№18: Некаторыя любяць паэзію

№18: Некаторыя любяць паэзію

...І ўсё адно мы трымаемся за паэзію, усё адно яе пішам, перакладаем і чытаем, знаходзім і адкрываем для сябе новых і забытых паэтаў і паэтак. Усё роўна самотна рухаемся разам з вершам, рухаемся за ім, ухапіўшыся за ягоныя “парэнчы”, спрабуем адшукаць яго пачатак, намацаць яго “мерыдыян” і, як казаў паэт Паўль Цэлан, прыйсці на сустрэчу з сабой.

Чытаць далей

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман (Ernst Theodor Amadeus Hoffmann)

1776 - 1822

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман
Нямецкі пісьменнік-рамантык, кампазітар, дырыжор, мастак, музычны крытык, юрыст. Сапраўднае імя — Эрнст Тэадор Вільгельм Гофман. Псеўданім як кампазітара — Ёган Крайслер.

У цэнтры творчасці Гофмана — тэмы мастака і мастацтва, музыкі і музыкаў; асноўная ідэя — невырашальнасць канфлікту паміж мастаком і грамадствам; скразныя вобразы — мастак і філістар. У цыкле навелаў “Крайслерыяна” і ў “Фрагментах біяграфіі Ёгана Крайслера”, уведзеных у раман “Жыццёвыя погляды ката Мура”, Гофман стварыў вобраз геніяльнага музыкі, самотнага, асуджанага на пакуты сярод людзей, далёкіх ад мастацтва.

Светлай і радаснай фантастыцы казак “Шчаўкунок і Мышыны кароль”, “Чужое дзіця”, “Прынцэса Брамбіла” ды інш. супрацьстаіць змрочны і злавесны каларыт у рамане “Эліксіры д'ябла” і “Начных апавяданнях”. Гофман папярэджваў пра небяспеку аўтаматызацыі грамадскай свядомасці (навела “Пясочны чалавек”), адчужанасці чалавека і вынікаў яго працы ў грамадстве, пабудаваным на ўладзе золата. Казка “Курдупель Цахес, празваны Цыноберам” — вострая сатыра на феадальна-бюргерскую рэчаіснасць Германіі пачатку ХІХ ст. Сярод найлепшых твораў Гофмана — зборнік навелаў “Серапіёнавы браты”. Вяршыня творчасці — незавершаны раман “Жыццёвыя погляды ката Мура”, пабудаваны на іранічнай паралелі паміж светам жывёл і светам людзей.

Храналогія жыцця і творчасці

24 студзеня 1776 у Кёнігсбергу (Прусія) у сям'і адваката каралеўскага суда Крыстафа Людвіга Гофмана і яго стрыечнай сястры Луізы Альберціні нараджаецца другі сын — Эрнст Тэадор Вільгельм Гофман.

1778 — бацькі Гофмана разводзяцца. Трохгадовы Эрнст разам з маці пераязджае ў дом сваёй бабулі, дзе і выхоўваецца. Старэйшы брат застаецца з бацькам.

1782—1792 — Гофман наведвае рэфармацкую школу ў Кёнігсбергу. Бацьку Гофмана пераводзяць на службу ў Інстэрбург.

1786 — Гофман знаёміцца з Тэадорам Готлібам Гіпелем. Іх сяброўства будзе доўжыцца да самай смерці Гофмана.

1790 — Гофман робіцца вучнем саборнага арганіста і кампазітара Хрысціяна Падбельскага і жывапісца Зэмана.

1792 — паступае на юрыдычны факультэт Кёнігсбергскага ўніверсітэта, працягваючы сямейныя традыцыі. У вольны час малюе і піша літаратурныя тэксты і музыку.

1793 — пачынаецца раман Гофмана з замужняй Дорай Хат, старэйшай за яго на 9 гадоў, маці пяці дзяцей, нешчаслівай у шлюбе.

1794 — ад'езд Гіпеля з Кёнігсберга. Гофман пачынае перапіску з ім.

