Грэгары Корса (Gregory Corso)
1930 - 2001
Маці Корсы нарадзіла яго ў 16 гадоў і праз год сышла з сям'і і з'ехала ў Італію. Грэгары ў дзяцінстве правёў большасць часу ў дзіцячых дамах. Калі хлопцу было адзінаццаць, ягоны бацька ажаніўся другі раз і ўзяў сына да сябе, але Грэгары пастаянна ўцякаў з дому. Быў адпраўлены ў калонію, адкуль таксама ўцякаў. Некалькі месяцаў сядзеў у нью-ёркскай турме The Tombs за крадзеж радыё, а ў сямнаццаць быў асуджаны на тры гады турмы зноў за крадзеж. Падчас адседкі зацікавіўся літаратурай, да гэтага часу адносяцца і яго першыя паэтычныя спробы. Пасля вызвалення вярнуўся ў Нью-Ёрк, дзе ў адным з бараў у 1950 годзе пазнаёміўся з Аленам Гінзбергам, які пазнаёміў Корсу з іншымі прадстаўнікамі Біт-пакалення.
У 1954 годзе выходзіць першы зборнік паэзіі Корсы “Весталка і іншыя вершы” (The Vestal Lady and Other Poems). У 1956 годзе паэт прыязджае ў Сан-Францыска, дзе ў той час жыў Гінзберг. Тут Лоўрэнс Ферлінгеці выпускае ягоную другую паэтычную кнігу “Бензін” (Gasoline). Да канца 1980-х Корса выпусціў каля 15 кніг, сярод якіх не толькі паэтычныя.
Спалучаў у творчасці здабыткі класічнай паэзіі і асабісты вулічны досвед, праз што быў названы крытыкамі “Шэлі з падваротні”. Сур'ёзна ўплываў на моладзь у 1960-я, у тым ліку на рух хіпі.
Грэгары Корса памёр у Мінесоце ад раку 17 студзеня 2001. Згодна з ягоным жаданнем ён быў пахаваны побач з магілай свайго любімага паэта Персі Шэлі ў Рыме. На пліце змешчаная эпітафія ягонага аўтарства:
Spirit
is Life
It flows thru
the death of me
endlessly
like a river
unafraid
of becoming
the sea