№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Міхаіл Лермантаў (Михаил Лермонтов)

1814 - 1841

Міхаіл Лермантаў
Рускі паэт, празаік, драматург, мастак, афіцэр Міхаіл Лермантаў нарадзіўся 3 (15) кастрычніка 1814 году ў Маскве ў сям’і Юрыя і Марыі (у дзявоцтве Арсеньева) Лермантавых. Існуе меркаванне, што род Лермантавых паходзіць з Шатландыі і ўзыходзіць да напаўміфічнага барда-прарока Томаса Лерманта, аднак гэтая гіпотэза пакуль не пацверджаная і не абвергнутая. Сваім меркаваным шатландскім караням Міхаіл Лермантаў прысвяціў верш “Жаданне”. У юнацтве паэт таксама асацыяваў сваё прозвішча з гішпанскім дзяржаўным дзеячам пачатку XVII стагоддзя Франсіска Лермам, і гэтая ідэя адлюстравалася ў напісаным паэтам уяўным партрэце Лермы, а таксама драме “Гішпанцы”.

Маці Лермантава памерла ў 1817 годзе ад туберкулёзу (лічыцца, што пэўным чынам хуткаму ходу хваробы паспрыяла здрада яе мужа). Выхаваннем будучага паэта займалася бабуля, Елізавета Арсеньева, энэргічная і настойлівая жанчына, якая вельмі любіла ўнука, што меў у дзяцінстве слабое здароўе. Яна ўзяла Міхаіла да сябе з умовай, што будзе выхоўваць яго да 16 гадоў і ва ўсім раіцца з бацькам хлопчыка. Апошняя ўмова не выконвалася; бабуля была нават супраць сустрэчаў бацькі з сынам.

Калі Міхаілу споўнілася 9 гадоў, бабуля павезла яго на Каўказ на воды, дзе хлопчык упершыню закахаўся. Праз два гады ён прысвяціў гэтаму каханню верш “Да Генія”.

З восені 1825 году пачаліся больш-менш пастаянныя заняткі Лермантава, але выбар настаўнікаў (француз Капэ і збеглы з Турцыі грэк) апынуўся няўдалым. Грэк хутка кінуў выкладанне, а француз так і не здолеў зацікавіць Лермантава французскай мовай і літаратурай. Тым не менш, паэт шмат чытаў, вывучаў еўрапейскія мовы (ангельскіх, французскіх і нямецкіх пісьменнікаў ён чытаў у арыгінале) і цудоўна ведаў еўрапейскую культуру.

Праз два гады пасля вяртання з Каўказу бабуля павезла Лермантава ў Маскву, дзе яго пачалі рыхтаваць да паступлення ва універсітэцкі пансіён. У пансіёне Лермантаў заставаўся каля двух гадоў, надзвычай зацікавіўшыся ў гэты час літаратурай: асноўным яго чытаннем зрабіліся Шылер і Шэкспір. Калі тэрмін выхавання паэта пад наглядам бабулі заканчваўся, барацьба за юнака паміж бацькам і бабуляй моцна абвастрылася. Спрэчкі адбываліся на вачах у Лермантава. Урэшце бабуля, спасылаючыся на сваю самотную старасць, адваявала ўнука, прыгразіўшы адпісаць усю сваю маёмасць не яму, а роду Сталыпіных, калі хлопец з’едзе ад яе. Бацьку давялося саступіць; у 1831 годзе ён памёр.

У 1829 годзе быў напісаны першы накід “Дэмана” і верш “Маналог”. Вясной 1830 году пансіён быў пераўтвораны ў гімназію, і Лермантаў пакінуў яго. Лета ён правёў у Сярэднікаве, падмаскоўным маёнтку брата бабулі Сталыпіна. Непадалёк жылі іншыя родныя Лермантавых – Верашчагіны. Аляскандра Верашчагіна пазнаёміла паэта са сваёй сяброўкай Кацярынай Сушковай, у якую паэт закахаўся. Праз шмат гадоў пасля гэтага Сушкова апісвала Лермантава як чалавека, што пакутаваў ад безнадзейнае жарсці, і нават прыпісвала сабе яго верш, прысвечаны іншай жанчыне – Варвары Лапухіной, яго суседцы па маскоўскай кварэты на Малой Малчанаўцы. Тым жа летам 1830 году Лермантаў зацікавіўся асобай і творчасцю Байрана і параўноўваў сябе з ангельскім паэтам, нават прысвяціў некалькі вершаў польскай рэвалюцыі.

З верасня 1830 году Лермантаў быў залічаны ў Маскоўскі універсітэт, спачатку на “маральна-палітычнае аддзяленне”, пасля – на філалагічнае. Але менш чым праз два гады паэт пакідае універсітэт; у выдадзеным яму пасведчанні пазначанае звальненне “па просьбе”, але лічыцца, што яно магло быць вымушаным і звязаным з адной студэнцкай гісторыяй. З 18 чэрвеня 1832 году Лермантаў больш не студэнт. Паэт паспрабаваў зноў паступіць ва універсітэт у Санкт-Пецярбургу, але там яму адмовіліся залічыць два гады Маскоўскага універсітэта і прапанавалі паступіць на першы курс. Лермантава гэта не задавальняла, і ён, насуперак уласным планам і пад уплывам пецярбургскіх родных, паступае ў Школу гвардзейскіх падпрапаршчыкаў і кавалерыйскіх юнкераў. Два гады, праведзеныя ў школе, былі для паэта не найлепшым часам у жыцці: ніхто не думаў пра разумовае развіццё вучняў, ім не дазвалялі чытаць кнігі з чыста літаратурным зместам. У гэты час паэт напісаў мала вершаў (пераважна “Юнкерскія малітвы”), аднак ён працаваў над гістарычным раманам на тэму пугачоўшчыны, які застаўся няскончаным і ўвайшоў у гісторыю літаратуры як раман “Вадзім”. Пасля заканчэння школы Лермантаў трапіў у гусарскі полк карнэтам лейб-гвардыі.