1795 — Гофман піша раманы “Карнара, мемуары графа Юліюса фон С.” і “Таямнічы” (не захаваліся) і ўпершыню слухае “Дон Жуана” Моцарта. У гэты час ён чытае творы Стэрна, Жан-Поля, Русо і Шэкспіра. Працягваецца таемны раман з Дорай Хат.

1795 — 22 ліпеня Гофман здае першы экзамен па юрыспрудэнцыі, і яго прызначаюць судовым следчым пры кёнігсбергскім акруговым упраўленні.

1796 — у студзені ў Гофмана здараецца канфлікт з палюбоўнікам Доры Хат, і юнак хоча пакінуць Кёнігсберг. Сям'я прымае рашэнне адправіць яго ў Глогаў, да дзядзькі па кудзелі І. Л. Дзёрфера, хроснага бацькі Эрнста. 13 сакавіка памірае маці Гофмана. У ліпені ён едзе ў Глогаў, дзе знаёміцца з мастаком Алаізам Малінары і распісвае з ім мясцовую езуіцкую царкву.

1797 — завязваецца сяброўства Гофмана з чыноўнікам і кампазітарам Ёганам Хампэ. 27 красавіка памірае бацька Гофмана, і ў траўні-чэрвені Эрнст едзе ў Кёнігсберг. У дарозе адбываецца кароткая сустрэча з Гіпелем. Апошняе спатканне і канчатковы разрыў з Дорай Хат.

1798 — заручыны Гофмана са стрыечнай сястрой Мінай Дзёрфер. 20 чэрвеня ён з поспехам здае другі экзамен па юрыспрудэнцыі і дабіваецца свайго пераводу ў Берлін на пасаду рэферэндарыя апеляцыйнага суда. У жніўні Гофмана пераводзяць у Берлін. Ён падарожнічае па гарах разам са сваім экзаменатарам Ф. Г. Ягвіцам і ўпершыню захапляецца азартнай гульнёй. У канцы жніўня Гофман праз Дрэздэн вяртаецца ў Берлін і селіцца спачатку ў пансіёне, а затым у доме Дзёрфераў. Пачынаецца сяброўства Гофмана з акторам і гітарыстам Ф. фон Гальбэйнам. Гофман вывучае кампазіцыю ў Ф. Райхарта.

1799 — піша музыку і тэкст трохактавага зінгшпіля “Маска”.

1800 — у студзені Гофман беспаспяхова хадайнічае аб пастаноўцы свайго зінгшпіля ў Каралеўскім нацыянальным тэатры. 27 сакавіка ён здае трэці экзамен па юрыспрудэнцыі, і ў траўні яго прызначаюць на пасаду асэсара ў Пазнанскі акруговы суд. У пачатку лета Гофман падарожнічае разам з Гіпелем у Патсдам, Ляйпцыг і Дрэздэн, а затым прыбывае ў Познань. На Каляды Гофман прыязджае ў Берлін, дзе знаёміцца з Жан-Полем, які бывае ў доме Дзёрфераў.

1801 — Гофман піша зінгшпіль “Жарт, хітрасць і помста” на словы Гётэ, які ў Познані ставяць на сцэне. Жан-Поль дасылае партытуру са сваёй рэкамендацыяй Гётэ.

1802 — Гофман стварае карыкатуры на некаторых высокіх асобаў пазнанскага грамадства. У выніку скандалу, выкліканага гэтым, Гофмана пераводзяць у Плоцк. У пачатку сакавіка Гофман разрывае заручыны з Мінай Дзёрфер і жэніцца з полькай Міхаэлінай Рорэр-Тжчыньскай (ён пяшчотна кліча яе Мішай). Улетку маладыя пераязджаюць у Плоцк. Тут Гофман востра перажывае сваю вымушаную ізаляцыю, вядзе замкнёны лад жыцця, піша царкоўную музыку і творы для фартэпіяна, вывучае тэорыю кампазіцыі.

1803 — першая літаратурная публікацыя Гофмана: эсэ “Ліст манаха свайму сталічнаму сябру” надрукаванае 9 верасня. Няўдалая спроба ўдзельнічаць у конкурсе Кацэбу на найлепшую камедыю (“Прэмія”). Гофман хадайнічае аб пераводзе ў адну з заходніх правінцый Прусіі.

