№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Вікенцій Равінскі (Вікенцій Равінскі)

1786 - 1855

Вікенцій Равінскі
Беларускі паэт і празаік, адзін з пачынальнікаў беларускай сатыры.

Нарадзіўся ў 1786 годзе ў Духаўшчынскім павеце Смаленскай губерні. Бацькі яго належалі да служылай смаленскай шляхты, якая доўга трымалася старадаўніх традыцыяў і патрыярхальных звычаяў, невядомых у іншых мясцінах Расіі. Равінскія лічыліся дробнамаянтковымі дваранамі. Бацька паэта, адстаўны секунд-маёр, а потым калежскі саветнік, быў у розныя часы духаўшчынскім земскім спраўнікам, павятовым суддзём, гараднічым.

Выхоўваўся будучы паэт дома і па прыкладзе старэйшых братоў у 1800 годзе, яшчэ падлеткам, паступіў на вайсковую службу. Спачатку служыў унтэр-афіцэрам у мушкецёрскім палку, потым у чыне прапаршчыка перавёўся ў егерскі полк.

Служба Равінскага ў войску супала з важнымі падзеямі еўрапейскай гісторыі, з напалеонаўскімі войнамі, у якія была ўцягнутая і Расія. Малады афіцэр браў удзел у вайне з французамі 1805—1807 гг., у складзе войск пад камандаваннем М. Кутузава, П. Баграціёна і іншых военачальнікаў пабываў у Галіцыі, Сілезіі, Маравіі, Аўстрыі, Усходняй Прусіі, удзельнічаў у бітвах пад Аўстэрліцам і Пройсіш-Айляў. Асабліва адзначыўся Равінскі ў вядомай бітве пры Шанграбене, дзе ён, паводле запісу ў атэстаце, “харобра адкрываў сам сабе шлях праз варожыя калоны”. Яго мундзір упрыгожыўся першай баявой узнагародай — Ордэнам святой Ганны.

У 1808—1809 гадах знаходзіўся ў Пецярбургу, куды быў накіраваны “для ўведання парадку службы”. За гэты час ў Пецярбургу двойчы выдавалася “Энеіда” Катлярэўскага. 36-ы егерскі полк, дзе пасля Пецярбурга працягваў службу Равінскі, некалькі гадоў стаяў на Украіне, што дало яму магчымасць грунтоўна пазнаёміцца з украінскай мовай і народнымі звычаямі.

Напярэдадні вайны 1812 году полк перакінулі на захад Беларусі, пад Ліду. Разам з усёй расійскай арміяй капітан Равінскі бег углыб краіны. У пачатку вайны камандзір корпуса, вядомы военачальнік генерал Дзмітрый Дохтураў узяў яго да сябе старшым ад’ютантам.

Равінскаму давялося ўдзельнічаць у вырашальных бітвах той вайны: пад Смаленскам, дзе, выконваючы распараджэнне Дохтурава, ён атрымаў моцныя апёкі, Барадзіном, Малаяраслаўцам. Яго мужнасць засведчаная новымі баявымі ордэнамі, а таксама надзвычай ганаровай тагачаснай узнагародай — залатой шпагай з надпісам “За смеласць” (за Барадзіно). У 1813—1814 гадах паэт удзельнічаў у паходзе расійцаў у Заходнюю Еўропу, ваяваў у Германіі, быў сведкам-удзельнікам гістарычнай “бітвы народаў” пад Лейпцыгам.

У сакавіку 1816 Равінскі пайшоў у адстаўку ў чыне палкоўніка і вярнуўся на радзіму.

Неўзабаве ён ажаніўся з дачкой багатага мясцовага памешчыка Рымскага-Корсакавага.

Паэма “Энеіда навыварат” была напісаная Вікенціем Равінскім у 1816—1825 гадах, пасля вяртання з войска, ці ў 1827—1828 гадах, калі ён чакаў новага прызначэння і стажыраваўся ў Смаленскай удзельнай канторы. Апрача “Энеіды” Равінскі напісаў вершаваную камедыю “Шлюб з прымусу”, сатыру на аракчэеўскія парадкі “Вялікі муж субардынацыі”, вершы, у якіх высмейвалася самадурства паноў і апісваліся камічныя эпізоды з памешчыцкага жыцця. Тэксты іх распаўсюджваліся ў рукапісах і цяпер страчаныя (змест некаторых твораў вядомы ў пераказе ўнука пісьменніка).

Памёр у 1855 годзе, пахаваны ў сямейным склепе ў царкве ў вёсцы Спас-Вуглы (цяпер Духаўшчынскі раён Смаленскай вобласці).

Чытайце таксама

Караль Жэра

Караль Жэра

Беларуска-польскі пісьменнік і педагог

Мэры Шэлі

Мэры Шэлі

Ангельская пісьменніца, аўтарка славутага "Франкенштэйна"

Джэк Керуак

Джэк Керуак

Амерыканскі пісьменнік, прадстаўнік Біт-пакалення, аўтар раману "На дарозе"

Пэт Паркер

Пэт Паркер

Афраамерыканская паэтка-лесбіянка і актывістка.

2841