№18: Некаторыя любяць паэзію

№18: Некаторыя любяць паэзію

...І ўсё адно мы трымаемся за паэзію, усё адно яе пішам, перакладаем і чытаем, знаходзім і адкрываем для сябе новых і забытых паэтаў і паэтак. Усё роўна самотна рухаемся разам з вершам, рухаемся за ім, ухапіўшыся за ягоныя “парэнчы”, спрабуем адшукаць яго пачатак, намацаць яго “мерыдыян” і, як казаў паэт Паўль Цэлан, прыйсці на сустрэчу з сабой.

Чытаць далей

Алфрэд Эдвард Хаўсмэн (Alfred Edward Housman)

1859 - 1936

Алфрэд Эдвард Хаўсмэн

Уплыў Алфрэда Эдварда Хаўсмэна, ангельскага філолага і паэта, знакамітага перадусім зборнікам вершаў “Шропшырскі хлопец”, на пазнейшую літаратуру – не толькі ангельскую і не толькі мадэрнісцкую – вельмі складана пераацаніць. Вершамі Хаўсмэна захапляліся Ў. Б. Ейтс, У. Х. Одэн, У. Набокаў, згадкі пра яго асобу і паэзію, а таксама наўпростыя і прыхаваныя цытаты з яго твораў з’яўляюцца ў літаратуры самага рознага характару: у рамане аднаго з найбуйнейшых віктарыянскіх пісьменнікаў Э. М. Форстэра “Пакой з відам”, у крымінальным рамане Філіс Дораці Джэймс “Смак да смерці”, у рамане нобелеўскага лаўрэата 1973 году Патрыка Ўайта “Род людскі” (у арыгінале “The Tree of Man” – цытата са зборніка “Шропшырскi хлопец”), у рамане амерыканца Дж. Дос Пасаса “Тры салдаты”, у фантастычным рамане Артура Кларка “3001: Апошняя адысея”, у рамане нядаўняга Букераўскага прызёра Ена Мак’юэна “Выкупленне” etc, etc, etc.

У 1937 годзе для ленінградскай “Анталогіі новай ангельскай паэзіі” М. Гутнера Юлі Таўбін пераклаў верш Хаўсмэна “The Laws of God, the Laws of Men…” на рускую мову. Гэта, бадай, усё, чым да гэтага часу абмяжоўвалася прысутнасць творчасці Хаўсмэна ў беларускай культурнай прасторы.

Нарадзіўся Хаўсмэн 26 сакавіка 1859 году ў Фокбэры, вёсачцы ў наваколлі Брамсгроўва, графства Вустэршыр, старэйшым сярод сямі дзяцей вясковага адваката. Маці паэта памерла, калі яму споўнілася 12 гадоў; у 1873 годзе бацька ажаніўся ў другі раз. Брат Алфрэда, Лоўрэнс Хаўсмэн, а таксама сястра, Клеменс Хаўсмэн, таксама сталі пісьменнікамі.

Паэт вучыўся спачатку ў Бірмінгеме, пасля ў Брамсгроўве, дзе вылучаўся сярод іншых вучняў добрай акадэмічнай падрыхтоўкай і атрымліваў паэтычныя прэміі. У 1877 годзе Хаўсмэн выйграе стыпендыю і паступае ў каледж Сэнт-Джонс Оксфардскага універсітэту, дзе вывучае класічную філалогію. Тут у яго з’яўляюцца два найлепшыя сябры – Мозэс Джэксан і Алфрэд Ўільям Полард; першы робіцца вялікім каханнем Хаўсмэна. Прыватнае жыццё паэта заўсёды было для даследчыкаў загадкай, многія з іх на падставе вывучэння фактаў жыцця Хаўсмэна, а таксама яго змрочнай лірыкі, у якой увесь час прысутнічаюць матывы смерці і няшчаснага кахання, а таксама ледзь улоўныя намёкі на тое, што было надзвычай небяспечным у віктарыянскім грамадстве, робяць выснову, што каханне гэтае было безнадзейным. У любым выпадку, у 1887 годзе Мозэс Джэксан з’язджае ў Індыю, і ў 1889 годзе вяртаецца толькі для таго, каб ажаніцца. Хаўсмэна не толькі не запрасілі на вяселле, але і нічога не паведмлялі яму да таго часу, пакуль маладыя не пакінулі Англію.

