№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Вацлаў Гавал (Václav Havel)

1936 - 2011

Вацлаў Гавал
Вацлаў Гавал – чэшскі драматург, эсэіст, палітычны вязень, грамадскі актывіст і сумленне нацыі, пазней – дзевяты прэзідэнт Чэхаславакіі і першы прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі, цяпер – пенсіянер.

Нарадзіўся 5 кастрычніка 1936 г. у вядомай пражскай прадпрымальніцка-інтэлігенцкай сям’і, якой, між іншым, належалі палац “Люцэрна” і кінастудыя “Барандоў”. Пасля камуністычнага перавароту 1948 г. палац і кінастудыя былі нацыяналізаваныя, а сям’я Гаўлаў трапіла ў няласку рэжыму, у выніку чаго маладому Вацлаву было знемагчымлена навучанне на гуманітарных спецыяльнасцях чэхаславацкіх ВНУ. Пасля вайсковай службы (1957–1959) ён пачаў працаваць рабочым сцэны ў тэатры “АВС”, неўзабаве перайшоў у тэатр “На парэнчах” (Na zábradlí), дзе праз колькі гадоў даслужыўся да пасады загадчыка літаратурнай часткі. У тыя адліжныя 60-я Гавал здолеў паступіць на завочнае аддзяленне пражскай Акадэміі мастацтваў, а ў 1964 г. была ажыццёўленая дэбютная пастаноўка адной з яго першых п’есаў “Свята ў садзе” (Zahradní slavnost; па-беларуску – у зборніку: “Пры зачыненых дзвярах”. Мінск: Мастацкая літаратура, 1995, пераклад Лявона Баршчэўскага).

З надыходам Пражскай вясны Вацлаў Гавал актывізуе сваю грамадскую чыннасць, сярод іншага ён узначальвае Клуб незалежных пісьменнікаў, становіцца сябрам Клубу заангажаваных беспартыйцаў, піша чарговыя п’есы. Па задушэнні Пражскай вясны Гавал быў змушаны пакінуць тэатр. У 1975 г. з-пад яго пяра выходзіць “Адкрыты ліст да Густава Гусака” (Otevřený dopis Gustavu Husáku), у 1977 г. – тэкст “Хартыі-77”, які стаўся штуршком да ўтварэння аднайменнага руху нязгодных з афіцыйным курсам Чэхаславакіі, у 1978 г. Гавал – сярод заснавальнікаў Камітэту абароны несправядліва пераследаваных, піша чарговае праграмнае эсэ “Сіла бяссільных” (Moc bezmocných). Улады камуністычнай Чэхаславакіі не маглі пакінуць без увагі ягоную актыўнасць, Вацлаў Гавал адсядзеў за кратамі тры тэрміны агульнай працягласцю амаль 5 гадоў. Падчас адседак узнікла яшчэ адна важная кніга – “Лісты Вользе” (Dopisy Olze), якая сваёй назвай адсылае да першай Гаўлавай жонкі (1933–1996), моцнай і мужнай жанчыны, каторая змагла дараваць свайму мужу ягоныя здрады і падтрымлівала яго ў цяжкія моманты ягонага жыцця.

У часе Аксамітнай рэвалюцыі Гавал стаўся адным з яе лідэраў і па яе паспяховым завяршэнні быў абраны прэзідэнтам Чэхаславакіі, а ў 1993 г., пасля “мірнага разводу” Чэхіі і Славакіі, – прэзідэнтам Чэшскай Рэспублікі, прабыўшы на гэтай пасадзе два тэрміны. За час прэзідэнцтва Вацлаў Гавал зрабіўся на Захадзе сапраўднай іконай, тым часам як на радзіме яго нямала крытыкавалі за хібы ў правядзенні замежнай і ўнутранай палітыкі, за закулісныя гульні, за шлюб з актрысай Дагмар Вэшкрнавай неўзабаве пасля смерці першай жонкі Вольгі або за судовыя разбіральніцтвы з братам Іванам пры падзеле маёмасці, вернутай у рэстытуцыі. Тут, дарэчы, варта сказаць, што значную частку сродкаў з продажу вернутай маёмасці Вацлаў Гавал выдаткаваў на заснаванне дабрачыннага фонду “VIZE 97”.

Сышоўшы ў 2003 г. з палітыкі, Вацлаў Гавал застаўся аўтарытэтнай фігурай, да меркаванняў якой прыслухоўваюцца чыноўнікі найвышэйшых рангаў як у Чэшскай Рэспубліцы, так і за мяжой. Разам з тым, у яго зноў з’явіўся час для літаратурнай, найперш драматычнай, творчасці. У 2007 г., пасля 19-гадовага перапынку, з’явілася новая п’еса Вацлава Гаўла “Сыход” (Odcházení), якая з вялікім поспехам ставіцца на многіх сцэнах свету.

Агулам Вацлаў Гавал напісаў амаль два дзесяткі п’есаў (акрамя ўжо згаданага вышэй “Свята ў садзе” і публікаванага на гэтым сайце “Пратэсту” на беларускую мову перакладзеная яшчэ “Аўдыенцыя” (Audience / “Крыніца”, 1997, № 1 (27), пераклад Ірыны Шаблоўскай). Гаўлавы драматычныя творы сваёй эстэтыкай блізкія да п’есаў абсурду, але абсурд у іх вельмі спецыфічны, гэта абсурд жыцця ў сацыялістычнай супольнасці і сутыкнення індывіда з машынэрыяй таталітарнай дзяржавы.

Што да другога важнага складніку літаратурна-мысленчай творчасці Вацлава Гаўла – ягоных палітычных эсэ, – то некаторыя з іх фрагментарна друкаваліся па-беларуску ў розных перыядычных выданнях (газета “Наша Ніва”, часопісы “Крыніца”, “Фрагмэнты”, “ARCHE”). Цяпер у выдавецтве І. Логвінава рыхтуюцца да друку выбраныя эсэ і прамовы Вацлава Гаўла, сабраныя пад адной вокладкай.

За сваю літаратурную, грамадскую і палітычную дзейнасць Вацлаў Гавал атрымаў мноства міжнародных узнагародаў, неаднаразова вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міру. У 2008 г. ён стаўся і ганаровым сябрам Беларускага ПЭН-Цэнтра.

Памёр Вацлаў Гавал 18 снежня 2011 года.

Чытайце таксама

Багуслаў Радзівіл

Багуслаў Радзівіл

Арыстакрат, адзін з самых багатых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, вядомы грамадска-палітычны дзеяч

Албрэхт Радэнбах

Албрэхт Радэнбах

Адзін з самых значных фламандскіх паэтаў і лідар руху за адраджэнне фламандскай літаратуры

Мэцью Грэгары Льюіс

Мэцью Грэгары Льюіс

Ангельскі раманіст і драматург, стаў знакамітым дзякуючы раману “Манах”, напісанаму ў 19 гадоў

Аўром Рэйзен

Аўром Рэйзен

Габрэйскі навэліст, паэт і журналіст.

1440