвалізму і акмеізму”: “Заўсёды памятаць пра неспасцігальнае, але не абражаць сваю думку пра яго больш ці менш імавернымі здагадкамі — вось прынцып акмеізму”) і адзін з арганізатараў Петраградскага аддзелу Усерасійскага саюзу пісьменнікаў. Своеасаблівым аповедам пра творчасць Гумілёва можна назваць санэт Ігара Севяраніна з кнігі “Медальёны”:
 

ГУМІЛЁЎ

 

Шлях канквістадара — стралой між гор,
І рамантычны квет як квет прарочы.
Трохколерныя перлы дзесь на ўзбоччы
Марскіх разваг — і вогнішча віхор.

Увойдзе падарожнік у шацёр,
Завершыць шлях, якім праз словы крочыў,
І хай Еўропа з Афрыкі рагоча,
Слуп вогненны — душы яе прастор.

Хто лепей апаэціць да нябёсаў
Таго, хто за жыццё дзесяткі лёсаў
Здалеў пражыць? Каханак, Зверабой,

Салдат, ён верны рыцарскай манеры
І па Зямлі сумуе на Венеры,
Узброены падзорнаю трубой.

 

(эксперыментальны пераклад — Г. Янкута)


У гэтым вершы згадваецца большасць паэтычных зборнікаў М. Гумілёва: “Шлях канквістадараў” (1905), “Рамантычныя кветкі” (1908), “Перлы” (1910), “Вогнішча” (1918), “Шацёр” (1921), “Вогненны слуп” (1921) — у пералік не ўвайшлі зборнікі “Чужое неба” (1912), “Калчан” (1916), “Да Сіняй зоркі” (1917), “Парцалянавы павільён” (1918). Апроч гэтага прысутнічае намёк на тое, што ў выданні 1910 году перлы былі трох колераў: “Перлы чорныя” (“Жемчуг чёрный”), “Перлы шэрыя” (“Жемчуг серый”) і “Перлы ружовыя” (“Жемчуг розовый”); колеры гэтыя інтэрпрэтуюцца як сімвалы ночы (чорны), змяркання (шэры) і світання (ружовы) як міфалагічнага руху са страчанага раю да Эльдарада, новае зямлі (А. Архіпава).

Ёсць тут і радок, які адсылае да аднаго калі не самага знакамітага, дык дакладна самага запамінальнага верша Гумілёва:
 

На далёкай зорцы Венеры

Свеціць сонца ўдвая прамянісцей.

На Венеры, ах, на Венеры

Дрэвы маюць сіняе лісце…


У санэце намякаецца на афрыканскія падарожжы Гумілёва, які знакаміты яшчэ і сваімі даследаваннямі гэтага кантынента. Першае грунтоўнае падарожжа адбылося ў 1908 годзе, калі 25 верасня паэт выязджае ў Адэсу, адтуль — у Джыбуці, пасля — у Абісінію. Паездка 1913 году была значна лепш абсталяваная. Разам са сваім пляменнікам Мікалаем Свярчковым Гумілёў праз Адэсу скіраваўся ў Стамбул, адтуль — у Егіпет, а пасля ў Джыбуці і Харар і далей — у маладаследаваныя афрыканскія раёны. Памяць пра Гумілёва яшчэ доўга жыла ў тых раёнах (так, Георгій Іванаў у сваім цыкле ўспамінаў “Кітайскія цені” піша: “Негры са сфармаванага ім атраду спявалі, маршыруючы па Сахары: Няма ружжа, лепшага за Маўзэр! // Няма вахмістра, лепшага за Э-Бэль-Бэка! // Няма начальніка, лепшага за Гумілёха!”). Афрыканская калекцыя Гумілёва легла ў асновы збору Акадэміі навук (якая, уласна, і фінансавала гэтае падарожжа), а пераклады Гумілёва абісінскіх песняў, запісаных праз перакладнікаў, дагэтуль лічацца ўнікальнымі.

