№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Дэвід Герберт Лоўрэнс (David Herbert Lawrence)

1885 - 1930

Дэвід Герберт Лоўрэнс
Ангельскі празаік, паэт, драматург, эсэіст і літаратурны крытык.

Быў чацвертым дзіцем у сям’і амаль непісьменнага шахцёра-выпівохі і былой настаўніцы ў шахцёрскім горадзе Іствуд, што ў Нотынгемшыры ў цэнтральнай Англіі. Яго дзіцячыя гады прайшлі ў беднасці і ў атмасферы пастаянных боек бацькоў. Пазней, у 1910 годзе, у лісце да паэткі Рэйчэл Ананд Тэйлар ён пісаў: “Іх шлюб быў адным суцэльным крывавым змаганнем целаў. Я нарадзіўся з нянавісцю да бацькі: колькі сябе памятаю, я скаланаўся ад страху, калі ён кранаў мяне. І ён быў вельмі благім яшчэ да таго, як я нарадзіўся”. У той жа час Лоўрэнс меў вельмі цёплыя і даверлівыя стасункі з маці, якая і прывіла яму цікавасць да гуманітарных навук.

У малодшыя школьныя гады Дэвід наведваў Бьювэльскую школу, дзе быў найлепшым вучнем і атрымаў стыпендыю для навучання ў Нотынгемскай вышэйшай школе. Пасля заканчэння школы працаваў службоўцам на фабрыцы хірургічнага абсталявання, але пасля моцнай пнеўманіі, якая падарвала яго здароўе, быў вымушаны пакінуць кар’еру. З 1902 па 1906 гг. працаваў школьным настаўнікам у Іствудзе. А ў 1908 годзе атрымаў сертыфікат настаўніка ў Нотынгемскім універсітэце. Цягам гэтых гадоў Лоўрэнс піша вершы, апавяданні і накід свайго першага рамана “Белы паўлін” (The White Peacock).

У 1908 годзе Лоўрэнс перабраўся ў Лондан. У 1909 годзе яго юначае каханне Джэсі Чэмберс даслала некалькі яго вершаў рэдактару English Review Форду Мэдаксу Форду, які надрукаваў іх у часопісе, дзе крыху пазней з’явілася апавяданне “Водар хрызантэмаў” (Odour of Chrysanthemums).

У 1910 годзе, калі стала дакладна вядома пра выхад рамана “Белы паўлін”, памірае маці пісьменніка, хворая на рак. Лоўрэнс моцна перажываў яе смерць. Пазней ён увасобіў яе вобраз у місіс Марэл у рамане “Сыны і каханкі”. У жыцці, як і пазней у рамане, гора страты стала паваротным пунктам яго далейшага лёсу.

У 1911 годзе выходзіць “Белы паўлін”, і Лоўрэнс у свае 25 гадоў робіцца пісьменнікам. У той жа год ён сустракае Фрыду фон Рыхтхофэн, жонку прафесара Эрнэста Ўіклі. Яны пакахалі адно аднаго, і рэшту жыцця пражылі разам. Фрыда, якая была на 6 гадоў старэйшая за Лоўрэнса, кідае мужа і траіх дзяцей і ўцякае з ім спачатку ў Баварыю, потым у Аўстрыю, Германію і Італію. Іх падарожжа ён пазней апісаў у зборніку эсэ “Сутонне ў Італіі” (Twilight in Italy) і ў сваім няскончаным рамане “Містэр Нун” (Mr Noon). Падчас падарожжа па Італіі Лоўрэнс заканчвае свой раман “Сыны і каханкі” (Sons and Lovers), які выходзіць у друк у 1913 годзе. Лоўрэнс быў настолькі стомлены працай, што нават дазволіў рэдактару і сябру Эдварду Гарнэту выдаліць з рамана каля сотні старонак.

Нарэшце ў 1914 годзе Дэвід і Фрыда вяртаюцца ў Англію і жэняцца. Жорсткія бойкі робяцца часткай іх сямейнага жыцця. Пісьменніца Кэтрын Мэнсфілд, сябра сям’і, пісала: “Не ведаю, што больш агідна, – калі яны кахаюць і гуляюцца адно з адным ці калі крычаць, і ён з лямантам цягае яе за валасы: “Я перарэжу тваю паршывую глотку, сука”.

Падчас Першай сусветнай вайны Лоўрэнс праз адкрытую антываенную пазіцыю і яго жонка праз сваё нямецкае паходжанне не могуць атрымаць пашпарты, увесь час знаходзяцца пад наглядам і жывуць амаль у галечы. Раман “Вясёлка” (The Rainbow, 1915) забараняюць праз нібыта непрысойнасць – у ім ужываюцца мацюкі, а таксама падымаецца праблема сэксу. Адкрытасць, з якой Лоўрэнс апісваў сэксуальныя стасункі мужчын і жанчын, абразіла вялікую колькасць людзей, і каля 1000 асобнікаў рамана былі спаленыя па загадзе суда. Гэтая забарона моцна адбілася на магчымасцях пісьменніка друкавацца. Але дзякуючы апекаванню лэдзі Оталін Морэл Лоўрэнс знаёміцца з такімі культурнымі дзеячамі, як Олдас Хакслі, Э. М. Форстэр і Бертран Расэл.

