№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Шарлота Пэркінс Гілман (Charlotte Perkins Gilman)

1860 - 1935

Шарлота Пэркінс Гілман
Амерыканская пісьменніца, эканаміст, выкладчык і ранні тэарэтык фемінісцкага руху, аўтарка больш чым двухсот апавяданняў і прыкладна дзесяці раманаў. Цяпер самы вядомы яе твор – апавяданне “Жоўтыя шпалеры”.

Нарадзілася ў горадзе Хатфард, штат Канэктыкут. Яе бацька быў бібліятэкарам і пісьменнікам. Яго цёткай была знакамітая пісьменніца Гарыет Бічэр-Стоў. Бацька кінуў сям’ю пасля смерці аднаго з дзяцей у 1866 годзе, і маці пісьменніцы засталася адна з дзецьмі на руках, жывучы на мяжы беднасці, часам вымушаная пераязджаць ад родзічаў да родзічаў.

З дзяцінства Гілман шмат чытала і займалася самаадукацыяй. З 1878 па 1880 гады яна навучалася ў Роўд-Айлендскай школе дызайну і пасля зарабляла на жыццё, распрацоўваючы віншавальныя паштоўкі.

У 1884 годзе яна выйшла замуж за Чарлза Ўолтэра Стэтсана, амбітнага мастака. З самага пачатку свайго дарослага жыцця Гілман пакутавала на перыядычныя прыступы меланхоліі, а паля нараджэння дачкі Катарыны яе апанавала дэпрэсія. У 1886 годзе яна пачала лекавацца ў доктара Сіласа Ўіра Мітчэла. Ён рэкамендаваў жанчыне як мага больш часу праводзіць дома і не займацца ніякімі інтэлектуальнымі заняткамі. Пазней Гілман у сатырычнай манеры ўзгадвала гэта лячэнне ў сваёй аўтабіяграфіі, а таксама скарысталася ім для напісання свайго самага вядомага на дадзены момант твора – апавядання “Жоўтыя шпалеры”. Яно ўпершыню было надрукаванае ў New England Magazine у студзені 1892 года, а ў 1899 годзе выйшла асобнай кнігай.

Іншыя гатычныя гісторыі Гілман The Giant Wistaria (1891), The Rocking Chair (1893) і The Unwatched Door (1894).

У 1888 годзе пісьменніца сышла ад Стэтсана (яны развяліся ў 1894 годзе) і пераехала ў Каліфорнію. Другім яе мужам быў яе кузэн Джордж Х’ютан Гілман, нью-ёркскі адвакат. У 1894–1895 яна працавала рэдактарам літаратурнага штодзённіка The Impress, які выдавала Жаночае прэсавае аб’яднанне Ціхаакіянскага ўзбярэжжа. Там яна друкавала эксперыментальную серыю апавяданняў, у якіх імітавала стыль такіх вядомых аўтараў, як Луіза Мэй Элкат, Натаніэл Готарн, Генры Джэймс, Эдгар Алан По і Марк Твэн. Першая кніга Гілман выйшла ў 1893 годзе – зборнік сатырычных вершаў на фемінісцкія тэмы In This Our World. Цягам наступных двух дзесяцігоддзяў яна стала папулярнай праз лекцыі, датычныя жаночых пытанняў, этыкі, працы, правоў чалавека і сацыяльных рэформаў. Гэтыя ж тэмы падымаліся і ў яе мастацкіх творах. З 1909 па 1916 яна рэдагавала і практычна адна пісала ў феміністычную газету The Forerunner, дзе і была надрукаваная большасць яе твораў. Выданне мела амаль паўтары тысячы падпісчыкаў.

Самым вядомым тэарэтычным трактам Гілман была кніга Women and Economics (1898), у якой яна жорстка крытыкавала састарэлы падзел сацыяльных роляў. Паводле Гілман, мужчынская агрэсія і мацярынская роля жанчыны – штучныя і больш не патрэбныя для выжывання. Яна лічыла, што толькі эканамічная незалежнасць можна прынесці жанчыне сапраўдную свабоду і забяспечыць раўнапраўе ў сям’і. У сваім трактаце Concerning Children (1900) яна выступае за прафесійны дагляд дзяцей.

Стомленая гарадскім жыццём, у 1922 годзе Гілман пераязджае з Нью-Ёрка ў Норвіч, штат Канэктыкут. У 1932 годзе ёй дыягнастуюць рак грудзей, і пасля смерці мужа ў 1934 годзе яна перабіраецца ў Каліфорнію, бліжэй да дачкі. У 1935 годзе Ш. П. Гілман як прыхільніца эўтаназіі памірае, прыняўшы завялікую дозу хлараформу.

Чытайце таксама

Ціт Макцый Плаўт

Ціт Макцый Плаўт

Значных рымскіх камедыёграфаў, першы рымскі аўтар, ад якога захаваліся цэлыя творы

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Крысціян Фрэдэрык Луі Лейпалт

Паўднёваафрыканскі пісьменнік, адзін з самых значных творцаў ПАР “Другога руху” — пакалення творцаў, што пісалі на афрыкаанс

Паўль Цэлан

Паўль Цэлан

Нямецкамоўны паэт і перакладчык, адзін з найлепшых еўрапейскіх лірычных паэтаў

Карл Увэ Кнаўсгар

Карл Увэ Кнаўсгар

Нарвежскі пісьменнік.

973