№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Саламея Пільштынова (Salomea Pilsztynowa)

1718 - 1760

Саламея Пільштынова

Саламея Рэгіна Пільштынова з Русецкіх (1718 – пасля 1760) пра месца свайго нараджэння піша так: “У маладым маім веку выдалі мяне бацькі (Яўхім Русецкі) замуж з Літвы з Наваградскага ваяводства, за доктара Якуба Гальпіра <...> з якім у той жа год я паехала ў Стамбул”. Невядома таксама, ці атрымала яна хаця б пачатковую адукацыю (мы ведаем толькі з яе ж слоў, што ў маладосці яна “любіла страляць і заўсёды ў дарозе ў калясцы мела пісталеты і стрэльбы”). Аднак была яна жанчына назіральная, кемлівая, разумная. Сама імкнулася да ведаў і хацела даць адукацыю (у гімназіі пры Пецярбургскай Акадэміі навук) свайму сыну. Лёгка вывучыла турэцкую, рускую, нямецкую мовы. Аказаўшыся дзесьці каля 1731 г., у чатырнаццаць гадоў, у Стамбуле, яна прыглядалася да акулісцкай практыкі свайго мужа. Потым яе вучыў нейкі турак з Вавілона. Палонны італьянец паказаў ёй, як пішуцца на лацінскай мове рэцэпты, падарыў колькі медыцынскіх даведнікаў. I тады Саламея сама ўзялася лячыць. Спярша баялася пацыентаў, ішла да іх пад прымусам. Потым стала давяраць інтуіцыі, вопыту народнай медыцыны (у цяжкія хвіліны ёй згадваліся адмысловыя прыёмы павітухі з Наваградчыны).

Рэкамендавала хворым захоўваць чысціню, больш рухацца. Паступова прыходзіла практыка. Саламея запісвала вынікі курацыі сваіх пацыентаў у спецыяльнай кнізе, якую збіралася выдаць. Сябе называла “доктарам медыцыны і акулісткай”.

Ішлі гады. Імкненне да прыгодаў і неабходнасць зарабляць на хлеб гналі Саламею з горада ў горад, з краіны ў краіну. Гальпір неўзабаве памёр, пакінуўшы яе з маленькай дачкой. За маладой жанчынай стаў цікаваць князь Ракачы, але яна не без прыгодаў уцякла ад яго. Сустрэўшы пецярых аўстрыйскіх палонных, выкупіла іх з турэцкай няволі. I сярод іх – за трыста чырвонцаў – свайго будучага другога мужа афіцэра Юзафа Фартуната дэ Пільштына. Разам з ім у 1739 г. вярнулася на радзіму, паступіла на службу да князя Міхала Радзівіла па мянушцы Рыбанька. У Нясвіжы паспяхова працягвала медыцынскую практыку. Адным словам, стала ці не першай на беларускіх землях жанчынай, якая “афіцыйна”, не хаваючыся, жыла з лекарства.

Аднак аселае, спакойнае жыццё не задавальняла няўрымслівую жанчыну. Заручыўшыся рэкамендацыямі военачальнікаў і магнатаў, яна надумала паехаць з Беларусі ў Пецярбург, да імператрыцы Ганны Іаанаўны, каб з яе пратэкцыяй вярнуць некалькі “сваіх людзей”, выкупленых ёю з турэцкага палону, але перахопленых па дарозе рускімі салдатамі. 3 Вільні праз Рыгу падарожніца дабралася (зноў з прыгодамі) да расійскай сталіцы. Там яна даволі лёгка пранікла ў царскі палац, заваявала давер імператрыцы, якая называла яе не інакш як “мой дружок”, “Саламаніда Яфімаўна”. Пільштынова ўвайшла ў курс усіх прыдворных падзей і інтрыг, усіх плётак. Яны пераказаныя ва ўстаўных раздзелах-навелах “Авантура князёў Далгарукіх”, “Гісторыя панавання Ганны Іаанаўны”, “Авантура пра Мазепу” і інш.

