Райнэр Марыя Рыльке (Rainer Maria Rilke)
1875 - 1926
Наступныя гады апынаюцца надзвычай ураджайнымі. У 1896 годзе паэт выдае зборнік вершаў “Вянчаны снамі” (Traumgekrönt), у 1899 – “Дзве пражскія гісторыі” (Zwei Prager Geschichten) і зборнік вершаў “Мне на свята” (Mir zur Feier), у 1900 – зборнік малой прозы “Пра Госпада Бога і іншае” (Vom lieben Gott und Anderes). У гэты час Рыльке шмат падарожнічае, наведвае Італію, Расію, знаёміцца з Львом Талстым, Іллём Рэпіным, Барысам Пастэрнакам, перакладае з рускай мовы творы С. Дрожжына, З. Гіпіюс, а таксама “Слова пра паход Ігараў”, сам піша некалькі вершаў на рускай мове.
У 1901 годзе Рыльке жэніцца з мастачкай Кларай Вэстхоф, і ў снежні ў іх нараджаецца дачка Рут. Далейшае жыццё пісьменніка поўніцца вялізнай колькасцю падзей:
1902–1903 – выдае зборнік навэлаў “Апошнія” (Die Letzten), драму “Жыццё як жыццё” (Das tägliche Leben), першы варыянт зборніка “Раннія вершы” (Erste Gedichte), першае выданне “Кнігі карцінаў” (Das Buch der Bilder), пераязджае у Парыж, знаёміцца з Агюстам Радэнам. Выдае дзве кнігі пра мастацтва – “Ворпсвэдэ” і “Агюст Радэн”, пачынае ліставацца з Францам Капусам (ліставанне гэтае пасля складзецца ў кнігу “Лісты да маладога паэта”), вандруе па Італіі, пасля пераязджае ў Рым.
1904 – выдае кнігу прозы “Гісторыі пра Госпада Бога” (Geschichten vom lieben Gott), заканчвае працаваць над драмай “Белая княгіня” (Die weiße Fürstin), пераязджае ў Швейцарыю, а пасля ў Данію.
1905 – пераязджае ў Медон, што пад Парыжам, дзе жыве ў Радэна і працуе ў яго сакратаром, выдае “Кнігу гадзінаў” (Das Stunden-Buch).
1906 – пераязджае ў Шартр, пачынае працаваць над цыклам пра Шартрскі сабор, пасля едзе ў Германію; разрывае стасункі з Радэнам (які без папярэджання звальняе Рыльке), пераязджае ў Парыж, працуе над першай часткай “Новых вершаў” (Neue Gedichte), друкуе “Песню пра любоў і смерць карнэта Крыстафа Рыльке” (Die Weise von Liebe und Tod des Cornets Christoph Rilke, нап. 1899) і другое выданне “Кнігі карцінаў”.
1907 – пераязджае на Капры, знаёміцца з Максімам Горкім і Рудальфам Каснэрам, пасля зноў едзе ў Парыж, выдае першую частку “Новых вершаў” і перавыдае кнігу “Агюст Радэн” з дапаўненнямі.
1908 – едзе ў Італію, вяртаецца ў Парыж, узнаўляе знаёмства з Радэнам, выдае другую частку “Новых вершаў”.
1909 – друкуе кнігу “Рэквіем” (Requiem) і другое, перапрацаванае выданне “Ранніх вершаў”.
1910 – едзе ў замак Дуіна пад Трыестам, пасля ў Венецыю і Парыж, падарожнічае па Паўночнай Афрыцы і выдае “Запіскі Мальтэ Лаўрыдса Брыге” (Die Aufzeichnungen des Malte Laurids Brigge).
1911 – вяртаецца ў Парыж, пасля едзе ў Трыест.
1912 – піша паэтычны цыкл “Жыццё Панны Марыі” (Das Marien-Leben) і першыя “Дуінскія элегіі” (Duineser Elegien); падарожнічае ў Венецыю і Іспанію.
1913 – выдае “Жыццё Панны Марыі”.
1914 – стварае паэтычны цыкл “Пяць песняў” (Fünf Lieder).
1915 – пераязджае ў Мюнхен і працуе над “Дуінскімі элегіямі”.
1916 – прызваны ў армію, працуе ў Вене ў ваенным архіве.
1920 – стварае паэтычны цыкл “Са спадчыны графа К.В.” , выдае драму “Белая княгіня”.
1921 – жыве ў замку Мюзо недалёка ад Цюрыха, завяршае “Дуінскія элегіі”, стварае “Санэты да Арфея” (Die Sonette an Orpheus), прычым за надзвычай кароткі час: 55 вершаў былі напісаныя за 14 дзён.
1923 – выдае “Дуінскія элегіі” і “Санэты да Арфея”; шмат часу праводзіць у санаторыі Тэрытэ на Жэнеўскім возеры з прычыны пагаршэння здароўя (толькі перад самай смерцю дактары здалелі паставіць паэту дыягназ: лейкемія).
1924 – піша шмат вершаў, у тым ліку па-французску.
1926 – жыве ў Мюзо і Рагацы, шмат лістуецца з Марынай Цвятаевай, выдае кнігу французскіх вершаў “Сады” (Vergers) з дадаткам “Валезанскіх катрэнаў” (Les Quatrains Valaisans), з 30 лістапада ляжыць у клініцы Вальмон і 29 снежня памірае.
Рыльке знакаміты не толькі як пісьменік, але і як перакладчык. Апроч згаданых вышэй перакладаў з рускай мовы яму належаць таксама пераклады на нямецкую мову вершаў Поля Валеры (выд. 1925), Мікеланджэла Буанароці, Петраркі. Рыльке пераклаў з французскай мовы ананімную казань XVII ст. “Любоў Магдаліны”, “Партугальскія лісты”, якія прыпісваюцца партугальскай манашцы Марыяне Алькафарада (1913), а таксама “Дваццаць чатыры санэты Луізы Лабэ Ліёнскай” (з італьянскай і французскай, XVI ст.) і інш.