№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Хрыста Боцеў (Христо Ботев)

1848 - 1876

Хрыста Боцеў

Хрыста Боцеў – балгарскі паэт, рэвалюцыянер і нацыянальны герой змагання супраць турэцкага іга. Нарадзіўся Боцеў 6 студзеня 1848 году ў сям’і Боцё Петкава, настаўніка і дзеяча нацыянальнага вызваленчага руху. Да 1863 году будучы паэт вучыўся ў родным горадзе Калоферы, восенню 1863 году з дапамогай Балгарскага таварыства ў Адэсе і з дапамогай рускага віцэ-консула ў Канстантынопалі Н. Герава паступіў у Другую Адэскую гімназію. Там ён пачаў пісаць вершы, за ўдзел у рэвалюцыйна-дэмакратычным руху быў у 1865 годзе выключаны з гімназіі. Пасля паэт вучыўся ў Новарасійскім універсітэце ў Адэсе, працаваў настаўнікам ў сяле Задунаеўка ў Бесарабіі. Боцеў належаў да пакалення балгарскіх эмігрантаў, што было цесна звязанае з рускай інтэлігенцыяй (сімвалічны вобраз – Інсараў у “Напярэдадні” Тургенева).

У 1867 годзе Боцеў вярнуўся ў Калофер і там падчас урачыстасцяў у гонар Кірыла і Мяфодзія (цяпер нацыянальнае свята Балгарыі, адным з заснавальнікаў гэтай традыцыі быў бацька паэта) выступіў з антытурэцкай прамовай, пасля якой быў вымушаны пакінуць горад і эміграваць у Румынію.

У 1869 годзе паэт браў удзел у аб’яднаннях балгарскай эміграцыі ў Бухарэсце, пазнаёміўся і пасябраваў з Васілам Леўскім (у 1873 годзе Боцеў напісаў верш пра яго смяротнае пакаранне), увайшоў у Балгарскі цэнтральны рэвалюцыйны камітэт. З 1871 году выдаваў газету “Слова балгарскіх эмігрантаў” (“Дума на българските емигранти”) і супрацоўнічаў з газетай “Свабода”, якую выдаваў Любен Каравелаў. У 1876 годзе пачалося Красавіцкае паўстанне, падчас якога Боцеў (які не меў ніякага ваеннага досведу) разам з лейтэнантам рускай арміі Ніколам Вайноўскім кіраваў атрадам з 276 чалавек, які высадзіўся з парахода “Радзецкі”, што прыплыў з Румыніі па Дунаі. Але на момант высадкі атрада паўстанне было амаль падаўленае. Спачатку атрад досыць паспяхова абараняўся, але ў канцы траўня 1876 году яго становішча рэзка пагоршылася. Лічыцца, што 2 чэрвеня (21 траўня па старым стылі) Боцеў быў смяротна паранены турэцкім снайперам на гары Враца і амаль адразу памёр. Згодна з яшчэ адной версіяй, Боцеў быў забіты кімсьці са сваіх паплечнікаў. Амаль усе ўдзельнікі атрада Боцева таксама загінулі.

У сваёй творчасці Боцеў арыентаваўся на вершы рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў і асабліва на вершы Някрасава. Адзін з самых знакамітых яго твораў – балада “Хаджы Дзімітр”. У 1875 годзе Хрыста Боцеў і яго паплечнік Стэфан Стамболаў выдалі супольны зборнік “Песні і паэмы”. З усёй творчай спадчыны Боцева захавалася крыху больш за дваццаць вершаў, большасць з якіх сталі народнымі песнямі. Першы поўны збор ацалелых твораў Боцева быў выдадзены ў 1907 годзе.

Праз два гады пасля смерці Боцева Балгарыя атрымала незалежнасць, і паэт разам з Васілам Леўскім хутка ператварыўся ў легендарную фігуру нацыянальнага адраджэння. У 1885 годзе дзень яго смерці аб’яўлены святам (Дзень Боцева), у 12 гадзінаў у гэты дзень штогод гудкі сірэн заклікаюць усіх ушанаваць памяць тых, хто загінуў за нацыянальную незалежнасць. У 1890 годзе ў Врацы яму быў пастаўлены помнік. Яго імем названая гара Боцеў, самы высокі хрыбет Стара-Планіна, горад Боцеўград, вуліцы амаль у кожным горадзе Балгарыі і Румыніі, у расійскім горадзе Саранску і пік на Паўднёвых Шэтландскіх выспах. У 2009 годзе помнік Боцеву быў усталяваны таксама ў Адэсе.

Чытайце таксама

Амбраз Бірс

Амбраз Бірс

Амерыканскі пісьменнік і журналіст, выбітны публіцыст-сатырык свайго часу.

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Хорхе Луіс Борхес

Хорхе Луіс Борхес

Аргентынскі празаік, паэт і публіцыст. У 1920-я гады зрабіўся адным з заснавальнікаў авангардызму ў гішпанамоўнай лацінаамерыканскай паэзіі.

Гай Валерый Катул

Гай Валерый Катул

Старажытнарымскі паэт перыяду позняй рэспублікі, найбольш значны з кола неатэрыкаў, “новых паэтаў”

1209