№19: Нарвежскі вецер

№19: Нарвежскі вецер [18+]

Нумар, які мы прадстаўляем, досыць незвычайны. Па-першае, большасць перакладных тэкстаў у ім — празаічныя творы (ці хутчэй урыўкі з твораў) сучасных аўтараў, па-другое, яны былі спецыяльна абраныя для гэтага нумару нарвежскім выдаўцом і рэдактарам Крысціянам К’ельструпам і перакладзеныя Лідыяй Ёхансэн.

Чытаць далей

Баляслаў Прус (Bolesław Prus)

1847 - 1912

Баляслаў Прус

Баляслаў Прус (сапраўднае імя Аляксандр Главацкі) – польскі пісьменнік эпохі пазітывізму, храніст Варшавы, мысляр, асветнік і грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся 20 жніўня 1847 году ў Грубяшоўскім павеце на Любліншчыне ў сям’і збяднелага шляхціча Антоні Главацкага і Апалоніі (у дзявоцтве Трэмбіньскай). Свой пазнейшы псеўданім Аляксандр Главацкі ўзяў у адпаведнасці з назвай радавога герба Прус І. Калі хлопчыку было 3 гады, памерла яго маці, а ва ўзросце 9 гадоў ён страціў бацьку і перайшоў пад апеку бабулі – Марцыяны Трэмбіньскай, што жыла ў Пулавах. Калі памерла і яна, будучы пісьменнік пераехаў да цёткі Даміцэлі Альжэўскай у Люблін, дзе і пачаў навучанне ў Люблінскім ліцэі. У 1861 годзе трапіў пад апеку старэйшага на 13 гадоў брата Лявона Главацкага, што працаваў настаўнікам гісторыі. Пад уплывам брата, удзельніка аб’яднання “Чырвоных”, Аляксандр у 1863 годзе ўзяў удзел у студзеньскім паўстанні. 1 верасня ён быў паранены і трапіў у рускі палон, але дзякуючы маладому ўзросту, а таксама спрыянню цёткі, пасля выхаду са шпіталя атрымаў дазвол вярнуцца ў Люблін і пасяліцца з сям’ёй. 10 студзеня 1864 году ў газеце Kurier Niedzielny быў надрукаваны яго верш “Да Пегаса” (Do Pegaza), падпісаны псеўданімам Jan w Oleju.

20 студзеня Аляксандр быў арыштаваны за ўдзел у паўстанні і да красавіка знаходзіўся ў турме. Вайсковы суд пастанавіў пазбавіць яго шляхецкага звання і аддаць пад апеку дзядзькі Клеменса Альжэўскага. Пасля выхаду з турмы Аляксандр працягнуў навучанне ў Люблінскім ліцэі, які скончыў 30 чэрвеня 1866 году. У тым жа годзе паступіў у Галоўную школу ў Варшаве на матэматычна-фізічны факультэт. Вымушаны зарабляць на жыццё самастойна, ён працаваў гувернёрам, даваў урокі, аднак асаблівых прыбыткаў гэта не прыносіла. У 1869 годзе Аляксандр быў вымушаны сысці з трэцяга курса праз матэрыяльныя цяжкасці. Пасля спрабаваў вучыцца ў Пулавах у Інстытуце сельскай і лясной гаспадаркі, але хутка зноў вярнуўся ў Варшаву, дзе быў вымушаны змяніць шэраг розных працаў, каб пракарміць сябе.

З 1872 году пачалася яго журналісцкая дзейнасць у шэрагу тагачасных выданняў: “Ніва” (Niwa), “Кур’ер Варшаўскі” (Kurier Warszawski), “Атэнэум” (Ateneum), “Навіны” (Nowiny) і інш., для якіх ён пісаў артыкулы і фельетоны. У 1874–1875 гадах выйшлі яго раннія творы – раман “Клопаты бабулі” (Kłopoty babuni, 1874) і зборнік апавяданняў “Палац і хаціна” (Pałac i rudera, 1875). Шырокую вядомасць набылі яго апавяданні пра дзяцей (“Сірочая доля” – Sieroca dola, 1876). У пачатку 80-х гадоў ён стварае свае найлепшыя кароткія апавяданні “Антэк” (Antek, 1880), “Шарманка” (Katarynka, 1880), “Грахі маленства” (Grzechy dzieciństwa, 1883), “Камізэлька” (Kamizelka, 1882), а таксама аповесць “Зваротная хваля” (Powracająca fala, 1880). У 1885 годзе выходзіць яго аповесць “Фарпост” (Placówka), а ў 1889 – раман “Лялька” (Lalka), новы тып сацыяльна-псіхалагічнага раману, дзе ўзнаўляецца панарама жыцця Варшавы ў 1878–1879 гадах, а разам з тым і гісторыя трох пакаленняў польскіх ідэалістаў. Шырокая карціна жыцця Варшавы і правінцыі пададзеная таксама ў рамане “Эмансіпанткі” (Emancypantki, 1893).

14 студзеня 1875 году Прус ажаніўся з Актавіяй Трэмбіньскай, далёкай сваячкай сваёй маці. З гэтага часу жонка старанна клапацілася пра яго здароўе (пісьменнік пакутаваў на агорафобію). Сваіх дзяцей у іх не было, а іх прыёмны сын Эміль у 18 гадоў забіў сябе праз нешчаслівае каханне.

Хаця Прус і лічыў сваёй асноўнай тэмай сучаснасць, сусветную славу прынёс яму гістарычны раман “Фараон” (Faraon, 1896). У апошняе дзесяцігоддзе свайго жыцця пісьменнік напісаў раман “Дзеці” (Dzieci, 1908), дзе адлюстраваная рэвалюцыя 1905–1907 гадоў, а таксама няскончаны раман “Перамены” (Przemiany), дзе стварыў вобраз рускага студэнта-сацыяліста.

Памёр Баляслаў Прус ад сардэчнага прыступу 19 траўня 1912 году.

Самы ранні пераклад твору Баляслава Пруса на беларускую мову зрабіў Міхал Чарнецкі (апавяданне “Міхалка”, 1930). Янка Брыль пераклаў на беларускую мову шэраг апавяданняў Баляслава Пруса: “На канікулах”, “Антэк”, “Грахі маленства”, “Шарманка”, “Камізэлька”, “Стасевы прыгоды”, “Цені”, “Жывы тэлеграф”, “Міхалка” (зборнік “Грахі маленства, 1981). Урывак з раману“Лялька” ў перакладзе Міколы Хаўстовіча змешчаны ў часопісе “Arche” (2010, №4).

Чытайце таксама

Павел Гюле

Павел Гюле

Польскі празаік, паэт, драматург, сцэнарыст, літаратурны крытык. Піша пра Гданьск і ваколіцы

Войцех Кучак

Войцех Кучак

Польскі празаік, паэт, сцэнарыст, кінакрытык, спелеолаг

Анна Валенберг

Анна Валенберг

Пісьменніца, драматург, перакладчыца, прадстаўніца "залатой эры" шведскай дзіцячай літаратуры

Марыя Шцястна

Марыя Шцястна

Нарадзілася ў Валашскім Мэзыржычы, у Астраве вывучала гісторыю мастацтва, цяпер жыве ў Празе і прафесійна займаецца вырабам ювелірных упрыгожанняў

303