№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Оскар Ўайлд (Oscar Wilde)

1854 - 1900

Оскар Ўайлд
Оскар Фінгал О’Флаэрці Ўілс Ўайлд — брытанска-ірландскі паэт, празаік, драматург, эсэіст, адзін з самых вядомых пісьменнікаў позневіктарыянскага перыяду, яркая знакамітасць свайго часу.

Нарадзіўся Оскар Ўайлд 16 кастрычніка 1854 году ў сталіцы Ірландыі — Дубліне. Некаторыя крыніцы (напрыклад, Карней Чукоўскі ў сваім артыкуле “Оскар Ўайлд”) сцвярджаюць, што нарадзіўся Оскар у 1856 годзе. Гэтая думка няправільная і даўно аспрэчаная: памылка звязаная з тым, што Ўайлд часта ў размовах адымаў ад свайго ўзросту два гады (а ў сваім пасведчанні пра шлюб, напрыклад, наўпрост пазначыў 1856 год як дату свайго нараджэння). Вядомы ліст яго маці ад 22 лістапада 1854 году, у якім яна кажа так: “У гэтую самую хвіліну я люляю калыску, у якой ляжыць мой другі сын — немаўля, якому 16-га споўніўся месяц і якое ўжо такое вялікае, слаўнае і здаровае, нібы яму цэлых тры месяцы. Мы назавем яго Оскар Фінгал Ўайлд. У гэтым ёсць нешта велічнае, цьмянае і асіянічнае, праўда ж?”.

Бацькам Ўайлда быў афтальмолаг і аталарынголаг сэр Ўільям Роберт Ўайлд, які займаўся таксама археалогіяй і ірландскім фальклорам. Маці Оскара — лэдзі Джэйн Франчэска Ўайлд (у дзявоцтве Элджы), вядомая ірландская свецкая дама, вельмі экстравагантная жанчына, паэтка, якая пісала вершы пад псеўданімам Сперанца (іт. Speranza — надзея). Ад бацькі Оскар атрымаў у спадчыну рэдкую працаздольнасць і цікаўнасць, ад маці — летуценнасць і крыху экзальтаваны розум, цікавасць да таямнічага і фантастычнага, схільнасць прыдумляць і апавядаць незвычайныя гісторыі. Значна паўплывала на яго і атмасфера літаратурнага салона лэдзі Ўайлд, дзе прайшлі маладыя гады будучага пісьменніка. Любоў да позы, падкрэслены арыстакратызм былі выхаваныя ў ім з дзяцінства. Яго маці выдатна ведала старажытныя мовы, яна адкрыла перад ім прыгажосць “боскай элінскай гаворкі”. Эсхіл, Сафокл і Эўрыпід з дзяцінства зрабіліся яго спадарожнікамі.

У 1864—1871 гадах Оскар навучаўся ў Каралеўскай школе Портэра (горад Эніскілен ля Дубліна). У школе Ўайлд атрымаў асаблівую прэмію за веданне грэцкага арыгіналу Новага Запавету. Скончыўшы школу з залатым медалём, Ўайлд атрымаў Каралеўскую школьную стыпендыю на навучанне ў Дублінскім Трыніці-каледжы (каледжы Св. Тройцы). Там у 1871—1874 гадах Ўайлд вывучаў антычную гісторыю і культуру і зноў з бляскам паказаў свае здольнасці ў старажытных мовах, а таксама праслухаў курс лекцыяў па эстэтыцы і дзякуючы цеснаму знаёмству з куратарам — прафесарам антычнае гісторыі Дж. П. Махафі, вытанчаным і высокаадукаваным чалавекам, — паступова стаў выпрацоўваць важныя элементы свайго будучага эстэцкага стылю (некаторая пагарда да агульнапрынятай маралі, дэндызм у адзенні, сімпатыя да прэрафаэлітаў, лёгкая самаіронія, эліністычныя прыхільнасці).

У 1874 годзе Ўайлд, выйграўшы стыпендыю на навучанне ў Оксфардскім каледжы Магдаліны на класічным аддзяленні, паступіў ў інтэлектуальную цытадэль Англіі — Оксфард. У Оксфардзе Ўайлд стварыў самога сябе. Ён выпрацаваў крыштальна ангельскі акцэнт: “Мой ірландскі акцэнт быў у ліку тых многіх рэчаў, што я забыў у Оксфардзе”.

