№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Рэд'ярд Кіплінг (Rudyard Kipling)

1865 - 1936

Рэд'ярд Кіплінг
Рэд’ярд Кіплінг (поўнае імя Джозэф Рэд’ярд Кіплінг) – ангельскі паэт і празаік, знакаміты найперш дзякуючы “Кнізе джунгляў” (The Jungle Book, 1894), апавяданням і вершам пра Індыю і дзіцячым казкам, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1907 году, адзін з самых папулярных у Англіі пісьменнікаў мяжы ХІХ – ХХ стагоддзяў. Яму прапаноўвалі званне паэта-лаўрэата, а таксама званне рыцара; ад усіх гэтых прапановаў ён адмаўляўся. Цягам ХХ стагоддзя стаўленне да Кіплінга змянялася ў залежнасці ад многіх фактараў; тым не менш, яго творы зрабіліся класікай ангельскай літаратуры і дагэтуль шырока чытаюцца і перакладаюцца на многія мовы.

Нарадзіўся Кіплінг 30 снежня 1865 году ў Бамбеі, тады – брытанскай калоніі, у сям’і Джона Локвуда Кіплінга і яго жонкі Эліс Кіплінг (у дзявоцтве Макдоналд). Эліс Кіплінг была вельмі жыццярадаснай жанчынай; будучы намеснік Індыі аднойчы сказаў пра яе: “Паныласць і місіс Кіплінг не могуць знаходзіцца ў адным пакоі”. Локвуд Кіплінг быў скульптарам, працаваў таксама з керамікай; ён выкладаў скульптуру ў бамбейскай Школе мастацтва і прамысловасці. Імя Рэд’ярд будучы пісьменнік атрымаў у гонар возера Рэд’ярд у Стафардшыры; яно ляжыць у той мясцовасці, дзе пазнаёміліся яго бацькі. Цётка Рэд’ярда па маці Джарджыяна была жонкай мастака Эдварда Бэрн-Джонса, другая цётка, Агнэс, – жонкай мастака Эдварда Пойнтэра. Але самым знакамітым з яго родных быў кузэн Стэнлі Болдуін, кансерватар, які тройчы выбіраўся прэм’ер-міністрам у 1920-я і 1930-я гады.

У пяць гадоў Рэд’ярду давялося пакінуць Бамбей. Згодна з тагачаснай традыцыяй, яго разам з трохгадовай сястрой Эліс (ці Трыкс) адвезлі ў Англію (у Портсмут). У сям’і Халаўэяў дзеці пражылі наступныя шэсць гадоў. У сваёй аўтабіяграфіі, якая выйшла праз 65 гадоў, Кіплінг з жахам згадваў тыя часы і з іроніяй разважаў, ці не паскорыла жорсткасць і абыякавасць місіс Халаўэй пачатак яго літаратурнай дзейнасці.

Сястры будучага пісьменніка Трыкс жылося з Халаўэямі прасцей: яе апякунка спадзявалася, што з часам дзяўчына выйдзе замуж за яе сына. На кожныя Каляды дзеці месяц праводзілі ў сваёй цёткі Джарджыяны і яе мужа, мастака Эдварда Бэрн-Джонса, у іх лонданскім доме, пра які Кіплінг пасля пісаў: “рай, які, шчыра веру, мяне ўратаваў”. Вясной 1877 году Эліс Кіплінг вярнулася з Індыі і забрала дзяцей да сябе.

У студзені 1878 году Кіплінг паступае ў Дэванскі каледж, які рыхтаваў хлопчыкаў да службы ў войску. Спачатку вучыцца ў ёй было цяжка, але пасля будучы пісьменнік знайшоў там добрых сяброў; уражанні гэтага часу пазней адлюстраваліся ў аўтабіяграфічным творы “Сталкі і кампанія” (Stalky & Co, 1899). У гэты ж час Кіплінг пазнаёміўся з Флорэнс Гарард, у якую закахаўся і якую вывеў пасля ў вобразе Мэйзі ў рамане “Святло, якое згасла” (Light that Failed, 1891).

Па заканчэнні навучання ў каледжы Кіплінг выправіўся ў Лахор (цяпер Пакістан) – бацька знайшоў яму там працу памочніка рэдактара ў маленькай мясцовай газеце Civil & Military Gazette. 20 верасня 1882 году Кіплінг пакінуў Англію і 18 кастрычніка таго ж году дабраўся да Бамбея. Сваю лахорскую газету юнак (а Рэд’ярду было тады няпоўных сямнаццаць гадоў) назваў “каханкай і самым сапраўдным каханнем”; выходзіла яна шэсць разоў на тыдзень, за выключэннем каляднага і велікоднага дзён. У вольны ад працы час Кіплінг піша кароткія апавяданні і вершы – ужо ў 1886 годзе асобным зборнікам выходзяць яго “Дэпартаменцкія вершы” (Departmental Ditties), у тым жа годзе рэдактарам газеты робіцца Кей Робінсан, які дае маладому пісьменніку больш творчай свабоды і друкуе ў газеце яго творы. У студзені 1888 году выйшаў і першы зборнік кароткіх апавяданняў Кіплінга “Простыя гісторыі з гор” (Plain Tales from the Hills). Неўзабаве пасля гэтага пісьменніка пераводзяць у большую газету – The Pioneer у Алахабадзе.

