№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ўільям Карлас Ўільямс (William Carlos Williams)

1883 - 1963

Ўільям Карлас Ўільямс
Амерыканскі педыятр і паэт, блізкі да колаў мадэрністаў і імажыстаў, натхняльнік Біт-пакалення. Нарадзіўся 17 верасня 1883 у горадзе Рутэрфорд (штат Нью-Джэрсі) у сям’і ангельца і пуэртарыканкі франка-баскскага і нідэрландска-габрэйскага паходжання. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Парыжы і Нью-Ёрку. У 1902 годзе паступіў на медыцынскі факультэт Універсітэта Пенсільваніі, які скончыў у 1906 годзе. Яго першая кніга Poems выйшла ў 1909 годзе.

У 1912 годзе ажаніўся з Флорэнс Херман, і яны пераехалі ў родны горад паэта Рутэрфорд, дзе да 1951 году Ўільямс працаваў доктарам. Яшчэ ва ўніверсітэце ён пасябраваў з Эзрам Паўндам, які зрабіў на паэта вялікі ўплыў і ў 1913 годзе паспрыяў выхаду ў Лондане яго другога зборніка The Tempers.

Ўільямс дасягнуў поспеху ў дзвюх асноўных галінах сваёй дзейнасці: паэзіі і медыцынскай практыцы. Таксама ён пісаў апавяданні, п’есы, раманы, эсэ і займаўся перакладамі. Удзень ён працаваў доктарам, а пісаў увечары ці ўначы.

Ўільям Карлас Ўільямс у розныя гады быў шчыльна звязаны з рознымі літаратурнымі плынямі. У пачатку паэтычнай кар’еры разам з Эзрам Паўндам і Хільдай Дулітл ён быў блізкі да імажыстаў. З 1915 году яго імя пачало асацыявацца з суполкай нью-ёркскіх авангардыстаў “Іншыя” (The Others), куды таксама ўваходзілі Ман Рэй, Ўолес Стывенс, Марыян Мур, Марсэль Дзюшан і іншыя. Падчас вандроўкі ў Еўропу пазнаёміўся з Джэймсам Джойсам.

У 1920-я Ўільямс набірае моц як яркі авангардысцкі паэт. Тады ж выходзяць дзве яго значныя кнігі — Kora in Hell (1920) і Spring and All (1923). У 1922 Т. С. Эліят выдае сваю “Бясплодную зямлю” (The Waste Land), што робіцца сенсацыяй і засланяе мадэрнісцкую эстэтыку твораў Ўільямса. Ўільямс крытыкаваў прывязанасць Эліята (ды і Паўнда) да еўрапейскай культурнай традыцыі: працягваючы свае паэтычныя эксперыменты, ён шукаў абсалютна новую паэтыку, у аснове якой ляжала б увага да паўсядзённага жыцця звычайных людзей.

У пазнейшыя гады Ўільямс зрабіўся апекуном і адвакатам маладзейшага пакалення паэтаў. Ён моцна паўплываў на прадстаўнікоў літаратурных плыняў 1950-х: бітнікі (асабліва Ален Гінзберг), Рэнесанс у Сан-Францыска, школа Блэк Маўнтэн, Нью-ёркская школа.

Акрамя вышэйзгаданых найбольш важнымі зборнікамі Ўільямса лічацца Pictures from Brueghel and Other Poems (1962) і пяцітомны эпас пра жыццё гарадка Патэрсан Paterson (1946—1958).

У 1948 годзе Ўільямс перанёс інфаркт, а пасля 1949-га перажыў яшчэ некалькі сардэчных прыступаў, лячыўся ад дэпрэсіі ў псіхіятрычнай клініцы. Памёр 4 сакавіка 1963 у сябе дома ў Рутэрфордзе.

Ўільям Карлас Ўільямс — лаўрэат амерыканскай Нацыянальнай кніжнай прэміі ў галіне паэзіі за дзве свае кнігі, а таксама пасмяротны лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі за зборнік Pictures from Brueghel and Other Poems і ўладальнік Залатога медаля за паэтычныя творы ад Нацыянальнага інстытута мастацтва і літаратуры. Паэтычная асацыяцыя Амерыкі штогод уручае паэтычную прэмію яго імя за найлепшую кнігу вершаў.

Чытайце таксама

Цыпрыян Каміль Норвід

Цыпрыян Каміль Норвід

Польскі паэт, драматург, празаік, жывапісец, эсэіст, скульптар і філосаф.

Георг Гайм

Георг Гайм

Нямецкі паэт, празаік, драматург, ключавая постаць ранняга экспрэсіянізму

Міхал Андрасюк

Міхал Андрасюк

Беларуска- і польскамоўны пісьменнік, журналіст, дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы

Эн Сэкстан

Эн Сэкстан

Амерыканская паэтка, уладальніца Пулітцэраўскай прэміі.

1096