1804 — з 24 студзеня да 15 лютага Гофман апошні раз гасцюе ў Кёнігсбергу, дзе сустракаецца з Гіпелем і Мальхен Хат, дачкой памерлай Доры Хат. У сакавіку яго пераводзяць у Варшаву і прызначаюць на пасаду ўрадавага чыноўніка, тут пачынаецца сяброўства Гофмана і Юліюса Эдуарда Хітцыга. У снежні Гофман стварае двухактавы зінгшпіль“Вясёлыя музыкі” паводле тэксту Клеменса Брэнтана — і ўпершыню на тытульным лісце партытуры з'яўляецца імя Амадэй.

1805 — Гофман піша музыку да спектакля Захарыі Вернэра “Крыж на Балтыцы”. “Вясёлых музыкаў” ставяць на сцэне ў Варшаве. 31 траўня ўтвараецца “Музычнае таварыства”, і адным з яго кіраўнікоў робіцца Гофман. У ліпені ў яго і Мішы нараджаецца дачка Цэцылія — першае і адзінае дзіця Гофмана.

1806 — Гофман займаецца афармленнем палаца Мнішкаў, які набыла “Музычнае таварыства”, сам распісвае многія яго памяшканні. На ўрачыстым адкрыцці палаца Гофман дырыжуе сваёй сімфоніяй мі-бемоль мажор. 28 лістапада Варшаву займаюць французы, прускія ўстановы зачыняюцца, і Гофман пазбаўляецца пасады.

1807 — у студзені Міша з Цэцыліяй з'язджаюць у Познань да сваякоў. Гофман селіцца ў мансардзе палаца Мнішкаў, які стаў рэзідэнцыяй Дару, і цяжка хварэе. Зрываецца яго пераезд у Вену, і Гофман едзе ў Берлін да Хітцыга, на дапамогу якога вельмі спадзяецца. Гофман прыбывае ў Берлін 18 чэрвеня, пасады ў яго няма, і ён спрабуе зарабляць на жыццё выключна мастацтвам. Пачатак нэндзы і голаду. У сярэдзіне жніўня ў Познані памірае яго дачка Цэцылія.

1808 — у сярэдзіне красавіка Гофман займае пасаду капельмайстра ў Бамбергу. У пачатку траўня ў Гофмана ўзнікае задума “Рыцара Глюка”, у гэты час ён зусім не мае грошай. 9 чэрвеня Гофман з'язджае з Берліна, наведвае Хампе ў Глогаў і забірае Мішу з Познані. 1 верасня ён прыбывае ў Бамберг, а 21 кастрычніка няўдала дэбютуе як дырыжор у Бамбергскім тэатры. Захаваўшы званне капельмайстра, Гофман складае з сябе абавязкі дырыжора. На жыццё ён зарабляе прыватнымі ўрокамі і выпадковымі музычнымі творамі для тэатра.

1809 — публікацыя “Кавалера Глюка” ва “Усеагульнай музычнай газеце” (15 лютага), пачатак супрацоўніцтва з гэтым выданнем. У гэтым годзе Гофман знаёміцца з гандляром віном К. Ф. Кунцам, які пазней зробіцца яго першым выдаўцом.

1810 — Гофман выступае ў якасці кампазітара, дэкаратара, драматурга, рэжысёра і памочніка дырэктара Бамбергскага тэатра, які ў той час перажывае свой росквіт. Стварэнне вобраза Ёганэса Крайслера — альтэр-эга Гофмана (“Музычныя пакуты капельмайстра Крайслера”).

1811 — Гофман дае ўрокі спеваў Юліі Марк і разумее, што закахаўся ў сваю вучаніцу. Яна не здагадваецца пра пачуцці настаўніка. Гофман знаёміцца з К. М. фон Вэберам.