У гэты час пісьменнік таксама заканчвае працу над сваім раманам “Закаханыя жанчыны” (Women in Love). У ім Лоўрэнс даследуе разбуральны ўплыў сучаснай цывілізацыі праз развіццё ўзаемаадносінаў чатырох галоўных герояў, якія разважаюць пра каштоўнасці мастацтва, палітыкі, эканомікі, сэксуальнага досведу, сяброўства і шлюбу. Натуральна, такая кніга не магла з’явіцца ў ваенны час. У друк яна выйшла толькі ў 1920 годзе.

Пасля падазрэння ў шпіянажы на карысць Германіі сям’ю Лоўрэнса ў трохдзённы тэрмін высылаюць з графства Корнуэл у 1917 годзе. Эміграваць з краіны ім было дазволена толькі ў 1919 годзе. З гэтага часу пачынаюцца гады вандровак, якія сам Лоўрэнс называў “дзікай пілігрымкай”. Пакінуўшы краіну пры першым жа ўдалым выпадку, пісьменнік толькі двойчы наведваўся ў Вялікабрытанію, і тое на вельмі непрацяглы час.

Падчас гэтай вандроўкі ён працуе над раманамі “Згубленая дзяўчына” (The Lost Girl, 1920), “Посах Аарона” (1922), заканчвае працу над раманам “Кенгуру” (Kangaroo, 1923), эксперыментуе ў жанры кароткай прозы, навэлы: “Капітанская лялька” (The Captain's Doll), “Ліса” (The Fox), “Багоўка” (The Ladybird), у ЗША друкуе зборнік крытычных эсэ “Даследаванні класічнай амерыканаскай літаратуры” (Studies in Classic American Literature), піша вершы.

З 1922 па 1926 год Дэвід і Фрыда наведваюць Цэйлон, Аўстралію, Нью-Мехіка і Мексіку. Наведаныя імі падчас гэтага перыяду мясціны спрычыніліся да шэрагу апавяданняў і раманаў Лоўрэнса. У 1924 годзе ад “свецкай ільвіцы” Мэйбэл Додж Лухан у абмен на рукапіс рамана “Сыны і каханкі” Лоўрэнс з жонкай завалодалі ранча непадалёк ад гораду Таўс, штат Нью-Мехіка. Тут яны правялі два гады. У гэтых мясцінах ён адчуваў, што вызваліўся ад цяперашняй эры цывілізацыі – “новая частка маёй душы раптам прачнулася, і стары свет саступіў месца новаму”. У 1925 годзе пасля цяжкой хваробы ў Мексіцы (ён перанёс малярыю), стала вядома, што Лоўрэнс пакутуе на сухоты. І хаця пасля малярыі ён ачуняў, усё роўна быў вымушаны вярнуцца ў Еўропу. Аслабленае здароўе абмежавала яго магчымасць падарожнічаць цягам усяго астатняга жыцця.

Сям’я Лоўрэнсаў пасялілася на віле ў Паўночнай Італіі непадалёк ад Фларэнцыі. Там ён напісаў навэлу “Дзева і цыган” (The Virgin and the Gipsy), а таксама працаваў над рознымі версіямі рамана “Каханак лэдзі Чатэрлі” (Lady Chatterley's Lover). Гэтая апошняя яго кніга, апошні значны яго раман, першапачаткова была надрукаваная ў фларэнтыйскім прыватным выдавецве і толькі ўзмацніла яго кепскую славу. У Вялікабрытаніі і ЗША раман доўгі час быў забаронены як парнаграфічны. Цалкам у Вялікабрытаніі ён быў надрукаваны толькі ў 1960 годзе.

У апошнія месяцы свайго жыцця, нягледзячы на хваробу, Лоўрэнс працягваў пісаць. З’явіліся шматлікія вершы, артыкулы і эсэ, ён таксама падрыхтаваў рэзкую абарону апошняга свайго рамана, скіраваную на тых, хто імкнуўся забараніць “Каханка лэдзі Чатэрлі”.

Дэвід Лоўрэнс памёр ад сухотаў 2 сакавіка 1930 году ў горадзе Вансе ў Францыі.

Чытайце таксама

Мілаш Мацоўрак

Мілаш Мацоўрак

Чэшскі паэт, празаік, драматург, сцэнарыст

Марцін Святліцкі

Марцін Святліцкі

Польскі паэт, празаік, журналіст, вакаліст гурта Świetliki

Роберт ван Гулік

Роберт ван Гулік

Нідэрландскі ўсходазнаўца, дыпламат, музыка, аўтар ангельскамоўных аповесцяў пра суддзю Дзі

Інгеборг Бахман

Інгеборг Бахман

Аўстрыйская пісьменніца, паэт, лаўрэатка мноства прэмій

583