№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мікола Куліш (Микола Куліш)

1892 - 1937

Мікола Куліш
Нарадзіўся 6 снежня 1892 году ў сяле Чапліна Дняпроўскага павету (з цэнтрам у Алешках) на Херсоншчыне, скончыў там прыватную гімназію. У 1914 годзе Куліш паступіў на гістарычна-філалагічны факультэт Адэскага універсітэта, але вайна перавярнула ўсе планы.

Куліш быў рыцар як на вайне, так і ў каханні. Рызыкуючы быць пакараным за дэзертырства, ён вырваўся ў Алешкі, каб заручыцца са сваёй каханай Антанінай, знаходзячыся ўжо на Заходнім фронце, ажаніўся з ёй і прыдбаў да канца вайны дваіх дзяцей.

Але і на вайне Куліш змог праявіць сваю мужнасць, быў двойчы паранены. У вольныя гадзінкі пісаў сатырычныя вершы і п’ескі для салдацкага драмгуртка. Яго як улюбёнца палка абралі дэпутатам на з’езд Заходняга фронту ў 1917 годзе.

Вярнуўшыся дахаты восенню 1917 году, Куліш з запалам рынуўся ў грамадскую барацьбу і адраджэнне, арганізаваў у Дняпроўскім павеце масавае культурна-паэтычнае таварыства “Асвета”, скасаваў царскую турму і перабудаваў яе на майстэрні. Нямецкая ўлада пасадзіла яго ў тую самую турму, дзе ён адседзеў сем месяцаў.

Падчас атакі белагвардзейцаў ён не паслухаўся загаду адступіць і арганізаваў у Херсоне 1500 чалавек у Першы украінскі дняпроўскі полк – гэты факт стаў гістарычнай асновай для многіх твораў украінскай літаратуры.

Мікола Куліш працаваў інспектарам народнай асветы. У той час яго зноў арыштавалі. Ад расстрэлу ўратаваў Алешкінскі выканкам, які ўзяў Куліша на парукі. У 1922 годзе Куліша прынялі ў партыю за заслугі ў народнай асвеце.

Куліш быў сведкам страшэннага голаду на Украіне ў 1921 годзе, што стала асновай яго драмы “97” (1924). У 1925 г. на сцэнах Украіны ідзе другая драма пісьменніка – “Камуна ў стэпах”. Гэтыя п’есы не вылучаюцца эстэтычнай каштоўнасцю, што тлумачыцца адарванасцю аўтара ад мадэрнісцкіх тэндэнцый, ужо папулярных у Харкаве і Кіеве.

У 1925 годзе Мікола Куліш пераязджае ў Харкаў на пасаду школьнага інспектара Наркамасветы УССР. У першы ж год жыцця ў Харкаве ён заканчвае тры п’есы: драму “Зона”, інтэрмедыю “Хулій Хуліна” і камедыю “Так згінуў Гуска”. Тут выявіліся камедыйны талент Куліша, пошук новых драматычных формаў і незалежна-крытычная думка драматурга. Гэта адразу адчула цэнзура і забараніла п’есы да пастаноўкі.

У 1926 годзе Куліш стаў прэзідэнтам ВАПЛІТЕ (Вольная акадэмія пралетарскай літаратуры), замяніўшы лідэраў, якія ўжо былі ў апале. Пасля разгрому ВАПЛІТЕ Куліш пераасэнсаваў увесь шлях украінскай рэвалюцыі, а таксама паглыбіўся ў вывучэнне гісторыі сусветнага тэатру. Рыхтаваўся да асноўнай справы жыцця, якой і сталі “Народны Малахій”, “Міна Мазайла” і “Патэтычная саната”.

Да “Малахія” было цяжка “прышыць” контррэвалюцыю, бо ён жа фанатычны камуніст-ленінец, прыхільнік Масквы. Гэта новы Дон Кіхот, самаахвярны і летуценны, які пераступае праз труп уласнае дачкі, ведучы ўсіх у блакітную далеч сацыялізму.

“Народны Малахій” у пастаноўцы Леся Курбаса зрабіў велізарнае ўражанне на гледача. Экспрэсіяністычна-рамантычна-барокавыя рысы ў вобразе Малахія, паяднанне трагічнага і камічнага, трагічнае вар’яцтва галоўнага героя – усё гэта захоплівала гледача і палохала начальства. П’еса была забароненая ў 1930 годзе.

А тым часам была гатовая да пастаноўкі палітычная камедыя-сатыра Куліша “Міна Мазайла”, у якой выкрываецца прыстасаванства ўкраінца (прыём змены прозвішча Мазайла – Мазенін), расійскі вялікадзяржаўны шавінізм, анахранічны ўкраінскі нацыяналізм, духоўная інфантыльнасць камсамольскай моладзі.

