№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Агата Крысці (Agatha Christie)

1890 - 1976

Агата Крысці
Ангельская пісьменніца Агата Мэры Кларыса Малоўэн, у дзявоцтве Мілер, больш вядомая па прозвішчы першага мужа як Агата Крысці, лічыцца адным з самых вядомых у свеце аўтараў дэтэктыўнай прозы, а яе творы — адны з самых выдаваных за ўсю гісторыю чалавецтва (пасля Бібліі і Шэкспіра). Крысці апублікавала больш за 60 дэтэктыўных раманаў, 6 псіхалагічных раманаў (пад псеўданімам Мэры Ўэстмакот) і 19 зборнікаў апавяданняў. 16 яе п’есаў былі пастаўленыя ў Лондане. Кнігі Агаты Крысці выдадзеныя накладам больш за 2 мільярды асобнікаў і перакладзеныя больш чым на 100 моваў свету.

Агата Мілер нарадзілася 15 верасня 1890 у горадзе Торкі (графства Дэван). Яе бацькі былі заможнымі перасяленцамі са Злучаных Штатаў. Яна была малодшай дачкой у сям’і. Агата атрымала добрую хатнюю, адукацыю, у прыватнасці музычную, і толькі страх перад сцэнай перашкодзіў ёй займацца далей.

Падчас Першай сусветнай вайны Агата працавала медсястрой у шпіталі: ёй падабалася гэтая прафесія, і яна гаварыла пра яе як пра “адну з самых карысных прафесіяў, якой можа займацца чалавек”. Яна таксама працавала фармацэўтам у аптэцы, што пакінула адбітак на яе творчасці: 83 злачынствы ў творах Крысці былі ўчыненыя з дапамогай атруты.

Першы раз Агата Крысці выйшла замуж на Каляды 1914-га за палкоўніка Арчыбалда Крысці, у якога была закаханая ўжо некалькі гадоў — з часу, калі ён быў лейтэнантам. У іх нарадзілася дачка Разалінда. Гэты перыяд зрабіўся пачаткам творчага шляху Агаты Крысці. У 1920 годзе быў апублікаваны яе першы раман “Таямнічае здарэнне ў Стайлз” (The Mysterious Affair at Styles). Ёсць меркаванне, што прычынай звароту Крысці да дэтэктыву была спрэчка са старэйшай сястрой (якая ўжо праявіла сябе як літаратар), што яна таксама зможа стварыць нешта вартае публікацыі. Толькі ў сёмым па ліку выдавецтве рукапіс надрукавалі накладам 2000 асобнікаў. Пісьменніца атрымала 25 фунтаў стэрлінгаў ганарару.

У 1926 годзе памерла маці Агаты. У канцы таго ж году муж пісьменніцы Арчыбалд прызнаўся ў нявернасці і папрасіў разводу, бо закахаўся ў сваю калегу па гольфе Нэнсі Ніл. Пасля сваркі ў пачатку снежня 1926 году Агата знікла з дому, пакінуўшы ліст свайму сакратару, у якім пісала, што выправілася ў Ёркшыр. Яе знікненне выклікала гучны грамадскі рэзананс, бо ў пісьменніцы ўжо з’явіліся прыхільнікі. 11 дзён пра месцазнаходжанне Крысці нічога не было вядома.

Быў знойдзены аўтамабіль Агаты, у салоне якога ляжала яе футра. Праз некалькі дзён знайшлі і саму пісьменніцу. Як выявілася, яна зарэгістравалася пад імем Тэрэза Ніл у невялікім СПА-гатэлі Swan Hydropathic Hotel (цяпер Old Swan Hotel). Крысці ніяк не патлумачыла сваё знікненне, а двое дактароў дыягнаставалі ў яе амнэзію, выкліканую траўмай галавы. Прычыны знікнення Крысці прааналізаваныя брытанскім псіхолагам Эндру Норманам у кнізе “Гатовы партрэт” (The Finished Portrait), дзе ён, у прыватнасці, сцвярджае, што гіпотэза траўматычнай амнэзіі не вытрымлівае ніякай крытыкі, бо паводзіны Крысці сведчылі пра адваротнае: яна зарэгістравалася ў гатэлі пад прозвішчам палюбоўніцы мужа, час бавіла ігрой на фартэпіяна, спа-працэдурамі, наведваннем бібліятэкі. Тым не менш, вывучыўшы ўсе сведчанні, Норман прыйшоў да высновы, што мела месца дысацыяцыйная фуга, выкліканая цяжкім псіхічным расстройствам. Паводле іншай версіі, знікненне было задуманае ёй, каб адпомсціць мужу, якога паліцыя непазбежна западозрыла б у забойстве.

Нягледзячы на ўзаемную прыхільнасць у пачатку, шлюб Арчыбалда і Агаты Крысці скончыўся разводам у 1928 годзе. У сваім рамане “Няскончаны партрэт” (Unfinished Portrait), апублікаваным у 1934 годзе пад псеўданімам Мэры Ўэстмакот, Агата Крысці апісвае падзеі, падобныя да яе ўласнага знікнення.

