№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Данііл Хармс (Даниил Хармс)

1905 - 1942

Данііл Хармс

Данііл Хармс (Ювачоў) нарадзіўся 17 (30) снежня 1905 году ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і Івана Ювачова, былога марскога афіцэра, рэвалюцыянера-нарадавольца, высланага на Сахалін, які заняўся там рэлігійнай філасофіяй. Бацька Хармса быў знаёмы з Чэхавым, Талстым і Валошыным.

Данііл вучыўся ў прывілеяванай пецярбургскай нямецкай школе Петрышуле. У 1924 годзе паступіў у Ленінградскі электратэхнікум, але неўзабаве быў вымушаны яго пакінуць. У 1925 годзе пачаў пісаць. У раннім юнацтве пераймаў футурыстычную паэтыку Хлебнікава і Кручоных. Затым, у другой палове 1920-х гадоў, адмовіўся ад перавагі “зауми” ў вершаскладанні.

У 1925 годзе Ювачоў пазнаёміўся з паэтычным і філасофскім колам чынароў, куды ўваходзілі Аляксандр Увядзенскі, Леанід Ліпаўскі, Якаў Друскін і іншыя. Ён хутка набыў скандальную вядомасць у колах літаратараў-авангардыстаў пад псеўданімам “Хармс”, вынайдзеным ім яшчэ ў 17 гадоў [1]. Псеўданімаў у Ювачова было шмат, і ён гуляючы змяняў іх: Ххармс, Хаармсъ, Дандан, Чармс, Карл Іванавіч Шустэрлінг і інш. Аднак менавіта псеўданім “Хармс” з яго амбівалентнасцю (ад французскага charme – “чароўнасць, абаяльнасць” і ад ангельскага harm – “шкода”) найбольш дакладна адлюстроўваў сутнасць стаўлення пісьменніка да жыцця і творчасці. Псеўданім быў замацаваны і ва ўступнай анкеце Усерасійскага саюзу паэтаў, куды Хармса прынялі ў сакавіку 1926 году на падставе прадстаўленых вершаваных твораў, два з якіх (“Выпадак на чыгунцы” і “Верш Пятра Яшкіна – камуніста”) атрымалася надрукаваць у малатыражных зборніках Саюзу. Акрамя іх, да канца 1980-х гадоў у СССР быў апублікаваны толькі адзін “дарослы” твор Хармса – верш “Выходзіць Марыя, адвесіўшы паклон” (зб. “Дзень паэзіі”, 1965).

Для ранняга Хармса была характэрная “заумь”, ён уступіў у “Ордэн заумнікаў DSO” на чале з Аляксандрам Туфанавым. З 1926 году Хармс актыўна спрабуе арганізаваць сілы “левых” пісьменнікаў і мастакоў Ленінграду, ствараючы недаўгавечныя арганізацыі “Радыкс”, “Левы фланг”. З 1928 году Хармс піша для дзіцячага часопіса “Чыж” (яго выдаўцы былі арыштаваныя ў 1931 годзе). Тады ж ён робіцца адным з заснавальнікаў авангарднай паэтычнай і мастацкай групы “Аб'яднанне рэальнага мастацтва” (ОБЭРИУ), якая у 1928 годзе правяла знакамітую вечарыну “Тры левых гадзіны”, дзе была прадстаўленая і абсурдысцкая “піэса” Хармса “Лізавета Бам”. Пазней у савецкай публіцыстыцы творы ОБЭРИУ былі абвешчаныя “паэзіяй класавага ворага”, і з 1932 году дзейнасць ОБЭРИУ ў ранейшым складзе (некаторы час яна доўжылася ў нефармальных стасунках) фактычна спыняецца.

У снежні 1931 году Хармс разам з іншымі абэрыутамі быў арыштаваны, абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці (пры гэтым яму інкрымінаваліся і тэксты твораў) і 21 сакавіка 1932 г. калегіяй ОГПУ прысуджаны да трох гадоў выпраўленчых лагераў (у тэксце прысуду ўжыты тэрмін “канцлагер” [2]). У выніку 23 траўня 1932 г. прысуд быў заменены высылкай (“мінус 12”), і паэт накіраваўся ў Курск, дзе ўжо знаходзіўся высланы А. Увядзенскі. Там Хармс пражыў з вясны да восені 1932 году.

