№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Герман Гесэ (Hermann Hesse)

1877 - 1962

Герман Гесэ

Нямецкі пісьменнік і мастак, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1946) з фармулёўкай “За натхнёную творчасць, у якой адлюстроўваюцца класічныя ідэалы гуманізму, а таксама за бліскучы стыль”. Нарадзіўся ў сям’і нямецкіх місіянераў 2 ліпеня 1877 году ў горадзе Кальв (Германія). Пасля пераезду сям’і ў Базель у 1881 годзе будучы пісьменнік робіцца вучнем мясцовай місіянерскай школы, а крыху пазней — хрысціянскага пансіяната. Самая ранняя яго літаратурная спроба — казка “Два браты”, напісаная ў 1887 годзе для сястры Марулы.

У 1890 годзе Герман Гесэ паступае ў гёпінгенскую лацінскую школу, а праз год — у семінарыю пры манастыры Маўльброн, дзе вывучае старажытныя мовы, Евангелле, цікавіцца старагрэцкай паэзіяй і класічнай нямецкай літаратурай. Некаторыя падзеі гэтага часу пісьменнік апісаў пасля ў аўтабіяграфічнай аповесці “Пад колам” (Unterm Rad, 1906). У траўні, праз паўгоду пасля паступлення, Гесэ пакідае Маўльброн. Пасля спробы самагубства, лячэння ў псіхіятрычнай клініцы ў Штэтэне і яшчэ аднаго няўдалага паступлення Гесэ вяртаецца ў Кальв, дзе ўладкоўваецца на працу.

З кастрычніка 1895 году Гесэ працуе ў Цюбінгене, вечарамі і ў выходныя дні займаючыся самаадукацыяй. У 1899 годзе на сэканомленыя грошы выдае кнігу “Рамантычныя песні” (Romantische Lieder), а пасля зборнік апавяданняў “Гадзіна пасля апоўначы”. Невялікі тыраж абедзвюх кніг прадаецца кепска.

У 1901 годзе выходзіць зборнік аўтабіяграфічных апавяданняў “Сачыненні і вершы Германа Лаўшэра, выдадзеныя пасмяротна Германам Гесэ”, а ўвесну таго ж году аўтар выпраўляецца ў падарожжа па Італіі.

Паступова творы Гесэ набываюць папулярнасць у літаратурных колах Германіі. У 1903 годзе пісьменнік адпраўляе ў Берлін рукапіс свайго першага рамана “Петэр Каменцынд”, які прыносіць яму вядомасць і фінансавую незалежнасць. У 1904 годзе Гесэ жэніцца з Марыяй Бернулі, і ўвосень сям’я пераязджае ў Гайнхофен. У 1906 годзе выходзіць раман “Пад колам”, у 1910 — “Гертруда” (Gertrud). Восенню 1911 году пісьменнік едзе ў вялікае падарожжа.

У пачатку Першай сусветнай вайны Гесэ паспрабаваў запісацца дабравольцам на фронт, але па стане здароўя яго не ўзялі. Пісьменнік асуджае прамілітарысцкую прапаганду, многія пачынаюць яго недалюбліваць. Смерць бацькі і вайна пагаршаюць яго псіхічны стан, і з чэрвеня 1916 году да лістапада 1917 доктар Ёзэф Ланг (пасля — блізкі сябар Гесэ) праводзіць з пісьменнікам 60 сеансаў псіхааналізу. У лютым 1919 году Гесэ разыходзіцца з жонкай Марыяй і пераязджае ў Лугана, дзе знаёміцца з Рут Венгер, дачкой швейцарскай пісьменніцы Лізы Венгер. У 1924 годзе яны жэняцца, але праз 3 гады разводзяцца.

У 1926 годзе Гэсе пачынае працаваць над раманам “Стэпавы воўк” (Der Steppenwolf, 1927). У 1931 годзе пісьменнік жэніцца трэці раз — з Нінон Дальбін — і ў тым жа годзе пачынае пісаць “Гульню шкляных перлаў” (Das Glasperlenspiel, 1943), якую заканчвае толькі ў 1942 годзе. Гесэ з асуджэннем ставіцца да палітыкі нацыянал-сацыялістаў, і яго кнігі ў Германіі больш не друкуюць. Пасля “Гульні шкляных перлаў” буйных твораў Гесэ не піша.

У апошнія гады жыцця Гесэ вядзе актыўнае ліставанне, піша апавяданні і вершы. Здароўе пісьменніка пагаршаецца, і летам 1962 году ў яго выяўляюць лейкемію. 9 жніўня 1962 ён памірае ад кровазліцця ў мозг, а 11 жніўня яго хаваюць на могілках Сан-Абандыя.

Першы пераклад твора Гесэ на беларускую мову зроблены не пазней за 1923 год: верш “У імгле” пераклаў Янка Купала. На беларускую мову перакладзеныя тры раманы Германа Гесэ: “Сідхартха” (2007, А. Арашонак), “Стэпавы воўк” (2011, В. Сёмуха), “Гульня шкляных перлаў” (1992, В. Сёмуха).

Чытайце таксама

Шарлота Пэркінс Гілман

Шарлота Пэркінс Гілман

Амерыканская пісьменніца, эканаміст, выкладчык і ранні тэарэтык фемінісцкага руху

Гілберт Кіт Чэстэртан

Гілберт Кіт Чэстэртан

Ангельскі празаік, паэт і эсэіст

Аўдун Мортэнсэн

Аўдун Мортэнсэн

Нарвежскі пісьменнік і мастак.

Эма Лазарус

Эма Лазарус

Амерыканская пісьменніца.

1694