У 1930 годзе, падарожнічаючы па Іраку, на раскопках у Уры яна пазнаёмілася са сваім другім мужам — археолагам Максам Малоўэнам. Ён быў маладзейшы за яе на 15 гадоў. Агата Крысці казала пра свой шлюб, што для археолага жанчына павінная быць як мага старэйшай, бо тады яе каштоўнасць значна ўзрастае. З тых часоў яна перыядычна праводзіла некалькі месяцаў у год у Сірыі і Іраку ў экспедыцыях разам з мужам, і гэты перыяд яе жыцця знайшоў адлюстраванне ў аўтабіяграфічным рамане “Раскажы, як ты жывеш”. У гэтым шлюбе Агата Крысці пражыла ўсё астатняе жыццё да сваёй смерці ў 1976 годзе.

Дзякуючы паездкам Крысці разам з мужам на Блізкі Усход, падзеі некалькіх яе твораў адбыліся менавіта там. Месцам дзеяння іншых раманаў, напрыклад, “І нікога не стала” (And Then Were None; першапачаткова раман быў вядомы пад назвай “Дзесяць негрыцянят”, але апошнім часам выходзіць толькі з такой паліткарэктнай назвай), быў горад Торкі або яго наваколле — месца, дзе нарадзілася Крысці. Раман “Забойства ва “Усходнім экспрэсе” (Murder on the Orient Express, 1934) быў напісаны ў “Гатэлі Пэра Палас” (Hotel Pera Palace) у Стамбуле (Турцыя). У нумары 411 гатэля, дзе пражывала Агата Крысці, цяпер месціцца яе мемарыяльны музей. Маёнтак The Greenway Estate у Дэване, які пара купіла ў 1938 годзе, знаходзіцца пад абаронай Таварыства аховы помнікаў (National Trust).

Крысці часта спынялася ў асабняку Эбні Хол (Abney Hall) у Чэшыры, які належаў яе швагру Джэймсу Ўотсу. Дзеянне прынамсі двух твораў Крысці адбывалася менавіта ў гэтым маёнтку: апавядання “Прыгоды каляднага пудынгу” (The Adventure of the Christmas Pudding, 1960) і рамана “Пасля пахавання” (After the Funeral, 1953).

У 1956 годзе Агата Крысці была ўзнагароджаная Ордэнам Брытанскай імперыі, а ў 1971 годзе за дасягненні ў галіне літаратуры была ўганараваная званнем кавалердамы (Dame Commander) Ордэна Брытанскай імперыі. За тры гады да гэтага, у 1968, тытулам рыцара Ордэна Брытанскай імперыі быў уганараваны і муж Агаты Крысці Макс Малоўэн за дасягненні ў галіне археалогіі.

У 1958 годзе пісьменніца ўзначаліла ангельскі Дэтэктыўны клуб.

У перыяд з 1971 па 1974 гг. здароўе Крысці пачало пагаршацца, але нягледзячы на гэта, яна працягвала пісаць. Спецыялісты Універсітэта ў Таронта даследавалі манеру пісьма Крысці ў гэтыя гады і выказалі здагадку, што яна пакутавала на хваробу Альцгеймера.

У 1975 годзе, зусім аслабеўшы, Крысці перадала ўсе правы на сваю самую паспяховую п’есу “Пастка” (The Mousetrap, 1952) свайму ўнуку.

Пісьменніца памерла 12 студзеня 1976 у сябе дома ў горадзе Ўолінгфард (Оксфардшыр) пасля кароткай прастуды і была пахаваная ў вёсцы Чолсі.

Аўтабіяграфія Агаты Крысці, якую пісьменніца скончыла ў 1965 годзе, заканчваецца словамі: “Дзякуй табе, Госпадзе, за маё добрае жыццё і за ўсю тую любоў, якая была мне дадзеная”.

Працягваючы традыцыю ангельскіх майстроў дэтэктыўнага жанру, Агата Крысці стварыла некалькіх герояў: інтэлектуала Эркюля Пуаро і камічнага, стараннага, але не вельмі разумнага капітана Гастынгса. Калі Пуаро і Гастынгс былі шмат у чым скапіяваныя з Шэрлака Холмса і доктара Ўотсана, то пажылая лэдзі міс Марпл з’яўляецца зборным вобразам, якія нагадвае галоўных гераіняў пісьменніц М. Брэдан і А. К. Грын. Правобразам міс Марпл была бабуля Агаты Крысці — калі верыць словам пісьменніцы, “нязлосны чалавек, яна, тым не менш, заўсёды чакала самага горшага ад усіх і ўсяго, і з рэгулярнасцю, якая магла напалохаць, яе чаканні апраўдваліся”.

Як і Артур Конан Дойл ад Шэрлака Холмса, Агата Крысці стамілася ад свайго героя Эркюля Пуаро ўжо ў канцы 1930-х, але ў адрозненне ад Дойла, яна не наважылася “забіць” дэтэктыва, пакуль ён быў на піку папулярнасці. Згодна са словамі ўнука пісьменніцы Мэцью Прычарда, з прыдуманых ёю герояў Крысці найбольш любіла міс Марпл — “старая, разумная, традыцыйная ангельская лэдзі”.

Чытайце таксама

Антоні Эдвард Адынец

Антоні Эдвард Адынец

Беларускі польскамоўны паэт, перакладчык і драматург, сябра Таварыства філарэтаў

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Мацей Стрыйкоўскі

Мацей Стрыйкоўскі

Адзін з найбольш вядомых і чытаных гісторыкаў Рэчы Паспалітай другой паловы XVI ст

Мікола Зэраў

Мікола Зэраў

Украінскі літаратуразнаўца, паэт, майстра санэтаў, перакладчык на ўкраінскую і рускую

2086