Да гэтага паэтычны талент Лермантава быў вядомы толькі ў афіцэрскіх і свецкіх колах. Першы яго надрукаваны твор – “Хаджы Абрэк” (1835) – трапіў у “Бібліятэку для чытання” без ведама аўтара, і пасля гэтага выпадковага, але ўдалага дэбюту Лермантаў доўга не хацеў друкаваць свае вершы. Уся сіла таленту Лермантава адкрылася рускай публіцы пасля смерці Пушкіна. У канцы студзеня доктар Арэндт пабываў у Лермантава (які тады хварэў) і расказаў яму падрабязнасці дуэлі і смерці Пушкіна, вынікам чаго стаўся верш “Смерць Паэта” (пакуль яшчэ без апошніх 16 радкоў). Верш хутка распаўсюдзіўся ў спісах, выклікаўшы ў грамадстве сапраўдную буру; адзін з родных Лермантава, Сталыпін, пачаў асуджаць паэта за яго гарачнасць у дачыненні да Дантэса. Гэта раззлавала Лермантава, і ён дадаў да верша яшчэ 16 радкоў.

Паэта арыштавалі, пачалося судовае разбіральніцтва, за якім сачыў сам імператар, але за паэта заступіліся сябры Пушкіна, перадусім Жукоўскі, а таксама бабуля паэта, якая выкарыстала ўсе свае сувязі, каб палегчыць лёс унука. Хуткім часам Лермантаў быў пераведзены ў Ніжагародскі драгунскі полк, што дзейнічаў на Каўказе. Але праз некалькі месяцаў паэта пераводзяць у Наўгародскую губерню. Па вяртанні ў Пецярбург паэт стварае паэмы “Дэман” і “Мцыры”. Хутка ён робіцца адным з самых вядомых рускіх пісьменнікаў, уваходзіць у кола пушкінскіх сяброў і пачынае актыўна друкавацца.

Пасля дуэлі з Эрнэстам дэ Барантам (супернікам Лермантава ў заляцаннях да графіні Шчарбатавай) паэт быў зноў арыштаваны і зноў адпраўлены на Каўказ – гэтым разам у Тэнгінскі пяхотны полк.

Згодна з загадам імператара Лермантаў мусіў быў быць задзейнічаны ў ваенных аперацыях. Адразу ж пасля прыбыцця паэт вызначыўся мужнымі паводзінамі і вытрымкай. Падчас гэтага знаходжання на Каўказе Лермантаў напісаў раман “Герой нашага часу” (асобнае выданне 1840), які спачатку існаваў у выглядзе адасобленых частак, што друкаваліся як асобныя аповесці ў часопісе “Отечественные записки”. Першае выданне рамана хутка было раскупленае, і амаль адразу з’явілася крытыка на яго. Большасць крытыкаў сышлася на тым, што ў вобразе Пячорына Лермантаў выявіў самога сябе і што такі герой не можа быць героем свайго часу. З гэтай нагоды Лермантаў напісаў прадмову да другога выдання рамана, у якой адмежаваў сябе ад свайго героя і вызначыў асноўную ідэю рамана. У 1840 годзе выйшла адзінае прыжыццёвае выданне вершаў Лермантава, у якое паэт улучыў 28 вершаў.

Зімой 1841 году Лермантаў прыехаў у Пецярбург падчас адпачынку. Ён хацеў выйсці ў адстаўку, каб цалкам прысвяціць сябе заняткам літаратурай, але не наважыўся зрабіць гэта, бо бабуля была супраць такога рашэння – яна спадзявалася, што ўнук зробіць кар’еру. Таму вясной 1841 году ён быў вымушаны вярнуцца ў свой полк на Каўказ.

У Пяцігорску ён пасварыўся з маёрам у адстаўцы Мікалаем Мартынавым, з якім пазнаёміўся яшчэ ў Школе гвардзейскіх падпрапаршчыкаў. Згодна з “Нататкамі дзекабрыста” Лорэра Лермантаў часта жартаваў з чаркескага касцюма Мартынава, і маёр урэшце не вытрымаў.

Дуэль адбылася 15 ліпеня. Мартынаў патрапіў проста ў грудзі паэта.

Творы Лермантава перакладзеныя на нямецкую, ангельскую, французскую, польскую (яго вершы на гэтую мову перакладаў Сыракомля), дацкую, шведскую, беларускую, сербскую і іншыя мовы.

Імя Лермантава носяць не толькі вуліцы і плошчы ў гарадах Расіі і СНД, але і вуліцы ў іншых гарадах свету, напрыклад, у Празе. Таксама яго імем названая малая планета 2222 Lermontov, кратэр на Меркурыі і мыс у Крыме.

Чытайце таксама

Мацей Стрыйкоўскі

Мацей Стрыйкоўскі

Адзін з найбольш вядомых і чытаных гісторыкаў Рэчы Паспалітай другой паловы XVI ст

Міхаіл Валодзін

Міхаіл Валодзін

О. Генры

О. Генры

Амерыканскі пісьменнік, празаік, аўтар папулярных навэлаў, гумарэсак

Жорж Экгаўт

Жорж Экгаўт

Франкамоўны бельгійскі пісьменнік, сацыяліст, анархіст, ураніст, як у ХІХ ст. называлі геяў, упадніцкі эстэт, акадэмік, класік бельгійскай літаратуры.

2499