На выпускных экзаменах Хаўсмэн праваліўся (як лічаць многія даследчыкі, з прычыны няшчаснага кахання), але гэта не перашкодзіла паэту працягваць вывучэнне класічнае філалогіі і друкаваць артыкулы, прысвечаныя творчасці Гарацыя, Праперцыя, Авідыя, Эсхіла, Эўрыпіда і Сафокла. Прапрацаваўшы дзесяць гадоў у патэнтным бюро, Хаўсмэн набывае такі навуковы аўтарытэт, што яго запрашаюць на пасаду прафесара лаціны ва Універсітэцкім каледжы Лондана, дзе паэт выкладае цягам наступных амаль 20 гадоў. Гэтым часам ён пачынае факусаваць увагу на лацінскай паэзіі. У 1911 годзе паэт пераходзіць у Трыніці-каледж Кембрыджскага універсітэта, дзе і працуе да самае смерці 30 красавіка 1936 году.

Сваім сапраўдным пакліканнем Хаўсмэн лічыў навуку, а не паэзію, і першы раз публічна ўзгадаў свае вершы толькі ў 1933 годзе ў знакамітай лекцыі “Імя і прырода паэзіі” (The Name and Nature of Poetry). Ледзь не трыццаць гадоў свайго жыцця (1903–1930) Хаўсмэн аддаў на тое, каб падрыхтаваць да друку і выпусціць пяць тамоў “Астраномікі” – трактату рымскага паэта Марка Манілія, творцы не першага, і нават не трэцяга шэрагу, лічачы, што “калі для вас Эсхіл даражэйшы за Манілія – вы не сапраўдны філолаг”.

Першы зборнік твораў Хаўсмэна, “Шропшырскі хлопец” (A Shropshire Lad), які налічваў 63 вершы (а большасць з іх памерам не дацягвала нават да старонкі), выйшаў у 1896 годзе. Некалькі выдаўцоў адмовіліся яго друкаваць, таму паэт выдаў вершы за свой кошт. Зборнік надзвычай здзівіў калегаў і студэнтаў Хаўсмэна, аднак спачатку раскупляўся вельмі марудна. Толькi падчас Першай сусветнай вайны сітуацыя кардынальным чынам змянілася – вершы Хаўсмэна ваеннае (i не толькi) тэматыкі сталі надзвычай папулярнымі і застаюцца такімі дагэтуль.

У 1922 годзе з’яўляецца другая кніга паэта “Апошнія вершы” (Last Poems), у склад якога ўваходзіць 41 верш. Пасля смерці Хаўсмэна яго брат Лоўрэнс выдае два пасмяротныя зборнікі – “Яшчэ вершы” (More Poems, 1936) і “Дадатковыя вершы” (Additional Poems, 1939). Апрача гэтага, Хаўсмэн напісаў урывак пародыі на старажытнагрэцкую трагедыю (на рускую мову пераклаў М. Гаспараў) і гумарыстычныя вершы, выдадзеныя ў 1995 годзе пад назвай “Кепскае стаўленне да адзінарогаў” (Unkind to Unicorns).

Пахаваны Хаўсмэн ля царквы святога Лоўрэнса ў Ладлаў, графства Шропшыр – месцы, неаднаразова апісаным і апетым ім у вершах:

Вяртаюся я ў Ладлаў

Пад поўняй у цішы.

(А Shropshire Lad, LVIII)

Чытайце таксама

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч нарадзіўся 13 лютага 1973 году ў Мінску

Габрыэле Д'Анунцыё

Габрыэле Д'Анунцыё

Пералічэнне фактаў з біяграфіі не зможа даць нават аддаленага ўяўлення пра гэту неардынарную асобу

Руноскэ Акутагава

Руноскэ Акутагава

Японскі паэт, празаік, эсэіст эпохі Тайсё, класік новай японскай літаратуры

Гіём Апалінэр

Гіём Апалінэр

Французскі паэт, празаік, крытык, наватар пачынальнік сюррэалізму

223