№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Рыгор Барадулін (Рыгор Барадулін)

1935 - 2014

Рыгор Барадулін
Паэт, эсэіст, перакладчык, аўтар больш як 30-ці зборнікаў вершаў (апрача ўсяго іншага такіх “хуліганскіх”, як “Здубавецце” і “Дуліна ад Барадуліна”), намінант на Нобелеўскую прэмію, біяграфію якога можна знайсці ў любым падручніку па беларускай літаратуры, гэтаксама як і спіс яго асноўных паэтычных зборнікаў. Перакладаў з вялізнае колькасці моваў (назваць яе дакладна пакуль няма мажлівасці), штосьці – з падрадкоўнікаў, штосьці – з арыгіналаў. За зборнік вершаў “Рум” і пераклады Ф. Г. Лоркі ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй імя Янкі Купалы (1976), за пераклады з латышскае мовы – латвійскім ордэнам Трох зорак (1995).

М. Скобла ў прадмове да біяграфіі Р. Барадуліна ў анталогіі “Галасы з-за небакраю” пісаў: “Што цікава, усе без выключэння паэты – і вечна натхнёныя сярэднеазіяцкія акыны, і лужыцкія будзіцелі, і шматлікія братнія баяны, і баснікі з-пад пяра перакладчыка лёгка ставалі на крыло, шчодра апераныя часам падазрона не ўласцівымі ім ад нараджэння метафарамі. Ніводнага паэта ён не пакінуў у бязвобразных рызманах, апрануў як мог”. Асобная кніга перакладаў Р. Барадуліна “Кахаць – гэта значыць...” выйшла ў 1986 годзе; у яе ўваходзяць пераклады з польскай (А. Міцкевіч, Ул. Бранеўскі), сербалужыцкай (Я. Барт-Цішынскі), ангельскай (У. Шэкспір, Дж. Г. Байран, П. Б. Шэлі, Ў. Блэйк, Р. Кіплінг, Р. Бэрнс), нямецкай (Г. Гайнэ), французскай (А. Рэмбо), гішпанскай (М. дэ Сервантэс, Ф. Г. Лорка, Н. Гільен, Р. М. Вілена, Х. Л. Ліма, Э. Дыега, Г. Містраль, П. Нэруда) моваў, а таксама “Слова пра паход Ігаравы”.

У перакладах Р. Барадуліна выйшаў шэраг вершаваных зборнікаў замежных аўтараў: Г. Рэлес “Бяроза пад акном” (з іўрыту, 1961), Я. Райніс “Ветрык, вей!” (1965), Х. Мальцінскі “Вясёлыя вароты” (з іўрыту, 1972), Ф. Г. Лорка “Блакітны звон Гранады” (1975), С. Ясенін “Выбранае” (пер. разам з А. Куляшовым, 1976), Н. Гільен “Падарожжа да сябе самога” (пераклаў з гішпанскай разам з М. Стральцовым і К. Шэрманам, 1978), У. Лучук “Возера-Бульдозера” (разам з В. Зуёнкам, 1978), А. Вазнясенскі “Небам адзіным” (1980), І. Драч “Мелодыя каліны” (1981), Г. Містраль “Ветраліст” (1984), К. Шэрман “Дождж у Каралішчавічах” (1984), С. Патопнеў “Беларусь – белая балада” (вершы і нарысы; пер. з балгарскай разам з В. Нікіфаровічам, 1985), “Беларусь – маё слова і песня (паэты свету пра Беларусь)” (1987), А. Хаям “Рубаі” (з фарсі-кабулі, 1989), М. Шагал “Паэзія” (пер. з ідыш разам з Л. Бярынскім, 1898), Б. Пастарнак “Гарэла свечка...” (1990), С. Вальеха “Чорныя геральды” (1993), К. Леандоэр “Вершы для Эльзы” (са шведскай, 1999; у кнізе ёсць верш, прысвечаны Р. Барадуліну), З. Яндарбі “Сэрца майго святыня” (з чачэнскай, 2005). Да 25-годдзя пантыфікату Папы Рымскага Р. Барадулін пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі Яна Паўла ІІ “Рымскі трыпціх”; пераклаў таксама п’есы Лесі Украінкі “Каменны гаспадар” і Ж.-Б. Мальера “Тарцюф” (1996). У 2009 годзе ў перакладзе Р. Барадуліна выйшаў зборнік Хізры Асадулаева "Горо" ("Кропелька") на каратынскай і беларускай мовах, за якую Р. Барадуліну нададзенае званне ганаровага грамадзяніна с. Карата (Дагестан); у гэты зборнік таксама ўвайшлі пераклады Х. Асадулаева з Я. Купалы, Я. Коласа, Р. Барадуліна і інш.

У літаратурным зборніку “Братэрства” за 1982 год былі надрукаваныя пераклады Р. Барадуліна вершаў Б. Акуджавы, за 1985 год – Б. Ахмадулінай, за 1992 год – В. Мандэльштама; у часопісе “ARCHE” (№ 3, 2000) – вершы Х. Н. Бяліка (з ідыш).

