№18: Некаторыя любяць паэзію

№18: Некаторыя любяць паэзію

...І ўсё адно мы трымаемся за паэзію, усё адно яе пішам, перакладаем і чытаем, знаходзім і адкрываем для сябе новых і забытых паэтаў і паэтак. Усё роўна самотна рухаемся разам з вершам, рухаемся за ім, ухапіўшыся за ягоныя “парэнчы”, спрабуем адшукаць яго пачатак, намацаць яго “мерыдыян” і, як казаў паэт Паўль Цэлан, прыйсці на сустрэчу з сабой.

Чытаць далей

Джэром Дэвід Сэлінджэр (Jerome David Salinger)

1919 - 2010

Джэром Дэвід Сэлінджэр
Аўтар адной кнігі — хто гэта? Былі выпадкі, калі пісьменнік напісаў адзін твор і замаўчаў. Харпер Лі так гаварыла пра раман “Забіць перасмешніка”: “Я сказала ўсё, што хацела сказаць, і буду зноў паўтараць гэта”. Хаця часцей за ўсё аўтарамі адной кнігі называюць пісьменнікаў, што стварылі свой magnum opus, які стаў найбольш папулярным творам, своеасаблівай візітоўкай стваральніка.

Нярэдка “слава” пісьменніка аднаго твора можа прыйсці да аўтара незаслужана. Такая слава ў свой час напаткала Джэрома Сэлінджэра. Ва ўсім свеце ён вядомы як аўтар рамана “Лавец у жыце” (The Catcher in the Rye), што быў перакладзены на дзясяткі моваў, трапіў у шматлікія рэйтынгі найлепшых амерыканскіх раманаў ХХ стагоддзя, але іншыя творы Сэлінджэра, нягледзячы на папулярнасць, культавымі не зрабіліся.

Джэром Дэвід Сэлінджэр нарадзіўся 1 студзеня 1919. Першыя апавяданні пачаў пісаць яшчэ ў Манхэтэнскай школе (сярэдзіна 1930-х). У пачатку саракавых дэбютаваў з малой прозай у часопісе “Story”, дзе было надрукаванае апавяданне “Маладыя людзі” (The Young Folks). Ужо тады пісьменнік зразумеў: яго будучыня — літаратура. Да самавызначэння падштурхнулі і колішнія няўдачы — Сэлінджэр не скончыў ні каледжа, ні ўніверсітэта і пасварыўся з бацькам.

У 1942 годзе пісьменнік пайшоў у войска. Сяржант Сэлінджэр служыў у контрвыведцы, удзельнічаў у слыннай аперацыі “Нептун”. З таго часу ваенная тэма стала адной з галоўных у яго творчасці.

У перыяд 1940—1965 гг. былі надрукаваныя 22 апавяданні Сэлінджэра, аповесці “Фрэні і Зуі” (Franny and Zooey), “Вышэй кроквы, цесляры” (Raise High the Roof Beam, Carpenters) і “Сэймур: Уводзіны” (Seymour: An Introduction), але значная частка ягоных твораў пакуль не апублікаваная. Пасля поспеху рамана “Лавец у жыце” ў 1951 годзе пісьменнік пакрысе рабіўся самотнікам — амаль не даваў інтэрв’ю, рэдка публікаваўся, а ў 1965 годзе наогул спыніў супрацоўніцтва з літаратурнымі часопісамі. Таксама Сэлінджэр забараніў перавыдаваць свае раннія творы ажно да апавядання 1948 году “Добра ловіцца рыбка-бананка” (A Perfect Day for Bananafish) і адмовіўся ад прапановаў экранізаваць свае творы (адно з апавяданняў экранізавалі, але фільм пісьменніку не спадабаўся). З канца 1940-х Сэлінджэр пачаў цікавіцца філасофіяй дзэн, індуізмам, пазней практыкаваў гамеапатыю і нетрадыцыйную медыцыну. Ён імкнуўся пазбегнуць папулярнасці і з сярэдзіны 1960-х пачаў пісаць толькі для сябе.

Паводле пэўных звестак, Сэлінджэр напісаў яшчэ два раманы і шмат твораў малой формы. У ізаляцыі ад астатняга свету ён пражыў да самай сваёй смерці 27 студзеня 2010. Пісьменнік негатыўна рэагаваў на абнародаванне сваіх лістоў, балюча ўспрымаў з’яўленне розных рэмэйкаў і сіквэлаў “Лаўца ў жыце”. Гадамі ён амаль не кантактаваў з людзьмі, не выступаў на тэлебачанні і радыё; творы позняга Сэлінджэра не прызначаліся для прыжыццёвай публікацыі. Праз асаблівасці амерыканскага заканадаўства мы яшчэ не хутка зможам прачытаць невядомыя творы славутага празаіка.

Аляксей Арцёмаў

Чытайце таксама

Рыку Коранэн

Рыку Коранэн

Фінскі пісьменнік. Нарадзіўся ў Турку. Дэбютаваў у 2003 годзе.

Анна Валенберг

Анна Валенберг

Пісьменніца, драматург, перакладчыца, прадстаўніца "залатой эры" шведскай дзіцячай літаратуры

Эн Сэкстан

Эн Сэкстан

Амерыканская паэтка, уладальніца Пулітцэраўскай прэміі.

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

273