Паэт-рамантык, філамат, фалькларыст, этнограф і драматург, сябра Адама Міцкевіча. Нарадзіўся 7 ліпеня 1796 у вёсцы Малюшычы ў сям’і беззямельнага шляхціца Тадэвуша Чачота і Клары з Гасіцкіх. Быў ахрышчаны ў парафіяльным касцёле ў Варончы, прычым двойчы — спачатку ўніяцкім, а потым каталіцкім святаром, які даў яму другое імя Антоні. З Малюшычаў Чачоты, якія арандавалі там фальварак, праз нейкі час перабраліся пад Баранавічы ў фальварак Рэпіхава Навамыскай парафіі (цяпер Ляхавіцкі раён), дзе яго бацька ўладкаваўся аканомам да памешчыка Тызенгаўза.
Адсюль, недзе ў 1809 годзе, Ян Чачот перабраўся у павятовы горад Наваградак, дзе ў 1809—1815 гадох вучыўся ў дамініканскай школе. Тут ён пасябраваў са сваім аднакласнікам Адамам Міцкевічам.
Увосень 1815 году Чачот выехаў у Вільню, дзе ў 1816 годзе паступіў на факультэт маральных і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта, але праз фінансавыя цяжкасці правучыўся толькі год. Каб зарабіць на хлеб, спачатку меў невялікі заробак за паслугі віленскім адвакатам, а потым уладкаваўся пісарам у Радзівілаўскую пракураторыю. У кола Чачотавых абавязкаў уваходзіла ўпарадкаванне і капіяванне спадчынных дакументаў. У сувязі з гэтым даводзілася выязджаць у Наваградак, Мінск, Варшаву і іншыя гарады. Нягледзячы на вялікую занятасць, працягваў наведваць вольным слухачом асобныя лекцыі Іяхіма Лялевеля і Ігната Даніловіча: вывучаў літаратуру, гісторыю, мовы і асабліва права, імкнучыся стаць адвакатам.
16 красавіка 1818 па рэкамендацыі Адама Міцкевіча залічаецца ў Таварыства філаматаў. Карыстаўся вялікаю павагаю сяброў за вясёлыя песні і вершы, якія пісаў “на народнай гаворцы” да ўсіх сходак і вечарынак Таварыства.
На паэтычным турніры 21 снежня 1818 Ян Чачот быў прызнаны трэцім паэтам пасля Адама Міцкевіча і Тамаша Зана.
З утварэннем Таварыства філарэтаў быў абраны кіраўніком Блакітнага аддзела (саюза) — літаратурнага. Тут ён вельмі актыўна ўзяўся за выхаванне літаратурнай моладзі, з вялікай патрабавальнасцю ставячыся да яе творчасці, за што маладыя літаратары жартам празвалі яго Ментарам. Узяў пад асабістую апеку Антонія Эдварда Адынца.
У 1919 годзе паводле хронікі Марціна Бельскага і Яна Длугаша Чачот напісаў лібрэта оперы “Малгажата з Зэмбаціна”. Адам Міцкевіч лічыў гэтае лібрэта творчай удачай сябра, даваў высокую ацэнку музычнасці верша ў пачатковых арыях.
У 1820 годзе Чачот пачаў вывучаць нямецкую мову, што, скончылася перакладам некалькіх нямецкіх вершаў. Выступаў у якасці рэдактара і карэктара першага паэтычнага зборніка Адама Міцкевіча, калі той знаходзіўся ў Коўне. Клапаціўся пра яго выданне ў Вільні.
У 1823 арганізаваў паэтычны клуб “Касталія”, куды ўваходзілі будучы збіральнік і перакладчык літоўскіх песняў Эмерык Станевіч, паэт і перакладчык Юліян Корсак і іншыя.
Па справе віленскіх згуртаванняў моладзі Чачот быў арыштаваны 10 кастрычніка 1823 і зняволены ў колішнім касцёле місіянераў, дзе яго пратрымалі да 22 кастрычніка 1824. У часе арышту ужо сабраў значную колькасць народных песняў, якія ўвайшлі ў яго рукапісны зборнік “Песенькі і іншыя творы”, складзены ў турме паміж допытамі і перададзены на захаванне Зосі Малеўскай, сястры філамата Францішка Малеўскага.
Яна Чачота абвінавачвалі “в чтении на собраниях филаретов дерзких и ругательством против россиян наполненных стихов и в произнесении приветствий и речей, противных верности к Российскому Престолу”. Каб адвесці пагрозу ад арыштаваных таварышаў, браў на допытах віну на сябе, за што разам з Тамашом Занам і Адамам Сузіным панёс самае суровае пакаранне — дзесяцігадовае выгнанне ў Расію. Па абвяшчэнні выраку спачатку адбываў пакаранне ў крэпасці Кізіл, перакладаў Вашынгтона Ірвінга (пераклад выйшаў у Вільні, 1830). Адсюль яго ў траўні 1825 перавялі ва Уфу. У 1827 паступіў на дзяржаўную службу канцылярыстам у бюро мясцовага губернатара.
У 1830 годзе змог пераехаць у Маскву. З 1831 па 1833 працаваў у Цверы і Таржку. У Цверы захапіўся збіраннем мясцовых этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў, якія дасылаў свайму сябру-філамату, манголазнаўцу Юзафу Кавалеўскаму ў Казань, куды той быў высланы. Гэтыя матэрыялы загінулі ў часе паўстання 1863 году ў варшаўскай кватэры Кавалеўскага, які да гэтага часу вярнуўся ў Польшчу.
У 1833 Чачоту дазволілі вярнуцца ў Беларусь, у мястэчка Лепель, дзе ён уладкоўваецца канцылярыстам у дырэкцыю Бярэзінскага канала. За добрую службу атрымлівае чын губернскага сакратара. У Лепелі Ян Чачот заняўся зборам народных песняў, якія потым увайшлі ў яго зборнікі.
Толькі ў 1839 “государь император высочайше повелеть соизволил” адпусціць Яна Чачота дамоў, на Наваградчыну, і зняць з яго паліцэйскі нагляд. Па вяртанні Чачот пераязджае ў Шчорсы, дзе ўладкоўваецца на пасаду бібліятэкара да апекуна філаматаў і філарэтаў графа Адама Храптовіча. Тут ён беспаспяхова спрабуе зацвердзіць у дваранстве сваю галіну роду Чачотаў, а таксама актыўна займаецца збіраннем і публікацыяй беларускага фальклору. Пасля смерці гаспадара Шчорсаў (1844) разлічваў на службу ў бібліятэцы ў Лагойску, але Канстантын Тышкевіч не адгукнуўся на яго прапанову. Пазней жыў у сваіх сяброў на Наваградчыне — спачатку ў Вяржбоўскіх у Далматаўшчыне, потым у Рафала Слізня у Вольнай і Бортніках, займаўся выданнем у Вільні сабраных ім твораў беларускага фальклору.
У надзеі паправіць здароўе ўвесну 1847 выехаў у Друскенікі “на воды”, дзе ў жніўні з ім здарыўся параліч. Лекаванне не дало чаканага выніку, і 23 жніўня 1847 Ян Чачот памёр у суседняй з Друскенікамі вёсцы Ротніца, дзе быў пахаваны паблізу касцёла. Праз дзесяць гадоў пасля пахавання намаганнямі гарадзенца Заторскага над магілай Чачота быў пастаўлены помнік, на якім адбілі эпітафію Антонія Эдварда Адынца.