1812 — Гофман горача закаханы ў Юлію, што выклікае рэўнасць яго жонкі Мішы. Сваякі ладзяць заручыны Юліі. Гофман знаходзіцца на мяжы вар'яцтва і думае пра двайное самагубства. Шмат часу Гофман прысвячае вывучэнню натурфіласофіі і “жывёльнага магнетызму”. Улетку задумвае оперу “Ундзіна”. 5 верасня, падчас паездкі ў Померсфельдэн, Гофман разрывае стасункі з сямействам Марк, а 19 верасня пачынае пісаць “Дон Жуана”. У снежні Юлія Марк выходзіць за купца Грэпеля. Фрыдрых дэ ла Мот Фуке стварае лібрэта да оперы “Ундзіна”.

1813 — у лютым Гофмана запрашаюць на пасаду музычнага дырэктара опернай трупы Ёзэфа Сэканды. 18 сакавіка ён заключае выдавецкую дамову з Кунцам. 25 красавіка прыязджае ў Дрэздэн, дзе сустракае Гіпеля. 19 траўня пачынае пісаць “Магнетызёра”, а 20 траўня з'язджае ў Ляйпцыг, дзе знаходзіцца оперная трупа Сэканды, і пачынае выконваць функцыі яе дырэктара. 24-25 чэрвеня разам з трупай Гофман перабіраецца ў Дрэздэн. Тут ён робіцца сведкам бою пад горадам (26-27 жніўня). У кастрычніку і лістападзе Гофман дырыжуе операй у абложаным Дрэздэне і задумвае аповесць-казку “Залаты гаршчок”. Пасля паразы Напалеона (10 снежня) Гофман вяртаецца з трупай у Ляйпцыг.

1814 — 15 лютага Гофман заканчвае “Залаты гаршчок”. Сэканда звальняе яго, абвінаваціўшы ў некампетэнтнасці. Гофман зноў спазнае нэндзу і спрабуе зарабіць на жыццё антынапалеонаўскімі карыкатурамі і рэцэнзіямі для “Грамадскай музычнай газеты”. 5 сакавіка ён пачынае працу над раманам “Эліксіры д’ябла”, з якім звязвае надзеі на паляпшэнне свайго фінансавага становішча, і называе яго “эліксірам жыцця”. У пачатку траўня выходзяць першыя два тамы “Фантазіяў у манеры Кало”. 5 жніўня Гофман завяршае оперу “Ундзіна”. У верасні міністэрства юстыцыі Прусіі прапануе Гофману пасаду дзяржаўнага чыноўніка, спачатку без акладу, і ён пагаджаецца. 26 верасня Гофман прыязджае ў Берлін, дзе знаёміцца з Фуке, Шаміса, Цікам, Францам Хорнам, Філіпам Фейтам. “Фантазіі ў манеры Кало” карыстаюцца папулярнасцю, Гофмана запрашаюць у літаратурныя салоны.

1815 — Гофман мае дастаткова грошай: ён папулярны аўтар альманахаў і кішэнных выданняў, праца для “Грамадскай музычнай газеты”, якая не прыносіць істотнага прыбытку, спыняецца. 27 траўня “Ундзіну” ставяць на сцэне Нацыянальнага тэатра. Гофман знаёміцца з Брэнтана і Айхендорфам. 1 ліпеня ён арандуе кватэру на Таўбенштрасэ, 31 (на Жандармскім рынку), якая стала апошнім яго прытулкам. У верасні выходзіць першы том “Эліксіраў д’ябла”.

1816 — Гофман страчвае надзею заняць пасаду капельмайстра. 22 красавіка яго прызначаюць дарадцам апеляцыйнага суда з акладам, Гофман скараецца таму, што даводзіцца зарабляць юрыдычнай працай на “хлеб надзённы”. У траўні выходзіць другі том “Эліксіраў д’ябла”. Улетку пачынаецца сяброўства Гофмана з К. М. фон Вэберам. 3 жніўня — прэм'ера“Ундзіны”, музыка Гофмана мае поспех. Выходзяць у свет “Начныя апавяданні” (да 1817).

