№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сяргей Пясэцкі (Sergiusz Piasecki)

1901 - 1964

Сяргей Пясэцкі

Польскі пісьменнік, публіцыст, афіцэр выведкі. Адзін з найбольш вядомых польскамоўных аўтараў сярэдзіны XX стагоддзя. За адкрытыя антысавецкія выказванні яго кнігі ў савецкай Польшчы былі забароненыя, але з пачатку 1990-х яго папулярнасць дасягнула даваенных вышыняў (раман “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”, выдадзены ў 1937, быў трэцім з найбольш чытаных твораў у Польскай рэспубліцы).

Нарадзіўся 1 красавіка 1901 у Ляхавічах каля Баранавіч. Быў пазашлюбным дзіцем збяднелага зрусіфікаванага шляхціца Міхала Пясэцкага, паштовага чыноўніка, і ягонай служанкі Клаўдзіі Кукаловіч. Гадавала яго мачаха, якая не хавала свайго стаўлення і здзекавалася з яго і фізічна, і псіхалагічна. Бацька мала цікавіўся сынам і даволі часта мяняў месца працы, так што сям’я жыла ў Мінску-Літоўскім, у Бабруйску, а потым у цэнтральнай Расіі.

Хоць у сям’і заўжды размаўлялі толькі па-руску, у расійскай школе Пясэцкага дражнілі і абзывалі ляхам. Адукацыя пісьменніка скончылася ў сёмым класе, калі ён паспрабаваў давесці сваю рацыю інспектару гімназіі з дапамогай рэвальвера. За гэта юнака пасадзілі ў турму, але ён неўзабаве адтуль уцёк. Пасля Пясэцкі апынаецца ў Маскве, у цэнтры рэвалюцыйных падзей. Нагледзеўшыся бальшавіцкага тэрору і страціўшы многіх сваіх сяброў, Пясэцкі назаўжды робіцца зацятым антыкамуністам.

У 1918 ён перабіраецца ў Мінск, дзе пэўны час партызаніць у шэрагах “Зялёнага дуба”, а пасля ўступае ў польскае войска, у складзе якога ў 1920 удзельнічае ў абароне польскай сталіцы. Пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы 1921 г. яго дэмабілізуюць. Нейкі час будучы пісьменнік туляецца па ваколіцах Вільні без працы, прафесіі і сродкаў да жыцця, перабіваючыся сумнеўнымі заробкамі, падробкай чэкаў і нават удзелам у парнаграфічных здымках. Затым Пясэцкі робіцца агентам польскай выведкі. Добрае веданне памежных тэрыторый, рускай мовы і мясцовых дыялектаў спрыяе яго поспеху. Але заробак не задавальняе Пясэцкага, і ён пачынае займацца кантрабандай, якая прыносіла вялікі прыбытак, а таксама служыла добрым прыкрыццём яго шпегаўскай дзейнасці. Праз канфлікт з кіраўніцтвам, а можа, праз какаінавую залежнасць і звязаных з ёю авантур, у 1926 г. Пясэцкі быў звольнены з выведкі. Застаўшыся зноў без працы і грошай, ён учыняе некалькі цяжкіх злачынстваў, за што яго прыгаворваюць да смяротнага пакарання, якое з улікам былых заслугаў было замененае на 15-гадовае зняволенне.

Менавіта ў турме Пясэцкі кшталтуе веданне польскай мовы, якую да гэтага ён ведаў вельмі дрэнна. Аднойчы, чытаючы газету, ён натрапіў на абвестку пра літаратурны конкурс, што падштурхнула яго да пісьма. Вельмі хутка былі напісаныя тры аўтабіяграфічныя раманы — “Пяты этап” (Piąty etap), “Жыццё абяззброенага чалавека” (Żywot człowieka rozbrojonego) і “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”. Але першыя два раманы не выйшлі за межы турмы праз цэнзуру. Трэці ж быў надрукаваны пры дапамозе вядомага журналіста Мельхіёра Ваньковіча і зрабіўся адным з самым папулярных твораў у міжваеннай Польшчы. Дзякуючы папулярнасці гэтага рамана і хадайніцтву польскіх літаратараў Пясэцкі быў памілаваны прэзідэнтам і выпушчаны на волю 2 жніўня 1937. За два перадваенныя гады раман быў перавыдадзены некалькі разоў і перакладзены на 11 моваў свету.

Пасля лячэння ў Закапанэ (у турме Пясэцкі захварэў на сухоты) пісьменнік жыў у маёнтку Раготна пад Наваградкам. Там яго заспела Другая сусветная вайна. Пясэцкі актыўна ўдзельнічаў у польскім узброеным супраціве на Віленшчыне, выконваў смяротныя прысуды падпольных польскіх судоў, супрацоўнічаў таксама з Арміяй Краёвай. У ваенны час ён пераходзіць у каталіцтва і ў 1942 жэніцца з Ядвігай Вашкевіч. Праз два гады ў іх нараджаецца сын Уладыслаў. Каб мець магчымасць пісаць і друкавацца, пасля вайны ён, пакінуўшы сям’ю, спачатку хаваецца ад камуністаў у цэнтральнай Польшчы, а потым эмігруе ў Італію, адкуль у 1947 пераязджае ў Лондан. Зарабляе грошы цяжкай фізічнай працай і шмат піша. У 1947 уступае ў Саюз польскіх пісьменнікаў на чужыне, аднак удзелу ў дзейнасці эміграцыйных асяродкаў амаль не бярэ, пазбягае публічных выступаў, толькі дасылае артыкулы. Прыйшоўшы да высновы, што гумар — найлепшы сродак барацьбы з камуністамі, Пясэцкі піша з’едлівую антысавецкую сатыру “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” (Zapiski oficera Armii Czerwonej, 1957) пра акупацыю Вільні і Ліды вачыма малодшага лейтэнанта Мішкі Зубава, якая фактычна з’яўляецца зборам тагачасных жартаў пра чырвонаармейцаў. У эміграцыі былі таксама адноўленыя раманы “Пяты этап” і “Жыццё абяззброенага чалавека”, а таксама напісаная зладзейская трылогія пра Мінск 1918—1919 гг. і раманы пра падзеі на Віленшчыне падчас другой сусветнай вайны — “Адам і Ева” (Adam i Ewa, 1963) , “Вавілонская вежа” (Wieża Babel, 1964).

У 1963 здароўе пісьменніка істотна пагоршылася. Пясэцкі памёр ад раку 12 верасня 1964. На ягоным надмагільным камні высечаная Вялікая Мядзведзіца.

Чытайце таксама

Крысціна Бандурына

Крысціна Бандурына

Нарадзілася ў 1992 годзе ў Мазыры.

Маўрыцыё Бліні

Маўрыцыё Бліні

Італьянскі пісьменнік, шмат гадоў працаваў следчым

Антонія Поцы

Антонія Поцы

Генрых Кіршбаўм

Генрых Кіршбаўм

Паэт, літаратуразнаўца.

3004