№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Франц Кафка (Franz Kafka)

1883 - 1924

Франц Кафка
Адзін з найвыбітнейшых нямецкамоўных пісьменнікаў ХХ стагоддзя.

Нарадзіўся ў Празе, якая ў той час была часткай Аўстра-Венгрыі, у габрэйскай сям’і. Яго бацька Герман Кафка паходзіў з чэшскамоўнай сям’і, а дзед Франца Якаб практыкаваў рытуальнае ахвярапрынашэнне. Пасля працы каміваяжорам бацька робіцца оптавым гандляром галантарэйных тавараў, мае 15 чалавек у падпарадкаванні і выкарыстоўвае галку (“kavka” па-чэшску) у якасці лагатыпу сваёй кампаніі. Маці пісьменніка Юлія – дачка заможнага ўладальніка бровара – аддавала перавагу нямецкай мове і была значна лепш адукаваная, чым яе муж.

Франц быў старэйшым з шасці дзяцей у сям’і. Яго два малодшыя браты памерлі яшчэ немаўлятамі, калі Францу не было і сямі. Падчас працоўнага тыдня Франц і тры яго малодшыя сястры Элі, Валі і Отла (усе тры загінулі ў канцэнтрацыйных лагерах падчас Другой сусветнай вайны) бавілі час з рознымі нянькамі і служкамі, бацькі ж увесь час аддавалі працы. З самага ранняга ўзросту ў пісьменніка былі цяжкія стасункі з бацькам, увесь час ён адчуваў, што бацька маральна прыгнятае яго.

Першай мовай Франца Кафкі была нямецкая, але пры гэтым ён вельмі добра валодаў чэшскай мовай. Пазней ён заняўся вывучэннем французскай і адным з самых любімых сваіх аўтараў лічыў Гюстава Флабэра. Цікаўнасць да мовы ідыш і культуры ўсходнееўрапейскіх габрэяў прачнулася ў яго ў дваццацігадовым узросце, а вывучаць іўрыт Кафка пачаў толькі ў канцы жыцця. Наагул, стаўленне да сваіх каранёў ён наступным чынам выказаў у дзённіку: “Што ў мяне агульнага з габрэямі? Я ледзь знаходжу нешта агульнае з самім сабой, а таму павінен ціхенька стаяць у куце і радавацца, што хаця б дыхаю”.

З 1889 па 1893 гг. Кафка наведвае пачатковую школу (Deutsche Knabenschule). Затым паступае ў гімназію з нямецкай мовай навучання, якую заканчвае экзаменам на атэстат сталасці ў 1901 годзе. Пасля гэтага Кафку залічваюць ва універсітэт Карла Фердынанда ў Празе. Спачатку ён вывучае хімію, але праз два тыдні пераводзіцца на аддзяленне права. Гэтая галіна навукі адкрывала перад пісьменнікам шырокія перспектывы, чаго так хацелася яго бацьку. Разам з тым навучанне займала шмат часу, што давала магчымасць самому Кафку вывучаць нямецкую мову і гісторыю мастацтва. Пры канцы перашага году навучання ва універсітэце Франц знаёміцца з Максам Бродам, які робіцца яго самым блізкім сябрам на ўсё жыццё. У 1906 годзе пісьменнік заканчвае універсітэт і атрымлівае навуковую ступень доктара права.

У 1907 годзе Франц Кафка ўладкоўваецца на працу ў вялікую італьянскую страхавую фірму. У сваіх лістах Кафка адзначаў, што гэтае месца яго дужа не задавальняла праз расклад. Праца з 8 раніцы да 6 вечара не давала яму магчымасці сканцэнтравацца на пісанні. У 1908 годзе ён знаходзіць іншую працу, таксама ў сферы страхавання. Яго бацька часта называў працу сына Brotberuf – працай, якой хапала адно каб пакрыць рахункі. І хоць Кафка часта заяўляў пра нянавісць да свайго занятку, ён быў даволі працавітым і старанным работнікам. Але ўсё ж нашмат большае значэнне ў яго жыцці займала літаратура.

Разам са сваімі сябрамі Максам Бродам і Феліксам Вэлчам (а гэтую тройцу называлі “вузкім пражскім колам”, якое было часткаю больш шырокага пражскага кола), яны ўваходзілі ў гурт нямецкіх габрэйскіх пісьменнікаў, якія ў многім судзейнічалі развіццю культуры Прагі ў перыяд з 1880-х гадоў да пачатку Першай сусветнай вайны.

