Адзін з самых вядомых нямецкіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя, Эрых Марыя Рэмарк (імя пры нараджэнні — Эрых Паўль Рэмарк) нарадзіўся 22 чэрвеня 1898 годзе ў Аснабруку. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. Працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам. 3 1932 году — у эміграцыі (Швейцарыя, ЗША). Быў двойчы жанаты, з 14 кастрычніка 1925 году да 4 студзеня 1930 году і з 22 студзеня 1938 году да 20 траўня 1957 году, з танцоркай Ютай Ільзэ Цамбона, меў раманы з Марлен Дзітрых і Грэтай Гарба. 25 лютага 1958 ажаніўся з кінаакторкай Палет Гадар, былой жонкай Чарлі Чапліна, з якой пражыў да сваёй смерці 25 чэрвеня 1970 году ў Лакарна. Пахаваны на могілках Ронка-сопра-Асуона.
Сусветную вядомасць Рэмарку прынёс раман “На Заходнім фронце нічога новага” (Im Westen nichts Neues, 1929), які разам з раманамі “Вяртанне” (Der Weg zurück, 1931) і “Тры таварышы” (Drei Kameraden ,1938) склаў трылогію пра Першую сусветную вайну і яе трагічныя наступствы ў лёсах франтавікоў, так званага Страчанага пакалення. У раманах “Палюбі бліжняга свайго” (Liebe Deinen Nächsten, 1940), “Трыюмфальная арка” (Arc de Triomphe, 1946) “Ноч у Лісабоне” (Die Nacht von Lissabon, 1962) падымаецца тэма нямецкай эміграцыі, у рамане “Іскра жыцця” (Der Funke Leben, 1952) — тэма нацысцкіх канцлагераў, у сатырычным рамане “Чорны абеліск” (Der schwarze Obelisk, 1956) прасочваюцца сацыяльна-эканамічныя і псіхалагічныя вытокі нацызму. Раман “Час жыць і час паміраць” (Zeit zu leben und Zeit zu sterben, 1954) і драма “Апошні прыпынак” (1956) расказваюць пра падзеі на савецка-германскім фронце ў Другую сусветную вайну. Творчасць Рэмарка паўплывала на развіццё сусветнай пасляваеннай літаратуры.
Першым беларускім перакладчыкам твораў Рэмарка быў Хвядос Шынклер, у перакладзе якога ў 1931 годзе выйшаў раман “На Заходнім фронце нічога новага”. Раман “Тры таварышы” ў 1995 годзе выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў перакладзе Уладзіміра Папковіча. Апавяданне “Дзіўны лёс Ёгана Бартка” ў перакладзе Арцёма Арашонка друкавалася ў газеце “Наша Ніва” №48/2004. Некалькі навелаў у яго ж перакладзе выйшла ў часопісе “Дзеяслоў” (№14, 2005).