1817 — станоўчая рэцэнзія К. М. фон Вэбера на “Ундзіну” ў “Грамадскай музычнай газеце”. Фінансавыя справы Гофмана папраўляюцца: ён папулярны як кампазітар і літаратар, акрамя таго карыстаецца рэпутацыяй бліскучага суддзі апеляцыйнага суда. 27 ліпеня 14-ы раз (апошні) даюць“Ундзіну”, 29 ліпеня пажар знішчае тэатр, пры гэтым згараюць дэкарацыі “Ундзіны”. Дом, у якім жыве Гофман, таксама ледзь не пацярпеў ад агню. Гофман не заходзіць больш у літаратурныя салоны, а замест гэтага робіцца частым госцем шынкоў.

1818 — Гофман задумвае кнігу “Майстры спеваў. Раман для сяброў музычнага мастацтва” (не напісаная). Узнікае задума зборніка апавяданняў “Серапіёнавы браты” і оперы “Палюбоўнік пасля смерці” паводле твора Кальдэрона. Увесну Гофман цяжка хварэе, у яго з'яўляецца задума “Курдупеля Цахеса”. Улетку Гофман заводзіць ката і называе яго Мур. У кастрычніку пісьменнік заканчвае апавяданне “Мадэмуазэль дэ Скюдэры”. 14 лістапада засноўваецца гурток “Серапіёнавых братоў”, куды ўваходзяць, акрамя самога Гофмана, Хітцыг, Кантэса і Корэф.

1819 — у студзені выходзіць першы том “Фантазіяў у манеры Кало”, у лютым — першы том “Серапіёнавых братоў”. У траўні Гофман пачынае “Жыццёвыя погляды ката Мура”, і ў снежні выходзіць першы том рамана.

1820 — да пачатку лета Гофман заканчвае “Прынцэсу Брамбілу”. У верасні-кастрычніку выходзіць трэці том “Серапіёнавых братоў”. Гофман робіць пераклад і перапрацоўвае лібрэта оперы “Алімпія”.

1821 — у жніўні Гофман пачынае працу над 2-м томам “Жыццёвых поглядаў ката Мура” і да пачатку снежня заканчвае яго. 8 кастрычніка яго пераводзяць у Вярхоўны апеляцыйны сенат апеляцыйнага суда з падвышэннем акладу. У пачатку лістапада Гофман дасылае выдаўцу Вільмансу першыя старонкі “Уладара блох”. У ноч з 29 на 30 лістапада памірае любімы кот Гофмана Мур, не дачакаўшыся выдання 2-га тома “Жыццёвых поглядаў” (сярэдзіна снежня).

1822 — прыблізна 18 студзеня ў Гофмана пачынаецца цяжкая хвароба. 26 сакавіка Гофман складае тэстамент, у яго наступае паралюш. У красавіку пісьменнік дыктуе навелу “Кутняе акно”. У свет выходзіць “Уладар блох” (у скарочаным варыянце). Прыкладна 10 чэрвеня Гофман дыктуе апавяданне “Вораг” (пакінутае няскончаным) і анекдот “Наіўнасць”. 24 чэрвеня паралюш дасягае шыі. 25 чэрвеня аб 11-й гадзіне раніцы Гофман памірае.

Тэмы і вобразы твораў Гофмана знайшлі ўвасабленне ў творчасці Р. Шумана (“Крайслерыяна”), Р. Вагнэра (“Лятучы галандзец”), П. Чайкоўскага (“Шчаўкунок”), А. Адана (“Жызэль”), Л. Дэліба (“Капелія”), П. Хіндэміта (“Кардыльяк”) ды інш. Гофман — герой операў Ж. Афенбаха (“Казкі Гофмана”) і Г. Лачэці (“Гофман”). “Беларускі гафманізм” у творчай манеры Я. Баршчэўскага, аўтара “Шляхціца Завальні”, трапна заўважыў Р. Падбярэскі (арт. “Беларусь і Ян Баршчэўскі”, 1844).

Чытайце таксама

Сашко Ушкалаў

Сашко Ушкалаў

Паэт, драматург, перакладчык з Харкава

Фёдар Свароўскі

Фёдар Свароўскі

Расійскі паэт і журналіст

Мая Сарышвілі

Мая Сарышвілі

Грузінская паэтка

Алена Стэпаненка

Алена Стэпаненка

Украінская паэтка, перакладчыца.

217