У 1912 годзе Франц Кафка сустракае Феліцыю Баўэр, якая жыла ў Берліне і была прадстаўніцай дыктафоннай кампаніі. Цягам пяці наступных гадоў яны вялі актыўную перапіску, часам сустракаліся, былі двойчы заручаныя і канчаткова разышліся ў 1917 годзе.

Ранні перыяд творчасці Франца Кафкі пачаўся з апавяданняў “Прысуд” (Das Urteil, 1912) і “Ператварэнне” (Die Verwandlung, 1915).

З пачаткам Першай сусветнай вайны ён менш піша мастацкай літаратуры, але працягвае пісаць лісты і весці дзённік. У дзённіку, які Кафка пачаў весці ў 1910 годзе, ён апісваў свае літаратурныя задумы, сны, штодзённыя здарэнні. Тэатральныя пастаноўкі і фільмы, якія глядзеў Франц, былі важнаю часткаю яго жыцця. Пасля прагляду выступу трупы тэатра ідыш у кавярні ён пісаў: “Прыязнасць, што мы адчуваем да гэтых актораў, якія такія добрыя, якія не зарабляюць нічога і наўрад ці атрымліваюць дастаткова ўдзячнасці і славы, – гэта прыязнасць да вартага жалю лёсу тых шматлікіх высакародных памкненняў, якія нашмат вышэйшыя за нашыя”.

У 1914 годзе Кафка пачынае свой раман “Працэс” (Der Process, 1925) і піша апавяданне “У штрафной калоніі” (In der Strafkolonie, 1919), якое было адным з нешматлікіх твораў, надрукаваных пры яго жыцці.

У 1917 годзе Кафка захварэў на сухоты. У 1917 годзе ён быў шпіталізаваны з грыпам, пасля правёў даволі працяглы перыяд у розных санаторыях. У гэты час ён закахаўся ў замужнюю дваццацічатырохгадовую пісьменніцу і журналістку Мілену Есенскую, перакладчыцу яго твораў на чэшскую мову. Але ўжо ў 1920–1921 гадах ён канчаткова перастае ёй пісаць.

У 1922 годзе Франц Кафка выходзіць на пенсію па стане здароўя. У 1923 годзе разам з дзевятнаццацігадовай Дорай Дыямант, што паходзіла з артадаксальнай габрэйскай сям’і, пераязджае ў Берлін у надзеі аддаліцца ад уплыву сям’і і сканцэнтравацца на пісьменстве. Менавіта яна абудзіла ў Франца цікаўнасць да Талмуда. Але затым ён зноў вяртаецца ў Прагу. Здароўе Кафкі моцна пагоршылася, і 3 чэрвеня 1924 году ён памёр у санаторыі пад Венай, імаверна, ад змарнеласці (боль у горле не дазваляла яму прымаць ежу, а карміць штучна ў той час не было магчымасці). Яго цела перавезлі ў Прагу, дзе пахавалі 11 чэрвеня 1924 году на Новых габрэйскіх могілках у агульнай сямейнай магіле.

Пры жыцці Кафкі толькі нешматлікія яго творы былі надрукаваныя. Перад смерцю ён звяртаўся ў лісце да свайго сябра і выканаўцы яго волі Макса Брода: “… Усё, што я пакідаю па сабе… (трэба) спаліць нечытаным”. Брод не падпарадкаваўся просьбе сябра, палічыўшы, што Франц адмыслова звярнуўся да яго, спадзеючыся, што ён не зверне ўвагі на просьбу. Каханая Кафкі Дора Дыямант таксама праігнаравала яго волю і захавала каля 20 ягоных нататнікаў і 35 лістоў, пакуль іх не канфіскавала гестапа ў 1933 годзе. Цяпер гэтыя лісты аб’яўленыя ў міжнародны пошук. Брод курыраваў выхад большасці твораў Кафкі, якія з цягам часу пачалі прыцягваць увагу і былі высока ацэненыя крытыкамі.

Чытайце таксама

Лешак Энгелькінг

Лешак Энгелькінг

Польскі паэт, перакладчык, мастацтвазнаўца, літаратурны крытык

Бэла Шагал

Бэла Шагал

Пісьменніца, жонка і муза мастака Марка Шагала.

Сара Тысдэйл

Сара Тысдэйл

Амерыканская паэтка Сара Тысдэйл нарадзілася 8 жніўня 1884 году ў сям’і, што адносілася да забяспечанага сярэдняга класу

Роберт ван Гулік

Роберт ван Гулік

Нідэрландскі ўсходазнаўца, дыпламат, музыка, аўтар ангельскамоўных аповесцяў пра суддзю Дзі

1799