Паўночная сталіца прыйшлася Пільштыновай даспадобы. Падарожніца захаплялася тварэннем Пятра I, аддавала належнае яго рэфарматарскай дзейнасці: “Гэты цар Пятро Аляксеевіч пры жыцці сваім край свой вельмі прыгожа і пахвальна сфармаваў. Першае: разбойнікаў і злых людзей так вынішчыў, што не тое што старых і маладых, але жонак і дзяцей прэч выразаць, каб злога зародку ў яго краіне не было, бо раней нельга было ні купцу, ні пану, ані якому чалавеку праехаць. Другое: даў колеры войску свайму і муштру ім загадаў вучыць, наняў дзеля моваў розных і колеру сваёй краіны розных мэтраў, а менавіта французаў, немцаў, італьянцаў і лацінікаў, як я сама бачыла ў Пецярбургу, амаль у кожнага афіцэра або купца ёсць розныя мэтры і танцмайстры, амаль у кожным доме, а асабліва ў штабс-афіцэраў або ў міністраў. Розныя фабрыкі: сама я купляла аксаміт, градэтур, залатыя галуны, залатыя кампанкі з пецярбургскай фабрыкі; і там, дзе былі балоты, дрыгва, што за масты, каменныя і драўляныя і пяском роўна высыпаныя, на адной мілі пяць слупоў маляваных з надпісам і па-маскоўску, па-нямецку і па-латыні, дзе ехаць і як далёка”. Рускія парадкі Пільштынова параўноўвала з аўстрыйскімі, нямецкімі і турэцкімі.

Калі падарожніца намерылася пакінуць Пецярбург, руская імператрыца загадала вярнуць ёй выкупленых палонных (не так ужо істотна, што не тых самых), выдаць са сваёй казны тысячу рублёў, мноства сувояў тканін, дванаццаць вялікіх і столькі ж малых сярэбраных кубкаў, а таксама тузін сурвэт з царскімі гербамі. А каб па дарозе жанчыну не абрабавалі разбойнікі, да яе прыставілі канвой. Вярталася яна дамоў з верай у сваю шчаслівую зорку.

Аднак зменлівая фартуна хутка зноў адвярнулася ад Пільштыновай. У Нясвіжы і Лахве на Палессі яна даведалася, што яе муж прагуляў некалькі тысяч злотых і ў дадатак “зламаў шлюбную веру”. Да таго ж, у няшчаснай жанчыны зноў адабралі яе палонных “туркаў”. У хвіліны адчаю выспявае план новай “авантуры”: паехаць у Аўстрыю, знайсці мужавых сваякоў і спагнаць з іх грошы, заплачаныя за выкуп яго з палону. Пільштынова, хворая і цяжарная, рашуча выпраўляецца ў далёкую дарогу. Праўдай і няпраўдай пранікае праз кардоны, у каралеўскія палацы. У Брэслаўлі яна, відаць, з дапамогай самога Фрыдрыха II, атрымала пашпарт, каб праехаць праз Сілезію ў Аўстрыю, што была тады ў стане вайны з Прусіяй. Нарэшце падарожніца дабралася да Вены, дзе ў яе нарадзіўся сын. “Фартунка” нібыта зноў усміхаецца жанчыне. Купіўшы мужу дарагое адзенне, яна спяшаецца дамоў...

Муж, вядома, адказаў на яе падарункі чорнай няўдзячнасцю: выкраў яе дачку і падгаварыў слугу падсыпаць у Саламеіну талерку атруты. “Потым,– піша Пільштынова, – Пан Езус мяне цудоўна вылечыў, але ў мяне павывальваліся зубы, вылезлі валасы, сталі ломкія ногці, нават уся скура з мяне злупілася”. Аднак жанчына цярпліва пераносіць чарговае “боскае наканаванне”. Больш за тое, пабачыўшы ў Нясвіжы Міхала Радзівіла Рыбаньку, слёзна просіць, каб ён усё ж выпусціў з турмы яе мужа...

Зноў некалькі дзён бясхмарнага сямейнага шчасця... Але пасля іх Пільштынова вырашыла канчаткова развесціся з мужам, цішком з'ехаць на ўкраінска-малдаўскія землі, каб яшчэ раз адшукаць сваіх “туркаў” (Рыбанька загадаў адаслаць іх назад на радзіму). Ды Пільштын дагнаў яе ў Львове і зноў пачаў “авантуры”. Разгортваецца новая старонка “прыгодніцкага рамана”: “Уцякла я адразу з экіпажа, пайшла ў касцёл, а з касцёла ў кляштар матак-бернардынак, а муж мой каханы цапнуў з экіпажа мой куфар з сукенкамі, з грашыма і г. д., што было там, і потым фурыі і сваркі чыніў з паннамі-бернардынкамі, дык так, што я ўжо таго шуму выцерпець не магла і сама да яго выйшла да брамкі і казала: “Відаць, гэта воля Пана Бога. На, вазьмі мяне і з'еш”. I так мяне схапіў, пацягнуў да нейкіх русінскіх могілак, дзе наняў сабе халупу, і там я з маім мужам некалькі тыдняў пражыла, і тое, што я здаўна ў паненак-бернардынак трымала, таксама ад іх выцягнуў і прагуляў, так што ў мяне зноў нічога не засталося”.