Гумілёў-зверабой паўсюль шмат расказваў пра сваё паляванне на леапардаў, у якасці доказу паказваючы (паводле словаў Ірыны Адоеўцавай) шкуру, што ляжала на падлозе яго кватэры.

Згадваецца ў санэце і пра Гумілёва-салдата (а гэтаму перыяду жыцця паэта прысвечаныя яго “Запіскі кавалерыста”). У пачатку жніўня 1914 году паэт запісваецца добраахвотнікам у кавалерыю (хаця яшчэ ў 1907 годзе яго прызналі непрыдатным да вайсковае службы з прычыны касавокасці; прайсці камісію ён здалеў, страляючы не з правага пляча, як у першы раз, а з левага) і да 1918 году знаходдзіцца ў дзейнай арміі. У 1915 годзе быў узнагароджаны двума Георгіеўскімі крыжамі, 4-й і 3-й ступеняў.

Зведаў Гумілёў і славу каханка і дамскага ўлюбёнца. Чаго вартая адна дуэль з Валошыным, прычынай якой зрабілася Чэрубіна дэ Габрыяк (Елізавета Дзмітрыева); абодва паэты спазніліся на дуэль (дарэчы, секундантам Валошына быў граф Аляксей Мікалаевіч Талстой, а секундантам Гумілёва, паводле ўспамінаў таго ж Талстога, — Міхаіл Кузмін), была згубленая, а пасля знойдзеная адна галёша, Гумілёў адзін раз не пацэліў, а ў Валошына было дзве асечкі.

Гумілёў быў двойчы жанаты (першая жонка — Ганна Гарэнка-Ахматава, другая — Ганна Энгельгарт) і меў траіх дзяцей, сярод яго захапленняў была і Ларыса Рэйснэр, і Алена дзю Бушэ (якой ён прысвяціў зборнік “Да Сіняй зоркі”), і Вольга Высоцкая (маці другога, пазашлюбнага, сына Гумілёва — Арэста Высоцкага; першы, Леў Гумілёў, дарэчы, зрабіўся знакамітым гісторыкам, трэцяе дзіця, дачка, разам з маці загінула падчас блакады Ленінграду) і многія іншыя.

Гумілёў-перакладчык вызначыўся не толькі пералажэннямі на рускую мову абісінскіх песняў. Па падрадкоўніках Уладзіміра Шылейкі, спецыяліста па Старажытным Усходзе, свайго сябра і другога мужа Ганны Ахматавай, пераклаў “Песню пра Гільгамеша”; сам перакладаў з ангельскай (Ў. Шэкспір, О. Ўайлд, Р. Браўнінг, Р. Саўці, С. Колрыдж), французскай (Т. Гацье, Ш. Бадлер, Ф. Віён, Ж.-М. дэ Эрэдыя, А. Рэмбо), італьянскай (Дж. Леапардзі), нямецкай (Г. Гайнэ) моваў. Творы Гумілёва перакладаліся на ангельскую, нямецкую, гішпанскую, італьянскую, украінскую, кітайскую, літоўскую, нідэрландскую, шведскую, польскую, сербскую, славацкую, беларускую, французскую, іўрыт, чэшскую, японскую і многія іншыя мовы (у тым ліку на такія рэдкія як эсперанта, асецінская, азербайджанская ці карэльская).

Летам 1921 году Гумілёў быў арыштаваны па абвінавачанні ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі (так званая “Таганцаўская змова”) і расстраляны ў жніўні таго ж году. Месца пахавання дагэтуль невядомае.

 

Падрыхтавала Ганна Янкута

Чытайце таксама

Кнут Гамсун

Кнут Гамсун

Нарвежскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Албэрту Каэйру

Албэрту Каэйру

Непарыўна звязаны з Фэрнанду Пэсоа

Эрых Марыя Рэмарк

Эрых Марыя Рэмарк

Адзін з самых вядомых нямецкіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя

Мэйбл Паўэрз

Мэйбл Паўэрз

Аўтарка працаў пра жыццё паўночна-амерыканскіх індзейцаў, іракезскае племя сенэкаў прыняло яе ў клан Бакаса

2020