У адказ на пастаноўку булгакаўскай п’есы “Дні Турбіных” Куліш піша “Патэтычную санату”, у якой апісваюцца палітычныя падзеі на Украіне ў 1917–1919 гг. Твор пабудаваны ў рытме, архітэктоніцы і ў суправаджэнні аднайменнай санаты Бетховена. Гэтую п’есу крытыкі назвалі драматычнай паэмай. “Патэтычная саната” была катэгарычна забароненая ва Украіне, але рэжысёру Таіраву пашчасціла яе паставіць у Маскве з некаторымі зменамі – для цэнзуры. П’еса мела шалёны поспех як у гледачоў, так і сярод крытыкаў. Нямецкі пісьменнік Фрыдрых Вольф, што бачыў пастаноўку ў Маскве, пераклаў п’есу на нямецкую мову, параўнаўшы яе ў прадмове з такімі шэдэўрамі, як “Фаўст” і “Пер Гюнт”.

У 1932 годзе ў газеце “Праўда” з’явіўся разгромны артыкул “Пра “Патэтычную санату” Куліша”, падпісаны Украінцам, і п’еса адразу была знятая з рэпертуару. Зацкаваны драматург паехаў у сваё роднае Чапліна, акурат калі на Украіну абрынуўся голад. Ён бачыў, як ягоныя блізкія мерлі з голаду. Куліш вярнуўся ў Харкаў душэўна хворы. Тут прыйшла вестка пра самагубства Хвылявога. Куліш усю ноч стаяў каля мёртвага сябра, а калі труну апускалі ў яму, ён кінуўся на калені перад труной з крыкам “Сонца маё!” Пасля пахавання сябра Мікола Куліш стаў вельмі маўклівы, і жонка, баючыся, каб ён нічога не ўчыніў над сабой, пахавала яго рэвальверы. Заўважыўшы гэта, Куліш сказаў: “Будзь спакойная, я не зраблю таго, што зрабіў Хвылявы. Я знайду ў сабе сілы змагацца да канца”. (Антоніна Куліш. “Спогади про Куліша”, стор. 415–419).

І сапраўды, Кулішу яшчэ ўдалося паставіць разам з Курбасам сваю новую п’есу “Маклена Граса”, напісаную ў 1933–1934 гадах. У ёй драматург абмінуў украінскую тэму, перанёсшы дзеянне ў Польшчу ў часы эканамічнага крызісу. Біржавы маклер і гулец у душы Зброжак гуляецца ўласным жыццём, каб здабыць пасмяротную страхоўку. Дзесяцігадовая жабрачка Маклена, каб уратаваць бацьку, што памірае з голаду, вырашае забіць Зброжака за невялікія грошы. На фоне гульні дэмана і трагедыі анёла паўстае занядбаны паэт, які грае пра закінутую ў свеце душу. Гэта была лебядзіная песня драматурга. Пасля пастановы п’еса была забароненая, тэатр ліквідаваны, а Курбас арыштаваны і сасланы на катаргу як “вораг народа”.

Акрамя таго вядома, што Мікола Куліш напісаў яшчэ камедыю “Закут” (1929), драму “Бывай, вёска” (1930–1932), “Дыялогі”, “Вечны бунт” (1934) і “Так” (1934). Ніводная з іх не была пастаўленая ці апублікаваная, а рукапісы загінулі падчас вайны.

3 снежня 1934 году Куліш быў арыштаваны па дарозе на пахаванне свайго сябра Івана Дняпроўскага. Яму інкрымінавалі прыналежнасць да ўяўнага “Усеўкраінскага змагарскага тэрарыстычнага цэнтру”, ён падпісаўся пад усімі падсунутымі следчым паперамі, атрымаў 10 гадоў канцлагераў і быў адпраўлены на Салаўкі, а сям’ю Куліша выкінулі на вуліцу.

Расстраляны ў лістападзе 1937 году.

Мікола Куліш быў стваральнікам мадэрнісцкай драмы ўкраінскага адраджэння. Шэдэўры Куліша – “Народны Малахій” (1928), “Міна Мазайла” (1929), “Маклена Граса” (1933) – вывелі ўкраінскі тэатр на сусветны ўзровень. За 10 гадоў творчай працы Куліш напісаў 14 п’есаў – усе яны па чарзе былі забароненыя. Каля паловы п’есаў на сённяшні дзень лічацца страчанымі.

Чытайце таксама

Ўістан Х’ю Одэн

Ўістан Х’ю Одэн

Англа-амерыканскі паэт і эсэіст. Лічыцца найвялікшым паэтам ХХ стагоддзя.

Карла Калодзі

Карла Калодзі

Італьянскі пісьменні і журналіст, аўтар знакамітай гісторыі пра Пінокіё

Іосіф Бродскі

Іосіф Бродскі

Расійскі і амерыканскі паэт, эсэіст, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры

Мікола Зэраў

Мікола Зэраў

Украінскі літаратуразнаўца, паэт, майстра санэтаў, перакладчык на ўкраінскую і рускую

1542