№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ян Якаб Слаўэрхоф (Jan Jacob Slauerhoff)

1898 - 1936

Ян Якаб Слаўэрхоф
Ян Якаб Слаўэрхоф (зрэдку падпісваўся Джон Равэнсвуд, John Ravenswood) – паэт, празаік, перакладчык, карабельны доктар, адзін з найбуйнейшых пісьменнікаў Нідэрландаў ХХ ст. Аўтар шэрагу паэтычных зборнікаў і зборнікаў апавяданняў, трох раманаў (адзін з іх, “Паўстанне Гвадалахары” (De opstand van Guadalajara, 1937), выдадзены пасмяротна) і адной трагедыі “Ян Пітэрц Кун” (Jan Pietersz Coen, 1931), перакладчык з гішпанскай, партугальскай, французскай і кітайскай моваў.

Нарадзіўся 15 верасня 1898 году ў нідэрландскім горадзе Леўвардэне ў пратэстанцкай сям’і, быў пятым з шасці дзяцей і з самага дзяцінства пакутаваў ад астмы. Скончыўшы школу (у якой вучыўся разам са сваім сябрам, таксама будучым пісьменнікам, Сіманам Вэстдэйкам), Слаўэрхоф абірае кар’еру доктара і паступае ў медыцынскі універсітэт у Амстэрдаме. Аднак гэта не перашкаджае яму займацца літаратурай – першыя вершы Слаўэрхофа друкуюцца ў студэнцкім часопісе “Propria Cures”. Аднак пры гэтым паэт не бярэ актыўнага ўдзелу ў студэнцкім жыцці, паглынуты светам сваіх любімых французскіх сімвалістаў – Шарля Бадлера, Поля Вэрлена, Трыстана Карб’ера і Арцюра Рэмбо.

З 1921 году вершы Слаўэрхофа пачынаюць друкавацца ў сур’ёзным літаратурным часопісе “Плынь” (Het Getij), а ўжо ў 1923 годзе выходзіць яго першы паэтычны зборнік – “Архіпелаг” (Archipel). У тым жа годзе паэт (палічыўшы сябе яшчэ не гатовым да сталага пачуцця) разрывае стасункі з Труус дэ Рэйтэр, з якой заручыўся ў студэнцкія гады, калі дзяўчына вывучала нідэрландскую філалогію, а сам паэт – медыцыну. Не здалеўшы знайсці сабе працу ў Нідэрландах (а падчас навучання ва універсітэце ў Слаўэрхофа з’явілася няшмат сяброў і значна больш – ворагаў), паэт паступае на службу ў Іст-Індскую карабельную кампанію і робіцца судавым доктарам. Аднак ужо ў першым плаванні слабое здароўе Слаўэрхофа нагадвае пра сябе і вымушае яго шукаць працу на сушы. Праз некалькі месяцаў ён зноў падпісвае канктракт з карабельнай кампаніяй і плыве на Далёкі Усход. Да 1927 году, калі заканчваецца кантракт, Слаўэрхоф шмат разоў пабываў у Кітаі, Ганконгу і Японіі.

З 1928 году паэт пачынае плаваць доктарам на судах, што ідуць у Лацінскую Амерыку. Гэтым часам крыху паляпшаецца яго здароўе і шырыцца пісьменніцкая слава (да 1930 году надрукаваныя ўжо шэсць паэтычных зборнікаў і два зборнікі апавяданняў). У вершах Слаўэрхофа адкрываецца дзівосны свет усходніх краінаў і паўднёвых мораў, ён расказвае пра кітайцаў-кулі, што грузяць суды ад Шанхаю да Кантону, пра партавыя гарады – Порт-Саід, Джыбуці, Сінгапур, пра маракоў і піратаў, пра мужнасць, вернасць і падарожжы на самы край зямлі.

З 1929 году Слаўэрхоф часта бывае ў Нідэрландах, працуе ў Утрэхце ў клініцы дэрматалогіі і венерычных захворванняў. У верасні 1930 году жэніцца з Дар’яй Колін, танцоркай, балерынай – і некаторы час адчувае сябе вельмі шчаслівым. Аднак ужо ў 1931 годзе зноў захворвае (гэтым разам на пнеўманію) і вымушаны ехаць папраўляць здароўе ў Італію, куды хуткім часам пераязджае і яго цяжарная жонка. Дзіця нараджаецца мёртвым, і Слаўэрхоф упадае ў страшэнную дэпрэсію, а ў 1932 годзе зноў сыходзіць у мора. Здароўе пагаршаецца, і Слаўэрхоф вырашае выправіцца ў Паўночную Афрыку, але неўзабаве вяртаецца назад. Разам са здароеўм пагаршаюцца стасункі з жонкай, якія праз некаторы час заканчваюцца разводам.

Тым часам пісьменніцкая слава Слаўэрхофа ўсё расце. У 1932 годзе выходзіць яго “Забароненае каралеўства” (Het verboden rijk), гістарычны раман з рысамі магічнага рэалізму, які апавядае пра дзевятнаццатае стагоддзе і жыццё партугальскага паэта шаснаццатага стагоддзя Луіша дэ Камоэнша, аўтара санэтаў і гераічнай паэмы “Лузіяды”, які таксама, як і сам Слаўэрхоф, бываў на Усходзе. Нідэрландскі паэт неаднаразова звяртаецца да вобразу свайго папярэдніка – напрыклад, у санэце “Камоэнш”, – і супастаўляе яго лёс са сваім, бачачы ў гэтым злавеснае папярэджанне (Камоэнш памёр ад чумы). Гэты, а таксама наступны раман Слаўэрхофа “Жыццё на зямлі” (Het leven op aarde, 1934) былі прыхільна прынятыя крытыкай і чытачамі, а паэтычная кніга “Soleares” была ў 1933 годзе ўганараваная прэміяй Ван дэр Хогта.

Пасля 1935 году Слаўэрхоф шмат плавае па свеце. У адной з паездак у Паўднёвую Афрыку ён моцна захворвае на малярыю і ў 1936 годзе вяртаецца ў Нідэрланды – але запозна. Паэт памірае 5 кастрычніка 1936 году, неўзабаве пасля 38-га дня нараджэння, у лякарні ў Хілверсуме, не дажыўшы месяцу да выхаду свайго апошняга зборніка вершаў “Годная магіла марака” (Een eerlijk zeemansgraf).

Празаічныя творы Яна Слаўэрхофа перакладаліся на нямецкую, французскую, італьянскую і партугальскую мовы, паэзія – на рускую (Я. Віткоўскі).

Чытайце таксама

Ульф Старк

Ульф Старк

Шведскі пісьменнік і сцэнарыст

Алег Шынкарэнка

Алег Шынкарэнка

Нарадзіўся ў Запарожжы

Шолам-Алейхем

Шолам-Алейхем

Габрэйскі пісьменнік, драматург і асветнік, адзін з пачынальнікаў літаратуры на ідыш

Гейр Гуліксэн

Гейр Гуліксэн

Нарвежскі паэт, раманіст, эсэіст, драматург, дзіцячы пісьменнік, выдавец.

1202