№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Роберт Энтан Ўілсан (Robert Anton Wilson)

1932 - 2007

Роберт Энтан Ўілсан
Амерыканскі раманіст, эсэіст, філосаф, псіхолаг, анархіст. Нарадзіўся ў Нью-Ёрку ў 1932 годзе. У дзяцінстве перахварэў на поліяміеліт, і наступствы хваробы час ад часу праяўляліся цягам усяго ягонага жыцця. Ўілсан вучыўся ў школе пры каталіцкай царкве, потым, каб пазбегнуць уплыву каталіцызму, паступіў у політэхнічны каледж у Брукліне. Пасля, паралельна працуючы кіроўцам хуткай дапамогі, вучыўся ў Нью-Ёркскім універсітэце, дзе вывучаў машынабудаванне і матэматыку. Працаваў інжынерам, коміваяжорам, складальнікам рэкламных тэкстаў і памочнікам рэдактара часопіса “Плэйбой” з 1965 да 1971 году. У 1979 атрымаў доктарскую ступень па псіхалогіі ва ўніверсітэце Падэя ў Каліфорніі. Універсітэт не быў акрэдытаваны і ў хуткім часе закрыўся. Дапрацаваная дысертацыя Ўілсана была апублікаваная ў 1983 годзе пад назвай “Узыход Праметэя” (Prometheus Rising).

Ўілсан найбольш вядомы трылогіяй “Ілюмінатус!” (The Illuminatus! Trilogy), напісанай сумесна з Робертам Шы. Гэта сатырычная постмадэрнісцкая прыгодніцкая гісторыя, “казка для параноікаў”, дзе пераплятаецца мноства філасофскіх тэмаў і матываў. Для працы над кнігай аўтары выкарыстоўвалі матэрыял з лістоў, дасланых чытачамі ў рэдакцыю “Плэйбоя”. Героі і ідэі гэтай трылогіі перайшлі ў наступныя кнігі Ўілсана.

Другое імя Ўілсана пры нараджэнні было не Энтан, а Эдвард, аднак, каб падпісваць свае творы, пісьменнік узяў замест імя дзядулі. Імя Эдвард ён спачатку “прыберагаў” для “вялікага амерыканскага рамана”, які думаў напісаць, але ў літаратуры сцвердзіўся менавіта як Роберт Энтан Ўілсан, хаця выкарыстоўваў і шэраг псеўданімаў (Мардэхай Малігнатус (Mordecai Malignatus), Мардэхай Нячысты (Mordecai the Foul) і інш.): у якасці іх выступалі імёны, што асацыяваліся з баварскімі ілюмінатамі, якіх Ўілсан “адрадзіў” у 1960-х гадах.

У 1958 годзе Уілсан ажаніўся з Арлен Райлі, амерыканскай пісьменніцай. У іх было чацвёра дзяцей. Разам з жонкай Ўілсан заснаваў у 1975 годзе Інстытут вывучэння будучыні чалавецтва (Institute for the Study of the Human Future).

У 1999 годзе пісьменнік быў ганаровым госцем на Кубку канабісу ў Амстэрдаме. Ўілсан даследаваў тэму наркотыкаў, эксперыментаваў з імі і выступаў за медыцынскае выкарыстанне марыхуаны.

Незадоўга да смерці Ўілсан напісаў у сваім блогу пасланне сябрам, дзе паведамляў, што, паводле меркавання дактароў, яму засталося жыць ад 2 дзён да 2 месяцаў. Праз 5 дзён пасля гэтага ён памёр.

Чытайце таксама

Роберт Бэрнс

Роберт Бэрнс

Шатландскі паэт, фалькларыст, пісаў па-ангельску і на скотсе. Знакавая для Шатландыі постаць

Міхаіл Кузмін

Міхаіл Кузмін

Рускі паэт, празаік, драматург, перакладчык, кампазітар

Леапольда Лугонэс

Леапольда Лугонэс

Аргентынскі паэт, пісьменнік, журналіст. Прадстаўнік мадэрнізму

Агата Крысці

Агата Крысці

Ангельская аўтарка дэтэктыўнай прозы, яе творы — адны з самых выдаваных за ўсю гісторыю чалавецтва

601