Готфрыд Бэн (Gottfried Benn)
1886 - 1956
Готфрыд Бэн нарадзіўся 2 траўня 1886 году ў Путліцы ў сям’і лютэранскага пастара. Перш чым паступіць на тэалагічны факультэт Марбургскага ўніверсітэта і ў берлінскую Вайскова-медыцынскую акадэмію, ён вучыўся ў Зэліне і Франкфурце-на-Одэры.
Бэн атрымаў вядомасць паэта-экспрэсіяніста яшчэ да Першай сусветнай вайны, выдаўшы невялікі зборнік вершаў “Морг” (Morgue und andere Gedichte, 1912), дзе выкарыстаў вобразы, звязаныя з гніеннем трупаў, за што падвяргаўся нападкам з боку маралістаў.
У войска Бэн быў залічаны ў 1914 годзе, служыў кароткі час на бельгійскім фронце ваенным доктарам. Пасля вайны яго вершы былі ўключаныя ў легендарную экспрэсіянісцкую анталогію “Прыцемкі чалавецтва” (Menschheitsdämmerung, 1919).
Бэн варожа ставіўся да Веймарскай Рэспублікі, ігнараваў марксізм і амерыканізм. Нядоўгі час ён сімпатызаваў нацыянал-сацыялізму, лічачы яго адзінай надзеяй на выратаванне чалавецтва, аднак неўзабаве прызнаў абсурднасць ідэі і пачаў пісаць у нямецкія газеты антынацысцкія артыкулы, за што ягоныя творы былі забаронены да друку.
Бэн быў улучаны ў склад паэтычнай секцыі прускай Акадэміі ў 1932 годзе і прызначаны яе кіраўніком ў лютым 1933-га. Аднак ён не апраўдаў чаканняў нацыянал-сацыялістаў, за што быў выключаны з яе ў чэрвені таго ж году. Ашаломлены “Ноччу доўгіх нажоў”, Бэн адразу ж адмовіўся ад нацысцкай ідэалогіі. У траўні 1936 году корпус часопіса «SS Das Schwarze» прызнаў яго экспрэсіянісцкую і эксперыментальную паэзію выраджанай, габрэйскай і гомасэксуальнай. Улетку 1937 году Вольфганг Вільрых, сябра СС, высмеяў Бэна ў сваёй кнізе “Чыстка храмаў мастацтва” (Säuberung DES Kunsttempels); Генрых Гімлер, аднак, зрабіў Вілрыху вымову і падтрымаў Бэна, які з 1933 году меў добрую рэпутацыю (ранняя яго творчасць не мела для Гімлера ніякага значэння). У 1938 годзе Нацыянал-сацыялістычная асацыяцыя аўтараў (Reichsschrifttumskammer) забараніла Бэну пісаць.
Падчас Другой сусветнай вайны Бэна адправілі ў гарнізоны Усходняй Германіі, дзе ён пісаў вершы і эсэ. Пасля вайны саюзнікі забаранілі яго творы праз яго першапачатковую падтрымку Гітлера. Доўгая творчая паўза скончылася ў 1948 годзе, калі Бэн выдаў зборнік “Статычныя вершы” (Statische Gedichte), а на наступны год – сюррэалістычны раман “Пталямеец” (Der Ptolemäer: Berliner Novelle 1947). У 1951 годзе Бэн атрымаў прэмію Георга Бюхнера.
Готфрыд Бэн памёр 7 ліпеня 1956 году ў Заходнім Берліне ад раку касцей. Пахаваны на могілках Вальдфрыдхоф (ням. Waldfriedhof, Лясныя могілкі) у Далеме.