Пасля вяртання з высылкі Хармс працягвае стасавацца з аднадумцамі і піша шэраг кніг для дзяцей, каб зарабіць на жыццё. Пасля публікацыі ў 1937 годзе ў дзіцячым часопісе верша “З хаты выйшаў чалавек з вяроўкай і мяшком”, які “з таго часу знік”, Хармса некаторы час не друкуюць, што ставіць яго з жонкай на мяжу галоднай смерці [3]. Адначасова ён піша мноства кароткіх гісторый, тэатральных сцэнак і вершаў для дарослых, якія пры яго жыцці не публікаваліся. У гэты перыяд ствараецца цыкл мініяцюр “Выпадкі”, аповесць “Старая”.

23 жніўня 1941 году арыштаваны за ўпадніцкія настроі (па даносе Антаніны Аранжэрэевай – знаёмай Ганны Ахматавай і шматгадовага агента НКУС). У прыватнасці, Хармсу ставіліся ў віну яго словы “Калі ж мне дадуць мабілізацыйны лісток, я дам у пысу камандзіру, хай мяне расстраляюць; але форму я не апрану” і “Савецкі Саюз прайграў вайну ў першы ж дзень, Ленінград зараз альбо возьмуць у аблогу, і мы памрэм галоднай смерцю, альбо разбамбяць, не пакінуўшы каменя на камені” [4]. Таксама Хармс сцвярджаў, што горад замініраваны, а на фронт пасылаюць бяззбройных салдатаў. Каб пазбегнуць растрэлу, сімуляваў вар'яцтва; ваенны трыбунал вызначыў “зважаючы на цяжар здзейсненага злачынства” ўтрымліваць Хармса ў псіхіятрычнай лякарні. Мяркуецца, што Хармс памёр у 1942 годзе падчас блакады Ленінграду, у найбольш цяжкі па колькасці галодных смерцяў месяц, у аддзяленні псіхіятрыі лякарні турмы “Крыжы” (Арсенальная набярэжная, 9).

Архіў Хармса захаваў Якаў Друскін.

Хармс быў рэабілітаваны ў 1956 годзе, аднак доўгі час яго галоўныя творы афіцыйна ў СССР не выдаваліся. Да часоў перабудовы яго творчасць хадзіла з рук у рукі і ў самвыдаце, а таксама выдавалася за мяжой (з вялікай колькасцю скажэнняў і скарачэнняў).

Хармс шырока вядомы як дзіцячы пісьменнік (“Іван Іваныч Самавар” і інш.), а таксама як аўтар сатырычнай прозы. Хармсу памылкова прыпісваюць аўтарства серыі гістарычных анекдотаў “Вясёлыя рабяты” (“Аднойчы Пушкін перапрануўся Гогалем…”), створаных у 1970-х гадах у рэдакцыі часопіса “Піянер” як перайманне Хармса (яму сапраўды належыць шэраг парадыйных мініяцюр пра Пушкіна і Гогаля). Акрамя таго, падчас выдання вершаў “Пліх і Плюх” часта не пазначаецца, што гэта скарочаны пераклад з нямецкай твора Вільгельма Буша.

Абсурдысцкія творы Хармса выдаюцца ў Расіі з 1989 году.

Заўвагі:

[1] Існуе легенда, што Хармс сам упісаў свой псеўданім у пашпарт, зрабіўшы прозвішча падвоеным.

[2] “Ювачова (Хармса) Данііла Іванавіча зняволіць у канцлагеры тэрмінам на ТРЫ гады, адлічваючы тэрмін з 10/XII-31 г.” (А. А. Кобрынскі. Данііл Хармс. – С. 220).

[3] А. А. Кобринский. Даниил Хармс. – М., 2008. – С. 381 і наст.; цытуюцца дзённік Хармса і ўспаміны М. В. Маліч.

[4] Сборище друзей, оставленых судьбою. – М., Ладомир, 2004. – (Серия «Русская потаенная литаратура»).

Чытайце таксама

Сабіна Брыло

Сабіна Брыло

Беларуская паэтка, журналістка.

Аркадзь Аверчанка

Аркадзь Аверчанка

Рускі пісьменнік-сатырык, тэатральны крытык. Пасля рэвалюцыі жыў на эміграцыі

Вацлаў Гавал

Вацлаў Гавал

Чэшскі драматург, эсэіст, дысідэнт, першы прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі

Джэйн Остэн

Джэйн Остэн

“Першая лэдзі” ангельскай літаратуры, якая запачаткавала сямейны раман

1785