У Оксфардзе Ўайлд слухаў лекцыі па мастацтве Джона Рэскіна і яго вучня Ўолтэра Пэйтэра. Пад уплывам Рэскіна Ўайлд знаходзіўся цягам ўсяго навучання ў Оксфардзе. Пазней ён пісаў яму ў лісце: “У Вас ёсць нешта ад прарока, ад святара, ад паэта; да таго ж багі падарылі Вам такое красамоўства, якое не дарылі нікому іншаму, і Вашыя словы, поўныя палымянае жарсці і цудоўнае музыкі, змушалі глухіх сярод нас пачуць і сляпых — убачыць”. Яшчэ падчас навучання ў Оксфардзе Ўайлд наведаў Італію і Грэцыю і быў уражаны гэтымі краінамі, іх культурнай спадчынай і прыгажосцю. Гэтыя вандроўкі зрабілі на яго вялізны ўплыў. У Оксфардзе ён таксама атрымаў найпрэстыжнейшую Ньюдыгейцкую прэмію за паэму “Равэна” (Ravenna) — грашовую прэмію, якую зацвердзіў у XVIII стагоддзі сэр Роджэр Ньюдыгейт для студэнтаў Оксфардскага ўніверсітэта, якія перамогуць на штогадовым конкурсе паэмаў, што не павінныя мець драматычную форму і абмежаваныя колькасцю радкоў — не больш за 300 (гэтую прэмію ў свой час атрымаў і Джон Рэскін).

Па заканчэнні ўніверсітэта (1878) Оскар Ўайлд перасяліўся ў Лондан. У цэнтры сталіцы ён пасяліўся ў здымнай кватэры па суседстве з лэдзі Ўайлд, больш вядомай на той час як Сперанца. Дзякуючы свайму таленту, дасціпнасці і ўменню прыцягнуць увагу, Ўайлд хутка ўцягнуўся ў свецкае жыццё Лондана. Ім сталі “частаваць” наведнікаў салонаў: “Прыходзьце абавязкова, сёння будзе гэты ірландскі дасціпнік”. Ён робіць “самую неабходную” для ангельскага грамадства рэвалюцыю — рэвалюцыю ў модзе. З гэтага часу ён з’яўляўся ў грамадстве ў ім асабіста прыдуманых строях.

У 1881 годзе выйшаў яго першы паэтычны зборнік “Вершы” (Poems). Ён вытрымаў 5 перавыданняў па 250 асобнікаў цягам аднаго году, але ўсе выдаткі па яго выпуску ўзяў на сябе сам Ўайлд. Адначасова з выхадам зборніка з’явілася камічная опера “Цярпенне” паэта Ўільяма Швенка Гілберта і кампазітара Артура Салівана, дзе адным са спарадыяваных персанажаў быў Ўайлд. Опера наклала на вершы Ўайлда, якія тады, мабыць, ніхто не прачытаў і вельмі нямногія прачыталі да сёння, адбітак скандальнай рэпутацыі аўтара. А пасля выпадку з Оксфардскім дыскусійным таварыствам, якое папрасіла Ўайлда падараваць яму гэтую кнігу, а потым адхіліла падарунак, вершы Ўайлда трывала і надоўга забыліся, і рэпутацыя “цікавага драматурга, але пасрэднага паэта” цягнецца за ім да гэтага часу.

У самым пачатку 1882 году Ўайлд сышоў з парахода ў порце Нью-Ёрку. З гэтага часу ўся амерыканская прэса сачыла за ангельскім эстэтам. Сваю першую лекцыю, якая называлася “Рэнесанс ангельскага мастацтва” (The English Renaissance of Art), ён завяршыў словамі: “Мы ўсе марнуем свае дні ў пошуках сэнсу жыцця. Ведайце ж, гэты сэнс — у мастацтве”. Слухачы горача апладыявалі. На яго лекцыі ў Бостане ў зале перад самым выхадам Ўайлда з’явілася група мясцовых дэндзі (60 студэнтаў з Гарвардскага ўніверсітэта) у кароткіх брыджах з адкрытымі лыткамі і смокінгах, са сланечнікамі ў руках. Іх мэтай было збянтэжыць лектара. Выйшаўшы на сцэну, Ўайлд пачаў лекцыю і, як бы няўзнак агледзеўшы фантастычныя фігуры, з усмешкай усклікнуў: “Я ўпершыню прашу Ўсявышняга пазбавіць мяне ад паслядоўнікаў!”.

