№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Тамаш Зан (Tomasz Zan)

1796 - 1855

Тамаш Зан
Польскі паэт-рамантык, філамат, сябра Адама Міцкевіча. Нарадзіўся 21 снежня 1796 ў вёсцы Мясата. Бацька Тамаша Караль Зан удзельнічаў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі і пасля яго задушэння вярнуўся дамоў, але з пачаткам рэпрэсіяў у дачыненні да паўстанцаў мусіў уцячы. Цяжарную жонку Кацярыну з першым сынам Вінцэнтам ён адвёз у маёнтак Селішча да брата. Паводле меркаванняў біёграфаў паэта, жонка Караля Зана была вымушаная хавацца з Вінцэнтам і Тамашом у лесе праз небяспечнасць казацкіх войскаў. Пасля амністыі Караль Зан уладкоўваецца аканомам у адстаўнога палкоўніка польскіх войскаў Трэмбіцкага ў маёнтку Вязынь, дзе праходзіць маленства будучага паэта.

У 1807 годзе разам з малодшым братам Ігнасем Тамаша Зана адправілі ў Мінскую гімназію. Тамаш належаў да ліку найбольш здатных вучняў і актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх зборах і забавах. Найбліжэйшымі сябрамі Зана ў гімназіі былі браты Верашчакі з Наваградчыны — Міхал і Юзаф. Асабліва моцна ён пасябраваў з Міхалам, дзякуючы якому Тамаш пазнаёміўся з яго сястрой Марыляй Верашчакай —каханай Адама Міцкевіча, які, у сваю чаргу, пазнаёміўся з ёю не без пасярэдніцтва Зана.

Далейшаму навучанню ў Мінскай гімназіі перашкодзіла хвароба Тамаша, таму бацькі вырашылі забраць яго разам з братам дамоў у фальварак Выверы, які яго бацькі ўзялі ў арэнду. Тут прайшлі самыя яркія юнацкія гады Зана. Выверы былі недалёка ад Маладзечна, таму па выздараўленні Тамаша бацькі паслалі яго разам з братамі Ігнасем і Стэфанам давучвацца ў Маладзечанскую павятовую школу, якую толькі што перавялі з Бабруйска.

Звесткі пра маладзечанскі перыяд жыцця паэта захаваліся збольшага ў дакументах следчай камісіі працэсу над філаматамі. Саміх “маладзечанскіх” твораў Зана не захавалася. Адзінае сведчанне пра іх — рапарт сенатара Мікалая Навасільцава вялікаму князю Канстанціну ў траўні 1824 году, які потым апублікаваў Фёдар Вяржбоўскі ў брашуры “К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодёжи” (Варшава, 1898).

У 1815 годзе Тамаш Зан за ўласны кошт паступае на фізічна-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта і, каб мець сродкі на жыццё, працуе гувернёрам.

Ужо ў першы год навучання ён ўступае ў Таварыства шасці, у якое ўваходзілі студэнты-менчукі. У 1817 годзе Зан робіцца адным з заснавальнікаў Таварыства філаматаў, у 1820 — стварае Таварыства прамяністых, рэарганізаванае пазней у Таварыства філарэтаў. У 1823 годзе арыштоўваецца царскімі ўладамі. У часе следства 1823—1824 гг. усю віну за стварэнне і дзейнасць згуртаванняў моладзі бярэ на сябе, дзякуючы чаму астатніх арыштаваных, у ліку якіх былі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ігнат Дамейка і слабы здароўем Юзаф Яжоўскі, выслалі ўглыб Расіі, а не зняволілі ў цытадэлі.

За арганізацыю падпольных таварыстваў Тамаша Зана ў кастрычніку 1824 году высылаюць у Арэнбургскую фартэцыю. У высылцы ён сустракае нямецкага навукоўца-прыродазнаўца Аляксандра Гумбальта, які прыязджаў на Урал у навуковую экспедыцыю. Пад яго ўплывам паэт захапляецца геалогіяй і батанікай. Праз некаторы час Зану даручаюць геалагічную разведку ў Прыўраллі і Тургайскім стэпе. На Волзе, пад Самарай, ён адшукаў нафту, у Заўральскім стэпе — паклады золата, каля Троіцкай фартэцыі — медную руду. Таксама стварыў багаты мінералагічны музей у Арэнбургу.

Улічваючы заслугі Тамаша Зана ў вывучэнні прыроды Урала і выяўленні пакладаў золата, 3 траўня 1837 паэту паведамілі, што “государь император всемилостивейше соизволил разрешить Зану оставить, буде пожелает, службу в Оренбургском крае, с правом продолжить оную в других губерниях или возвратиться на родину”.

У 1837 годзе Тамаш прыязджае ў Санкт-Пецярбург, дзе, уладкаваўшыся бібліятэкарам у Горны інстытут, займаецца выданнем сваіх працаў пра прыродныя багацці Урала агульным аб'ёмам сто друкаваных аркушаў. Аднак апублікаваць кнігу Зану не ўдалося, а месцазнаходжанне гэтага рукапісу невядомае дагэтуль.

Пасля сямнаццацігадовай высылкі Тамаш Зан у 1841 годзе вяртаецца на радзіму. Марыля Путкамер (у дзявоцтве Верашчака) забірае яго да сябе ў маёнтак Бальценікі. У вёсцы Аборак на Маладзечаншчыне Тамаш Зан сустракае Брыгіду Свентажэцкую, якая зачытвалася рамантычнаю літаратурай і захаплялася творчасцю Адама Міцкевіча. У 1846 годзе яны пабраліся шлюбам. Бацькі Брыгіды Свентажэцкай набылі для сям’і невялікі маёнтак Кахачын у Аршанскім павеце.

Рэшту жыцця Тамаш Зан правёў у маёнтку Кахачын, дзе памёр 19 ліпеня 1855. Пахаваны на каталіцкіх могілках у мястэчку Смаляны.

Чытайце таксама

Готфрыд Аўгуст Бюргер

Готфрыд Аўгуст Бюргер

Лешак Энгелькінг

Лешак Энгелькінг

Польскі паэт, перакладчык, мастацтвазнаўца, літаратурны крытык

Вацлаў Гавал

Вацлаў Гавал

Чэшскі драматург, эсэіст, дысідэнт, першы прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі

Данііл Хармс

Данііл Хармс

Рускі сатырычны паэт і празаік

5544