Цягам наступнага году Кіплінг выдаў шэсць зборнікаў кароткіх апавяданняў – “Тры салдаты” (Soldiers Three, 1888), “У белых і чорных танах” (In Black and White, 1888), “Пад гімалайскімі кедрамі” (Under the Deodars, 1888), “Прывідны рыкша і іншыя жахлівыя гісторыі” (The Phantom Rickshaw and other Eerie Tales, 1888), “Ві-Вілі-Вінкі” (Wee Willie Winkie, 1888), якія ў цэлым улучалі 41 апавяданне, і раман “Гісторыя Гадсбіса” (The Story of the Gadsbys, 1888).

9 сакавіка 1889 году Кіплінг пакінуў Індыю і выправіўся ў Сан-Францыска праз Сінгапур, Ганконг і Японію. Некаторы час ён падарожнічаў па Злучаных Штатах, пішучы артыкулы для газеты The Pioneer, і падчас падарожжа пазнаёміўся з Маркам Твэнам. Пасля пісьменнік выправіўся ў Вялікабрытанію і ў кастрычніку 1889 году апынуўся ў Ліверпулі.

У наступныя два гады Кіплінг жыве ў Лондане, выдае раман “Святло, якое згасла”, перажывае нервовае расстройства і знаёміцца з амерыканскім пісьменнікам і літагентам Ўолкатам Балесцьерам, з якім сумесна працуе над раманам “Наўлака” (The Naulahka). Калі Балесцьер памёр ад тыфу, Кіплінг ажаніўся з яго сястрой Кэралайн – адбылося гэта 18 студзеня 1892 году. Пасля вяселля маладыя выправіліся спачатку ў Злучаныя Штаты, а потым у Японію, але там іх нагнала навіна, што банк, які іх абслугоўваў, збанкрутаваў і яны страцілі большасць сваіх грошай. Сям’і давялося вярнуцца ў Вермант, дзе жылі сваякі Кэралайн (яна на той момант была цяжарная), і арандаваць сціплы дом ля Брэтлбара. Там нарадзілася іх першае дзіця, дачка Джазэфіна. Тамсама Кіплінг пачаў пісаць “Кнігу джунгляў” (The Jungle Book, 1894).

За чатыры гады, якія пісьменнік пражыў у Амерыцы, ён напісаў, апроч “Кнігі джунгляў”, зборнік “Дзённая праца” (The Day's Work, 1898), раман “Адважныя капітаны” (Captains Courageous, 1897) і шэраг вершаў. У лютым 1896 годзе нарадзілася другая дачка Кіплінгаў Элсі.

У верасні 1896 году сям’я Кіплінгаў вяртаецца ў Вялікабрытанію. У 1897 годзе нараджаецца чарговае дзіця, сын Джон. Пісьменнік у гэты час шмат працуе над вершамі (у 1899 з’яўляецца знакаміты верш “Цяжар белага чалавека” (The White Man’s Burden), піша зборнік школьных апавяданняў “Сталкі і кампанія” (Stalky & Co.) і робіцца ўсё больш знакамітым.

У пачатку 1898 году сям’я Кіплінгаў правяла зімовыя канікулы ў Паўднёвай Афрыцы, і гэта зрабілася для Кіплінгаў традыцыяй – да 1908 году (за выключэннем 1899-га, калі падчас падарожжа ў ЗША памерла дачка Кіплінгаў Джазэфіна) кожную зіму яны выпраўляліся ў Паўднёвую Афрыку. Кіплінг на гэты момант ужо быў праслаўленым паэтам Імперыі, што забяспечыла яму добры прыём ва ўплывовых палітыкаў Капскай калоніі. Калі пачалася Другая англа-бурская вайна (1899 – 1902), Кіплінг напісаў шэраг вершаў у падтрымку брытанскай арміі, а наведаўшы калонію ў 1900, ён дапамагаў з выданнем газеты “Сябра” (The Friend) для брытанскіх салдат.

У першую дэкаду ХХ ст. Кіплінг працягвае шмат пісаць, і яго папулярнасць дасягае апагею: у 1907 годзе ён атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры, стаўшы такім чынам першым ангельцам-лаўрэатам. У гэты ж час быў напісаны верш “Калі” (If), які, паводле апытання ВВС у 1995 годзе, быў названы самым любімым вершам у Вялікабрытаніі. У пачатку Першай сусветнай вайны Кіплінг, як і многія іншыя брытанскія пісьменнікі, напісаў шэраг артыкулаў у падтрымку брытанскіх салдат. Адзіны сын пісьменніка Джон загінуў у 1915 годзе.

Кіплінг працягваў пісаць да пачатку 1930-х гадоў, але ўжо нашмат менш. Ён памёр 18 студзеня 1936 году (праз два дні пасля караля Георга V). Незадоўга да яго смерці ў адным часопісе выпадкова надрукавалі паведамленне пра яго смерць, пасля чаго ён напісаў туды: “Я толькі што прачытаў, што памёр. Не забудзьце выкрасліць мяне са спісу сваіх падпісчыкаў”. У 2010 годзе імем Кіплінга быў названы кратар на Меркурыі.

Чытайце таксама

Умбэрта Саба

Умбэрта Саба

Італьянскі паэт габрэйскага паходжання.

Ціт Макцый Плаўт

Ціт Макцый Плаўт

Значных рымскіх камедыёграфаў, першы рымскі аўтар, ад якога захаваліся цэлыя творы

Райнэр Марыя Рыльке

Райнэр Марыя Рыльке

Славуты аўстрыйскі паэт і перакладчык

Марыя Французская

Марыя Французская

Марыя Французская – паэтка, якая, як мяркуецца, нарадзілася ў Францыі ў канцы ХІІ ст

2174