Правёўшы год у Амерыцы, Ўайлд вярнуўся ў Лондан і адразу ж адправіўся ў Парыж. Там ён пазнаёміўся з самымі яркімі фігурамі сусветнай літаратуры — Полем Вэрленам, Эмілем Заля, Вікторам Гюго, Стэфанам Малармэ, Анатолем Франсам і іншымі. Вярнуўшыся на радзіму, Ўайлд сустракае Канстанцыю Лойд і ва ўзросце 29 гадоў жэніцца з ёй. У іх нараджаюцца двое сыноў, Сірыл і Вівіян, для якіх Ўайлд пісаў казкі, што пасля выйшлі ў двух зборніках — “Шчаслівы прынц і іншыя казкі” (The Happy Prince and Other Stories, 1888) і “Гранатавы дамок” (The House of Pomegranates, 1891).

У Лондане Ўайлда ведалі ўсе, ён быў самым жаданым госцем у любым салоне. Але адначасова яго шырока крытыкавалі, малявалі карыкатуры і чакалі рэакцыі. На жыццё ён у гэты час зарабляў журналістыкай (з 1887 па 1889 ён быў рэдактарам часопіса “Жаночы свет”).

У 1887 годзе Ўайлд выдаў апавяданні “Кентэрвільскі прывід”, “Злачынства лорда Артура Сэвіла”, “Сфінкс без загадкі”, “Натуршчык-мільянер”, “Партрэт містэра У.Х.”, якія склалі зборнік яго апавяданняў. У 1890 годзе пабачыў свет адзіны раман, які прынёс Ўайлду вялізны поспех, — “Партрэт Дарыяна Грэя” (The Picture of Dorian Gray). Крытыка абвінаваціла раман у амаральнасці. У адказ на 216 водгукаў на “Партрэт Дарыяна Грэя” Ўайлд напісаў больш за 10 адкрытых лістоў у рэдакцыі брытанскіх газетаў і часопісаў, тлумачачы, што мастацтва не залежыць ад маралі. У 1891 г. раман са значнымі дапаўненнямі выйшаў асобнай кнігай, і Ўайлд дапоўніў яго прадмовай, што зрабілася з гэтага часу маніфестам эстэтызму.

1891—1895 гады — гэта гады галавакружнай славы Ўайлда. У 1891 годзе выйшаў зборнік яго тэарэтычных артыкулаў “Задумы” (Intensions), дзе Ўайлд выклаў чытачам сваю эстэтычную дактрыну. У тым жа 1891 г. ён напісаў трактат “Душа чалавека пры сацыялізме” (The Soul of Man under Socialism), у якім крытыкуе шлюб, сям’ю і прыватную ўласнасць. Ўайлд сцвярджае, што “чалавек створаны дзеля лепшага прызначэння, чым капанне ў брудзе”.

Асобна стаіць напісаная ў гэты час па-французску аднаактавая драма на біблейскі сюжэт — “Саламея” (Salomé; 1891). У Лондане яе забаранілі да пастаноўкі: у Вялікабрытаніі нельга было ставіць тэатральныя прадстаўленні на біблейскія сюжэты. П’еса была надрукаваная ў 1893 годзе, а ў 1894 выйшаў яе пераклад на ангельскую мову з ілюстрацыямі Обры Бёрдслі. У 1892 годзе была напісаная і пастаўленая першая камедыя Ўайлда — “Веер лэдзі Ўіндэрмір” (Lady Windermere's Fan), поспех якой зрабіў яго самым папулярным чалавекам Лондана. У 1893 годзе выйшла яго наступная камедыя — “Жанчына, не вартая ўвагі” (The Woman of No Importance). Самым паспяховым у творчым плане робіцца для Ўайлда 1895 год: тады былі напісаныя і пастаўленыя дзве яго п’есы — “Ідэальны муж” (An Ideal Husband) і “Як важна быць сур’ёзным” (The Importance of Being Earnest).

