№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Мацей Стрыйкоўскі (Maciej Stryjkowski)

1547 - пасля 1590

Мацей Стрыйкоўскі
Адзін з найбольш вядомых і чытаных гісторыкаў Рэчы Паспалітай другой паловы XVI ст.

Скончыўшы навучанне ў Кракаўскім універсітэце ў 1570 г., ён працяглы час жыў у ВКЛ, спалучаючы службу ў Віцебскім і Слуцкім гарнізонах з напісаннем празаічна-вершаваных твораў па гісторыі Княства і Кароны. Марай жыцця М. Стрыйкоўскага было стварэнне грунтоўнай гісторыі ВКЛ, пра што сведчыць творчы даробак пісьменніка: “Ганец Цноты да сапраўдных шляхціцаў” (1574), верш “На герб Вялікага Княства Літоўскага і князёў Слуцкіх “Пагоня”...” (каля 1576), “Люстра літоўскай хронікі...” (1577), прысвечаная князю Юрыю Слуцкаму хроніка “Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага” (1575 — 1578; да 1917 зберагалася ў нясвіжскай бібліятэцы Радзівілаў). Асаблівую каштоўнасць маюць паэтычныя часткі апошняга з названых твораў, дзе ў асобе М. Стрыйкоўскага мы назіраем пастаяннае змаганне паміж пісьменнікам-празаікам і пісьменнікам-паэтам, які, спрабуючы не толькі ўціснуць у хроніку багаты фактаграфічны матэрыял, але і праславіць сваё імя, звяртаецца да нетрадыцыйнага для тагачаснай гістарыяграфіі ВКЛ прыёму апісання асобных падзей у форме вершаванай аповесці. Варта звярнуць увагу, што пісьменнік “рыфмуе” найперш тыя эпізоды з гісторыі Княства, якія адпавядаюць яго разуменню падзеі, вартай славы, вартай увекавечання ў паэтычнай форме. Немалаважным, відаць, было для аўтара не толькі зместавае, але і эмацыйнае напаўненне падобных апісанняў, якое ў чыста гістарыяграфічным творы фактычна было немагчымае. Зачараваны суровай і мужнай гісторыяй Княства, М. Стрыйкоўскі менавіта ў вершаваных устаўках дасягае вялікай мастацкай выразнасці, стварае “бачнасць” падзеі для чытача. І менавіта таму ў вершаванай, а не празаічнай форме прадстаўлена апісанне прыбыцця рымскіх патрыцыяў на чале з Палямонам у Літву, як і апісанні шматлікіх бітваў, сярод якіх найперш вылучаюцца апісанні Грунвальдскай (1410) і Клецкай (1506), дапоўненыя пазней у “Хроніцы” вершаванымі ж апісаннямі іншых баталій, напрыклад, Аршанскай (1514), гісторыі паходаў Атылы і г.д. Гэтае наватарства М. Стрыйкоўскага будзе ацэнена пазней, у ХІХ ст., калі надыдзе час гістарычнага рамана ў польскай літаратуры. Незразуметы сучаснікамі, у “Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі” (1582) пісьменнік зменшыць колькасць вершаваных уставак, аднак не адмовіцца ад іх цалкам, спрабуючы спалучыць ва ўласнай творчасці гамераўска-вергіліеўскі эпічны стыль (з яго моцным міфалагічным пачаткам) і патрабаванні сучаснай яму еўрапейскай гістарыяграфіі, арыентаванай на апісанне рэальных гістарычных падзей і асоб.

У нумары прадстаўленыя ўрыўкі з двух найбольш вядомых твораў М. Стрыйкоўскага — “Пра пачатак…” і “Хронікі”. Каментар пададзены ў мінімальнай форме, паколькі праца над перакладам працягваецца. Пераклады зроблены: 1) “Пра пачатак… народа літоўскага, жамойцкага і рускага” — паводле выд. Maciej Stryjkowski. O początkach, wywodach, dzielnościach, sprawach rycerskich i domowych sławnego narodu litewskiego, żemojdzkiego i ruskiego, przedtym nigdy od żadnego ani kuszone, ani opisane, z natchnienia Bożego a uprzejmie pilnego doświadczenia/ Opracowała J. Radziszewska. Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1978; 2) “Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі” — паводле выд.: Maciej Stryjkowski. Kronika Polska, Litewska, Żmodzka i wszystkiej Rusi. Warszawa, 1846. T. II. S.128 — 138, 333 — 338, 380 — 383.

Алесь Бразгуноў

Чытайце таксама

Богдан Задура

Богдан Задура

Польскі паэт, празаік, перакладчык з рускай, украінскай, ангельскай і венгерскай моваў

Э. Ч. Асонду

Э. Ч. Асонду

Нігерыйскі пісьменнік, вядомы сваімі кароткімі апавяданнямі

Джойс Кэрал Оўтс

Джойс Кэрал Оўтс

Амерыканская паэтка і празаік. Уладальніца шматлікіх літаратурных прэмій

Корнэль Фёльдвары

Корнэль Фёльдвары

Народжаны ў няправільны час (13 лютага 1932) у няправільнай сям’і, з самага пачатку сваёй творчасці выпрацаваў разумную сістэму псеўданімаў

567