Джузэпэ Джаакіна Бэлі (Giuseppe Gioachino Belli)
1791 - 1863
Паходзіў з небагатых рымскіх гараджанаў. Пісаць пачаў на італьянскай, аднак пазней, на ўзор міланца Карла Порта, перайшоў на родны дыялект. Многія санэты Бэлі —гумарыстычныя замалёўкі мясцовага побыту, а таксама кпіны з духавенства, ад простых ксяндзоў і манахаў да рымскіх папаў. Нягледзячы на з’едлівыя вершы, Бэлі трымаўся надзвычай кансерватыўных палітычных поглядаў і ў час нядоўгага існавання Рымскай Рэспублікі (1849) заставаўся прыхільнікам папскай улады. У сталым веку некаторы час працаваў на папскі ўрад цэнзарам і ў прыватнасці забараніў да распаўсюджання працы Шэкспіра, Вэрдзі й Расіні.
Пры жыцці паэта ягоныя санэты заставаліся вядомыя толькі ягоным прыяцелям (у прыватнасці Мікалаю Гогалю, які шмат часу правёў у Італіі). Па сваёй смерці Бэлі запаведаў сябру, біскупу Вінчэнца Тыцані, спаліць рукапісы. Той, аднак, не пажадаў знішчыць вершы і перадаў іх сыну паэта, Чыра Бэлі, які і падрыхтаваў праз некалькі гадоў першае выданне выбраных санэтаў.