Яшчэ ў 1891 годзе Ўайлд пазнаёміўся з Альфрэдам Дугласам (Бозі), які быў маладзейшы за яго на 17 гадоў. Яшчэ ў 1885 годзе да брытанскага крымінальнага заканадаўства была прынятая папраўка, якая забараняе “непрыстойныя стасункі паміж дарослымі мужчынамі”, хай нават па ўзаемнай згодзе. Бацька Бозі, маркіз Куінсберы, скарыстаўся гэтым і падаў у суд на Ўайлда, сабраўшы сведак, гатовых выкрыць пісьменніка ў такіх стасунках. Сябры тэрмінова раілі Ўайлду пакінуць краіну, бо ў гэтай справе ён ужо быў асуджаны. Але Ўайлд не паслухаўся. У 1895 годзе Ўайлд па абвінавачанні ў садаміі быў прысуджаны да двух гадоў турэмнага зняволення.

Большасць былых сяброў адвярнуліся ад Ўайлда. Але тыя нямногія, хто засталіся (напрыклад, яго найбліжэйшы сябар Роберт Рос), шмат дапамагалі яму. Альфрэд Дуглас ні разу да яго не прыехаў і ні разу не напісаў. У турме Ўайлд даведваецца, што памерла яго маці, што яго жонка эмігравала і змяніла сваё прозвішча, а таксама прозвішча сыноў (з гэтага часу яны былі не Ўайлды, а Холанды). У турме Ўайлд стварыў споведзь у форме ліста Дугласу, якую назваў “Epistola: In Carcere et Vinculis” (лац. “Пасланне: У турме і кайданах”), а пазней Роберт Рос пераназваў яе ў De Profundis (лац. “З глыбіні”; так пачынаецца 129 псалом Бібліі).

Вызвалены ў траўні 1897 году, Ўайлд з дапамогай сяброў пераехаў у Францыю і змяніў імя на Себасцьян Мельмот. Прозвішча Мельмот было пазычанае з гатычнага рамана знакамітага ангельскага пісьменніка XVIII стагоддзя Чарлза Мэцьюрына, стрыечнага дзеда Ўайлда, — “Мельмот-вандроўнік” (Melmoth the Wanderer, 1820). У Францыі Ўайлд напісаў паэму “Балада Рэдынгскай турмы” (The Ballad of Reading Gaol, 1898), падпісаную псеўданімам С.3.3. — такім быў турэмны нумар Оскара (камера № 3, 3 паверх, блок C). “Балада” выйшла ў свет тыражом у 800 асобнікаў.

Оскар Ўайлд памёр у Францыі 30 лістапада 1900 году ад вострага менінгіту, выкліканага вушной інфекцыяй. Незадоўга да смерці ён сказаў пра сябе так: “Я не перажыву XIX стагоддзе. Ангельцы не вытрываюць маёй далейшай прысутнасці”. Ён быў пахаваны ў Парыжы на могілках Баньё. Прыкладна праз 10 гадоў яго перапахавалі на могілках Пер-Лашэз, а на магіле быў усталяваны крылаты сфінкс з каменя працы Джэйкаба Эпстайна. У 1918 годзе ў адмысловай нішы помніка быў пахаваны і прах Роберта Роса — паводле ўласнага тэстаменту апошняга.

Чытайце таксама

Міхал Вівэг

Міхал Вівэг

Адзін з самых папулярных і добра прадаваных сучасных чэшскіх пісьменнікаў

Мікола Зэраў

Мікола Зэраў

Украінскі літаратуразнаўца, паэт, майстра санэтаў, перакладчык на ўкраінскую і рускую

Іван Бунін

Іван Бунін

Рускі пісьменнік, паэт, першы рускі лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Жоржы ды Сэна

Жоржы ды Сэна

Партугальскі празаік, паэт, драматург, крытык, эсэіст, перакладчык

1964