Пераклаў з курдскай мовы шэраг твораў Ганада Чарказяна, якія выйшлі ў некалькіх зборніках: “Плач” (1994), “Шамдзін” (1998), “Чаргаві” (2001), “Пум-Пур у калясцы і іншыя казкі” (пер. разам з І. Бурсавым, 2004); адзін з перакладчыкаў зборніка вершаў Г. Чарказяна “Караваны гор” (1996), а таксама яго ж паэзіі і прозы “Пад адным небам” (2008). Падборка перакладаў з Г. Чарказяна, зробленых Р. Барадуліным, была надрукаваная ў часопісе “Крыніца” (№ 2, 2001).

Асаблівай увагі варты зборнік досыць эксперыментальных перакладаў “Гуканне паэзіі Усходу” (2007), дзе прадстаўленая кітайская, японская, карэйская і в’етнамская паэзія.

Р. Барадулін – адзін з перакладчыкаў многіх зборнікаў вершаў з серыі “Паэзія народаў СССР”: С. Нерыс “Калі зямля прачынаецца” (з літоўскай, 1970), М. Някрасаў (Лірыка”, 1970), З. Нуры “Радасць сустрэч” (з татарскай, 1970), Дзм. Гулія “Выбранае” (з абхазскай, 1970), Я. Смелякоў “выбранае” (з рускай, 1970). Таксама адзін з перакладчыкаў зборнікаў вершаў А. Кунанбаева “Выбранае” (з казахскай, 1970), М. Гелавані “Клятва” (з грузінскай, 1970), М. Ханінава “Хвоі і цюльпаны” (з калмыцкай, 1970), “Горад мільённы і мы: паэзія чырвонай Лодзі” (1972), “Ад вежаў Ферары: З сучаснай італьянскай паэзіі” (1974, пераклаў вершы паэтаў Э. Акрока, А. Барленгі, Э. Мантале, Ф. Мантэроса, Л. Піньёці, Р. Раверсі, А. Сэвэрыні, Ф. Фарціні, М. Фэрэці), анталогіі “Сучасная венгерская паэзія” (1977), двухтомнай анталогіі “Літоўская савецкая паэзія” (1977), зборнікаў паэзіі Б. Сцепанюка “Матчына слова” (з украінскай, 1977), Махтумкулі “Салавей шукае ружу” (з туркменскай, 1983), М. Канановіча “Мой гай дубовы” (з польскай, 1986), зборніка эстонскай паэзіі “Гняздоўе вятроў” (1986; пераклаў Г. Суйтса, У. Бэкмана, М. Трата, П.-Э. Руму), анталогіі сучаснай кубінскай паэзіі “Тытунёвая кветка” (1986), зборніка паэзіі Дж. Г. Байрана “Лірыка” (1989), зборніка польскай дзіцячай паэзіі “Качка-дзівачка” (2006, пераклаў вершы Яна Бжэхвы).

Пераклады Р. Барадуліна друкаваліся ў “Даляглядах”: А. Вазнясенскі “Ланжумо” (1976), М. Шопкін (са славацкай), Я. Еўтушэнка (1979); Х. Берулава (1980); Д. Тарва “Хатынь” (“Мангольскія паэты пра Беларусь”, 1987); М. Шагал (1989); О. Лакічавіч (з сербахарвацкай, 1990); Х. Бекрыеў (з балгарскай, 1992).

У анталогіі “Галасы з-за небакраю” змешчаныя пераклады Р. Барадуліна з фарсі-кабулі (А. Хаям), гішпанскай (М. дэ Сервантэс, Х. Р. Хімэнэс, Г. Містраль, С. Вальеха, Ф. Г. Лорка, Н. Гільен, П. Нэруда), ангельскай (П. Б. Шэлі, Дж. Кітс, Э. Дыкінсан, Р. Кіплінг), ідыш (Х. Н. Бялік, М. Шагал), армянскай (А. Ісаакян), рускай (Б. Пастарнак, В. Мандэльштам, У. Маякоўскі, А. Вазнясенскі, Я. Еўтушэнка), венгерскай (А. Гідаш, Ш. Чоры), латышскай (І. Зіеданіс, О. Ваціеціс), украінскай (І. Драч), эстонскай (А. Сійг), балгарскай (Х. Бекрыеў).

Чытайце таксама

Цыпрыян Каміль Норвід

Цыпрыян Каміль Норвід

Польскі паэт, драматург, празаік, жывапісец, эсэіст, скульптар і філосаф.

Георг Гайм

Георг Гайм

Нямецкі паэт, празаік, драматург, ключавая постаць ранняга экспрэсіянізму

Міхал Андрасюк

Міхал Андрасюк

Беларуска- і польскамоўны пісьменнік, журналіст, дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы

Эн Сэкстан

Эн Сэкстан

Амерыканская паэтка, уладальніца Пулітцэраўскай прэміі.

3138