Нарэшце Саламея цалкам парвала адносіны з Пільштынам, выправілася ў Турэччыну. Зноў лячыла пацыентаў. Зноў пераконвала ворагаў, што ў яе не “заечае сэрца” і заўсёды ёсць з сабой “пара набітых пістоляў”. Ды раптам – новае падзенне, новая змена святла і ценю.

Вось яна, зусім убогая, сядзіць у кляштары і горка плача, успамінаючы нядаўняе мінулае: “На леташнія святы я была ў спакоі, у багатых сукенках, футрах, каштоўных камянях, жэмчугу і г. д., а цяпер дрыжу ад холаду, не маючы нават футарка”. 3 жалю жанчына так расхварэлася, што з ложка ўпала і тры дні на голай зямлі ляжала, трызнячы.

Цяжка пераказаць усе далейшыя прыгоды Пільштыновай. Развітаўшыся з другім мужам і вырашыўшы далей жыць “у сепарацыі”, яна тым не менш прыняла заляцанні новага каханка – маладзейшага на сем гадоў “пана І.М.Ц.З.”, які аказаўся не лепшым за Пільштына. Некалькі гадоў ён жыў на ўсім гатовым. Саламея “заўсёды купляла яму кунтушы і жупаны, добрыя паясы, шаблі, пісталеты і коней”. А ён піў, здраджваў – “толькі той талент меў, што меў вялікую цярплівасць”. Баючыся лішняга сведкі, у час чарговага ад'езду лекаркі ён замыкаў яе дзевяцігадовага сына “ў цёмны склеп <...> і забываў пра яго – так, што ледзь яму раз у тры дні хлеба даваў, і так гэтае дзіця на голай зямлі ляжала, пералякалася, апухла і з гэтага памерла”. “Гультай” яшчэ колькі разоў ашукваў даверлівую жанчыну, выцягваў у яе грошы. Тады яна вырашыла, пераапрануўшыся сялянкаю, уцячы ад яго праз Кіеў у Расію. Ды каханак знайшоў яе і ва Украіне. Таму Пільштынова трэці раз накіравалася ў Турцыю, дзе выкупляла (дзеля асабістай выгады) палонных, гандлявала віном, карэннямі, літымі паясамі. Урэшце стала прыдворнай лекаркай-акулісткай у стамбульскім гарэме султана Мустафы, паспяхова карысталася там прыёмамі “псіхатэрапіі”. У 1760 годзе са Стамбула Русецкая накіравалася паломніцай у Святую Зямлю. У яе планы ўваходзіла наведанне Палестыны і Егіпта. Далейшы яе лёс невядомы.

Саламея Русецкая пакінула пасля сябе надзвычай цікавы ўзор эпісталярнай спадчыны – дзённік-кнігу “Авантуры майго жыцця”, падрыхтаваную для друку. У ім – успаміны і ўласныя развагі наконт тагачасных падзеяў, цікавыя замалёўкі-партрэты людзей, якія сустракаліся ў час яе вандровак па краінах Захаду і Ўсходу. Шмат месца ў кнізе адведзена апісанню побыту і нораваў розных народаў, выкладзеныя метады лячэння розных хвароб. Лекарка шмат у чым абапіралася на здабыткі народнай медыцыны, распаўсюджвала вучэнне пра гігіену і фізічнае выхаванне.

Паводле Адама МАЛЬДЗІСА

Чытайце таксама

Крысціна Бандурына

Крысціна Бандурына

Нарадзілася ў 1992 годзе ў Мазыры.

Маўрыцыё Бліні

Маўрыцыё Бліні

Італьянскі пісьменнік, шмат гадоў працаваў следчым

Антонія Поцы

Антонія Поцы

Генрых Кіршбаўм

Генрых Кіршбаўм

Паэт, літаратуразнаўца.

3856