№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Мікола Хвылявы (Микола Хвильовий)

1893 - 1933

Мікола Хвылявы
Украінскі празаік, паэт, публіцыст, адзін з заснавальнікаў украінскай паслярэвалюцыйнай літаратуры, аўтар выслоўя "Геть від Москви!"

Мікола Рыгоравіч Фіцілёў (сапраўднае імя пісьменніка) нарадзіўся ў в. Трасцянец на Харкаўшчыне 13 снежня 1893 г. Вучыўся ў Багадухаўскай гімназіі, якую па адных звестках скончыў ў 1916 г., па іншых – быў выключаны з 6 класа за ўдзел у рэвалюцыйным гуртку. Так ці інакш, у 1916 г. быў мабілізаваны ў войска, быў на фронце Першай усясветнай у складзе 14-й дывізіі, што размяшчалася на Беларусі. Уступае ў Камуністычную партыю ў 1919 годзе і дэбютуе як паэт у Харкаве (зборнікі “Маладосць” (Молодість, 1921) і “Перадсвітальныя сімфоніі” (Досвітні симфонії, 1922)). Але ўжо даволі хутка пісьменнік звяртаецца да прозы. Так, у 1923 годзе пабачыў свет зборнік навэлаў “Сінія эцюды” (Сині етюди), што быў вельмі прыязна сустрэты тагачаснымі крытыкамі, якія асаблівую ўвагу звярталі на наватарства маладога аўтара, на адметнасць ягонага стылю. Ранняя проза была музычнай, рытмізаванай, моцны лірычны пачатак спалучаўся з тэматычнай надзённасцю. Мікола Хвылявы не стаіць на месцы, і ў 1924 годзе бачыць свет ці не першы буйны твор пісьменніка – аповесць “Санаторная зона” (Санаторійна зона). У пэўным сэнсе творы Хвылявога сведчылі пра сцверджанне новай манеры пісьма.

Але паступова рамантычны пафас змяняецца выкрывальна-сатырычным, на змену гімнам рэвалюцыі (хаця і ў ранніх творах мы не бачым адназначных ацэнак) прыходзіць цвярозы аналіз рэчаіснасці, а адсюль і ноткі асенняга суму ды безнадзейнасці. Цягам усяго творчага шляху для пісьменніка адной з найважнейшых была праблема неадпаведнасці мары і рэчаіснасці. Невялікай аповесцю “Іван Іванавіч” (Іван Іванович, 1929) ён выявіў сябе як майстар сатыры.

Мікола Хвылявы актыўна ўдзельнічаў у тагачасным літаратурным жыцці Украіны, быў адным з заснавальнікаў такіх літаратурных аб'яднанняў, як Гарт (1923), ВАПЛІТЕ (Вільна академія пролетарськой літератури, 1925), Пралітфронт.

Увогуле творчасць пісьменніка даволі выразна падзяляецца на два этапы:

Першы – гэта рамантычная, лірычна-імпрэсіяністычная, часта бессюжэтная проза.

Другі (пачынаючы з 1926–1927) – перыяд паступовага пераходу да ўраўнаважанай, канкрэтна-рэалістычнай манеры пісьма. Хвылявы авалодвае майстэрствам будавання сюэжэту ў вялікіх празаічных формах, і ў той жа час пачынаюць узмацняцца іранічныя і сатырычныя інтанацыі.

У час літаратурнай дыскусіі ва Украіне (1925–1928 гг.) Мікола Хвылявы праявіў сябе як палеміст і публіцыст. Цыклы памфлетаў “Камо грядеши?”, “Думкі супраць плыні” (Думки проти течії), а таксама раман “Вальдшнэпы” (Вальдшнепи) выклікалі вострую рэакцыю партыйных артадоксаў і “правільных” крытыкаў. Хвылявы ў пошуках эстэтычнага быцця Украіны адмаўляе масквафільству і абвяшчае арыентацыю на Еўропу, на стылі і напрамкі еўрапейскага мастацтва. Натуральна, гэткая пазіцыя не магла задавальняць улады, а напісаны ім памфлет “Украіна ці Маларосія?” (Україна чи Малоросія?) наогул быў забаронены і зрабіўся вядомым чытачу толькі ў 1990 годзе.

Адданы камуністычным ідэям Мікола Хвылявы не прымае таго, як гэтыя ідэі ўвасабляюцца ў жыццё. Пачынаюцца абвінавачанні ў антыпартыйнасці, буржуазным нацыяналізме, пераслед... 13 траўня 1933 году пісьменнік сам ставіць апошнюю кропку – стрэл.

Чытайце таксама

Ян Мілчак

Ян Мілчак

Славацкі аўтар апавяданняў, радыё і тэатральных п'ес, а таксама казак

Лешак Энгелькінг

Лешак Энгелькінг

Польскі паэт, перакладчык, мастацтвазнаўца, літаратурны крытык

Роберт ван Гулік

Роберт ван Гулік

Нідэрландскі ўсходазнаўца, дыпламат, музыка, аўтар ангельскамоўных аповесцяў пра суддзю Дзі

Рышард Крыніцкі

Рышард Крыніцкі

Польскі паэт, перакладчык і выдавец, прадстаўнік літаратурнай групы “Новая хваля” (Nowa Fala)

562